Аляксандр ЛУКАШЭНКА: "Мы наблізіліся да галоўнай мэты — высокага ўзроўню і якасці жыцця народа". 21.by

Аляксандр ЛУКАШЭНКА: "Мы наблізіліся да галоўнай мэты — высокага ўзроўню і якасці жыцця народа"

07.12.2010 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У чацвёрты раз за гісторыю маладой суверэннай дзяржавы прадстаўнікі ўсіх яе рэгіёнаў, усіх слаёў насельніцтва сабраліся на самы прадстаўнічы форум — Усебеларускі народны сход. Сёлета яго дэлегатамі сталі 2,5 тысячы чалавек. І хоць сёння далёка не крытычны перыяд для жыцця краіны, як гэта было ў 1996 годзе, калі ўлада ўпершыню па ініцыятыве Прэзідэнта вырашыла параіцца з народам і разам абраць уласны шлях развіцця, рашэнні форуму ў многім вызначаць, як Беларусь будзе развівацца ў бліжэйшыя пяць гадоў і нават у больш далёкай перспектыве.

Найвышэйшай праявай народаўладдзя, якое ўвасабляе ў сабе гістарычны вопыт і сучасныя тэндэнцыі дэмакратызму, назваў Усебеларускі народны сход Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, вытокі гэтай формы дэмакратыі паходзяць з глыбіні стагоддзяў — з народных вечаў, якія праходзілі на славянскіх землях і ў нашых старажытных Полацку і Тураве. Спрадвеку на такія сходы выносіліся пытанні першачарговай важнасці і значнасці. "Мы адрадзілі і працягваем гэтую добрую традыцыю", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў беларускага лідара, Усебеларускі народны сход дае магчымасць не проста весці адкрытую, сумленную і зацікаўленую размову людзей і ўлады, але і прымаць рашэнні аб выбары стратэгіі развіцця дзяржавы. "Не келейна, а галосна, не ў кабінетах, а з шырокім удзелам усіх слаёў насельніцтва", — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Калі рашэнні папярэдніх сходаў дазволілі Беларусі адбыцца як незалежнай дзяржаве, значна нарасціць эканамічны патэнцыял і наблізіцца да галоўнай мэты — высокага ўзроўню і якасці жыцця народа, то Праграма, з якой улада выйшла на чацвёрты Сход — гэта беспрэцэдэнтныя тэмпы росту эканомікі і дабрабыту народа. Інакш немагчыма, лічыць кіраўнік дзяржавы. У сучасным свеце паважаюць моцных і лічацца толькі з моцнымі. Менавіта такой і павінна стаць Беларусь: па-сапраўднаму моцнай!

Звяртаючыся да дэлегатаў Сходу, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што наша будучыня ствараецца не на плошчах, а на прамысловых і аграрных прадпрыемствах, у навуковых лабараторыях і навучальных установах. "Усе мы будзем працаваць над тымі задачамі, якія вызначым у якасці мэтавых на нашым форуме. Мы ў адказе ўсе з вамі за іх рэалізацыю", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Трывалы фундамент — плацдарм для паскоранага развіцця эканомікі

Беларусь даказала сваю здольнасць забяспечыць устойлівае развіццё і нацыянальную бяспеку нават у самых жорсткіх знешніх умовах.

Сусветны фінансава-эканамічны крызіс, на жаль, не абышоў бокам Беларусь, але краіна змагла вытрымаць гэтае вельмі сур'ёзнае выпрабаванне, канстатаваў кіраўнік дзяржавы. "Краіна не прагнулася, нягледзячы на неймаверны націск і масіраваны шантаж з усіх бакоў. Мы не далі загубіць створаную палітычную і сацыяльную стабільнасць. Захавалі народны здабытак, які ў іншых краінах пайшоў за бясцэнак", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі дзякуючы ўласнай мадэлі развіцця ўдалося прадухіліць наступствы крызісу, якія давялося зведаць большасці краін свету. "Наш сацыяльна-палітычны курс не на словах, а на справе даказаў сваю эфектыўнасць", — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле слоў беларускага лідара, за мінулыя пяць гадоў краіна зрабіла каласальны рывок у сацыяльна-эканамічным развіцці. Нягледзячы на цяжкасці, усе абяцанні, дадзеныя народу на ІІІ Усебеларускім сходзе, былі выкананы.

Гаворачы аб дасягненнях Беларусі за апошнія гады, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што "гэта не падарунак ад Госпада Бога і не вынік сыравіннага экспарту", а вынік напружанай працы. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы асабліва адзначыў цэннасць рэальнага суверэнітэту краіны, калі народ мае права самастойна выбіраць стратэгію сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця.

"Ніхто не будзе за нас вырашаць нашы праблемы і задачы — ні Масква, ні Вашынгтон, ні Брусель! Мы павінны рашуча пазбавіцца ад непаўнацэннай лакейскай псіхалогіі залежнасці ад некага больш моцнага і недаацэнкі ўласных магчымасцяў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Толькі ад нас залежыць сучаснасць і будучыня Беларусі".

Вытрымала Беларусь і цэнавыя шокі.

"Мы не толькі поўнасцю забяспечылі ўнутраныя патрэбы ў цяпле, электраэнергіі, паліве, але і пастараліся максімальна змякчыць наступствы для нашых людзей", — адзначыў Прэзідэнт. Сёлета насельніцтва аплачвала газ і электраэнергію ўсяго толькі на 40 працэнтаў, астатняе кампенсаваў дзяржаўны бюджэт. "За гэтыя пяць гадоў мы многае зведалі і пераадолелі, шмат чаму навучыліся. Нам удалося мінімізаваць эканамічныя пагрозы і ўтаймаваць інфляцыю", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь не толькі не загінула. "Скажам шчыра: наш чалавек не вельмі і адчуў гэты глабальны крызіс. Мы забяспечылі хоць і не такі, як планавалі, але невялікі рух наперад нават у крызісны год, калі па валавым унутраным прадукце практычна ўсе дзяржавы мінусавалі: хоць каля 2 працэнтаў, але прырост мы атрымалі", — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта і ёсць праяўленне таго, што называецца надзейным запасам трываласці эканамічнай сістэмы.

Кіраўнік дзяржавы шчыра прызнаў, што "на жаль, не па ўсіх пазіцыях нам удалося выйсці на запланаваныя рубяжы". Не выкананыя абавязацельствы па росце валавога ўнутранага прадукту. "І няхай з 45-50 працэнтаў плана мы не выканалі 3,5-4 працэнты. Але мы не выканалі", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі таксама не дасягнулі запланаванага ўзроўню. І па зніжэнні адмоўнага сальда знешняга гандлю краіна не выйшла на той узровень, які быў намечаны. "І гэтыя тры паказчыкі, тым не менш, на будучую пяцігодку нам давядзецца навёрстваць, чаго б нам гэта ні каштавала", — падкрэсліў Прэзідэнт.

З аднаго боку, на тое ёсць аб'ектыўныя прычыны, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. У першую чаргу гэта фінансавы крызіс, які ўдарыў па нашым экспарце. Негатыўным фактарам з'явілася і рэзкае павышэнне цэн на энерганосьбіты. За пяць гадоў цана на прыродны газ для Беларусі вырасла ў 4 разы, на нафту — у 2 разы. І ўмовы надвор'я мінулага года, вядома, моцна ўдарылі па эканоміцы нашай краіны, "што апусціла на ступень ніжэй па вытворчасці сельскую гаспадарку".

Але з другога боку, лічыць кіраўнік дзяржавы, нельга скідаць з рахунку і суб'ектыўны фактар. "Што, скажаце, у нас няма расхлябанасці, непаваротлівасці, маруднасці ў прыняцці кіраўніцкіх рашэнняў? А колькі відавочнай безгаспадарчасці!" — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асобныя міністэрствы і канцэрны бачаць сваю ролю ў рабоце з падпарадкаванымі прадпрыемствамі толькі ў тым, каб любымі спосабамі выбіваць выкананне прагнозных параметраў, замест таго, каб садзейнічаць абнаўленню асноўных сродкаў, пашырэнню асартыменту запатрабаваных тавараў, пошуку новых рынкаў збыту. "Гэтым трэба займацца, а не падмяняць сабой Белстат", — падкрэсліў ён.

Адсюль і няздольнасць шэрагу прадпрыемстваў вырвацца з замкнёнага кола: выпуск неканкурэнтаздольнай прадукцыі — склад — амярцвенне абаротных сродкаў і, як вынік, — адсутнасць магчымасцяў па мадэрнізацыі вытворчасці.

"Нам яшчэ трэба будзе публічна папрацаваць, каб увайсці ў клуб тэхналагічных лідараў, дасягнуць найвышэйшага сусветнага стандарту", — адзначыў Прэзідэнт. Але і зроблена ўжо нямала, асабліва калі ўлічыць, што "нам давялося самім, уласнымі сіламі, у вельмі няпростых умовах, без падтрымкі збоку выходзіць з разрухі і ствараць новае аблічча беларускай эканомікі". Таму сёння можна канстатаваць, што большасць прагнозных паказчыкаў пяцігодкі ў Беларусі выкананы, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за апошнія паўтара дзесяцігоддзі краіна даказала сваю палітычную і эканамічную самастойнасць. Пацвярджэнне таму — пастаянны эканамічны рост, абнаўленне асноўных вытворчых фондаў, павышэнне дабрабыту народа. Сярэднегадавы тэмп эканамічнага развіцця Беларусі ў мінулай пяцігодцы склаў каля 8 працэнтаў. Вышэйшы ён толькі ў 12 краін свету.

"Вы толькі ўдумайцеся: за бягучую пяцігодку ў эканоміку будзе ўкладзена $72 млрд у параўнанні з $20 млрд у мінулай, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У гэтым адна з характэрных рыс беларускай сацыяльна-эканамічнай мадэлі: усё, што зарабілі, накіравалі на развіццё, уклалі ва ўласную эканоміку, а не вывезлі за мяжу, не расцягнулі ў выглядзе дывідэндаў".

За пяць гадоў у Беларусі створана 185 новых прадпрыемстваў, больш за 320 кардынальна мадэрнізаваныя. У цэлым краіна выйшла на аб'ёмы экспарту тавараў і паслуг звыш $25 млрд у год. Выпуск інавацыйнай прадукцыі павялічыўся больш як у 4 разы. Па сутнасці, за пяцігодку абноўлены, а на некаторых прадпрыемствах шматразова, увесь мадэльны рад. Гэта вялікая праца інжынераў, канструктараў, вучоных, рабочых і служачых.

Аляксандр Лукашэнка прывёў у якасці прыкладу ААТ "Белкамунмаш". Гэтае прадпрыемства, якое было некалі звычайнай рамонтнай майстэрняй трамваяў і тралейбусаў, сёння цалкам забяспечвае ўнутраны рынак і экспартуе прадукцыі на $22 млн у год. І такіх прыкладаў па краіне нямала, у тым ліку МТЗ, БелАЗ.

"Таму ўсялякія сцвярджэнні аб тым, што мы працуем на старой базе, "прадаём савецкую спадчыну", — пустыя размовы, што падкідваюць у грамадства недалёкія людзі, якія нічога не разумеюць у эканоміцы", — лічыць Прэзідэнт Беларусі.

Беларусь да 2016 года па долі ВУП на душу насельніцтва павінна выйсці на сярэднееўрапейскі паказчык. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў асноўных палажэннях праекта Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку закладзены вельмі напружаныя паказчыкі, прызначаныя забяспечыць істотнае павышэнне дабрабыту беларусаў. "Рост валавога ўнутранага прадукту за пяцігодку павінен скласці 162-168 працэнтаў, гэта значыць, па долі ВУП на душу насельніцтва да 2016 года мы павінны выйсці фактычна на сярэднееўрапейскія паказчыкі", — падкрэсліў ён. Гэта максімальныя тэмпы росту за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Пры гэтым забяспечваць іх давядзецца адносна ўжо дасягнутай даволі высокай базы, дадаў Прэзідэнт.

Стабільнасць эканомікі Беларусі адчувальна вырасла, таму можна з поўнай падставай сцвярджаць, што створаны надзейны плацдарм для паскоранага развіцця эканомікі ў чарговай пяцігодцы. "Мы ўжо навучыліся вырашаць любыя задачы і здольны паспяхова працаваць ва ўмовах сусветнай канкурэнцыі. Нам цяпер нельга спыняцца, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Дасягнутае стала магчымым дзякуючы, без перабольшання, гераічнай працы нашага народа. Людзі — галоўнае багацце Беларусі, у іх залог поспехаў дзяржавы ў цэлым". Таму ў Беларусі ключавым прыярытэтам палітыкі заўсёды быў, ёсць і будзе чалавек, яго патрэбнасці, узровень і якасць жыцця.

Кожную другую адзінку прадукцыі — на знешнія рынкі

Прэзідэнт запатрабаваў вырашыць праблему адмоўнага сальда знешняга гандлю.

"У бліжэйшыя гады мы павінны выйсці на дадатнае сальда за кошт імпартазамяшчэння і павелічэння аб'ёмаў экспарту, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — За пяць гадоў аб'ём экспарту павялічыўся амаль у тры разы. Неабходна значна больш! Па сутнасці, кожную другую адзінку вырабленай прадукцыі трэба прадаць на знешнія рынкі. Вядома, гэта няпроста: рынкі ўжо даўно падзелены, і нам даводзіцца канкурыраваць з сусветнымі лідарамі".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўрад ужо ў бягучым годзе абяцаў забяспечыць збалансаванасць знешняга гандлю, але так і не змог сістэмна выбудаваць работу для рэалізацыі гэтай мэты. "З году ў год ставім адны і тыя ж задачы, якія пераходзяць з адной праграмы ў другую. А аб'ёмы імпарту па-ранейшаму пераважаюць над экспартам", — сказаў ён. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у гэтай сітуацыі "не трэба наракаць на рост цэн на энерганосьбіты або расказваць аб тым, што дысбаланс у знешнім гандлі звычайная рэч і ён мае месца ў многіх краінах".

Прэзідэнт дадаў, што адмоўнае сальда — гэта люстэрка праблем эканомікі краіны, вынік недастатковай канкурэнтаздольнасці таваравытворцаў, высокай матэрыяла- і энергаёмістасці вытворчасці, няпоўнага развіцця сферы паслуг. Вырашэнне гэтай праблемы — паказчык эфектыўнасці народнай гаспадаркі і пытанне нацыянальнай бяспекі.

Аналізуючы структуру імпартных закупак, Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што халадзільнікаў і тэлевізараў у Беларусь увозіцца на $50 млн, сінтэтычных мыйных сродкаў — на $100 млн, абутку — больш як на $200 млн, а аўтамабіляў — на $1 млрд. "Усяго спажывецкіх тавараў — больш як на $4,5 млрд за год, — адзначыў Прэзідэнт. — Шмат з таго, што сёння завозіцца з-за мяжы, мы можам вырабляць самі. Калі пастараемся, то не горш і нават лепш, чым імпартнае. Прытым значна танней для нашых людзей".

Для гэтага неабавязкова што-небудзь вынаходзіць самім. "Можна і трэба ісці па шляху стварэння прадпрыемстваў з удзелам вядомых замежных вытворцаў, якія выпускаюць тыя тавары, якія мы імпартуем, — сказаў беларускі лідар. — Трэба дабіцца таго, каб тавары, што вырабляюцца ў Беларусі, былі такой якасці, што будзе больш выгадна гандляваць імі, чым імпартам". Прэзідэнт адзначыў, што Савет Міністраў павінен неадкладна сфарміраваць своеасаблівы дзяржаўны заказ на адкрыццё такіх прадпрыемстваў і мэтанакіравана пад яго прыцягваць замежных інвестараў. "Карысна і аблвыканкамам мець рэгіянальныя праграмы імпартазамяшчальных вытворчасцяў, — дадаў ён. — Правільная праграма імпартазамяшчэння, выбудаваная ў цэлым па краіне, павінна садзейнічаць вырашэнню праблемы ліквідацыі адмоўнага сальда знешняга гандлю".

Замест імпарту рэсурсаў — экспарт ведаў

Кіраўнік дзяржавы асаблівую ўвагу звярнуў на неабходнасць камерцыялізацыі існуючых у Беларусі ведаў. "Замест імпарту рэсурсаў — экспарт ведаў. Хіба мы не можам гэтага зрабіць? — запытаў ён, звяртаючыся да ўдзельнікаў сходу. — Можам, і ў нас ёсць добрыя прыклады". Адзін з іх — ААТ "Белгархімпрам", якое выйграла буйнейшы тэндар на права стварэння пад ключ у Туркменістане горна-абагачальнага комплексу па здабычы і абагачэнні калійнай солі. Экспартны кантракт склаў $1 млрд.

На парозе новай эканамічнай палітыкі

Паводле слоў Прэзідэнта, "Беларусь стаіць на парозе новай эканамічнай палітыкі, змяняецца структура эканомікі". "Трэба адысці ад арыентаванасці на ўвоз вельмі вялікіх аб'ёмаў сыравіны і энергіі для вытворчасці невялікай дабаўленай вартасці, — сказаў ён. — Эканоміка павінна прырастаць за кошт прынцыпова новых галін і прадпрыемстваў, якія даюць прадукт з высокай дабаўленай вартасцю". Перавагу павінны атрымаць прадпрыемствы, заснаваныя на ўласнай сыравіне і рэсурсах.

У той жа час, адзначыў Аляксандр Лукашэнка, у Беларусі пакуль яшчэ не навучыліся па-гаспадарску ставіцца да мясцовых рэсурсаў. У якасці прыкладу ён прывёў гарбарную сыравіну. "Наша краіна з развітай жывёлагадоўляй за год вырабляе больш як мільён штук шкур, аднак айчынныя прадпрыемствы лёгкай прамысловасці закупляюць сыравіну за мяжой, а нашы рынкі забітыя імпартнымі таварамі са скуры: кажухі, курткі, абутак — сцягнулі амаль з усяго свету на мільёны долараў, — абурыўся Прэзідэнт. — Чаму мы не развіваем у сябе вытворчасці на сваёй жа сыравіне, а экспартуем яе, каб потым у выглядзе гатовай прадукцыі імпартаваць?"

"За мяжой шыюць прыгажэй? Што перашкаджае і нам гэтаму навучыцца? — задаў ён пытанне. — Умелыя рукі, добры густ плюс якасная сыравіна — упэўнены, выраб атрымаецца не горшы".

Прэзідэнт нагадаў, што ў свой час у Беларусі "ўжо наводзілі парадак з драўнінай, і паспяхова". "Гэтак жа трэба прайсціся і па ўсіх іншых відах сыравіны", — лічыць ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер Беларусь выходзіць на выпуск шлейфа імпартазамяшчальнай і экспартаарыентаванай прадукцыі з айчыннай сыравіны. У краіне будуць створаны магутнасці па глыбокай комплекснай перапрацоўцы мінеральнай калійнай натрыевай хларыднай сыравіны.

Беларусь з'яўляецца трэцяй у свеце па велічыні разведаных прамысловых запасаў калійных солей пасля Канады і Расіі, адзначыў Прэзідэнт. "Даўно пара наладзіць вытворчасць і экспарт комплексных угнаенняў, — лічыць ён. — Гэта рэзка павялічыць паступленні ў казну".

У новай пяцігодцы Беларусь сканцэнтруе намаганні на рэалізацыі некалькіх нацыянальных праектаў тэхналагічнага прарыву, якія павінны вырашыць найважнейшыя для дзяржавы задачы і заснаваны на ўласных прыродных і інтэлектуальных рэсурсах, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Фармацэўтычная галіна выходзіць у авангард

Фармацэўтычнай галіне Беларусі неабходны рэвалюцыйны прарыў.

"Вопыт "свінога" і "птушынага" грыпу паказвае, якія глабальныя спекуляцыі адбываюцца на рынку лякарстваў, цэлыя індустрыі працуюць над фарміраваннем у планетарным маштабе панікі, істэрыі і хаосу, — сказаў Прэзідэнт. — А мы ад гэтага не абаронены. Наша фармацэўтычная галіна адстала ад выклікаў часу. Так, выпускаем нядрэнную базавую лінейку прэпаратаў, але гэта — ХХ стагоддзе".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што фармацэўтычнай галіне Беларусі патрэбны сапраўдны рэвалюцыйны прарыў: новыя "разумныя" лякарствы, сучасныя заводы, прэпараты заўтрашняга дня. Для гэтага ў краіне ёсць навуковы і вытворчы задзел, перакананы кіраўнік дзяржавы. "Але справа не толькі ў "разумных" лякарствах, вы ж паглядзіце на цэны ў аптэках! Элементарны прэпарат каштуе пад Br50 тыс., а можа, і больш, — адзначыў Прэзідэнт. — У краіну ўвозіцца лякарстваў на $400 млн штогод. Гэтую праблему трэба вырашаць уласнай вытворчасцю якасных і недарагіх прэпаратаў. У гэтым сектары патрэбны рашучыя меры".

Прэзідэнт дадаў, што за кошт якасці і эфектыўнасці доля айчынных прэпаратаў на ўнутраным рынку павінна перасягнуць 50 працэнтаў, у некалькі разоў трэба павялічыць экспарт лекавай прадукцыі. "Сёння — 25 працэнтаў, а трэба 50 працэнтаў", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што адпаведную задачу ён паставіў перад міністрам аховы здароўя і ўрадам паўгода таму, і вучоныя ўжо дабіліся некаторых станоўчых вынікаў у распрацоўцы новых лекавых сродкаў.

"Фармацэўтычная галіна стане адной з сістэмаўтваральных у Беларусі, — дадаў Аляксандр Лукашэнка. — Ураду, "Белбіяфарму", Акадэміі навук трэба неадкладна пачаць працу па вырашэнні гэтай задачы дзяржаўнага маштабу".

Спрашчэнне падатковай сістэмы

Неабходна ўстанавіць простыя і зручныя спосабы выплаты падаткаў.

"Мы завершым кардынальнае спрашчэнне падатковай сістэмы, у выніку чаго па складзе падаткаў і збораў, перыядычнасці іх выплаты яна не будзе адрознівацца ад еўрапейскіх", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ужо з наступнага года плацельшчыкі пры ажыццяўленні звычайнай дзейнасці стануць выплачваць толькі 7 асноўных падаткаў, уносіць на працягу года ў бюджэт 20 падатковых плацяжоў замест 104 і падаваць 11 падатковых дэкларацый замест 30, як гэта існуе сёння.

"І ўсё ж мы вельмі марудна ідзём па гэтым шляху. Нягледзячы на мае неаднаразовыя даручэнні, урад патраціў амаль усю пяцігодку на работу па спрашчэнні падатковай сістэмы, хоць усё гэта можна было зрабіць больш аператыўна", — адзначыў Прэзідэнт. "Год-два — і скаргаў на неапраўданую падатковую нагрузку і забюракратызаванае падатковае адміністраванне быць не павінна. Гэта сфера адказнасці Савета Міністраў", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт запатрабаваў, каб усе формы дакументаў у бухгалтарскім і падатковым уліку былі максімальна спрошчаны і скарочаны. Неабходна ўстанавіць простыя і зручныя спосабы выплаты падаткаў, адмяніць усе залішнія патрабаванні па рэгламентацыі затрат на вядзенне бізнэсу. "Дайце, нарэшце, людзям спакойна працаваць і зарабляць", — падкрэсліў ён.

Змяненні ў практыцы дзелавога абароту павінны стаць магутным стымулам для айчыннага і замежнага інвесціравання. Тым інвестарам, якія хочуць сур'ёзна і надоўга прыйсці ў Беларусь, трэба прапанаваць унікальныя ўмовы.

Аляксандр Лукашэнка дадаў, што па такіх пазіцыях як падаткаабкладанне, міжнародны гандаль, крэдытаванне, абарона інвестараў Беларусь павінна радыкальна палепшыць свой інвестыцыйны імідж.

Стратэгічная мэта — развіццё чалавечага патэнцыялу

Беларусь у 2011-2015 гадах павінна ўвайсці ў лік 50 краін з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу. Прэзідэнт адзначыў, што работа, якая праводзілася ў краіне ў мінулым, па сваіх маштабах і складанасці не ідзе ў параўнанне з тым, што трэба будзе зрабіць. Наступная пяцігодка стане перыядам абнаўлення, нацэленым на якасна новае развіццё Беларусі. "Стратэгічная мэта — увайсці ў лік першых 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу", — сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы пры гэтым, што высокі жыццёвы ўзровень беларускіх грамадзян — не проста мэта, гэта сэнс палітыкі, якая праводзіцца ў дзяржаве.

Узровень і якасць жыцця чалавека, паводле яго слоў, вызначаюць пяць важнейшых складнікаў: паўнацэнная сям'я, здароўе, адукацыя, рэальныя даходы, камфортнасць жыцця. Менавіта праз іх прызму варта разглядаць усю праграму на чарговую пяцігодку, сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка назваў здаровы лад жыцця адным з галоўных фактараў выхавання падрастаючага пакалення. Гэта залог таго, што дзеці не будуць аддадзеныя вуліцы, не стануць хваравітымі і кволымі, а вырастуць моцнымі людзьмі і годнымі грамадзянамі нашай краіны, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

"Калі вы сапраўды любіце сваіх дзяцей, то з маленства вядзіце іх у басейн, на лёд, на футбольнае поле, у спартзалу, проста на прыроду. Няхай займаюцца спортам", — звярнуўся Прэзідэнт да бацькоў. Бо менавіта дзеля гэтага, паводле яго слоў, дзяржава ўкладвае вялікія сродкі ў паўсюднае будаўніцтва разнастайных спартыўных аб'ектаў, робіць іх даступнымі для людзей усіх узростаў.

"Такім чынам, здаровы лад жыцця плюс развітая айчынная медыцына і бяспечныя ўмовы жыцця ў сукупнасці будуць садзейнічаць фарміраванню здаровай нацыі. А пажадана яшчэ і нацыі доўгажыхароў", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Паводле звестак экспертаў Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, 80 працэнтаў фактараў, якія ўплываюць на стан здароўя, з'яўляюцца кіруемымі. Палова з іх залежыць ад ладу жыцця чалавека. Таму ў Беларусі, адзначыў кіраўнік дзяржавы, будзе прадоўжана стварэнне спартыўна-аздараўленчай інфраструктуры. Не толькі такіх буйных праектаў, як "Мінск-Арэна", "Сілічы", лядовыя палацы, але і басейнаў, лыжаролерных трас, спартыўных пляцовак у школах і ў дварах.

"Спартыўныя збудаванні павінны стаць масавымі. Тады будзе і вялікі спорт, і здароўе, і настрой людзей", — перакананы Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у мікрараёнах жылой забудовы неабходна пашыраць будаўніцтва фізкультурна-аздараўленчых комплексаў з максімальным наборам фізкультурна-спартыўных паслуг.

Ніякіх чэргаў у паліклініках і медыцынскія паслугі на экспарт

Беларуская ахова здароўя павінна пераходзіць да экспарту медыцынскіх паслуг.

"Цяпер задача нумар адзін — пераходзіць да экспарту медыцынскіх паслуг. Хоць медцэнтры ўжо аказваюць някепскія паслугі і з гэтага плацяць у бюджэт".

Назваўшы здароўе найважнейшым складнікам узроўню і якасці жыцця чалавека, ён адзначыў, што ахова здароўя была і застаецца дзяржаўным прыярытэтам. Нават ва ўмовах сусветнага крызісу расходы на яе не скарачаліся.

У Беларусі вызначаны ўсе напрамкі развіцця галіны і праведзены ўжо неабходныя рэформы. Сёння на тысячу насельніцтва ў рэспубліцы прыпадае больш як пяць урачоў. Гэта больш, чым у такіх вядучых краінах Еўропы як Францыя, Германія, Аўстрыя, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Разам з тым, паводле яго слоў, не ўсе пастаўленыя мэты дасягнуты. "Медыцынская дапамога павінна быць аператыўнай, якаснай і даступнай незалежна ад таго, жыве чалавек у горадзе або вёсцы", — перакананы кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у бліжэйшыя два гады запланавана завяршыць аснашчэнне ўсіх лячэбных устаноў краіны — без неапраўданых празмернасцяў, але сучасным абсталяваннем. Пытанне аб поўным укамплектаванні паліклінік і бальніц неабходнымі спецыялістамі павінна быць вырашана канчаткова. Гэтая праблема, таксама як і чэргі ў паліклініках, павінна адысці ў мінулае.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на развіццё ў Беларусі навукова-практычных цэнтраў і даступнасць аказання ў іх меддапамогі. "Мы пайшлі па шляху стварэння магутных спецыялізаваных навукова-практычных цэнтраў, у якіх сканцэнтраваныя веды і рэсурсы ў адпаведнай галіне — анкалогіі, кардыялогіі, траўматалогіі, трансплантацыі і іншых. Там сфарміраваныя высокакваліфікаваныя калектывы, забяспечваецца непасрэдная сувязь навукі і практычнай медыцыны", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, Беларусь у частцы выкарыстання тэхналогій ужо выйшла на сусветны ўзровень. Нашы медыкі праводзяць унікальныя аперацыі, якія за мяжой каштуюць сотні тысяч долараў. А для беларускіх грамадзян перасадка органаў, эндапратэзаванне тазасцегнавых і каленных суставаў і многія іншыя вельмі складаныя аперацыі практычна бясплатныя, падкрэсліў Прэзідэнт. Таму, паводле яго слоў, цяпер задача нумар адзін — пераходзіць да экспарту медыцынскіх паслуг.

Дапамогі пры нараджэнні падвоіць

"Добрым стымулам павелічэння нараджальнасці будзе павышэнне дапамогі па доглядзе дзіцяці. Цяпер яна выведзеная на ўзровень бюджэту пражытачнага мінімуму. Але гэтага ўжо недастаткова. Прывязка павінна быць да сярэдняй зарплаты маці да дэкрэтнага водпуску", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Тое ж самае датычыцца аднаразовай дапамогі пры нараджэнні першага дзіцяці. Сёння яе памеры складаюць $450, другога і наступнага — $650. "Гэтыя выплаты неабходна падвоіць", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт перакананы, што паўнацэнная сям'я — гэта сям'я, у якой нараджаюцца і растуць дзеці. "Беларускіх грамадзян павінна станавіцца больш. Для Беларусі мінімальна неабходная колькасць — 20 млн чалавек, а аптымальная — 30 млн", — перакананы ён.

У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што меры дзяржаўнай падтрымкі будуць садзейнічаць росту нараджальнасці ў краіне. У будучай пяцігодцы, паводле яго слоў, "трэба на поўную магутнасць уключыць сацыяльны пакет і эканамічныя стымулы для сем'яў з трыма і больш дзецьмі".

На гэтыя мэты накіравана і жыллёвая праграма. "Ёсць трое дзяцей — сям'я пры будаўніцтве аплачвае не больш за чвэрць кошту кватэры або жылога дома. Калі ў сям'і чацвёра-пяцёра дзяцей — гарантавана бясплатная кватэра", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Мы яшчэ падумаем аб дадатковых ільготах для шматдзетных сем'яў. Трэба зрабіць усё, каб прэстыжна было мець дзяцей", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Пенсія ў прывязцы да бпм

У Беларусі не маюць намеру павялічваць пенсійны ўзрост, ламаць сістэму, якая існуе. "Вядома, будзем яе ўдасканальваць, каб забяспечыць пастаяннае паляпшэнне матэрыяльнага становішча пажылых людзей", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Што датычыцца размоў аб пераходзе на альтэрнатыўныя сістэмы накаплення пенсій, то за гэтым часта тояцца спробы ўвесці людзей у зман. "Яшчэ свежыя ўспаміны аб тых пенсійных фондах на зары 90-х, якія ператварыліся ў фінансавыя піраміды і абагацілі іх стваральнікаў, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Да гэтай тэмы трэба падыходзіць вельмі асцярожна і ўзважана, каб не дапусціць падману нашых грамадзян".

Дзяржава выканала сваё абяцанне, забяспечыўшы рост пенсій у сярэднім у паўтара раза. Удзельная вага тых, хто атрымлівае пенсію, ніжэйшую за бюджэт пражытачнага мінімуму пенсіянера, за пяцігодку скарацілася больш як у чатыры разы і цяпер складае менш за 3 працэнты.

У наступныя пяць гадоў, запэўніў Прэзідэнт, мінімальная пенсія будзе жорстка прывязана да пражытковага мінімуму пенсіянера і расці такімі ж тэмпамі, як і зарплата.

Бясплатны праезд для школьнікаў і навучэнцаў

Апошнім часам усё часцей узнімаецца пытанне аб ільготным праездзе для школьнікаў, навучэнцаў і студэнтаў. "Аб гэтым гаварылі давераныя асобы пасля сустрэч з насельніцтвам, з гэтым да мяне звярталіся і парламентарыі, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму даручаю ўраду ў тыднёвы тэрмін прапрацаваць гэта пытанне, пралічыць і ўнесці канкрэтныя прапановы". Ён таксама перасцярог транспартнікаў ад неабгрунтаванага павышэння затрат на гэтыя мэты.

Па зразумелых прычынах цяпер, падчас выбараў, вакол тэмы льгот шмат спекуляцый. Абяцаюць усе, каму толькі хочацца, і ўсё што хочаце, адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён лічыць, што сітуацыя, якая склалася ў краіне з ільготамі да іх упарадкавання, была анамальнай. Тры чвэрці насельніцтва карысталіся тымі або іншымі льготамі. Прычым больш як палова з іх не з-за сваёй хваробы або заслуг, а толькі таму, што яны члены сям'і льготніка. "Такой раскошы раздаваць ільготы направа і налева не дазваляюць сабе нават вельмі багатыя краіны. Гэта ненармальна і, галоўнае, несправядліва", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Неабмежаваныя льготы — глеба для злоўжыванняў і карупцыі, лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што захаваная вялікая колькасць ільгот для ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых краін, інвалідаў, асоб, якія пацярпелі ад катастроф, і іншых катэгорый, якім сапраўды патрэбна сацыяльная абарона. Штогод устанаўліваецца для ўсіх пенсіянераў на дачны перыяд 50-працэнтная скідка на праезд у прыгарадным транспарце. Гэта практыка будзе працягвацца, запэўніў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, кожны чалавек мае права разлічваць на адрасную сацыяльную дапамогу, калі аб'ектыўна мае ў ёй патрэбу. "Аднак шалёных ільгот не будзе, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Нельга пладзіць у грамадстве ўтрыманскія настроі".

Дзяржава і далей будзе аказваць дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. Але толькі там, дзе чалавек сам справіцца не можа. Ва ўсіх астатніх сферах задача дзяржавы — стварыць умовы для таго, каб людзі маглі самастойна і пад сваю адказнасць вырашаць свае праблемы. "Ва ўзаемаадносінах паміж чалавекам і дзяржавай абавязацельствы павінны рэальна набыць двухбаковы і ўзаемны характар, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Перш чым задаваць пытанне "Што дзяржава мне дала?" кожны павінен запытацца, што ён карыснага зрабіў для сваёй Айчыны".

Памер заработнай платы да 2015-га павінен наблізіцца да $1 тыс.

У Беларусі ўжо сфарміраваўся сярэдні клас грамадства. Сёння тых, хто лічыць сябе чалавекам з сярэднім дастаткам, — амаль дзве трэці, у той час як пяцігодку таму такіх было напалову менш. І гэта пры тым, што эканамічны крызіс яшчэ толькі заканчваецца. "Людзей, якія дастаткова зарабляюць на сябе і свае сем'і, ды яшчэ ствараюць рабочыя месцы, павінна быць як мага больш. І чым хутчэй, тым лепш".

Ёсць і багатыя людзі. Але пры гэтым вельмі важна, што няма моцнага сацыяльнага расслаення. Беларусь уваходзіць у дзясятку краін з найменшай сацыяльнай няроўнасцю. Розніца ў даходах у Беларусі за апошнія гады складае прыблізна 5 разоў (прыкладна як у Германіі, Аўстрыі і Швецыі). У Расіі яна — амаль 20 разоў.

"На еўрапейскі ўзровень мы будзем арыентавацца і ў будучыні, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта зусім не азначае, што будуць стрымлівацца высокія даходы. Наадварот, дзяржаўная палітыка нацэленая на тое, каб заможных людзей станавілася больш. Але пры гэтым каб прапарцыянальна падцягваліся і астатнія слаі грамадства".

"Калі палова жабракоў боўтаецца на дне грамадства, а 1-2 працэнты складаюць алігархі або тыя, хто добра сябе адчувае, — гэта не дзяржава, і яе рана ці позна чакае крах. Мы гэтага не павінны дапусціць у нашай краіне".

Памер заработнай платы ў Беларусі да 2015 года павінен наблізіцца да $1 тыс. у эквіваленце. Гэта самыя высокія ў нашай гісторыі тэмпы росту заработнай платы і даходаў насельніцтва, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Калі ў час крызісу ў багатых еўрапейскіх і іншых развітых краінах людзей тысячамі выкідвалі на вуліцу, я катэгарычна забараніў кіраўнікам прадпрыемстваў рабіць гэта ў нас, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Я ўжо тады вам гаварыў: крызіс рана ці позна скончыцца, што і адбываецца цяпер. Попыт у тым ліку на нашу прадукцыю будзе расці. Але, калі мы звольнім работнікаў, развалім працоўныя калектывы, хто потым будзе вырабляць гэтую прадукцыю? Больш за тое, страцім кваліфікаваную рабочую сілу. Ну, а галоўнае: куды ж пойдуць гэтыя людзі, нашы людзі?"

Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Калі ва ўмовах крызісу попыт на тавары падае, а пры неабходнай колькасці пяцьсот чалавек на вытворчасці мы трымаем тысячу, то і зарплата будзе ў два разы меншая. У нас было два варыянты: або мільёны людзей на вуліцу, або больш-менш прыстойная зарплата для гэтых мільёнаў. З двух ліх выбралі меншае. Тады мільёны людзей стаялі перад фактам страціць работу".

Аднак і ў гэтых умовах да канца 2010 года сярэдняя заработная плата дасягне $500 у цэлым па краіне. "Вядома, сярэдняе — не значыць ва ўсіх. Аднак рэальныя даходы на душу насельніцтва ў параўнанні з 2005 годам павысіліся амаль у 2 разы, значна выраслі даходы найменш забяспечаных грамадзян, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Фактычна за пяць гадоў па мінімальным узроўні аплаты працы мы ўзняліся да максімальных задач мінулай пяцігодкі".

Зарплата $500 або нават $1000 — меншая за еўрапейскі ўзровень. Але гэта калі лічыць толькі яе намінальнае значэнне. Аднак нельга не ўлічваць, што дзяржава добраахвотна ўзяла на сябе значную частку расходаў, звязаных з сацыяльным забеспячэннем грамадзян.

Прэзідэнт прывёў звесткі Сусветнага банка, Міжнароднага валютнага фонду і іншых міжнародных агенцтваў. Так, насельніцтва аплачвае менш як 30 працэнтаў рэальнага кошту жыллёва-камунальных паслуг, 40 працэнтаў кошту праезду ў грамадскім транспарце, толькі 10 працэнтаў затрат на ўтрыманне кожнага дзіцяці ў дзіцячым садку і толькі 0,5 працэнта расходаў на навучанне аднаго вучня ў школе. Астатняе кампенсуе дзяржава. Сюды ж трэба дадаць тыя вялікія сродкі, якія затрачвае дзяржава на медыцынскае абслугоўванне, адукацыю ў ВНУ, харчаванне ў школах, не гаворачы ўжо аб датацыях вёсцы на вытворчасць прадуктаў харчавання. І калі падсумаваць усё гэта, то ўзровень даходаў насельніцтва будзе цалкам супастаўны з еўрапейскім, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён заявіў таксама аб неабходнасці ўстанавіць дастойны ўзровень мінімальнай заработнай платы, ніжэй за якую не павінен атрымліваць ніводзін рабочы, — яна будзе складаць не менш як трэць ад сярэдняй зарплаты.

Усе намаганні дзяржавы былі і будуць накіраваны на няўхільны рост дабрабыту нашых грамадзян, запэўніў Прэзідэнт.

Павелічэнне даходаў да 2016 года зробіць жыллё даступным

У Беларусі ў будучай пяцігодцы будуць канчаткова вырашаныя пытанні даступнасці і якасці жылля. У рэспубліцы да 2015 года павінна быць уведзена 42 млн кв.м жылля, што ў 1,6 раза больш, чым у бягучай пяцігодцы, сказаў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што жыллёвае будаўніцтва застанецца прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. Шмат зроблена ў гэтай сферы. На працягу некалькіх гадоў па колькасці пабудаваных кватэр на 10 тыс. насельніцтва Беларусь лідзіруе сярод усіх краін СНД і ўваходзіць у групу дзяржаў свету з высокімі паказчыкамі.

Запланаванае павелічэнне рэальных грашовых даходаў павінна да 2016 года зрабіць для асноўнай масы насельніцтва даступным будаўніцтва жылля за кошт уласных і пазыковых сродкаў.

"Для грамадзян, якія маюць патрэбу ў сацыяльнай абароне, будзе пабудавана з дзяржаўнай падтрымкай не менш як 50 працэнтаў жылля. Акрамя таго, пашырыцца інстытут ільготнага крэдытавання, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Нядаўна я падпісаў указ аб зніжэнні ў гарадах з колькасцю да 50 тыс. жыхароў стаўкі па льготных крэдытах на жыллё да 1 працэнта гадавых. Гэта ўнікальныя ўмовы — такіх у свеце няма".

