Геапалітычны выбар па «гамбургскім рахунку». 21.by

Геапалітычны выбар па «гамбургскім рахунку»

24.05.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сацыёлагі: сёння беларусы гатовыя сябраваць ці з ЕС, ці з Расіяй толькі прагматычна. Піша Віталь Сіліцкі.

Лозунг «Беларусь у Еўропу» стаў папулярным у сярэдзіне 1990‑х. Мэта ўступлення Беларусі ў ЕС пракралася ў праграмы палітыкаў на мяжы тысячагоддзя.

Апазіцыя імкнулася «асядлаць» гэтую ідэю. Меркавалі, яе ў іх ніколі не скрадзе Лукашэнка (як гэта сталася з незалежнасцю). Здавалася б, тут жалезная прывабнасць — Еўропа, акіян дабрабыту. Так, давядзецца крыху папрацаваць, каб туды ўвайсці, але раз ужо залезлі за перавал, там ужо, як той казаў, «усё схоплена» і для дзяцей, і для ўнукаў. На пытанне, ці падтрымліваюць яны ўступленне ў Еўрасаюз, тады адказвала «так» да 60% рэспандэнтаў.

Рэшткі такіх стэрэатыпаў засталіся ў мысленні апазіцыі і да сёння. А вось прывабнасць ЕС у масавай свядомасці зблякла. Колькасць «еўраэнтузіястаў» скарацілася амаль удвая. Пачала яна скарачацца з таго моманту, калі ў ЕС увайшлі цэнтральнаеўрапейскія краіны. Быль і казка разышліся.

Дык ці варта палітыкам гаварыць з народам пра Еўропу? Як паказала даследаванне, праведзенае BISS сумесна з лабараторыяй «Новак», любое замежнапалітычнае пытанне актуальнае для выбаршчыка толькі тым, наколькі яно вырашае тыя жыццёвыя праблемы, з якімі сутыкаецца выбаршчык. Гэты феномен можна назваць рацыяналізацыяй замежнапалітычнага мыслення. Яно ў беларускай грамадскай свядомасці «вынесена» з культурнай плоскасці і амаль цалкам знаходзіцца ў плоскасці рацыянальнага выбару грамадзяніна. Еўропа, Расія і г.д. — не экзістэнцыйныя метафізічныя мэты, а сродкі, якія спрыяюць вырашэнню эканамічных праблем.

У анкету было ўключанае наўпростае пытанне: «Што, на ваш погляд, мусіць быць галоўным падчас выбару саюзнікаў Беларусі?» Вынік: з вялізным адрывам перамагае адказ «наколькі гэта будзе спрыяць паляпшэнню эканамічнага становішча». Адзіная іншая прыкметная дамінанта — пытанні бяспекі, міру і стабільнасці. «Ідэалагічныя» меркаванні (пытанні дэмакратыі і правоў чалавека, захавання культуры і самабытнасці, захавання звыклага жыццёвага ладу, адраджэнне СССР і г.д.) рэдка набіралі 5—6% адказаў рэспандэнтаў.

Структура адказаў практычна нязменная сярод прыхільнікаў процілеглых замежнапалітычных альтэрнатываў. Прычым сярод «еўраэнтузіястаў» працэнт тых, хто галасуе «кашальком», найвышэйшы. Ледзь‑ледзь на агульным фоне вылучаюцца толькі прыхільнікі «незалежнай Беларусі, якая не ўступае ні ў якія саюзы». Гэта, дарэчы, зусім не нацыяналісты, якія грэбліва ставяцца да разбэшчанай Еўропы, а прыхільнікі Лукашэнкі, запалоханыя «бурлівым морам» і перш за ўсё Расіяй, якія арыентуюцца выключна на беларускую ўладу як на абаронцу.

Менш за палову беларусаў чакае, што ўступленне ў ЕС прывядзе да павышэння іх жыццёвага ўзроўню, нашмат меншая доля чакае паляпшэння жыцця пенсіянераў, ключавога электаральнага блока ў Беларусі. Паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека чакае таксама менш за палову рэспандэнтаў. Найбольш моцнае станоўчае чаканне — новыя перспектывы для моладзі.

А вось чаканне негатыўных наступстваў уступлення ў ЕС відавочна дамінуе, перш за ўсё чаканне росту цэнаў і «ўцечкі мазгоў». Што дзіўна, грамадства не згаджаецца з высновай прапаганды, што сяброўства ў ЕС прывядзе да масавага закрыцця прадпрыемстваў. У цэлым грамадскія чаканні малююць дастаткова адэкватную карціну будучыні, калі ўзгадаць досвед еўраінтэграцыі суседзяў Беларусі.

За ЕС выступае больш за 60% моладзі і толькі 11% пенсіянераў, больш за 50% асобаў з вышэйшай адукацыяй і толькі 2—3% — з пачатковай. І справа не проста ў культурнай адсталасці ці прапагандзе — розныя сацыяльныя групы добра разумеюць, ці змогуць яны адаптавацца да «новага жыцця».

Такая карціна чаканняў павінная даць цалкам выразны ўрок палітыкам, што імкнуцца сабраць палітычны капітал на некалькіх прывабных лозунгах.

У закліку «Беларусь у Еўропу» няма былой сэксапільнасці. Еўропа — гэта хутчэй ужо абрыдлы сужыцель, ад якога (як і ад Расіі) чакаюць не столькі жарсці, колькі практычных рэчаў. І таму, размаўляючы з электаратам пра Еўропу, вы не можаце не абыходзіць тэмаў, якія электарат ад ЕС адштурхоўваюць. У першую чаргу гэта пытанні сацыяльнай сферы, пенсійнай палітыкі, аховы здароўя, ЖКГ. Калі вы зможаце пераканаць выбаршчыкаў, што супрацоўніцтва з ЕС тут дапаможа — у вас ёсць шанец, калі не — вы па‑ранейшаму будзеце здзіўляцца, чаму народ не вабіць цукерка ў сіняй абгортцы з бліскучымі зорачкамі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сацыёлагі: сёння беларусы гатовыя сябраваць ці з ЕС, ці з Расіяй толькі прагматычна. Піша Віталь Сіліцкі.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика