Аляксандр Лукашэнка прапануе Літве развіваць супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі. 21.by

Аляксандр Лукашэнка прапануе Літве развіваць супрацоўніцтва ў сферы энергетыкі

21.10.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Літва зацікаўлена ў паляпшэнні і інтэнсіфікацыі адносін з Беларуссю. Мы суседзі, але не толькі. Літва з'яўляецца членам ЕС і ў наступным годзе будзе старшынстваваць у АБСЕ, — сказала Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ на сустрэчы з кіраўніком беларускай дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам. — У гэтых рамках мы хочам дапамагчы Беларусі, быць побач падчас выбараў. Мы хочам дапамагчы быць больш адкрытай і прызнанай у Еўропе".

Што датычыцца двухбаковых адносін, то Даля Грыбаўскайтэ адзначыла зацікаўленасць Літвы ў развіцці эканамічных адносін, далейшай рэалізацыі праектаў у сферы энергетыкі. У тым ліку яна выказала гатоўнасць Літвы "старацца дапамагчы выкарыстоўваць палітыку Еўрапейскага саюза адносна Беларусі як мага больш інтэнсіўна і адкрыта". "У гэтым сэнсе Літва гатова супрацоўнічаць, абараняць інтарэсы Беларусі ў Еўрапейскім саюзе настолькі, наколькі Беларусь будзе гэтага сама хацець", — падкрэсліла Прэзідэнт Літвы.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі і Літвы добрыя перспектывы супрацоўніцтва, асабліва ў сферы энергетыкі. "Мы знаходзімся ў неспрыяльных умовах, і нам трэба думаць аб тым, як забяспечыць сваю незалежнасць".

Прэзідэнт Беларусі прапануе Літве прыняць удзел у будаўніцтве беларускай АЭС. Аб гэтым ён заявіў на брыфінгу па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ.

"Калі мы будзем будаваць атамную станцыю — то калі ласка, давайце разам. Таму што калі мы яе пабудуем адны, то непазбежна, што вы будзеце купляць электраэнергію з нашай станцыі. Калі мы пабудуем яе разам, то вы будзеце са сваёй станцыі купляць электраэнергію, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Давайце вызначым цану гэтай электрастанцыі і давайце яе разам будаваць, калі на тое будзе воля літоўскай дзяржавы. Мы будзем вельмі ў гэтым зацікаўлены".

Прадстаўнікі літоўскіх СМІ таксама запыталі Прэзідэнта Беларусі аб тым, ці гатова наша краіна забяспечыць транзіт электраэнергіі з Украіны ў Літву. "У нас няма ніякіх праблем. Пытанне не ў Беларусі — размова ідзе аб транзіце прадукту з Украіны ў Літву. Калі заўтра трэба забяспечыць транзіт нейкай колькасці кілават-гадзін, то вы нам скажыце, у які час, у якім напрамку, у якім аб'ёме — мы гэта зробім".

Ён таксама дадаў, што "калі трэба (паставіць электраэнергію. — Заўвага БЕЛТА) шляхам нейкіх маніпуляцый, тыпу замяшчэння, — мы купім там, а вам аддадзім сваю электраэнергію". "Мы і на гэта пойдзем. Як вы скажаце, так мы і зробім. Тут пытанне ляжыць не ў плоскасці Беларусі і Літвы. Пытанне ў тым, хто прадае гэты тавар. Таму я лічу, што тут трэба, хутчэй за ўсё, размаўляць з украінцамі", — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены ў інтэнсіфікацыі адносін паміж Беларуссю і ЕС пасля прэзідэнцкіх выбараў.

"Я ўпэўнены, што пасля прэзідэнцкіх выбараў (усе ж чакаюць вынікаў у Еўропе і свеце) у нас адносіны інтэнсіфікуюцца. Таму што Еўропа пачынае разумець, і гэта было сказана вуснамі Прэзідэнта Літвы, што агароджы і сцены нікому на карысць не ішлі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі таксама адзначыў, што наша краіна гатова прыняць "любую дапамогу ад літоўскай дзяржавы, Прэзідэнта Літвы ў частцы падтрымкі ў Еўрапейскім саюзе, зразумела, з улікам нашых інтарэсаў".

У Беларусі прадастаўлены максімальна шырокія магчымасці для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты, заявіў Прэзідэнт Беларусі ў час перагавораў у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ.

Як адзначыла Даля Грыбаўскайтэ, "Літва, як і ўвесь Еўрапейскі саюз, з надзеяй глядзяць на Беларусь, на маючыя адбыцца прэзідэнцкія выбары". "Мы хочам і жадаем, каб у вас выбары былі адкрытыя, каб усе кандыдаты, якія могуць быць зарэгістраваны, — былі зарэгістраваны, каб людзі маглі мець выбар, гаварыць аб гэтым і выбіраць самі па сваім жаданні".

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў палітычных працэсах, што адбываюцца ў краіне, ніколі не было і няма ніякай вастрыні. "Усім, хто хоча ўступіць у палітычную барацьбу, — самая шырокая вуліца. Сёння нам ніхто прэтэнзій не выказвае".

Аляксандр Лукашэнка заклікае Еўрасаюз пакінуць стэрэатыпы адносна прэзідэнцкіх выбараў. "Калі ЕС яшчэ знаходзіцца ў палоне стэрэатыпаў, якія склаліся за папярэднія гады, трэба іх пакінуць убаку", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў непасрэдную зацікаўленасць Беларусі ў тым, каб пасля прэзідэнцкіх выбараў "на нас ніхто не паказаў пальцам".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў краіне не будуць перашкаджаць прыезду наглядальнікаў за прэзідэнцкімі выбарамі і іх рабоце. "Калі трэба, каб яшчэ больш літоўцаў сюды прыехала, калі ласка, не гледзячы ні ў пашпарты, ні на якія дакументы, ні на твары, мы гатовы іх тут вітаць. Няхай ходзяць, назіраюць, глядзяць, як ідзе гэта кампанія", — сказаў Прэзідэнт. Больш таго, у краіне будуць усяляк садзейнічаць, каб кандыдатаў у прэзідэнты было больш. "У гэтым наша непасрэдная зацікаўленасць".

"Нам трэба, каб гэтыя выбары прайшлі не горш, чым мінулыя, хаця не ведаю, якія могуць быць прэтэнзіі да тых выбараў", — падкрэсліў беларускі лідар. Ён таксама дадаў, што міжнародныя наглядальнікі працуюць ужо сёння, хаця выбары яшчэ не пачаліся.

Прэзідэнт Беларусі лічыць аптымістычным тое, што праект "Усходняе партнёрства" не страціў сваёй значнасці. "Мне было прыемна пачуць ад міністра замежных спраў Літвы аптымістычную заяву, што пацыент хутчэй жывы, чым мёртвы, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я са скепсісам ставіўся да гэтага праекта ў цяперашні час, таму што вельмі шмат было размоў, надзей і неяк раптам усё заглухла або прыпынілася. Але міністр сказаў, што гэты праект жывы, а Прэзідэнт пацвердзіла, што мы павінны больш актыўна працаваць у гэтым напрамку".

На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, добра, што з боку Еўрасаюза ёсць зацікаўленасць у гэтым праекце. Ён адзначыў, што Беларусь ніякай палітыкі там не прадугледжвае, хоць, на яго думку, гэта таксама немалаважна. Цяпер патрэбны інфраструктурныя праекты, выгадныя не толькі Літве і Беларусі, але і Еўрапейскаму саюзу. "Калі так, мы з задавальненнем будзем супрацоўнічаць у рамках гэтага праекта".

Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што цяперашні візіт кіраўніка літоўскай дзяржавы надасць дадатковы імпульс, большую дынаміку адносінам. Беларускі лідар адзначыў важнасць цяперашняй сустрэчы. "Літва — член Еўрапейскага саюза, і тое, што мы вядзём дыялог, гэта не ў процівагу ЕС, а ў развіццё ўсіх тых працэсаў, якія адбываюцца ў Еўрапейскім саюзе", — сказаў Прэзідэнт.

Ён лічыць важным візіт Прэзідэнта Літвы ў Беларусь не толькі па лініі беларуска-літоўскага супрацоўніцтва, але і па лініі Беларусь — Еўрасаюз. "Мы вельмі цэнім асаблівую пазіцыю Літоўскай Рэспублікі ў пытанні выбудоўвання партнёрства, таму што паміж суседзямі і блізкімі народамі павінны быць добрыя адносіны".

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў кіраўніцтву Літвы за такі падыход да супрацоўніцтва з Беларуссю. Ён запэўніў, што беларусы заўсёды былі і застануцца надзейнымі партнёрамі і добрымі суседзямі, якія сур'ёзна і адказна ставяцца да агульных пытанняў.

Прэзідэнт выказаў таксама задавальненне тым, што сёння ў адносінах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам знікаюць перашкоды. "Сцены нікому дабра не прыносяць. І тая сцяна, якая выбудоўвалася некалі, сёння паспяхова разбураецца, як я думаю, паміж Еўрапейскім саюзам і Беларуссю. Гэта павінна было калі-небудзь адбыцца. Нам не патрэбны ніякія сцены, асабліва ў адносінах паміж Літвой і Беларуссю", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён выказаў упэўненасць, што настане час, калі аб гэтай рыторыцы будзе забыта наогул.

Беларусь прапануе Літве варыянты супрацоўніцтва па пастаўках нафты, заявіў Прэзідэнт Беларусі па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Літвы.

"Мы маем магчымасць кожны год перавальваць па 10 млн тон нафты. Мы прапанавалі літоўскім калегам варыянты супрацоўніцтва, і, калі літоўскі бок будзе да гэтага гатовы, выкажа сваю зацікаўленасць, мы будзем супрацоўнічаць, калі дамовімся", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён дадаў, што ў камерцыйны бок гэтага пытання ўмяшання не будзе.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што гэта выгадна і для беларускага, і для літоўскага боку. "Мы і вы вельмі залежныя па энергаспажыванні, на жаль, ад адной краіны. У нас аднолькавыя праблемы. Гэта нас штурхае да таго, каб мы і дзейнічалі адпаведным чынам у адпаведным напрамку", — сказаў ён.

На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, Беларусь і Літва павінны дыверсіфікавацца па пастаўках энергарэсурсаў. "Энергабяспека — наша агульная праблема. У гэтым плане мы павінны думаць перш за ўсё самі: літоўцы і беларусы", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Беларусі просіць не гіпербалізаваць цяперашнюю інфармацыйную кампанію СМІ Расіі супраць Беларусі, заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Не гіпербалізуйце цяперашнюю перапалку або нават накат у сродках масавай інфармацыі Расіі на Беларусь", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў нядаўнія словы прэм'ер-міністра Расіі Уладзіміра Пуціна аб тым, што "і ў сям'і бывае, што сварацца". "Выбудуем мы адносіны з Расіяй. Але яна павінна разумець, як і любая іншая краіна, што Беларусь — суверэнная і незалежная дзяржава і гэтай дзяржаве быць. А калі гэта дзяржава — з ёй трэба выбудоўваць адносіны, як гэта прынята ў міжнародных адносінах, на прынцыпах разумных".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь ніяк не ўцягнута ў гэту перапалку. "Перапалка інфармацыйная — тое, што ў нас ідзе тут, асобныя кіраўнікі ў Расіі пачынаюць, у тым ліку наверсе, ацэнкі даваць — гэта іх праблемы, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Нас гэта не вельмі непакоіць". Прэзідэнт адзначыў, што, перш за ўсё, непакоіць жыццё людзей, якое залежыць ад гандлёва-эканамічных адносін. Паводле яго слоў, нягледзячы на ўсе праблемы, якія існуюць з Расіяй, у прыватнасці на іх абарону свайго рынку, Беларусь і Расія дэманструюць добрую дынаміку тавараабароту. Цяпер яго прырост складае каля 50 працэнтаў. Як адзначыў Прэзідэнт, з пункту гледжання эканомікі дзвюх краін няма рознагалоссяў.

"Гэта спрэчка дробная наклала свой адбітак на некаторыя праекты. Але не Расія, дык хто-небудзь іншы. Значыць, Літва будзе інвесціраваць у тыя праекты, у якія павінна была інвесціраваць Расія", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў Беларусі няма ніякіх праблем для работы літоўскіх бізнэсменаў, прытоку літоўскага капіталу.

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ выступае за развіццё канструктыўнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Еўрасаюзам. Аб гэтым яна заявіла ў Мінску ў ходзе перагавораў з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам у пашыраным складзе.

"Здаецца, што гісторыя прапануе нам шанц зноў даведацца адзін пра аднаго крыху больш. На жаль, доўгі час была сцяна, і аб'ектыўная, і суб'ектыўная, у адносінах паміж Еўропай і Беларуссю. Лічу, што мы падыходзім да такога перыяду, калі ўсе разумеюць, што лепш гаварыць паміж сабой, дыскутаваць, абмяркоўваць праблемы і іх вырашаць, а не спрабаваць стаяць за сцяной і адзін на аднаго паказваць пальцам", — сказала Даля Грыбаўскайтэ.