Сёння няма ніякіх праблем атрымаць зямельны ўчастак пад будаўніцтва жылля. "За грошы або бясплатна — у залежнасці ад прававых падстаў набыцця ўчастка, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Бяры і будуй свой уласны дом".

Іпатэка — ужо ў першым паўгоддзі 2011-га

Прэзідэнт Беларусі даручыў ураду і Нацыянальнаму банку ўвесці іпатэку ў поўным аб'ёме ў першым паўгоддзі 2011 года.

"Трэба аператыўна дапрацаваць сістэму іпатэчнага крэдытавання, якая дае магчымасць задзейнічаць у жыллёвым будаўніцтве фінансавыя сродкі прыватных інвестараў, — сказаў беларускі лідар. — Трэба стварыць прывабныя ўмовы, каб стымуляваць грамадзян шырэй выкарыстоўваць гэты прагрэсіўны фінансавы інструмент".

Пры гэтым павінны быць улічаныя ўсе памылкі замежнага вопыту, прадугледжаны рычагі бяспекі як для банкаў, так і для забудоўшчыкаў, падкрэсліў Прэзідэнт.

Усе прэтэнзіі грамадзян па якасці ўведзенага ў строй жылля павінны быць задаволеныя да канца года.

Паводле слоў беларускага лідара, "ніякія мільёны квадратных метраў паўнацэнна не вырашаць праблему, калі не будзе забяспечана якасць жыллёвага будаўніцтва". "Гэтая тэма ўжо нагнала аскому , — прызнаў ён. — І для яе вырашэння ж не патрэбныя ні дадатковыя грошы, ні працоўныя рэсурсы. Прычына адна — наплявацельскія адносіны да сваёй работы і людзей. Да канца года ўсе прэтэнзіі грамадзян па якасці ўведзенага ў строй жылля павінны быць задаволеныя. За гэта асабіста адказвае міністр архітэктуры і будаўніцтва".

Калі ў далейшым будуць паступаць такія скаргі, усе члены камісіі, якая прымала дом у эксплуатацыю, павінны прыцягвацца да строгай адказнасці, дадаў Аляксандр Лукашэнка.

На думку кіраўніка дзяржавы, трэба ў цэлым змяніць падыходы да жыллёвага будаўніцтва. "Ужо недастаткова толькі ўзводзіць жылыя дамы. Будаваць трэба комплексы — каб чалавек, засяліўшыся ў кватэру, не ездзіў за край свету ў магазін, дзіцячы сад або школу, — сказаў ён. — Старшыні абласных і Мінскага гарадскога выканкамаў павінны нацэліць на гэта ўсіх забудоўшчыкаў, незалежна ад формы ўласнасці

Увага якасці адукацыі і матэрыяльнай падтрымцы студэнтаў

Пытанню якасці адукацыі неабходна ўдзяліць сур'ёзную ўвагу.

"Трэба добра ўсвядоміць: для такой краіны, як Беларусь, чый дабрабыт залежыць ад тэхналогій і знешніх рынкаў, адукацыя — стратэгічны рэсурс. Колькасныя паказчыкі ў нас ўжо найвышэйшага ўзроўню. Пара максімальна сур'ёзна брацца за якасны бок адукацыі, напрыклад, у такіх матэрыях, як сучасны менеджмент, фінансы, маркетынг. Тут нам яшчэ ісці і ісці, а мы ўжо адстаём у гэтай справе ад патрэбнасцяў эканомікі і задач на знешніх рынках", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт перакананы, што ў Беларусі неабходна мяняць структуру падрыхтоўкі спецыялістаў, арыентуючыся на запыты і патрэбы нашай эканомікі. Рыхтаваць у першую чаргу праграмістаў, інжынерна-тэхнічных і іншых запатрабаваных на рынку працы работнікаў.

Нагадаем, што адукацыя — трэці складальнік, які вызначае якасць жыцця. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што па гэтым паказчыку Беларусь займае 23-ю пазіцыю ў індэксе сусветнага рэйтынгу дабрабыту насельніцтва. "Гэта вельмі высокі паказчык".

Паводле яго слоў, у нашай краіне ўжо даўно ўсе дзеці атрымліваюць сярэднюю адукацыю. Прадастаўленыя самыя шырокія магчымасці для атрымання вышэйшай адукацыі. "Бадай, ніколі за ўсю сучасную гісторыю ў Беларусі не было такой вялікай колькасці людзей, якія навучаюцца ў ВНУ і якія маюць вышэйшую адукацыю", — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым важнейшым поспехам рэспублікі ў гэтай сферы ён назваў той факт, што ў Беларусі атрымалася забяспечыць роўнадаступнасць вышэйшай адукацыі і справядлівасць пры паступленні для ўсіх абітурыентаў — і гарадскіх, і сельскіх.

Таксама да поспехаў сферы адукацыі рэспублікі ён аднёс развіццё сярэдняй прафесійнай адукацыі. "У адрозненне ад іншых постсавецкіх краін нам удалося не толькі захаваць сярэднюю прафесійную адукацыю, але і ўзняць яе на якасна новы ўзровень. Такая воля часу. Сучасны рабочы — не проста рабочы, гэта, па сутнасці, інжынер", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Паглядзіце на нашых суседзяў, — прадоўжыў ён. — Там многія вытворчасці спыніліся з-за таго, што няма каму працаваць. Мы гэтага не дапусцілі". Сёння ў краіне рыхтуюць кадры па розных рабочых спецыяльнасцях і для Беларусі, і для іншых краін, якія накіроўваюць сваіх грамадзян вучыцца ў беларускія прафесійна-тэхнічныя вучылішчы, ліцэі і каледжы.

Істотна абнавілі ў Беларусі сістэму сярэдняй адукацыі, узяўшы за аснову лепшыя традыцыі савецкай школы, дапаўняючы яе пазітыўным замежным вопытам. Паводле слоў Прэзідэнта, рэфармаванне ў цэлым завершана, таму без эксперыментаў і ломкі будзе ўдасканальвацца створанае.

Акрамя таго, больш увагі плануецца ўдзяляць далейшаму ўзмацненню матэрыяльнай падтрымкі навучэнцаў і студэнтаў, вырашэнню пытанняў забяспечанасці інтэрнатамі і паляпшэнню ўмоў пражывання ў іх, іншых надзённых праблем навучэнскай моладзі

Сваю справу адкрыць стане прасцей

Прэзідэнт падкрэсліў, што дзяржава будзе ўсяляк падтрымліваць маладую навуковую думку і моладзевыя ініцыятывы ў цэлым, бо моладзь — самая дынамічная і прадпрымальная частка насельніцтва, у якой ёсць жаданне рызыкаваць, ствараць новае, шукаць найбольш паспяховыя рашэнні. Стане проста адкрыць уласную справу, асабліва для маладых, хоць і цяпер асаблівых цяжкасцяў не ўзнікае.

Сёння краіне як ніколі неабходна ініцыятыўнасць і энергія моладзі — менавіта гэтыя якасці забяспечаць дынамічнае развіццё дзяржавы. "Беларусь павінна быць краінай вялікіх магчымасцяў", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што функцыя дзяржавы — даць моладзі жыццёвы "трамплін" і базавыя гарантыі ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Паводле яго слоў, у рэспубліцы створаны ўсе ўмовы, каб кожны чалавек мог рэалізаваць сябе ў роднай краіне: на вытворчасці, у бізнэсе, навуцы, мастацтве. Асаблівая ўвага ўдзяляецца талентам. З 1996 года функцыянуюць спецыяльныя фонды Прэзідэнта па падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі. За час іх дзейнасці больш як 20 тыс. чалавек адзначаны стыпендыямі, прэміямі і іншымі ўзнагародамі.

Створаны банк звестак таленавітых маладых людзей і кадравы рэзерв. Кожны юнак або дзяўчына, уключаныя ў іх, знаходзяцца пад пільнай увагай дзяржавы, каб не даць ім згубіцца, дапамагчы заняць дастойнае месца ў жыцці.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі спынена ўцечка мазгоў з краіны. Больш таго, многія вучоныя, якія раней выехалі за мяжу, вярнуліся ў Беларусь, таму што яны запатрабаваныя і могуць рэалізаваць сябе на радзіме. Прэзідэнт лічыць: для таго каб іншыя дзяржавы не пераманьвалі да сябе самых таленавітых і здольных беларусаў, трэба не прыдумваць нейкія загараджальныя меры, а проціпаставіць замежным спакусам свае ўласныя прывабныя магчымасці і цікавыя перспектывы.

"Але тут важна і іншае. Што б мы ні рабілі, якія б умовы мы ні стваралі, але калі не зможам з дзяцінства прывіць любоў да сваёй Радзімы, нічога ў нас не атрымаецца. Бо ў свеце заўсёды будуць такія месцы і краіны, дзе жыццё багацейшае, дзе вучоным або артыстам будуць плаціць больш. Патрыятызм, упэўненасць у будучыні сваёй краіны і жаданне зрабіць яе лепш — вось галоўнае, што павінна быць у сённяшняй моладзі", — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што ў беларускай навукі вялікая і слаўная будучыня, аб чым сведчыць праведзены нядаўна Моладзевы інавацыйны форум, дзе былі прадстаўленыя ўнікальныя распрацоўкі маладых вучоных. У прыватнасці, юнакі нават стварылі спецыяльны крышталь, які выкарыстоўваецца ў знакамітым Вялікім адронным калайдары.

"Цікавасць і энтузіязм, з якімі наша маладое пакаленне ўдзельнічае ў жыцці краіны, сведчаць аб тым, што мы можам вырашыць самыя амбіцыйныя задачы!" — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Валакіта будзе каштаваць пасад

Фармалізм і бяздушнасць у адносінах да простага чалавека будуць і ў далейшым вельмі жорстка выкараняцца.

Камфортнасць жыцця не будзе дасягнута без глыбіннай дэбюракратызацыі і выкаранення карупцыі. "Усе гэтыя гады мы бязлітасна змагаемся з гэтым злом, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мы ўжо многае зрабілі, каб павярнуць дзяржаўныя органы як у цэнтры, так і на месцах тварам да чалавека. Але работа яшчэ не завершана".

Нягледзячы на ўкаранёны прынцып аднаго акна, яшчэ не зжытыя выпадкі, калі чалавек, прыходзячы ў дзяржструктуру, адчувае сябе просьбітам. Людзі вымушаны звяртацца да Прэзідэнта з самымі элементарнымі просьбамі — урэгуляваць бытавую зямельную спрэчку, дапамагчы ўбраць прысядзібны ўчастак, пусціць аўтобусны маршрут і гэтак далей.

"Мяне тут больш за ўсё хвалюе тое, што чалавек не можа вырашыць на мясцовым узроўні нават такія дробязныя пытанні, якіх і ўзнікаць не павінна, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Работа з людзьмі, уважлівае стаўленне да іх патрэб нават больш важныя, чым выкананне эканамічных паказчыкаў. Не павінна быць сітуацый, калі на месцах гадамі не вырашаюцца элементарныя пытанні. Чакаюць указанняў зверху і толькі тады пачынаюць варушыцца. Цяганіна будзе каштаваць нядбайным работнікам іх пасад".

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў: дэбюракратызацыя — не разавая кампанія. Яна ажыццяўляецца на сістэмнай аснове і знаходзіцца пад пастаянным кантролем. Кожнаму факту злоўжывання службовым становішчам, праяўленню карупцыі будзе давацца самая прынцыповая ацэнка. Бескампрамісная барацьба з гэтым злом будзе весціся паўсюдна, нягледзячы на асобы і званні, запэўніў кіраўнік дзяржавы.

"Клопат аб людзях, сацыяльная арыентаванасць, сумленнасць і справядлівасць дзяржаўнай палітыкі — краевугольныя камяні і напрамкі для ўсёй сістэмы ўлады і для мяне як Прэзідэнта".

Стаўка на Інавацыі

Доля інавацыйнай, высокарэнтабельнай прадукцыі ў агульным аб'ёме прамысловай вытворчасці ў Беларусі ў будучай пяцігодцы павінна скласці не менш як 20 працэнтаў. "Паслядоўнае змяненне аблічча беларускай эканомікі будзе забяспечана праз мадэрнізацыю дзеючых вытворчасцяў і стварэнне яе новых навукаёмістых сектараў і прадпрыемстваў, каб у новай пяцігодцы мы ўстойліва мелі ў агульным аб'ёме прамысловай вытворчасці не менш як 20 працэнтаў інавацыйнай, высокарэнтабельнай прадукцыі".

У кожнай вобласці і Мінску павінна быць рэалізавана не менш як 25-30 знакавых дзяржаўных інвестыцыйных і інавацыйных праектаў. Персанальная адказнасць за гэта ляжыць на губернатарах і галіновых міністрах, нагадаў Аляксандр Лукашэнка. Такія праекты дадуць новыя рабочыя месцы, сусветны ўзровень канкурэнтаздольнасці і эфектыўнасці, а значыць, і высокую аплату працы, дадаў ён.

У бліжэйшыя 5 гадоў касмічныя тэхналогіі ўвойдуць у штодзённы ўжытак пры прыняцці камерцыйных і кіраўніцкіх рашэнняў у сельскай, лясной, воднай гаспадарцы, меліярацыі, прадухіленні і ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый, разведцы нетраў, абнаўленні тапаграфічных карт, навігацыі, адзначыў Прэзідэнт.

"Попыт на нашы работы, якія мы ажыццяўляем разам з нашымі расіянамі ў касмічнай галіне — мы там выконваем самыя складаныя навуковыя дзеянні: аптычныя, электронныя, іншыя, ствараем прыборы для касмічных апаратаў — вельмі вялікі. Тое прадпрыемства, якое працуе ў гэтым сектары, у тым ліку і на абарону, мае заказы на 5 гадоў наперад, на ўсю будучую пяцігодку. Скажу шчыра, мы гэта не афішыравалі асабліва, мы сёння ўжо стварылі завод, які можа сам выпускаць унікальныя касмічныя апараты".

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што касмічныя праграмы стымулявалі развіццё цэлага пласта запатрабаваных у свеце тэхналогій, якія ўжо на гэты момант у некалькі разоў кампенсавалі ўкладзеныя сродкі. Да тэхналогій ХХІ стагоддзя, якія сёння ёсць у Беларусі, выказваюць цікавасць Расія, Украіна, Італія і іншыя дзяржавы, гатовыя да сумеснай работы.

Цяпер Беларусь стварае паўнавартасную інфраструктуру дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

У ліку нацыянальных праектаў Прэзідэнт адзначыў таксама сістэмную інфарматызацыю Беларусі, шырокамаштабнае ўкараненне ІТ-тэхналогій. Замест асобных праграм будзе выпрацавана адзіная глабальная стратэгія.

Паводле яго слоў, вельмі вялікія перспектывы мае Парк высокіх тэхналогій. "Дзякуючы прынятым некалькі гадоў таму рашэнням, стварэнню для рэзідэнтаў Парку самых прывабных умоў Беларусь ужо заняла лідзіруючыя пазіцыі ў распрацоўцы праграмных камп'ютарных прадуктаў", — адзначыў ён. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што за два-тры гады Парк высокіх тэхналогій набудзе завершаны выгляд як у плане забудовы тэрыторыі, так і з пункту гледжання якаснага напаўнення.

Таксама на ўзровень маштабнай прамысловай вытворчасці павінны выйсці нана- і біятэхналогіі. У краіне будзе створаны біятэхналагічны сектар эканомікі, які ўключыць 20 новых і мадэрнізаваных прадпрыемстваў і вытворчасцяў.

Паводле яго слоў, стварэнне новых высокатэхналагічных вытворчасцяў і падгалін эканомікі, мадэрнізацыя базавых галін забяспечаць да 2015 года ўклад навукаёмістай прадукцыі ў эканоміку рэспублікі, які можна супаставіць з доляй традыцыйных сектараў, і паказчык навукаёмістасці ў 3 працэнты ВУП.

"У нас для гэтага ёсць неабходныя перадумовы. Беларусь увайшла ў трыццатку лепшых у свеце па індэксе навукова-тэхнічнага патэнцыялу", — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што выкананне гэтых планаў залежыць не толькі ад Прэзідэнта і ўрада, але і ад кожнага з беларусаў.

Энергетычная бяспека — сярод прыярытэтаў

У ліку прыярытэтных задач у эканоміцы Аляксандр Лукашэнка назваў энергетычную бяспеку, імпартазамяшчэнне, лекавую бяспеку, збалансаванасць знешняга гандлю і нарошчванне экспарту. "Для Беларусі энергабяспека — паняцце не статыстычнае, а стратэгічнае, — звярнуў увагу Прэзідэнт. — Гэта пытанне нашай незалежнасці як дзяржавы і гарантыя стабільнасці нашай эканомікі". Паводле яго слоў, работа ўрада павінна быць накіраваная на тое, каб да 2015 года забяспечыць атрыманне больш як 30 працэнтаў першаснай энергіі з уласных крыніц, а астатнія 70 працэнтаў дыверсіфікаваць як па пастаўшчыках, так і па відах.

