Калі Беларусь увядзе мараторый на смяротнае пакаранне?
08.10.2010 20:03
—
Новости Политики
|
Увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне будзе магчыма тады, калі грамадскае меркаванне зменіцца істотна. Аб гэтым на адкрыцці выставы “Смерць — гэта не правасуддзе” ў сталічным Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны заявіў старшыня сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях, кіраўнік рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання Мікалай Самасейка.
Экспазіцыю “Смерць — гэта не правасуддзе” ўтвараюць 100 плакатаў, адабраных больш як з 2000 работ у межах конкурса “Poster4Tomorrow”, які ладзіўся сёлета пад патранатам Генсека Рады Еўропы. Адначасова з Мінскам выстава адкрылася ў чатырох дзесятках гарадоў па ўсім свеце, у тым ліку ў штаб-кватэры ААН ў Нью-Ёрку і будынку Еўрапарламента ў Бруселі. “Часовая мера” Па словах Мікалая Самасейкі, беларускі бок “цудоўна ведае, што большасць краінаў Еўропы пайшлі на адмену смяротнага пакарання насуперак грамадскаму меркаванню”. Ён нагадаў, што ў Беларусі ў 1996 годзе адбыўся рэферэндум, на якім больш за 80 % грамадзян выказаліся супраць яе адмены. Старшыня парламенцкай камісіі падкрэсліў, што смяротнае пакаранне значыцца ў Канстытуцыі як часовая мера і на заканадаўчым ўзроўні прадугледжана яе адмена. Пытанне толькі: “Калі?” Ён таксама патлумачыў, што ў Крымінальным кодэксе ёсць 14 артыкулаў, якія прадугледжваюць смяротны прысуд у якасці найвышэйшай меры пакарання, аднак на справе цягам доўгіх год ён выкарыстоўваецца толькі па адным з іх — “наўмыснае забойства з абцяжарваючымі абставінамі”. “Мы прызнаём еўрапейскія каштоўнасці… Аднак у сілу геаграфічнага становішча паміж Захадам і Усходам, у нас свая спецыфіка і павінен быць свой шлях, на якім неабходна ўлічваць грамадскае меркаванне”, — адзначыў дэпутат. Пры гэтым заканатворца заўважыў, што поўная адмена смяротнага пакарання ў Беларусі магчыма толькі шляхам рэферэндуму. Аднак “увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне будзе першым крокам да яе адмены”. “Зрухі ў пазітыўны бок” Самасейка паведаміў, што першыя крокі ў накірунку ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне можна будзе рабіць тады, “калі грамадскае меркаванне зменіцца істотна”, але пакуль “нам яшчэ далёка, каб лічыць так”. Адказваючы на пытанне карэспандэнта TUT.BY, хто і як будзе замяраць грамадскае меркаванне, Мікалай Самасейка адказаў, што пры стварэнні рабочай групы па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання, якая працуе ў парламенце са снежня, было прадугледжана правядзенне сацыялагічных даследаванняў на пачатку, у сярэдзіне і ў канцы працы. “Апошняе даследаванне будзе праведзена, калі ўсе запланаваныя мерапрыемствы будуць выкананыя. Калі ж сёння паглядзець на вынік сацыялагічных апытанняў, пачытаць інтэрнэт-форумы, у тым ліку і ў вас на TUT.BY, можна гаварыць аб зрухах у пазітыўны бок”, — адзначыў Самасейка. Прынцыповая пазіцыя Еўропы Прадстаўнік Генеральнага дырэктарата Рады Еўропы па дэмакратыі і палітычных пытаннях Данііл Хачабо ў чарговы раз падкрэсліў, што настойлівасць, з якой Рада Еўропы дабіваецца адмены смяротнага пакарання ў Беларусі — прынцыповая пазіцыя арганізацыі. “Мы разумеем, што гэта складанае і вострае пытанне, якое не вырашаецца імгненна. Аднак мы гатовыя працаваць разам з Беларуссю, каб урэшце атрымаць вынік, якога мы ўжо дасягнулі з 47 краінамі Еўропы — зрабіць краіну зонай, вольнай ад смяротнага пакарання”, — адзначыў прадстаўнік Рады Еўропы. Данііл Хачабо распавёў, што яны не маюць гатовай формулы, як адмяняць пакаранне, аднак калі Беларусь жадае ўступіць у Раду Еўропы, для якой гэта пытанне прынцыповае, то “яго трэба вырашаць”. У сваю чаргу, часовы павераны ў справах Еўразвяза ў Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель паведаміў, што для ЕЗ пытанне адмены смяротнага пакарання таксама ёсць адным з прыярытэтных момантаў палітыкі ў сферы праў чалавека і асабісты прыярытэт камісара па знешняй палітыцы баранесы Кэтрын Эштан. Апошнія прысуды пагоршылі стасункі Нагадаем, Беларусь — адзіная краіна ў Старым Свеце, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы і з 1996 года ніяк не прадстаўленая ў яе Парламенцкай асамблеі. Сёння ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне ёсць асноўнай умовай для ўзнаўлення статусу спецыяльнага запрошанага для Беларусі ў ПАРЕ. Такое патрабаванне ўпершыню было агучана ў прынятай летась рэзалюцыі асамблеі па Беларусі. Менавіта кампанія па прапагандзе адмены смяротных прысудаў у Беларусі — адзінай краіны Еўропы, дзе гэтая вышэйшая мера пакарання дзейнічае — ёсць адным з асноўных накірункаў працы Інфармацыйнага цэнтра Рады Еўропы, адкрытага на базе Белдзяржуніверсітэта ў мінулым годзе. Нягледзячы на аднаўленне дыялогу паміж беларускім бокам і Радай Еўропы, у сакавіку ў Беларусі былі прыведзены да выканання два смяротныя прысуды, а ў верасні вынесены яшчэ адзін. “Апошнія смяротныя прысуды значна пагоршылі атмасферу ўзаемадачыненняў паміж Беларуссю і Радай Еўропы”, — Каментуючы гэтую заяву на просьбу карэспандэнта TUT.BY прадстаўнік Беларусі ў Радзе Еўропы Андрэй Бушыла “Апроч таго хачу дадаць, што нават не ўсе краіны - сябры Рады Еўропы паставілі подпісы пад пратаколамі № 6 і № 13 (дакументы, якія на заканадаўчым узроўні ўвялі забарону на выкарыстанне смяротнага пакарання ў краінах Рады Еўропы. – TUT.BY). Беларусь жа з’яўляецца адзінай краінай Еўропы, дзе пытанне смяротнага пакарання было вынесена на агульнарэспубліканскі рэферэндум". Існуе сусветная тэндэнцыя па адмене смяротнага пакарання. З 1993 па 2009 гады колькасць краін, якія забаранілі смяротнае пакаранне, вырасла з 55 да 97. Сёння заканадаўча або на практыцы забаранілі прымяненне смяротнай кары ў 139 краінах (2/3 ад усіх краін свету). У Еўропе смяротныя прысуды не выносіліся болей за 10 год. Па данных жа міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International, пачынаючы з 1991 года ў Беларусі былі пакараны смерцю каля 400 чалавек. Выстава, арганізаваная Інфармацыйным пунктам Рады Еўропы ў Мінску сумесна з прадстаўніцтвам Еўразвяза ў Беларусі, будзе працаваць з 9 кастрычніка па 11 снежня. Дадамо, што 23 верасня ў Мінску адбыўся круглы стол паміж прадстаўнікамі беларускага парламента і Рады Еўропы па праблеме адмены смяротнага пакарання. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Увядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне будзе магчыма тады, калі грамадскае меркаванне зменіцца істотна. Аб гэтым на адкрыцці выставы “Смерць — гэта не...
|
|