Прэзідэнт Беларусі прыняў з дакладам Пятра Пракаповіча
18.03.2011
—
Новости Политики
|
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 сакавіка прыняў з дакладам старшыню праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пятра Пракаповіча. Кіраўніку дзяржавы было даложана аб выніках выканання грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі ў студзені—лютым 2011 года, а таксама аб вырашэнні задач, якія стаяць перад банкаўскай сістэмай краіны. Прэзідэнт быў праінфармаваны аб тым, што ўсе асноўныя паказчыкі грашова-крэдытнай палітыкі ў Беларусі выконваюцца. Нацыянальны банк, банкаўская сістэма краіны робяць усё неабходнае для рэалізацыі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011 год: праводзяць неабходную працэнтную, валютную, курсавую і крэдытную палітыку. Разам з тым, Пётр Пракаповіч канстатаваў, што апошнім часам назіраецца павышаны попыт насельніцтва на замежную валюту, які выкліканы правакацыйнымі чуткамі аб быццам бы плануемай разавай дэвальвацыі, якія распускаюцца СМІ і ў інтэрнэце. Кіраўнік Нацбанка адзначыў: "Ніякай разавай дэвальвацыі ў Беларусі не будзе. Наш вопыт гаворыць, што рэзкая дэвальвацыя — дрэннае рашэнне для беларусаў". Пры гэтым пад разавай дэвальвацыяй ён меў на ўвазе аднамомантнае павышэнне курсу замежнай валюты нават на 5%. Аляксандру Лукашэнку было даложана, што Нацыянальны банк Беларусі ў гэтай сітуацыі дакладна выконвае даручэнні Прэзідэнта і цалкам задавольвае існуючы попыт фізасоб на валюту. "Задавольваючы гэты попыт цалкам, мы даём дадатковую нагрузку на нашу банкаўскую сістэму, бо ў канчатковым выніку ўсё гэта пытанне вырашаецца за кошт нашых золатавалютных рэзерваў. Мы прыцягваем знешнія пазыкі і прадаём валюту насельніцтву замест таго, каб укладваць яе ў развіццё эканомікі і засяродзіцца на галоўным — на выкананні праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на бягучае пяцігоддзе", — сказаў кіраўнік Нацбанка. Акрамя таго, на працягу трох бліжэйшых гадоў неабходна выйсці на дадатнае сальда знешняга гандлю. Для вырашэння гэтай задачы варта навучыцца працаваць і жыць па сродках, вырабляць больш прадукцыі на экспарт. Менавіта на гэтым трэба засяродзіць намаганні і насельніцтва, і ІП, і дзяржпрадпрыемстваў. Асобна на сустрэчы абмяркоўваліся пытанні папаўнення золатавалютных рэзерваў Беларусі. У 2010 годзе наша краіна звярнулася ў Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС з просьбай аб выдзяленні крэдыту на суму $2 млрд, а таксама да ўрада Расіі — аб крэдыце ў суме $1 млрд. На апошнім пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы кіраўнік расійскага ўрада Уладзімір Пуцін запэўніў нашу краіну, што запытаныя крэдыты будуць выдзеленыя. Аднак пры гэтым расійскі бок запатрабаваў ад Беларусі пэўных крокаў, у прыватнасці, ёй неабходна прадаставіць праграму дзеянняў беларускага ўрада на бліжэйшы час. Цяпер у Беларусі створана спецыяльная камісія, у якую ўвайшлі прадстаўнікі ўрада і Нацыянальнага банка. Узначальвае камісію Старшыня Праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пётр Пракаповіч. "Мы ў бліжэйшы час адпрацуем названую праграму. Яна будзе разлічана на тое, каб няўхільна выканаць праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі, у тым ліку ў той частцы, якая датычыцца выхаду ў гэтым годзе на адмоўнае сальда знешняга гандлю не больш як 9%, вырашэння пытанняў прыцягнення прамых замежных інвестыцый у аб'ёме не менш як $6,5 млрд. Мы павінны сёлета працаваць так, як намечана ў праграме, і мы гэта забяспечым", — сказаў Пётр Пракаповіч. Ужо на наступным тыдні адбудуцца сустрэчы беларускіх экспертаў з міністрам фінансаў Расіі Аляксеем Кудрыным, з іншымі расійскімі чыноўнікамі. Таму плануецца, што да канца сакавіка неабходная праграма будзе сфарміравана. "У нас ёсць усе шанцы, каб у красавіку—маі выйсці на вырашэнне пытанняў па прыцягненні гэтых крэдытаў", — падкрэсліў Пётр Пракаповіч. У цэлым Беларусь разлічвае прыцягнуць гэтыя сродкі ў першым паўгоддзі. Кіраўнік Нацбанка далажыў кіраўніку дзяржавы, што ў гэтым годзе золатавалютныя рэзервы Беларусі будуць павялічаны да $10 млрд. "Мы давядзём золатавалютныя рэзервы ў гэтым годзе да $10 млрд і больш іх зніжаць не будзем", — сказаў ён. Пры гэтым ніякіх дадатковых абмежаванняў на валютным рынку Беларусі ўводзіць не плануецца. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Нацыянальнага банка і ў далейшым забяспечыць выкананне асноўных паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 сакавіка прыняў з дакладам старшыню праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Пятра Пракаповіча. Кіраўніку дзяржавы было...
|
|