"Я пачула вельмі рацыянальнае разуменне сітуацыі і вельмі рада, што мы можам знаходзіць агульную мову з Прэзідэнтам Беларусі адносна ўсталявання энергетычнай незалежнасці абедзвюх дзяржаў. Гэта вельмі важна. Мы гатовы да адкрытага супрацоўніцтва. Гэта не супярэчыць еўрапейскім інтарэсам. ЕС зацікаўлены ў энергетычнай незалежнасці і ў тым, каб як мага больш дыверсіфікаваць залежнасць ад паставак", — падкрэсліла Даля Грыбаўскайтэ.

Беларусь і Літва павінны эфектыўна выкарыстоўваць свой транзітны патэнцыял з улікам размяшчэння на лагістычных маршрутах Захад — Усход і Поўнач — Поўдзень, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Літвы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў цэнтры ўвагі на сённяшніх перагаворах з Прэзідэнтам Літвы знаходзіўся таксама праект кантэйнернага поезда "Вікінг". На думку беларускага лідара, яго неабходна развіваць. У прыватнасці, будзе ісці работа з украінскім бокам, каб паскорыць працэс. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што вялікая зацікаўленасць ва ўдзеле ў гэтым праекце ёсць у турэцкага боку. У прыватнасці вядзецца размова аб тым, каб прадоўжыць гэты маршрут праз Чорнае мора да Турцыі і далей на Бліжні Усход.

Вялікую цікавасць да выкарыстання транзітнага патэнцыялу Беларусі і Літвы праяўляе Кітай. Так, з Усходу на Захад можа быць накіраваны паток, аналагічны "Вікінгу". Кітайцы вельмі зацікаўлены ў пастаўках грузаў на Балтыку.

Міжурадавае пагадненне аб парадку ўзаемных паездак жыхароў прыгранічных тэрыторый Беларусі і Літвы падпісана ўчора ў Мінску ў прысутнасці прэзідэнтаў дзвюх краін.

"Гэта знакавая падзея для абедзвюх краін", — падкрэсліў у час брыфінгу па выніках перагавораў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "У бліжэйшым будучым сотні тысяч жыхароў прыгранічных тэрыторый Беларусі і Літвы атрымаюць права перасякаць дзяржаўную граніцу ў спрошчаным парадку, — адзначыў ён. — Актывізацыя асабістых кантактаў — важны фактар далейшага развіцця не толькі гуманітарных і эканамічных сувязяў паміж рэгіёнамі, але і беларуска-літоўскіх адносін у цэлым".

У сваю чаргу Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ адзначыла, што спрашчэнне парадку перасячэння дзяржграніцы не прывядзе да павелічэння патокаў кантрабанды. Паводле яе слоў, у першую чаргу гэта пагадненне накіравана на тое, каб людзі, якія жывуць у прыгранічных раёнах Беларусі і Літвы, маглі свабодна перамяшчацца і сустракацца адзін з адным. Кошт доўгатэрміновай візы складзе 20 еўра, што ў тры разы танней, чым было да гэтага часу.

Падпісанае пагадненне закране амаль паўтара мільёна чалавек у прыкладна 50-кіламетровай паласе з кожнага боку граніцы.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што падпісанне пагаднення паміж Беларуссю і Літвой аб парадку ўзаемных паездак жыхароў прыгранічных тэрыторый наблізіць вырашэнне праблемы "па зняцці нікому не патрэбных візавых бар'ераў паміж Беларуссю і ЕС".

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што асаблівую каштоўнасць для рэспублікі набывае той факт, што Літва як паўнапраўны член Еўрасаюза на бягучым этапе актыўна развівае эканамічныя і культурныя сувязі з Беларуссю. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь, у сваю чаргу, гатова да самай цеснай і плённай работы з літоўскімі партнёрамі.

Прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ падарыла Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі рэдкае выданне — Катэхізіс, першую кнігу на літоўскай мове. Гэты падарунак, а таксама каталог бібліятэк Сапегаў, яна паднесла ўчора, наведваючы Нацыянальную бібліятэку.

Кіраўнік літоўскай дзяржавы зрабіла экскурсію па бібліятэцы, азнаёмілася са старажытнымі выданнямі, прадстаўленымі ў Музеі кнігі.

Прэзідэнт Літвы пакінула запіс на беларускай мове ў Кнізе ганаровых гасцей.

Затым адбыўся рабочы абед у гонар высокай госці ад імя Прэзідэнта Беларусі.

БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Літва зацікаўлена ў паляпшэнні і інтэнсіфікацыі адносін з Беларуссю. Мы суседзі, але не толькі. Літва з'яўляецца членам ЕС і ў наступным годзе будзе...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика