Лукашэнка: «Расія справакавала вайну ў Грузіі»
17.12.2010 17:44
—
Новости Политики
|
У якія гульні гуляе прэзідэнт Беларусі за спіной у Расіі Гэтыя дакументы, прадстаўленыя сайтам WikiLeaks, дэманструюць, наколькі вынаходліва Аляксандр Лукашэнка гандлюе сваімі антырасійскім настроямі, спрабуючы дамагчыся ад заходніх краін палітычнай падтрымкі і эканамічнай дапамогі. «Расія справакавала вайну ў Грузіі» Адкрытай атрымалася асабістая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з міністрам замежных справаў Эстоніі Урмасам Паэтам у кастрычніку 2009 года. У справаздачы аб сустрэчы (гл. дакумент 1) гаворыцца: «Запэўніўшы Паэта, што Эстонія ніколі не была яго ворагам, Лукашэнка правёў большую частку сваёй 90-хвіліннай сустрэчы, нападаючы на Расію са сцверджаннямі аб тым, што Мінск могуць прымусіць прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі гэтай зімой у абмен на танны газ ад Расіі, а таксама пра тое, што Расія справакавала вайну ў Грузіі». Разам з тым Лукашэнка даў зразумець, што стараецца ўстрымлівацца ад публічных прагрузінскіх акцый. Так, ён атрымаў ад Міхаіла Саакашвілі запрашэнне наведаць Грузію, але «не зрабіў гэтага, бо не хацеў раздражняць Крэмль». З гутаркі робіцца відавочным, што Лукашэнка адмовіўся прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, разлічваючы ў абмен атрымаць эканамічную дапамогу з боку ЕС: «Лукашэнка сцвярджаў, што аддае перавагу таму, каб Беларусь была незалежнай, і быў асабліва засмучаны, што ЕС не даў яму крэдыту на правядзенне рэформы або на яго непрызнанне Паўднёвай Асеціі і Абхазіі». Гэта прымусіла Лукашэнку задумацца аб неабходнасці супрацоўніцтва з ЕС. Як характэрны прыклад Лукашэнка прывёў Украіну. Прэзідэнт Беларусі «сцвярджаў, што Украіна распачала шматлікія рэформы, каб «спадабацца» ЕС і НАТО, але ў выніку цяпер Украіна не бліжэйшая да сяброўства ў гэтых арганізацыях, чым раней, і акрамя таго, знаходзіцца ў эканамічным і палітычным крызісе». Лукашэнка спадзяваўся, што праект Nordstream праваліцца «Лукашэнка падтрымліваў антырасійскі тон на працягу сустрэчы, - адзначаецца далей у дакуменце Дзярждэпартамента ЗША, - Лукашэнка сказаў, што спадзяваўся, што Фінляндыя, Швецыя і Данія адмовяцца даць дазвол на будаўніцтва трубаправода Nordstream». Заменай гэтаму праекту Лукашэнка бачыў газаправод на тэрыторыі Беларусі Ямал II і сцвярджаў, што яго будаўніцтва абышлося б у 10 разоў танней, чым пракладка Nordstream па дне Балтыйскага мора. У цэлым з дакументаў відаць, што Аляксандр Лукашэнка імкнецца весці актыўны дыялог прынамсі з суседнімі краінамі, арыентаванымі на Захад, - пра гэта сведчаць справаздачы пра візіты Лукашэнкі ў Кіеў і Вільню (гл. дакументы 2 і 3, адпаведна). Спачатку ўспрыняўшы «аранжавую рэвалюцыю» ва Украіне як небяспеку для сябе асабіста, Лукашэнка ў нейкі момант наладзіў дыялог з Віктарам Юшчанкам, і ранейшая ўкраінская адміністрацыя карысталася гэтым: «Поўная стратэгічная мэта сустрэчы на найвышэйшым узроўні была ў тым, каб заахвоціць Лукашэнку развіваць шматвектарную замежную палітыку і адымаць яго ад грудзей Расіі. Адзін аналітык таксама сказаў нам, што... абедзве краіны былі ахвярамі расійскіх «газавых войнаў" і што Украіна мае шанец выйграць ад прыцягнення Беларусі ў неафіцыйную групоўку, якая складаецца з дзяржаў ГУАМ, Балтыі і Польшчы». Дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан у сваёй дэпешы для амбасады Беларусі (гл. дакумент 4) ужывае яшчэ адзін аргумент для пераарыентацыі замежнай палітыкі Беларусі: «Беларускі ўрад павінен ведаць, што для Беларусі важней мець лепшыя адносіны з намі, чым для нас - мець лепшыя адносіны з Беларуссю. Залежнасць Беларусі ад зменлівага расійскага рынку азначае, што яе магчымасці эканамічнага росту ляжаць на Захадзе (паводле статыстыкі беларускага ўрада, ЕС – у цэлым ужо самы вялікі замежны рынак Беларусі)». Лукашэнка лічыў Мядзведзева роўным Пуціну З ліставання Дзярждэпартамента ЗША робяцца зразумелыя і некаторыя прычыны апошніх расійска-беларускіх канфліктаў. Як вядома, у нейкі момант Лукашэнка пайшоў на адкрытую канфрантацыю з Уладзімірам Пуціным, зрабіўшы стаўку на адносіны з Дзмітрыем Мядзведзевым. Цытата са справаздачы пра візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Вільню: «Ушацкас (міністр замежных справаў Літвы) пытаўся меркавання Лукашэнкі пра лідарства ў Расіі. Лукашэнка сказаў, што думаў, што Мядзведзеў умацаваў свае пазіцыі і мае ўладу, не меншую, чым Пуцін". Такім чынам, Лукашэнка вырашыў згуляць на меркаваных супярэчнасцях паміж Пуціным і Мядзведзевым, але памыліўся - альбо пазіцыя Пуціна выявілася мацнейшай, альбо яны з Дзмітрыем Мядзведзевым мелі агульны погляд на адносіны з Беларуссю. Вынікам стаў і сур"ёзны канфлікт Лукашэнкі цяпер ужо з Дзмітрыем Мядзведзевым. Лукашэнка выпраўленню не паддаецца З дыпламатычнага ліставання вынікае, што, спрабуючы ісці на збліжэнне з заходнімі краінамі, Аляксандр Лукашэнка ў даволі жорсткай форме адкідае ўсе спробы дамагчыся істотнага змякчэння сваёй унутранай палітыкі. Хілары Клінтан адзначае: "І кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей, і міністр замежных справаў Сяргей Мартынаў сказалі, што Беларусь хацела б палепшыць адносіны з Захадам і што ўрад будзе праводзіць рэформы ўнутранай палітыкі. [Але] усё, што мы пачулі, з"яўляецца няпэўнай рыторыкай без якіх-небудзь абавязальніцтваў". «Разам пілі гарэлку і распуснічалі» Аляксандр Лукашэнка даволі прыніжальна гаворыць пра беларускую апазіцыю, хоць пры гэтым не ідэалізуе і сваё маральнае аблічча. Са справаздачы аб сустрэчы з Урмасам Паэтам: «Лукашэнка адказаў, што ён і некалькі сябраў апазіцыі калісьці былі саюзнікамі, якія «разам пілі гарэлку і распуснічалі». Аднак гэтыя людзі зрабіліся яго апанентамі пасля таго, як ён адмовіўся павысіць іх. Лукашэнка сказаў Паэту, што апазіцыя ў Беларусі ніколі не аб"яднаецца і існуе толькі «за кошт заходніх грантаў». Акрамя таго, Лукашэнка сцвярджаў, што мог бы спыніць паток грошай на гранты ў любы час, але не бачыць у гэтым неабходнасці, таму што тыя, хто іх атрымлівае, “бяспечныя”». Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў цікавае і прызнанне Аляксандра Лукашэнкі, што ён сам карэктуе іх вынікі. Праўда, не ў бок павелічэння, а ў бок змяншэння колькасці галасоў, пададзеных за яго кандыдатуру. У пераказе яго гутаркі з Урмасам Паэтам ёсць наступны факт: «Лукашэнка таксама паўтарыў больш раннія сцверджанні, што на выбарах 2006 года ён фактычна атрымаў 93% галасоў, але паменшыў выніковую лічбу да 86%, каб зрабіць вынікі галасавання больш праўдападобнымі для Захаду». Тэкст дэпешаў можна знайсці Падзяліцца навіной:
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У якія гульні гуляе беларускі лідар за спіной у Масквы, новыя звесткі ад Wikileaks.
|
|