БКК можа заняць да 45 працэнтаў сусветнага рынку продажаў калійных угнаенняў
20.04.2011
—
Новости Политики
|
Беларуская калійная кампанія можа выйсці на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце па продажы калійных угнаенняў, заняўшы да 45 працэнтаў сусветнага рынку. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка на сустрэчы з кіраўніцтвам ААТ "Уралкалій", асноўнай тэмай якой стала стратэгія развіцця БКК. Адкрываючы сустрэчу, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ёсць добрая нагода для размовы. "Гэта аб'яднанне ("Сільвініта" і "Уралкалія". — Заўвага БЕЛТА), зразумела, рэвалюцыя на калійным рынку ў свеце, таму што, калі задума наша рэалізуецца (я думаю, мы адзіныя ў гэтай думцы), прыкладна палавіну ўсяго калійнага рынку будзе кантраляваць наша кампанія (БКК. — Заўвага БЕЛТА). Гэта вельмі добра", — падкрэсліў Прэзідэнт. "Я хацеў бы падзякаваць і вам, і кіраўніцтву Расіі", — сказаў ён. Сярод станоўчых момантаў аб'яднання расійскіх "Сільвініта" і "Уралкалія" і накіравання продажаў калійных угнаенняў праз БКК Аляксандр Лукашэнка назваў павышэнне капіталізацыі як гэтых кампаній, так і "Беларуськалія". "Па-другое, чаго граху таіць, гэта станоўча паўплывае на цэны на калійныя ўгнаенні на карысць вытворцы гэтай прадукцыі. Таму гэта кансалідацыя нам усім на карысць. І гэта — падстава для прыемнай размовы", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу на рост апошнім часам як вытворчасці калійных угнаенняў, так і цаны на іх. "Гэта дадатная дынаміка, і яна не можа не радаваць. Тым больш нас, у Беларусі, паколькі нам вельмі патрэбна сёння валюта", — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што мае намер закрануць і пытанне арганізацыі вытворчасці і продажу комплексных угнаенняў (NРK). Гэта перспектыўны напрамак для Беларусі, і ён актыўна развіваецца. На сустрэчы былі падведзены вынікі работы Беларускай калійнай кампаніі, вызначана яе далейшая стратэгія развіцця. БКК, створаная ў 2005 годзе на парытэтных умовах (50 працэнтаў акцый належыць расійскаму "Уралкалію" і 50 працэнтаў — беларускім прадпрыемствам), за шэсць гадоў работы дэманструе відавочныя поспехі. Так, калі ў 2004 годзе напярэдадні стварэння БКК выручка ад продажу калійных угнаенняў "Беларуськаліем" складала $761 млн, то ў 2008 годзе дасягала ўжо $3,4 млрд. Бакі выказалі задавальненне вынікамі работы Беларускай калійнай кампаніі за гэты час і канстатавалі, што ў І квартале 2011 года назіраецца рост цэн на калійныя ўгнаенні. Пры гэтым кампанія асвойвае ўсё новыя і новыя рынкі збыту. У той жа час партнёры лічаць, што сумесны бізнэс неабходна развіваць, напаўняць новым зместам. У прыватнасці размова ідзе аб развіцці лагістыкі: такая буйная кампанія павінна мець свой чыгуначны транспарт, свае тэрміналы ў партах як у месцах адгрузкі, так і ў краінах прызначэння. На сустрэчы абмяркоўваліся новыя схемы работы, варыянты фінансавання праектаў, што знайшло падтрымку і адабрэнне ў кіраўніка дзяржавы. Прэзідэнт даручыў падрыхтаваць дэталёвыя разлікі і абгрунтаванні, прайсці неабходнае ўнутрыдзяржаўнае ўзгадненне ў спецыялістаў, а затым унесці на разгляд кіраўніка дзяржавы прапановы па паляпшэнні работы кампаніі. Сёння БКК з'яўляецца ключавой кампаніяй у свеце па аб'ёме продажаў калійных угнаенняў, займаючы каля 34 працэнтаў аб'ёму сусветнага рынку. З завяршэннем зліцця расійскіх кампаній "Сільвініт" і "Уралкалій" БКК можа заняць да 45 працэнтаў сусветнага рынку продажаў калійных угнаенняў. Па сутнасці, сальюцца разам магутнасці трох прадпрыемстваў : "Беларуськалія", "Уралкалія" і "Сільвініта". Што датычыцца "Беларуськалія", то ў прадпрыемства ёсць планы па пашырэнні аб'ёмаў здабычы калійных угнаенняў. На праектныя магутнасці пачынае выходзіць руднік "Чырвонаслабодскі", запушчаны ў маі 2009 года, вядзецца будаўніцтва яшчэ двух руднікоў і праектуецца трэці. Распрацавана праграма перспектыўнага развіцця "Беларуськалія" да 2020 года. Так, чакаецца, што ў 2015 годзе Беларусь будзе здабываць штогод 11 млн тон калійных угнаенняў у дзеючым рэчыве (сёння — каля 9 млн тон), што прывядзе да істотнага нарошчвання экспарту. Акрамя таго, запланавана будаўніцтва хімічнага камбіната, а таксама завода па вытворчасці комплексных угнаенняў у Салігорску, улічваючы сусветную тэндэнцыю да росту спажывання NРK. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларуская калійная кампанія можа выйсці на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце па продажы калійных угнаенняў, заняўшы да 45 працэнтаў сусветнага рынку. Аб гэтым заявіў... |
|