Пры гэтым нельга забываць і аб энергазберажэнні, адзначыў кіраўнік дзяржавы. "За пяць гадоў энергаёмістасць валавога ўнутранага прадукту ўжо скарочаная на чвэрць. Гэтага катэгарычна недастаткова, — падкрэсліў ён. — У наступнай пяцігодцы па энергаэфектыўнасці эканомікі мы павінны ўвайсці ў клуб еўрапейскіх краін".

Беларусь абавязкова знойдзе альтэрнатыўных пастаўшчыкоў газу.

"Калі мы едзем у Венесуэлу, гэта не таму, каб укалоць Расію. Калі пампуем нафту па нафтаправодзе Адэса — Броды, гэта не таму, каб неяк яе прынізіць. У нас выйсця іншага няма", — сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка дадаў, што "мы б з задавальненнем па існуючых трубах пампавалі гэту нафту, разам з расіянамі перапрацоўвалі б і прадавалі". "Навошта гэты "Норд-стрым", калі мы пабудавалі побач газаправод Ямал — Еўропа і побач паклалі фундамент для другой ніткі", — сказаў ён.

"Не, праз Беларусь не будзем класці, ненадзейны партнёр. Давайце праз Балтыку — там больш надзейна. Ну што ж, гэта права тых, хто вырабляе гэты газ. Але мы таксама маем права шукаць альтэрнатыву, і мы яе знойдзем. Знайшлі па нафце, знойдзем і па прыродным газе", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

"Будзем рабіць стаўку на асваенне беларусамі нетраў за мяжой. Мы пастаўляем ужо нафту з Венесуэлы. І здабываем яе там. А ў далейшым плануем істотна павялічыць уласную здабычу вуглевадароднай сыравіны".

Паводле яго слоў, такія радовішчы нядрэнна было б мець і ў Расіі. "Я кіраўніцтву Расіі заўсёды гаварыў: мы не хочам ніякіх прэферэнцый. Дайце нам магчымасць у Расіі, дзе мы ў савецкія часы будавалі свідравіны, промыслы, гарады, дайце нам магчымасць працаваць на такіх жа ўмовах, як амерыканцам і заходнікам. Пакуль адказу няма, таму даводзіцца ехаць за Атлантыку".

Ён таксама адзначыў, што ўяўленне аб тым, што ў Беларусі няма прыродных рэсурсаў, у корані няправільнае. Работнікі вытворчасці і вучоныя ўжо сёння ацэньваюць тэхніка-эканамічныя абгрунтаванні здабычы і комплекснай перапрацоўкі жалезнай руды, сланцаў, бурага вугалю, нарошчвання магутнасцяў па калію, нярудных матэрыялах.

Дзяржаўны савет па нетрах у пачатку наступнага года павінен прадаставіць дэталёвую карту асваення радовішчаў, у тым ліку з удзелам замежных інвестараў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусі не трэба чакаць дапамогі збоку, а трэба разлічваць толькі на свае сілы і "будаваць эканоміку, зыходзячы з уласных рэсурсаў, якіх у нас дастаткова".

Закранаючы тэму беларуска-расійскіх адносін, Прэзідэнт прызнаўся, што пра іх "сорамна гаварыць", таму што расійскі лідар апошнім часам робіць выгляд, быццам не заўважае існавання Саюзнай дзяржавы. "Усё, на чым мы сёння "целяпаемся", інакш не скажаш, у Мытным саюзе, ужо даўно створана ў рамках Беларусі і Расіі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, усе напрацоўкі Саюзнай дзяржавы можна было б эфектыўна выкарыстоўваць у Мытным саюзе, але гэтага не адбываецца. У той жа час нам "падкідваюць" ідэю Еўразійскага саюза — новага ўтварэння, хоць яшчэ да канца не завершана фарміраванне такіх структур, як ЕўрАзЭС, АДКБ, СНД.

Будаўніцтва АЭС узніме беларускую эканоміку на якасна больш высокі ўзровень і дасць імпульс новым галінам, заявіў Прэзідэнт.

Будаўніцтва атамнай электрастанцыі — адзін з ключавых праектаў не толькі для энергабяспекі, але і для развіцця ўсёй інавацыйнай сістэмы Беларусі. Праект з'яўляецца высокарэнтабельным, вельмі навукаёмістым і выгадным для краіны. Ужо выкананы неабходныя падрыхтоўчыя работы і вядуцца перамовы з рознымі патэнцыяльнымі партнёрамі.

"Не хачу паглыбляцца ў тыя выдумкі, якіх празмерна ў СМІ, асабліва, на жаль, у расійскіх. Скажу толькі адно: для нас пры выбары партнёраў значэнне маюць два фактары — гарантыі абсалютнай бяспекі аб'екта (я маю на ўвазе АЭС) для людзей і захаванне інтарэсаў нашай краіны".

Прыватызацыя — толькі на выгадных умовах

"Мы гатовы да прыватызацыі, але на выгадных для краіны ўмовах. Падыход такі: там, дзе інвестар абяцае быць больш эфектыўным, чым дзяржава, мэтазгодная прыватызацыя, але за грошы, і за грошы немалыя". "У тыя прадпрыемствы, на якія сёння прэтэндуюць замежныя інвестары, мы ўклалі нямала. Гэта горадаўтваральныя, вельмі дарагія прадпрыемствы. І калі б яны былі ў Германіі, то іх хутка ацанілі б у дзясяткі мільярдаў еўра. А ў нас хочуць узяць за бясплатна", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

"Калі ты немец, англічанін, паляк, расіянін, украінец, беларус або прыбалт, прыязджаеш да нас і зацікаўлены ў прыватызацыі прадпрыемстваў, то садзіся за стол і будзем на прынцыпах, якія мы вызначылі, па прыватызацыі весці перагаворы. А інакш быць не можа".

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калі будуць выкананыя ўмовы, а іх 20, то калі ласка. "Удзельнічайце. Але гэтыя прадпрыемствы павінны працаваць яшчэ лепш, чым сёння. Калі так, то прыходзьце".

Крызісаў не будзе

Крызісаў у Беларусі не будзе, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Хачу з гэтай трыбуны запэўніць усіх грамадзян Беларусі: крызісаў не будзе. Крызіс у галовах тых, хто свядома разгойдвае сітуацыю і прыдумвае розныя страшылкі".

"На жаль, нас пастаянна "прашчупваюць" на трываласць. Падкідваюць спекуляцыі і адкрытую ману аб фінансавай сітуацыі ў краіне. Задам простае пытанне: як краіна, якая ўсю пяцігодку паслядоўна прыбаўляла ў эканамічным развіцці, можа аказацца неплацежаздольнай? І наўрад ці ўкладвалі б у нашу краіну шматмільённыя інвестыцыі кітайскія, еўрапейскія і іншыя кампаніі, калі б Беларусь была ненадзейным фінансавым партнёрам".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, цяперашні патэнцыял банкаўскай сістэмы Беларусі дае магчымасць ставіць маштабныя задачы. Толькі за апошнія 15 гадоў яе актывы ў рэальным грашовым выражэнні выраслі амаль у 10 разоў. Аўтарытэт беларускіх банкаў пацвярджаецца гатоўнасцю насельніцтва захоўваць у іх свае зберажэнні, што забяспечвае прыцягненне ў эканамічны абарот значнага аб'ёму грашовых рэсурсаў. Прыняты пакет заканадаўчых мер, якія гарантуюць абароненасць банкаўскіх укладаў.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў: "Мы мадэрнізавалі прадпрыемствы, выкарыстоўваючы тэхналогіі і станкі заходніх краін, сусветных прадпрыемстваў. Прадаюць гэтыя станкі і тэхналогіі танней, чым было. А ў нас не хапае грошай, каб іх купіць. Вось таму я пазычаў, пазычаў і пазычаў. Прасіў грошай у Расіі, Кітая, але не на праяданне, а на тое, каб купіць новыя тэхналогіі і пабудаваць новыя вытворчасці, якія будуць глядзець у новае стагоддзе".

Сяргей ПРОТАС.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У чацвёрты раз за гісторыю маладой суверэннай дзяржавы прадстаўнікі ўсіх яе рэгіёнаў, усіх слаёў насельніцтва сабраліся на самы прадстаўнічы форум —...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика