Першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па справах СНД, сябра Генеральнага савета “Адзінай Расіі” Канстанцін Затулін расказаў, як Расія будзе ўплываць на беларускія выбары, чаму Крэмль не вызначыўся са “сваім” кандыдатам і з-за чаго на саміце АДКБ Мядзведзеў не захоча мірыцца з Лукашэнкам.
Еўрарадыё: Кіраўнік аддзела Сярэдняй Азіі вашага Інстытута Андрэй Грозін у інтэрв’ю парталу “Рэспубліка” выказаў меркаванне, што “Крэмль з радасцю памяняў бы Лукашэнку на іншага палітыка, але няма на каго — засталіся толькі альбо “адмарожаныя нацыяналісты”, альбо маргіналы”. Але іншыя расійскія аналітыкі выказваюць меркаванне, што стаўленіка Крамля на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі не будзе. Вам як дэпутату Дзярждумы і сябру кіраўніцтва “Адзінай Расіі”, можа, лепш вядома, ці будзе прысутнічаць Крэмль на гэтых выбарах?
Канстанцін Затулін:У Грозіна, безумоўна, можа быць свой пункт гледжання па любых праблемах, але ён эксперт па цэнтральна-азіяцкіх пытаннях. Аднак можна фармальна казаць пра ўдзел Крамля ў выбарах у Беларусі. Лічыць, што Крэмль не будзе спрабаваць уплываць на выбары ў Беларусі, вельмі наіўна. Паказ па расійскіх каналах серыялаў, пікіроўкі, якія адбываюцца на самым высокім узроўні, сведчаць пра тое, што ў Расіі ўзаемаадносіны з Аляксандрам Лукашэнкам дайшлі да мяжы. Ён проста дастаў шмат каго ў Расіі сваімі паводзінамі, сваімі каментарамі, сваімі ўчынкамі, якія не адпавядаюць уяўленню Крамля аб саюзных адносінах. І цяпер усё выглядае так, што Расія, не маючы пэўнага альтэрнатыўнага кандыдата, якога зараз у прынцыпе не знайсці ў Беларусі, не зацікаўленая ў тым, каб чарговыя па ліку выбары прэзідэнта Беларусі нагадвалі па лёгкасці тратуар Неўскага праспекта.
Еўрарадыё: Як Крэмль можа паўплываць на выбары, не маючы свайго кандыдата?
Канстанцін Затулін:Цяпер расійскае кіраўніцтва дэманструе — якім чынам яно збіраецца ўплываць на сітуацыю. Працягваецца скандал вакол абяцанняў Лукашэнкі прызнаць Абхазію і Паўднёвую Асецію. Адначасова працягваецца паказ “Хроснага бацькі”. Думаю, калі бакі не знойдуць агульнай мовы, то гэта будзе працягвацца далей. З нарастаючым эфектам бліжэй да саміх выбараў. Што з гэтага атрымаецца, цяжка казаць. Як і разважаць, што няма альтэрнатывы Лукашэнку. У 1994 годзе, калі Лукашэнка ўпершыню выбіраўся прэзідэнтам і калі там былі больш-менш дэмакратычныя выбары, ніхто не думаў, што ён ператворыцца ў палітычнага доўгажыхара на прэзідэнцкай пасадзе. Але нішто не вечнае пад месяцам. Я не веру, што сярод грамадзян Беларусі не можа знайсціся палітычны лідар, які стане альтэрнатывай Лукашэнку. Хай не на гэтых выбарах, але на наступных. Размова ідзе пра тое, каб у Беларусь вярнуліся дэмакратычныя свабоды і нормы. Сёння лічыць, што выбары ў Беларусі будуць справядлівымі і сумленнымі, даволі складана.
Еўрарадыё: Калі выбары завершацца, у чым цяжка сумнявацца, перамогай Лукашэнкі — ці прызнае іх легітымнасць Расія, Крэмль?
Канстанцін Затулін:Гэта залежыць ад таго, якім чынам гэтыя выбары будуць адбывацца. І раней гучала шмат папрокаў, што выбары ў Беларусі недэмакратычныя. Насамрэч, было б несумленным лічыць, што ў Лукашэнкі няма прыхільнікаў. Працэнтаў 30 электарату — гэта яго выбаршчыкі. Яшчэ прыблізна столькі ж — гэта людзі, якія прагаласавалі б за іншага, калі б ён быў. Калі б яны верылі, што ўвогуле можна абраць некага іншага. Пра лёс гэтых галасоў ідзе размова цяпер, убачаць гэтыя людзі нейкую альтэрнатыву альбо не.
Еўрарадыё: Як вы ставіцеся да размоў пра тое, што Крэмль апошнім часам памяняў сваю палітыку і спрыяе змене прэзідэнтаў у краінах былога СССР? У якасці прыкладу гавораць пра Кыргызстан і Ўкраіну. Чаму б і ў Беларусі Маскве нешта такое ж не прапрацаваць?
Канстанцін Затулін:Гэта зусім іншыя краіны, і Беларусь не нагадвае Кыргызстан. Кыргызстан — гэта краіна, якая перыядычна знаходзіцца вельмі блізка да развалу. Ды і ўзровень жыцця вельмі розны. Я зусім не жадаю Беларусі, каб там узнікла такая ж сітуацыя, як у Кыргызстане. Што тычыцца новага падыходу расійскіх уладаў да узаемаадносінаў з кіраўнікамі іншых краін, то ён далёка не новы. Ёсць тыя кіраўнікі, з якімі выбудоўваюцца добрыя адносіны цягам доўгіх гадоў. Давайце ўзгадаем Назарбаева. Расія не была заўважана ў інтрыгах супраць Казахстана. Хоць падставаў хапае для таго, каб прадэманстраваць сваю непрымальнасць таго ці іншага палітычнага дзеяча. Відавочна, што Віктар Юшчанка разбураў украіна-расійскія адносіны. І было б дзіўна думаць, што Расія будзе падтрымліваць яго з нейкіх манархічных меркаванняў на пасадзе прэзідэнта. А Бакіеў быў так лёгка звергнуты таму, што за час свайго кіравання паспеў прадэманстраваць адмову ад усіх слоў і абяцанняў, якія ён даваў як унутры краіны, гэтак і за яе межамі. У Расіі ёсць саюзнікі і канкурэнты. Бывае, інтарэсы сутыкаюцца. А вось як Расія можа паўплываць на лёс таго ці іншага палітычнага дзеяча? Я лічу, што ў высокай ступені. Хоць уплыў Расіі ў розных краінах СНД не роўнавялікі. Зыходзячы з гэтых магчымасцяў Расія і дзейнічае. Каб прасунуць свае інтарэсы і падтрымаць тых палітычных дзеячаў, якія гэтыя інтарэсы падзяляюць і гатовыя іх улічваць.
Еўрарадыё: Як вы лічыце, ці паспрабуе Лукашэнка падчас саміту АДКБ вырашыць сённяшні канфлікт паміж нашымі краінамі з Мядзведзевым і ці атрымаецца што з гэтага?
Канстанцін Затулін:Напэўна, такія спробы могуць быць, але справы зайшлі так далёка, што любыя спробы такога кшталту могуць быць другім бокам зразумелыя як слабасць. Пры вядомым характары і тэмпераменце Аляксандра Рыгоравіча цяжка меркаваць, што ён у гэтым пытанні да такой ступені сёння зацікаўлены, што па-іншаму быць не можа. Я не ведаю, ці будуць такія спробы, але мне падаецца, што яны наўрад ці што зменяць. Бо сітуацыя зараз — як у вядомым кінафільме: “Альбо я яе павяду у ЗАГС, альбо яна мяне да пракурора”. Да такой ступені сёння абвастрыліся адносіны паміж кіраўніцтвам Расіі і кіраўніцтвам Беларусі. Гаворка ідзе пра беспрэцэдэнтныя рэчы. Ажно да публікацыі стэнаграм закрытых пасяджэнняў АДКБ для доказу таго, што Лукашэнка сапраўды казаў тое, што цяпер абвяргае. Цяжка меркаваць у такой сітуацыі, што размова на саміце АДКБ усе пытанні здыме.
Еўрарадыё: Вы лічыце, што нават калі Лукашэнка скажа Мядзведзеву: “Хопіць, давай сябраваць назад!”, то з гэтага нічога не атрымаецца?
Канстанцін Затулін:Што азначае “сябраваць назад?” Аляксандр Рыгоравіч возьме і прызнае Абхазію і Паўднёвую Асецію? Будзе гэта крокам да нармалізацыі адносінаў? Безумоўна. Хоць для Расіі гэта і не першаснае пытанне, але калі ты саюзнік, то і зыходзь са сваіх фармальных абавязальніцтваў саюзніка. У 2008 годзе Лукашэнка ўхваліў дзеянні Расіі ў тым рэгіёне. А потым — паўзу на два гады з прызнаннем, якое пачынае цікавіць увесь свет. Што, маўляў, гэта за Саюзная дзяржава, дзе такія розныя пункты гледжання на такое знакавае пытанне? Прызнанне прывядзе да пэўнага супакаення жарсцяў. Але я не бачу нейкай змены ў пазіцыі Беларусі па гэтым пытанні. І вельмі непрыгожа выглядае прэзідэнт Лукашэнка, калі патрабуе ад Расіі, каб яна яму паслала саломкі, калі ён пойдзе на прызнанне незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Гэта не адпавядае вобразу справядлівага і сумленнага бацькі, які Лукашэнка ствараў усе гэтыя гады. Бакіева ён прыняў не баючыся нічога, а ў пытанні з Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй ён праяўляе такі клопат пра матэрыяльны бок справы. І патрабуе, каб Расія кампенсавала Беларусі негатыўныя наступствы такога прызнання. Расія і так бярэ на сябе значную частку адказнасці за ўсё, што адбываецца ў гэтым рэгіёне! Але нават да гэтага прызнання Лукашэнка не саспеў.
Еўрарадыё: Але нават калі саспее, то гэтага будзе мала, каб цалкам спыніць сённяшні канфлікт?
Канстанцін Затулін:Проста Абхазія і Паўднёвая Асеція ператварыліся апошнім часам у такое знакавае пытанне. Але ж існуе яшчэ парадак Саюзнай дзяржавы. Ён выконваецца? Не выконваецца і няма яснасці, ці будзе ён выконвацца. І яшчэ ёсць цэлы шэраг праблем і пытанняў.
Першы намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па справах СНД, сябра Генеральнага савета “Адзінай Расіі” Канстанцін Затулін расказаў, як Расія будзе ўплываць на...