Аляксандр Лукашэнка: "Грамадзянам Беларусі неабходна забяспечыць магчымасць спакойна прагаласаваць на выбарах"
16.12.2010
—
Новости Политики
|
Няма ніякай неабходнасці падштурхоўваць людзей да датэрміновага галасавання. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора на нарадзе па пытаннях праводзімай у краіне прэзідэнцкай кампаніі і забеспячэння грамадскай бяспекі ў гэты перыяд. "Другі дзень як пачалося галасаванне на выбарах Прэзідэнта краіны. Я запрасіў вас для таго, каб адказныя асобы змаглі мне далажыць аб той сітуацыі, якая сёння існуе ў нашай дзяржаве. Як праходзяць гэтыя два дні, ці ўсюды забяспечаны парадак, доступ насельніцтва да ўчасткаў галасавання? Ці ўсюды нам удалося вырашыць тыя праблемы, якія былі пастаўлены перад урадам, перад вамі па арганізацыі працэсу выбараў", — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў нарады. Аляксандр Лукашэнка таксама зрабіў заявы ў сувязі з інфармацыйнымі ўкідваннямі ў шэрагу апазіцыйных СМІ. "Я, вядома, далёкі ад таго, каб верыць усяму таму, што сёння пішуць, асабліва ў так званых апазіцыйных сродках масавай інфармацыі. Мы гэтага чакалі. Так, як мы чакалі, так яны і дзейнічаюць. Яны пачынаюць цяпер абвінавачваць кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый у тым, што яны націскаюць на народ і прымушаюць ісці датэрмінова галасаваць, — сказаў ён. — Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта катэгарычна недапушчальна. Калі па нейкіх прычынах трэба, каб людзі прагаласавалі датэрмінова, па ініцыятыве кіраўнікоў прадпрыемстваў або яшчэ там па нейкіх прычынах, людзей трэба папрасіць, і апошняе слова — за людзьмі. Хочуць яны ісці датэрмінова галасаваць — няхай ідуць. Не хочуць — мы іх чакаем 19 снежня на ўчастках для галасавання. Няма ніякай неабходнасці сёння падштурхоўваць людзей да датэрміновага галасавання. Людзей трэба прасіць, каб яны абавязкова прагаласавалі. А калі — гэта іх права". Звяртаючыся да кіраўніка рэспубліканскага штаба кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Радзькова і члена штаба Віктара Шэймана, Аляксандр Лукашэнка папрасіў: "Разбярыцеся, калі ласка, у штабе. Звяжыцеся з Адміністрацыяй Прэзідэнта і ўдакладніце яшчэ раз, наколькі адпавядаюць рэчаіснасці тыя заявы (там няма фактаў) так званых апазіцыянераў аб тым, што "ўлады гоняць людзей табуном" на датэрміновае галасаванне. Разбярыцеся яшчэ раз. Ніякай спешкі ў нас быць не павінна. Калі людзі не могуць прагаласаваць 19-га, папрасіце, няхай прыйдуць прагаласуюць датэрмінова, і ўсё. За каго галасаваць, людзі ўжо вызначыліся. Мы ўжо не можам (нас 10 чалавек кандыдатаў) што-небудзь змяніць. Таму трэба ім даць магчымасць спакойна прыйсці і прагаласаваць. Гэта наша задача — задача ўлады, усёй улады". Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе ад праваахоўных органаў не паддавацца на правакацыі і надзейна забяспечыць абарону грамадзян падчас выбараў. Ад кіраўнікоў праваахоўных органаў Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў не паддавацца ні на якія правакацыі. "Зразумела, яны (апазіцыя) увесь час крычаць: "Плошча, плошча, плошча!" Яшчэ раз хачу сказаць: мы папярэдзілі бацькоў, мы папярэдзілі выкладчыкаў ВНУ, тэхнікумаў, каледжаў, ліцэяў, школ. Мы папярэдзілі аб магчымых правакацыях, якія могуць быць у гэты дзень, у тым ліку ў месцах масавага збору людзей. Мы ўсіх папярэдзілі. Ёсць закон. Нельга ні ў якім выпадку паддавацца на правакацыі, таму што ім (апазіцыі) трэба карцінка, хаця б карцінка цяпер, што вось, маўляў, такія недэмакратычныя ўлады, што Лукашэнка там "на касцях, на крыві зноў прыйшоў да ўлады". Ім гэта патрэбна. Мы ж падставіцца не павінны, — адзначыў Прэзідэнт. — Мы дакладна разумеем гэта. Ні ў якім выпадку нельга падставіцца. Дзейнічаць трэба ў адпаведнасці з сітуацыяй. Але самае галоўнае, не дай божа, будзе ўчынена якая-небудзь правакацыя, і, не дай божа, здарыцца што-небудзь з людзьмі. Мы павінны абараніць людзей. Гэта задача праваахоўных органаў, і тут літасці ні да каго не будзе. Не дай божа, толькі пераступіць нехта той Рубікон, да якога наогул нельга блізка падыходзіць. Анатоль Нілавіч (міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў. — Заўвага БЕЛТА), рэакцыя праваахоўных органаў, ды і ваенных, павінна быць адэкватная і жорсткая. Ідзяце з мірам (мітынгуючыя) туды, куды можна ісці, дзе вызначана месца. Ідзіце, калі ласка, размаўляйце, мітынгуйце. Але калі гэта парушэнне закону, то і рэакцыя павінна быць адэкватная". Кіраўнік дзяржавы даручыў дзяржаўнаму сакратару Савета бяспекі Беларусі Леаніду Мальцаву скаардынаваць дзеянні праваахоўных органаў. "Каб у нас не было ні мітусні, ні якіх-небудзь там лішніх рухаў. Вы ж добра разумееце, што калі б гэтыя "майстры" (апазіцыя) на што-небудзь былі здольныя, яны б сябе так не паводзілі. Яны проста спрабуюць нас справакаваць. Мы вельмі добра гэта разумеем. Ніякі народ яны на плошчу не выведуць. Народу не патрэбна ніякая плошча. Усе ж добра разумеюць, што хлапчукоў, падлеткаў кінуць наперадзе, а самі (арганізатары) схаваюцца, як звычайна, за іх спінамі або наогул збягуць, як гэта было заўсёды. Нават падлеткі гэта добра ведаюць", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "У нас дастаткова сіл і сродкаў, каб цывілізавана і разумна процістаяць гэтым бадзянням і разброду, — заявіў беларускі лідар. — Моц улады сёння настолькі вялікая, што нам няма неабходнасці прымяняць нейкія там надзвычайныя метады. Але да ўсяго мы павінны быць гатовыя". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Няма ніякай неабходнасці падштурхоўваць людзей да датэрміновага галасавання. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора на нарадзе па пытаннях... |
|