Аляксандр Лукашэнка: "толькі сваімі рукамі мы можам выбудаваць сваё шчасце і сваю краіну". 21.by

Аляксандр Лукашэнка: "толькі сваімі рукамі мы можам выбудаваць сваё шчасце і сваю краіну"

19.04.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 красавіка ў час суботніка адказаў на пытанні беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

"Тэракт у Мінскім метро — не сістэмная з’ява для Беларусі. Для мяне яшчэ важней будучае. І для мяне важна: гэта сістэмнае злачынства ці гэта сапраўды амаль выпадак. І я нядаўна сказаў, што наша шчасце ў тым, што гэта не сістэмнае, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Тут няма міжрэлігійнай варожасці, тут няма нацыянальнай варожасці, няма вось гэтай асновы. Для мяне гэта важна".

"Палітыкай папахвае ці не, — не хачу бударажыць зноў нашу пятую калону, але хутка мы прадставім некаторыя матэрыялы. І не трэба толькі ківаць, што мы тут наступаем на апазіцыю. Мы наступім на тых, хто вінаваты, на тых, супраць каго ёсць доказы. Але я на перспектыву сказаў, што пятай калоны ў краіне не будзе", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Каментуючы заявы аб тым, што гэта нібыта ўлада зрабіла, каб адцягнуць увагу, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Не трэба тут наводзіць цень на пляцень. Гэта ўсё роўна што калі палец баліць, каб вылечыць яго — адарваць сабе галаву. Якім ідыётам трэба быць, каб, напрыклад, мне перакрэсліць усю сваю работу. Бо і я нямала зрабіў для таго, каб у нас было спакойна, нармальна жыць у Беларусі, і гэта — брэнд нашай краіны". "І мне што, трэба было ўзарваць метро, каб усе сказалі: ну вось, Лукашэнка, дзе твая стабільнасць і спакой?.. Дарэчы, цяпер спрабуюць гаварыць. У гэтым плане хачу сказаць: мы былі стабільнымі і спакойнымі і будзем, чаго б нам гэта ні каштавала. Няма ў нас глебы для таго, каб былі гэтыя тэрарыстычныя акты. І гэты тэракт паказвае, што гэта не сістэмна", — рэзюмаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка абсалютна ўпэўнены, што менавіта затрыманы ўчыніў тэракт у метро

Прэзідэнт таксама пракаментаваў сумненні, што з'яўляюцца адносна таго, што злачынства вельмі ўжо хутка было раскрыта. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што першым быў раскрыты не тэракт у метро, а выбух, учынены 3 ліпеня 2008 года каля стэлы "Мінск — горад-герой". "Калі ў яго ўзялі адпячаткі пальцаў, мы ж яшчэ не ведалі — ён не ён, і зверылі з базай звестак, убачылі, што яны супадаюць. І ён адразу сказаў: так, гэта я зрабіў (выбух 3 ліпеня 2008 года. — Заўвага БЕЛТА), расказаў усё, што ўжо следства ведае, па секундах, па мінутах. Потым ён на здзіўленне прама сказаў, што і выбухі ў Віцебску, і ў метро — справа яго рук", — паведаміў кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, пасля тэракта следства затрымлівала многіх людзей, адносна якіх узнікала падазрэнне: "Патрабавалі алібі, усіх дапытвалі, а потым прасілі выбачэння, адпускалі — сітуацыя была надзвычайная, таму дзейнічалі як на фронце". Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што версія аб вінаватасці менавіта гэтага чалавека з'явілася адна з першых. "Ужо адзін саўдзельнік знойдзены — вярцеўся, круціўся, але прызнаўся. Другі таксама там "падвешаны". А дзяўчына, якую затрымалі, быццам бы нічога не бачыла, а потым гаворыць: так, бачыла, прызнаецца ўжо", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён паведаміў, што напярэдадні затрыманага выканаўцу тэракта прымусілі правесці аператыўную групу па ўсім маршруце, пачынаючы ад Віцебска і заканчваючы момантам затрымання. "Ён правёў аператыўнікаў з кватэры: як прыехаў, на якім поездзе, што прывёз, колькі кілаграмаў вёз, у якіх бутэльках, на якую кватэру, як яны там з саўдзельнікам збіралі ўстройства.

Усё цалкам супала, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — Таму я абсалютна перакананы, што гэта так". Аляксандр Лукашэнка таксама паведаміў, што выканаўца тэракта пасля выбуху пайшоў не на кватэру, а да месца выбуху 3 ліпеня 2008 года, і толькі потым вярнуўся ў кватэру, дзе разам з саўдзельнікамі, як адзначыў кіраўнік дзяржавы, напэўна, збіраўся "замачыць" учыненае.

Акрамя таго, Прэзідэнт расказаў, што па месцы жыхарства падазронага знойдзена цэлая лабараторыя, дзе збіраліся выбуховыя рэчывы. "З яе канфіскавалі каля 190 прадметаў, у тым ліку гэтыя шарыкі (якімі было начынена выбуховае ўстройства. — Заўвага БЕЛТА)", — паведаміў ён.

Памяць загінулых пры тэракце ў мінскім метро праз год можа быць увекавечана

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "У нас яшчэ цэлы год наперадзе. Думаю, да гадавіны гэтых трагічных падзей мы падумаем, каб увекавечыць іх памяць". Прэзідэнт нагадаў аб тым, што трагічныя падзеі здарыліся ў Мінску і на Нямізе, калі загінула вялікая колькасць людзей.

"У гэтым сэнс ёсць — у напаміне людзям, што трэба быць пільнымі, і толькі мы можам выбудаваць сваё шчасце і сваю краіну. Лёгкай дарогі ў гэтым руху не будзе, мы павінны гэта разумець".

Да адказнасці будуць прыцягнуты і тыя, хто не змог на належным узроўні прадухіліць тэракт

"Малайцы, спрацавалі вельмі аператыўна, але ёсць факты (мы ў бліжэйшы час аб гэтым скажам), як гэта стала магчымым. Гэта што — не пытанне? Пытанне, і там ёсць элемент поўнай расхлябанасці. Каго? У бліжэйшы час скажам, — азначыў Аляксандр Лукашэнка. — Яны таксама затрыманы. Я сказаў: дапытваць як злачынцаў. Яны маглі пацікавіцца, як гэта чалавек з сумкай вялікай 20 кг нясе ўзрыўчатку і праходзіць міма міліцыі, міма работнікаў метро і гэтак далей". "Добра, мы расслабіліся — грамадства. Але вы там стаіце для чаго? Гэта пытанне ёсць, і шмат новых пытанняў", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Калі б не галавацяпства асобных, мы б іх затрымалі раней па выбуху 3 ліпеня 2008 года". "Там былі ўчынены злачынствы і службовымі асобамі", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, маючы на ўвазе тых, хто згодна са сваімі службовымі абавязкамі павінен быў прадухіліць тэракт.

"І я вам абяцаю, што мы літаральна да міліметра ўсё гэта пакажам і раскажам. Але тое, што ўдалося хутка раскрыць злачынства, — гэта факт", — дадаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка называе падонкамі тых, хто заяўляе, што ўлады маюць дачыненне да тэракта ў мінскім метро

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што толькі ідыёты і нягоднікі могуць так разважаць. Паводле слоў Прэзідэнта, сёння сітуацыя ў краіне не крытычная, каб пайсці на крайнія меры.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў: тыя, хто гавораць, што ўлада магла так зрабіць, — яны самі так маглі зрабіць. "Вы абыходзьце гэтых людзей — яны гавораць так, як яны зрабілі б. Запомніце — гэта страшныя людзі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"А тое, што сёння гавораць, маўляў, так зрабілі, каб адцягнуць увагу людзей ад эканамічных праблем, — толькі ідыёты могуць так разважаць", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ажыятаж з прадуктамі харчавання стварылі самі людзі

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Мінску склалася абсурдная сітуацыя, калі людзі, "начытаўшыся гэтых укідаў у інтэрнэце, у нейкіх СМІ", пачалі масава скупляць цукар. Цяпер у некаторых дома, у гаражах цэлыя склады гэтай прадукцыі. Прэзідэнт адзначыў, што, калі яму далажылі, што з прылаўкаў магазінаў знікае цукар, ён сказаў: "Вывозьце, няхай купляюць, каб спаў ажыятаж. Ешце на здароўе. Я ж папярэджваў — у нас 200 тыс. тон цукру. Мы яшчэ думалі, куды яго дзяваць. Хоць попыт на яго шалёны за межамі краіны".

Цяпер людзі скупілі вялікую колькасць цукру. "Так мы маглі прадаць яго, і нам яго хапіла б і для сябе, і прадаць на знешнім рынку, і атрымалі б валюту. Попыт ва Украіне, Расіі вялікі, і цэны там вышэйшыя. Вы ж стварылі ажыятаж", — сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што такая сітуацыя была ў асноўным у Мінску і толькі часткова ў некаторых рэгіёнах. "Вы стварылі гэту праблему, мяне не паслухалі, таму дэстабілізавалі валютны рынак, харчовы. Харчовы мы закрылі, таму што былі вялікія рэзервы", — сказаў Прэзідэнт.

У Беларусі складскія запасы прадукцыі за апошнія тры месяцы скараціліся на 25 працэнтаў

Валютная выручка толькі ў красавіку павялічылася прыкладна на 20 працэнтаў.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што на бягучым этапе беларуская эканоміка развіваецца добра, адзначаецца 11 працэнтаў росту ВУП. "Прадукцыя прадаецца. Няпраўда, што ўсё на складах. А дзе грошы інакш узялі б для вытворчасці?" — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён адзначыў, што ўсё роўна грошай, якія мы атрымліваем за сваю прадукцыю, не хапае, каб купіць па высокіх цэнах нафту і газ. "Вось у чым наша бяда і праблема. Таму мы па дзяржаўным бюджэце ўвядзём жорсткі рэжым эканоміі", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка паабяцаў збалансаваць валютны рынак на працягу некалькіх дзён

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паабяцаў на працягу некалькіх дзён збалансаваць валютны рынак і ўвесці строгую эканомію дзяржбюджэту.

"Сёння — заўтра — паслязаўтра мы выраўнуем сітуацыю па валюце. Але вы на мяне не крыўдуйце. Курс — гэта справа некалькіх дзён, спатрэбіцца, магчыма, тыдзень", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што самае непрыемнае, што магло быць на валютным рынку, ужо здарылася.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ажыятажу з валютай можна было пазбегнуць і людзі самі стварылі сабе праблемы. "Чаго было кідацца ў абменнікі? Мы жывём за беларускі рубель. Вы ж выбралі вялікую колькасць валюты і наогул фінансаў з банкаў, калі пачалі забіраць уклады. Я ж не магу не аддаць вам гэтыя ўклады, і мы іх пачалі аддаваць. Не хапіла валюты ў банкаматах — пачалі выкарыстоўваць золатавалютныя рэзервы. Потым бачым, што гэта наогул можа прывесці да сур'ёзных, сумных наступстваў. Я забараніў выдаваць золатавалютныя рэзервы. Ёсць валюта ў каго — калі ласка, выдавайце. Няма валюты — выбачайце", — адзначыў Прэзідэнт.

"Па афіцыйным так званым курсе мы прадавалі валюту газавікам — таму што без прыроднага газу як абысціся, гэта ж электраэнергія, — і на лякарствы перш за ўсё, на самыя неабходныя патрэбы, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Пазабіржавы курс, ён ужо "засвістаў" па-іншаму, там ужо вы фарміравалі гэты курс".

"Я не магу сёння прадаваць золата і выкінуць валютныя запасы для таго, каб агаліць краіну. Таму быў спынены продаж. Я ўпэўнены, у бліжэйшыя дні мы выраўнуем гэту сітуацыю", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Я не бачу сапраўднай апазіцыі ў краіне

Каментуючы заяву аб тым, што ён нібыта хоча знішчыць апазіцыю ў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Гэта блеф, гэта глупства поўнае. Скажу адкрыта: я вельмі самаўпэўнены і горды чалавек, я сабе не дазволю такімі метадамі глядзець на гэтых нікчэмных".

У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, для таго каб быць яго ворагам, трэба спачатку хаця б узняцца да яго ўзроўню. "Што вы здзекуецеся з простых людзей, што вы іх пужаеце? Вы хочаце лоб у лоб са мной схапіцца, ну выходзьце на футбольную, на хакейную пляцоўку бегаць, скакаць, біцца будзем, страляцца будзем, калі на тое пайшло. Што вы вякаеце там за нейкую замежную капейку, пачынаеце патрашыць грамадства", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я не бачу сапраўднай апазіцыі ў краіне. Хіба адказны палітык, які ў апазіцыі і хоча прыйсці да ўлады, пасмее кінуць дзесьці выпадкова нейкае не праверанае слова? Ды я і сам быў у іх становішчы, я баяўся лішняе слова сказаць, дзе я не мог бы чагосьці абгрунтаваць. Тым больш выступаць супраць свайго народа", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Каментуючы заклікі шэрагу апазіцыйных палітыкаў аб неабходнасці ўвядзення санкцый супраць Беларусі, Прэзідэнт адзначыў: "Гэта ж не супраць Лукашэнкі, гэта ж супраць народа". "Гэта іх бізнэс. Яны зарабляюць грошы", — падкрэсліў ён.

"Сёння ў іх ідзе мышкаванне, барацьба за тое, хто будзе лідарам. Гэтых няма, новай хвалі так званай. Хто павылазіў, Багданкевіч, Казулін... і іншыя, як Лябедзька, якіх я па просьбе Раманчука выпусціў з турмы. А ён сёння вякае. Гэта ж падонкі. Вы хоць дзякуй скажыце, што Прэзідэнт вас выпусціў з гэтай камеры. Гэта хіба апазіцыя?" — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Ёсць і баевікі, мы іх ведаем. Асабліва моладафрантоўцы і іншыя незарэгістраваныя арганізацыі. Мы іх паставім на месца па законе", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

"Мне, напэўна, і не напэўна, а дакладна разам з вамі давядзецца жыць пры новым Прэзідэнце. І я не хачу, каб было гэтак нават потым, не толькі цяпер, каб ты не мог слова сказаць", — адзначыў Прэзідэнт.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 16 красавіка ў час суботніка адказаў на пытанні беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі, паведамілі БЕЛТА ў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика