Новая кніга пра абвяшчэньне незалежнасьці. 21.by

Новая кніга пра абвяшчэньне незалежнасьці

11.08.2010 17:27 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Варшаве ў выдавецтве «Беларускія Ведамасьці» выйшла кніга Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка «Дэпутаты Незалежнасьці». У ёй адлюстраваныя падзеі 1990-1991 гадоў.

У Варшаве ў выдавецтве «Беларускія Ведамасьці» выйшла кніга Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка «Дэпутаты Незалежнасьці». «Наша кніга прымеркаваная да 20-годдзя аднаўленьня незалежнасьці Беларусі, якое будзе адзначацца праз год, — паведаміў з Прагі Сяргей Навумчык у інтэрвію «Белорусским новостям». — 25 жніўня 1991 года — важная дата ў беларускай гісторыі. Можа быць, самая важная, бо менавіта ў гэты дзень ажыцьцявілася мара пакаленьняў беларусаў — з гэтага моманту Беларусь існуе як незалежная краіна».

Сяргей Навумчык падкрэсьліў: «Канечне, 19 гадоў — вельмі малы тэрмін для таго, каб грамадзтва ўсьвядоміла сапраўднае месца гэтай падзеі, але абавязак яе ўдзельнікаў — зафіксаваць усё для гісторыі. Так, захаваліся стэнаграмы пасяджэньняў Вярхоўнага Савета, але што ўплывала на прыняцьце рашэньняў, як выпрацоўвалася тактыка — у стэнаграме не адлюстравана, пра гэта могуць распавесьці толькі непасрэдныя ўдзельнікі».

Са слоў суразмоўцы, «акрамя аналізу працэсаў таго часу і іх уплыву на сёньняшняе становішча, дасьледваньня пераемнасьці ідэі незалежнасьці ад ВКЛ і БНР, нам з Пазьняком падалося мэтазгодным разбурыць некаторыя міфы, якія ўзьніклі за апошнія гады. Напрыклад, пра тое, што Захад нібыта падтрымліваў памкненьне савецкіх рэспублік да сувэрэнізацыі (на самой справе актыўна і пасьлядоўна перашкаджаў), ці што Станіслаў Шушкевіч быў прыхільнікам незалежнасьці».

Насамрэч, паводле Сяргея Навумчыка, у 1990-1991 гадах Шушкевіч «не ўспрымаў ідэю незалежнай Беларусі і крытыкаваў БНФ за тое, што мы гэтага дамагаліся».

«Асобны разьдзел, — паведаміў Навумчык, — прысьвечаны Васілю Быкаву, чыя маральная падтрымка была для нас вельмі важнай. І, канечне, мы пішам пра сваіх калег — дэпутатаў Апазыцыі БНФ, дзякуючы якім сталася магчымай перамога 25 жніўня 1991 года».

А вось што сказаў пра новае выданьне ў інтэрвію «Белорусским новостям» з Варшавы Зянон Пазьняк:

«У дэмакратычнай беларускай дзяржаве пры легітымнай беларускай уладзе пра вялікую гістарычную падзею здабыцьця незалежнасьці было б ужо напісана шэраг акадэмічных манаграфіяў і мноства дасьледваньняў. Былі б зьнятыя кінафільмы і пастаўленыя спэктаклі аб рэалізацыі двухсотгадовай барацьбы нацыі. Гістарычных асобаў і змагароў, датычных да гэтай вялікай перамогі, ведалі б усе.

На жаль, сталася тое, што сталася. Краіна трапіла ў пастку ўнутранай акупацыі, прамаскоўскай палітыкі і антыбеларускага рэжыму. Вынішчэньне беларускай культуры, школы, мовы, навукі, гістарычнай памяці стала галоўнай палітыкай антыбеларускай улады. Вялікія падзеі Беларускай нацыянальнай рэвалюцыі 1990-1991 гадоў сталі татальна замоўчваць, вытоптваць факты, зьнішчаць дакуманты і матэрыялы, фальсіфікаваць дзейнасьць асобаў, зьневажаць барацьбу за волю і незалежнасьць, паклёпнічаць на змаганьне і перамогу Народнага фронту
».

Са слоў Пазьняка, «праз 19 гадоў пасьля здабыцьця незалежнасьці ў збочаным, перавернутым сьвеце і душнай атмасфэры рэжыму вырасла пакаленьне беларусаў, якія ўжо жывуць у незалежнай краіне, але ня ведаюць, як была здабыта наша суверэнная свабода і які цяжкі і доўгі быў да яе шлях. Нічога ня ведаюць пра тое, што яшчэ нават ня стала нашай гісторыяй. Што абазначае такое няведаньне для будучыні нацыі — лепш не казаць».

Палітык таксама зазначыў: «Вядома, дасьледваць і апісаць працэсы змаганьня і здабыцьця незалежнасьці павінны б былі прафэсійныя гісторыкі, якія разьбіраюцца і разумеюць, што такое нацыянальная палітыка, заснаваная на нацыянальных інтарэсах. Аднак антыбеларускі рэжым за 16 гадоў душэньня грамадзтва вытравіў нацыянальную гістарычную навуку, загнаў яе ў падпольле, напладзіў павярхоўных недавучак, выхаваных на «гістарычных ведах» пра «Скарыну ў Піцеры».

Паводле Зянона Пазьняка, «усё гэта ёсьць той антыгістарычны фон, які прымушае заняцца аналізам і гістарычным асэнсаваньнем падзей саміх удзельнікаў нядаўняй барацьбы за нацыянальную свабоду і дзяржаўную незалежнасьць».

Так, падкрэсліў палітык, «зьявіліся «Сем гадоў Адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988—1995)» Сяргея Навумчыка, мае працы «Новае стагоддзе», «Нацыянальныя каштоўнасьці», «Беларуска-расейская вайна», «Прамаскоўскі рэжым», «Развагі», «Цяжкі час», нядаўняя праца пра прыняцьце Дэклярацыі аб суверэнітэце Беларусі і, нарэшце, нашая сумесная кніга «Дэпутаты незалежнасьці».

«Тут, у гэтай кнізе (напісанай да надыходзячага дваццацігоддзя незалежнасьці Беларусі), аналіз, асэнсаваньне і ўспаміны злучаны ў адно, прытым паказаны з двух пунктаў бачаньня двумя асобамі — дэпутатамі Апазыцыі БНФ, якія былі тады ў цэнтры падзей», — сказаў Зянон Пазьняк.

Ад рэдакцыі. Неўзабаве мы маемся надрукаваць урыўкі з кнігі «Дэпутаты Незалежнасьці».



Алесь ВАЛОШКА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Варшаве выйшла кніга Сяргея Навумчыка і Зянона Пазьняка «Дэпутаты Незалежнасьці»...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика