Як пасварыліся Аляксандр Уладзіміравіч з Аляксандрам Уладзіслававічам. 21.by

Як пасварыліся Аляксандр Уладзіміравіч з Аляксандрам Уладзіслававічам

03.02.2011 15:51 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Сур’ёзных высноў з паслявыбарных падзей беларуская апазіцыя так і не зрабіла. Як бракавала ёй адзінства перад прэзідэнцкімі выбарамі, так і зараз амбіцыі ёсць непераадольнай перашкодай для яднання.

Скандал вакол дакумента, накіраванага ад імя прадстаўнікоў беларускай апазіцыі міністру замежных спраў Нідэрландаў і апублікаванага на мінулым тыдні рухам «За свабоду», сведчыць, што пра адзінства ў шэрагах той часткі апазіцыі, што застаецца на волі, зараз дбаюць менш за ўсё. Лішняе сведчанне таму — акалічнасці стварэння гэтага дакумента, якія сталі вядомыя інтэрнэт-газеце Naviny.by.

На мінулым тыдні прэс-служба руху «За свабоду» паведаміла, што падчас сустрэчы прадстаўнікоў беларускай апазіцыі з міністрам замежных спраў Нідэрландаў Уры Розэнталем у Гаазе 25 студзеня экс-кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксанр Казулін уручыў дыпламату зварот ад імя Нацыянальнага каардынацыйнага савета дэмакратычнай апазіцыі Беларусі. Казулін «зрабіў гэта нягледзячы на тое, што дакумент не быў узгоднены з прысутным на гэтай сустрэчы Аляксандрам Мілінкевічам, лідэрам Руху «За Свабоду», піша прэс-служба і прыкладае электронную копію дакумента.

копия документа

Як распавеў інтэрнэт-газеце Naviny.byАляксандр Мілінкевіч, Казулін «спрабаваў узгадніць» з ім гэты дакумент «на каленях за 20 хвілін да сустрэчы». Але лідэр руху «За свабоду» адмовіўся ставіць свой подпіс пад тэкстам, бо «так не робіцца».

Казулін жа гаворыць, што інфармацыя прэс-службы руху «За свабоду» не адпавядае рэчаіснасці. Палітык заявіў Naviny.by, што ён увогуле не перадаваў спадару Розэнталю аніякіх зваротаў.

Дзе ж праўда? Разабрацца ў гэтай сітуацыі нам дапамог прадстаўнік нідэрландскай грамадскай арганізацыі «Місія для Мінска» Юры Аўдсхорн. «Місія для Мінска» супрацоўнічае з беларусамі з 2006 года; візіт прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў Гаагу быў арганізаваны пры падтрымцы менавіта гэтай арганізацыі.

«Наш міністр замежных спраў сёе-тое ведае пра сітуацыю ў Беларусі. Мы хацелі, каб ён быў яшчэ лепш інфармаваны напярэдадні паседжання Савета міністраў замежных спраў ЕС па беларускім пытанні, якое адбылося 31 студзеня», — распавядае Аўдсхорн.

Сустрэча міністра з беларускімі апазіцыянерамі мела быць вельмі кароткай, разлічанай на 30 хвілін, палову гэтага часу, ясна, заняў бы пераклад. «Каб не марнаваць час, мы хацелі папярэдне падрыхтавацца да сустрэчы», — тлумачыць прадстаўнік грамадскай арганізацыі. Па яго словах, тры з пяці беларускіх ўдзельнікаў мерапрыемства, а менавіта — Казулін, а таксама Дзяніс Садоўскі і Юлія Слуцкая — прыбылі ў Нідэрланды вечарам папярэдняга дня, а яшчэ два — Ева Някляева і Мілінкевіч — раніцай непасрэдна ў дзень сустрэчы. Пытанні, якія маглі б быць закранутыя падчас сустрэчы з міністрам, «Місія для Мінска» абмеркавала з тымі, хто прыбыў увечары. «На падставе гэтых кансультацый была складзена тлумачальная запіска на імя міністра», — сцвярджае Аўдсхорн. Тэкст запіскі склалі супрацоўнікі грамадскай арганізацыі, яны ж (а не Казулін) накіравалі яе Розэнталю па электроннай пошце за 20 хвілін да сустрэчы. Аўдсхорн падкрэслівае, што «дакумент быў складзены ў сувязі з недахопам часу, а не ў сувязі з нейкімі палітычнымі рознагалоссямі».

«Падчас сустрэчы ўсе ўдзельнікі распавядалі адну гісторыю ў адзін голас, — успамінае супрацоўнік «Місіі для Мінска». — На сустрэчы не было рознагалоссяў». Аўдсхорн кажа, што Мілінкевіч не выказваў абурэння наконт тэкста памяткі ні падчас, ні пасля сустрэчы: «Спадар Мілінкевіч меў усе магчымасці выказаць пярэчанні пасля сустрэчы, але ён гэта не зрабіў».

Са слоў жа Мілінкевіча, з шэрагам выкладзеных у дакуменце момантаў ён не згодны. У прыватнасці, не ўхваляе заклік да «дыялогу паміж ЕС і Расіяй» па беларускім пытанні і прызнання беларускай апазіцыі «легітымнымі прадстаўнікамі Беларусі», а таксама «стварэнне офісаў беларускай апазіцыі» па-за межамі Беларусі. Мілінкевіч лічыць, што гэты дакумент не можа прадстаўляць меркаванне усяго Нацыянальнага каардынацыйнага савета дэмаркатчнай апазіцыі.

«Я паняцця не маю, хто пісаў гэты дакумент, — кажа Мілінкевіч. — Я бачыў, што яго перадавалі — у тым ліку, на прэс-канферэнцыі».

Казулін сведчыць, што «тлумачальная запіска» была перададзена прадстаўнікам СМІ ў адказ на іхнюю цікавасць да пытанняў, што абмяркоўваліся падчас сустрэчы міністра з беларускімі апазіцыянерамі.

Cітуацыя вакол дакумента ад імя Каардынацыйнай рады дэмакратычнай апазіцыі, які адны называюць «тлумачальнай запіскай», а іншыя — «зваротам», прыцягнула да новастворанай арганізацыі увагу не толькі з боку традыцыйных СМІ, але і з боку блогераў.

Гэтак, блогерка barilottiраскрытыкавала дакумент за «кандовасць англійскай мовы», «кандовасць самога стылю», «лагічныя звязкі», а таксама за змест. «Цяпер ясна, чаго «легітымныя прадстаўнікі Беларусі» хочуць ад дыпламатаў ЕС. Гл. пункт чацвёрты — ТРЭНІНГАВЫ ЦЭНТР у Гаазе (пры судзе? Трэніравацца судзіць АРЛа?) і ПРАДСТАЎНІЦТВА Ў БРУСЭЛІ. Ну, гэта ў дадатак да офісу ў Варшаве», — піша блогерка.

Аўдсхорн з жалем заўважае, што калі паміж палітычнымі саюзнікамі ў Нідэрландах узнікаюць рознагалоссі, то яны імкнуцца вырашаць іх на закрытых сустрэчах, а ў СМІ звяртаюцца ў апошнюю чаргу. Сітуацыя ж вакол «зварота беларускай апазіцыі» непрыемна здзівіла супрацоўнікаў «Місіі для Мінска».

«Мы сапраўды хочам, каб беларуская апазіцыя была адзінай, і вырашала гэтыя непаразуменні ў маленькіх групах, — падкрэслівае Аўдсхорн. — Пакуль у вашых апазіцыянераў не будзе адзінства, Еўропа не бачыцьме альтэрнатывы Лукашэнку».

Справа не ў тым, як насамрэч называецца распаўсюджаны ў Гаазе дакумент ды хто яго рыхтаваў. І не толькі ў тым, што на такую важную сустрэчу дзве важныя персоны з беларускага дэмакратычнага руху паехалі, не ўзгадніўшы пазіцыі загадзя. І не адно ў тым, што Казулін хацеў бы офісы па-за межамі, а Мілінкевіч лічыць дастатковым «мабільнага офісу». Для незалежных назіральнікаў відавочна, што глыбінная прычына гэтых рознагалоссяў — палітычныя амбіцыі, барацьба за лідэрства ў апазіцыйнай Беларусі, якая пасля прэзідэнцкіх выбараў толькі пачынае набываць новую канфігурацыю. Ну, і за прыз — доступ да размеркавання мільёнаў дапамогі беларускім дэмакратычным сілам, ужо паабяцаных Еўропай. Сама па сабе такая барацьба — з’ява звычайная, яна існавала ва ўсе часы ва ўсіх краінах. Больш таго, гэта з’ява нават неабходная, бо ў тым ліку і падчас яе павінен выгартавацца дух новага лідэра беларускай апазіцыі.

Але мы маем шмат «але».

Воляй абставінаў на піку гэтай барацьбы апынуліся не самыя актыўныя ўдзельнікі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2010 года. Таксама здараецца.

Але самыя актыўныя — дагэтуль за кратамі.

Рана ці позна яны выйдуць на волю, і абыйсці іх па другім баку нашай вузкай апазіцыйнай вулкі не будзе магчымасці. А там — і ў вочы глядзець, і руку падаваць.

Для грамадства важна, каб на шляху палітычнай кар’еры палітыкі страцілі як мага менш людскага.

Ад рэдакцыі. Узнятая нашымі аўтарамі тэма — вельмі важная і не на адзін артыкул. Прапануем палітыкам ды палітолагам далучацца да яе абмеркавання. Звяртаемся таксама да Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча з прапановай дасылаць свае меркаванні.



Антон ТАРАС, Зміцер КОПАЛЬ
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па-ранейшаму ў шэрагах дэмакратычных сілаў адзінствам і не пахне…
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика