Ці будзе ў Беларусі жанчына-прэзідэнт
17.06.2010 16:15
—
Новости Политики
|
Пакуль пра свае прэзідэнцкія амбіцыі ў голас заявілі толькі мужчыны. Але ў адной з мінулых прэзідэнцкіх кампаній прымала ўдзел і экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Наталля Машэрава. Сацыёлагі тады адзначалі, што яе рэйтынг амаль імгненна наблізіўся да 30 працэнтаў. І справа была не толькі ў прозвішчы знакамітага бацькі Наталлі Пятроўны...
Ці мае намер Наталля Машэрава зноў пайсці ў прэзідэнты? Што яна думае пра тых, хто ўжо абвясціў пра свой намер замяніць Аляксандра Лукашэнку? І калі яна сама не пойдзе ў прэзідэнты, то ці будзе некага падтрымліваць? На гэтыя і некаторыя іншыя пытанні Наталля Пятроўна адказала ў эксклюзіўным інтэрв’ю карэспандэнту “Тут і цяпер”. - Наталля Пятроўна, раскажыце, ці збіраецеся вы прымаць удзел у прэзідэнцкіх выбарах? - Не, не збіраюся. Шчыра кажучы, я нават не ведаю, хто канкрэтна ўжо заявіў аб намеры пайсці на выбары. Не сачу за палітыкай і палітыкамі. А ісці самой... Такога нават і ў думках няма. ДАРЭЧЫ У перыяд перадвыбарнай кампаніі 2001 года Аляксандр Лукашэнка даў зразумець, што ён негатыўна ставіцца да ідэі абрання на пасаду прэзідэнта Беларусі жанчыны. “Гэта вельмі цяжкая праца, - заўважыў Аляксандр Лукашэнка. - Бо пры нашых паўнамоцтвах прэзідэнцкіх гэта ж яшчэ і галоўнакамандуючы Узброенымі сіламі”. - А чаму вы так раптоўна сышлі з палітычнага небасхілу? - Прычын шмат, але цяпер гэта ўжо не вельмі цікава. Сёння зусім іншая рэальнасць. Чаго да гэтага вяртацца? - Наколькі я разумею, з палітыкі вы сышлі назаўсёды? - У прэзідэнты дакладна не пайду. Але ж палітыка складаецца не толькі з улады. - Мне падаецца, што вы крыху хітруеце, кажучы, што цяпер наогул не цікавіцеся палітыкай. - Абсалютна шчыра кажу! Пасады - гэта не самае галоўнае ў палітыцы. У жыцці нашай краіны я звяртаю ўвагу на абсалютна іншыя рэчы. Наша з вамі жыццё, будучыня - вось што мяне цікавіць. А барацьба за пасаду - не. Дарэчы, і ніколі не цікавіла. Не дзеля ж прэзідэнцтва ўдзельнічаеш у палітыцы і нават у прэзідэнты ідзеш. (Ну, гэта я пра сябе кажу.) Цікава атрымліваецца: многія тэлефануюць, каментары нейкія просяць, а вы - малайчына, прама запыталіся, іду я на выбары ці не... - Дарэчы, калі тэлефануюць, можа, просяць падтрымаць некага з кандыдатаў? - Не. А навошта? Я толькі шкоду нанясу, бо занадта адыёзная фігура. Дый тым людзям, якія да ўлады рвуцца, я не патрэбна... Мне нядаўна патэлефанавалі і сказалі, што на выбары ўжо быццам бы заявіліся дзесяць мужчын. А я нават толкам не ведаю, хто і што. Муж спрабуе нешта распавесці, а я гляджу на яго такімі вачыма, што ён нават не адважваецца зноў узнімаць гэтую тэму. Мне проста нецікава гэта... Няхай гэты кацёл кіпіць. Я ўпэўнена, што ад яго нічога не залежыць. Мо заўтра сітуацыя і зменіцца, а сёння... - Можа, трэба, як кажуць французы, пашукаць жанчыну? Глядзіш, і прэзідэнцкая кампанія прайшла б больш цікава... - Не думаю. Не наспеў час. І грамадства наша, як мне падаецца, не гатова для таго, каб абраць прэзідэнтам жанчыну. Мы сёння, так бы мовіць, на пераходзе ад адной краіны да іншай. І ў нас змагаюцца за ўладу. А там, дзе мужчыны б’юцца, жанчыне проста не знаходзіцца месца. І не таму, што не вылучаюць, што няма годных жанчын - проста няма месца. А пры такой сістэме жанчына не можа быць запатрабавана. Яна можа стаць прэзідэнтам у стабільным грамадстве. Спантанна ў Беларусі жанчына на пасаду прэзідэнта не прыйдзе, а іншых варыянтаў пакуль не прадбачыцца. У жанчыны зусім іншая псіхалогія. Яна больш стварае, чым разбурае. Для гэтага неабходна, каб зоркі сышліся. Але Беларусь пакуль не гатова для таго, каб абраць прэзідэнтам жанчыну. Дый жанчына не гатова стаць тут прэзідэнтам... - Атрымліваецца, што цяпер Наталля Машэрава сканцэнтравалася на самой сабе, сям’і і доме? - Вы ведаеце, колькі ў мяне ўнукаў? Сямёра! Старэйшым - 20-21, малодшым - два гады і 11 месяцаў (сын падарыў мне ўнукаў-блізнятаў). Таму сумаваць няма калі. Маё жыццё складаецца з пэўных этапаў, і яны вельмі выразна падзелены. Я нават кажу, што пражыла не адно жыццё, а адразу некалькі, прычым кожнае - вельмі цікавае. І кожны кавалак жыцця дыктуе свае прыярытэты. Альбо я сама іх адшукваю. І зараз я вам вельмі шчыра кажу: не хачу ў палітыку, не павёрнута ў той бок. Іншыя праблемы вырашаю... ТЫМ ЧАСАМ Вольга Абрамава: “МНОГІЯ ГАТОВЫ БАЧЫЦЬ ЖАНЧЫНУ НА ПЕРШАЙ РОЛІ Ў ДЗЯРЖАВЕ...” Экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава гаворыць, што жанчыне складаней знайсці фінансавы рэсурс на перадвыбарную кампанію. - Перад тым, як пачаць нейкую справу, трэба знайсці рэсурс, - гаворыць Вольга Міхайлаўна. - Наша грамадства, на самай справе, далёка не такое патрыярхальнае, як думаюць некаторыя. І многія грамадзяне гатовы бачыць жанчыну на першай ролі ў дзяржаве. Дзве траціны грамадства гатовы. Як правіла, гэта тыя, хто жыве ў гарадах - і ў вялікіх, і ў малых. А вось эліта - яна кансерватыўная і лічыць, што палітыка - мужчынскі занятак. Так мяркуюць і тыя, хто мог бы падтрымаць жанчыну-кандыдата рэсурсамі. Многія гатовы разглядаць жанчыну ў выбарчай кампаніі толькі на другім плане. Жанчына можа значна падмацаваць пазіцыі каго-небудзь з кандыдатаў, асабліва калі яна вядомая і карыстаецца даверам у грамадзян. Тыя, хто мог бы фінансава падтрымаць жанчыну на выбарах, памылкова лічаць, што няма сэнсу марнаваць на яе сродкі, бо яна ўсё роўна не пераможа. На мой погляд, беларускае грамадства якраз чакае жанчыну. І гэта быў бы нечаканы ход… Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці мае намер Наталля Машэрава зноў пайсці ў прэзідэнты? Што яна думае пра тых, хто ўжо абвясціў пра свой намер замяніць Аляксандра Лукашэнку? І калі яна сама не...
|
|