Пяць плюсаў і пяць мінусаў Аляксандра Мілінкевіча. 21.by

Пяць плюсаў і пяць мінусаў Аляксандра Мілінкевіча

07.05.2010 20:45 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч стаў пятым апазіцыйным палітыкам, які абвясціў аб сваім удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах. Якія моцныя і слабыя бакі гэтых кандыдатаў? «НН» працягвае цыкл «5+5‑»

1. Досвед

+ Мілінкевіч можа стаць першым апазіцыйным палітыкам, які будзе ўдзельнічаць у двух выбарах запар. Ён не зламаўся пасля кампаніі 2006 года, застаўся ў палітыцы. Гэта выгодна адрознівае яго ад Домаша і Ганчарыка. Калі ўдасца добра ўсё прааналізаваць, то сёлетнюю кампанію Мілінкевіч ужо будзе рабіць з улікам памылак і хібаў мінулай. Апроч выбарчага досведу, Мілінкевіч мае і досвед кіраўніка. У свой час ён з’яўляўся намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама. Праўда, ужо доўгі час ён з’яўляецца афіцыйна беспрацоўным.

— Досвед паразы. Можна доўга гаварыць, што выбары былі сфальшаванымі, што гэта ўвогуле не былі выбары, але за Мілінкевічам цягнецца шлейф паразы з мінулай кампаніі. А калі ўзгадаць, то і з домашаўскай таксама, калі Мілінкевіч быў кіраўніком штаба кандадыта. Пры гэтым, за ягонай спінай стаіць моладзь, якая такога сумнага досведу яшчэ не мела. Зрэшты, у спорце часта так здараецца, што паразы спара¬джаюць здаровую злосць і прагу рэваншу. У свой час Мілінкевіч быў чэмпіёнам БССР па баскетболе.

2. Вядомасць

+ Мілінкевіч застаецца самым вядомым апазіцыйным палітыкам з найвышэйшым рэйтынгам. Гэта заслуга тых выбараў. Важным было тую вядомасць і пазнавальнасць не разгубіць. З гэтай мэтай палітык працягвае ездзіць па краіне, сустракацца з людзьмі. Мілінкевіч увесь гэты паміжвыбарны час заставаўся адзіным палітыкам, што рэгулярна ездзіў у рэгіёны.

— Узрост. Мілінкевіч ужо тры гады як пенсіянер. Асабліва мінусам гэта выглядае, калі ўлічыць, што канкурэнты па апазіцыйным лагеры маладзейшыя на дзесяць, а то і на 25 гадоў. Адамкуса ў Літве абралі калі яму было ўжо больш за 70 гадоў, але ў нас не Літва з яе дэмакратычнымі працэдурамі. Здароўе ў лідэра Руху «За Свабоду» таксама ўжо не як у маладосці. Летась палітык перанёс аперацыю, а потым цэлае лета быў вымушаны праходзіць рэабілітацыю ў родных Берштах.

3. Інтэлігент

+ У адрозненне ад многіх іншых апазіцыянераў, Мілінкевіч мае выразны архетып, гэта вобраз «кандыдата‑інтэлігента». Ён нібыта ўвасабляе сабой еўрапейскі выбар беларусаў. Заўсёды элегантны, прыстойны, вытрыманы. Гэтым Мілінкевіч прываблівае многіх выбарцаў. Часта гаворыцца, што, каб перамагчы Лукашэнку, патрэбная абсалютна процілеглая спакойная сіла. І Мілінкевіч найлепш падыходзіць пад гэтыя крытэры.

— Нерашучасць. Ад савецкага інтэлігента ў Мілінкевіча засталася нерашучасць. Ён доўга абдумвае свае рашэнні, яны яму даюцца цяжка. Прыняць спантаннае яркае рашэнне — гэта не пра Мілінкевіча. У экстрэмальных сітуацыях палітык часта губляецца і не ведае, які варыянт развіцця падзей бу¬дзе правільным. Разам з тым, палітык умее трымаць удар, што ўжо неаднаразова даказваў.

4. Праграма

+ Яшчэ за дзевяць месяцаў да выбараў Мілінкевіч прэзентаваў тэзісы сваёй перадвыбарчай кампаніі. Менавіта з ёй палітык будзе грукацца да сэрцаў выбарцаў. Нічога асабліва новага ў ёй няма, але хто сказаў, што мусіць быць? Перадвыбарчыя праграмы падобныя ва ўсім свеце. Мілінкевіч ужо ведае, з чым ён пойдзе на выбары, іншыя — яшчэ не.

— Адсутнасць харызмы. У апазіцыйных актывістаў нарастае расчараванне праз шматгадовае безвыніковае змаганне з дыктатурай. І каб перамагчы гэтую паняверку, яны хацелі б пабачыць моцнага лідэра, які дасць надзею на перамогу. Патрэбен драйв, у Мілінкевіча яго няма. Рыторыка амаль не змянілася з часу мінулай кампаніі. Падчас ягонага выступу на прэзентацыі цягнула на сон, а на пытанні ён пачынаў адказваць так здалёку і абцякальна, што некаторыя паспявалі забыцца, пра што пыталіся.

5. Падтрымка

+ З усіх апазіцыянераў Мілінкевіч мае найбольшае прызнанне за межамі Беларусі. За апошнія пяць гадоў ён заставаўся тварам беларускай апазіцыі на Захадзе. Праводзіў дзясяткі сустрэч з еўрапейскімі кіраўнікамі, парламентарамі, маральнымі аўтарытэтамі.

— Адсутнасць кансалідацыі ў апазіцыі. Па ўсім выглядае, што апазіцыйныя сілы пойдуць на выбары шматлікімі калонамі (Мілінкевіч, Міхалевіч, Рымашэўскі, Саннікаў, Някляеў…). Актывісты ў такой сітуацыі не ведаюць, на каго будуць працаваць. Каманда Міхалевіча будзе здольная перацягнуць частку старой гвардыі Мілінкевіча. Някляеў масава перабраў да сябе рэгіянальны актыў. Самым жа крыўдным будзе, калі ніводзін з гэтых кандыдатаў так і не зможа сабраць 100 тысяч подпісаў.


Зміцер Панкавец

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лідэр Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч стаў пятым апазіцыйным палітыкам, які абвясціў аб сваім удзеле ў прэзідэнцкіх выбарах. Якія моцныя і слабыя бакі...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика