Урад Беларусі распрацаваў праграму па стабілізацыі эканомікі. 21.by

Урад Беларусі распрацаваў праграму па стабілізацыі эканомікі

24.05.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Паводле слоў прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча, праграма разгледжана экспертамі краін ЕўрАзЭС і ў Мінску была ўзгоднена з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі.

  "Што датычыцца валютнай палітыкі, то адпрацавана дакладная праграма стабілізацыі. Гэта праграма не толькі наша, яна прайшла сур'ёзную міжнародную экспертызу. Праграма падтрымана нашым галоўным гандлёвым партнёрам — Расійскай Федэрацыяй", — сказаў прэм'ер-міністр Беларусі.

Ён таксама дадаў: "І мы, нават не чакаючы першых валютных паступленняў, пачнём яе рэалізоўваць. Аб гэтым мы дамовіліся з Уладзімірам Пуціным. Вельмі падрабязна мы гэту тэму абмяркоўвалі і з Аляксеем Кудрыным".

Міхаіл Мясніковіч паведаміў: "Учора мы фактычна ўзгаднілі з кіраўніцтвам урада Расійскай Федэрацыі так званую матрыцу, дзе прадугледзелі адпаведныя абавязацельствы беларускага боку і адпаведную крэдытную падтрымку з боку Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Плануецца, што ў канцы мая — пачатку чэрвеня будуць прыняты адпаведныя рашэнні, на падставе якіх будуць прадастаўлены знешнія пазыкі".

"Першы транш крэдыту ацэньваецца ў памеры $800 млн, прыкладна ў пачатку восені будзе другі транш, крыху большы за $400  млн", — падкрэсліў прэм'ер-міністр Беларусі. Крэдытная падтрымка разлічана на тры гады і складзе ў выніку $3 млрд.

Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ўсе падыходы па прадастаўленні такой падтрымкі бакамі ўзгоднены.

"Але гэта не тыя сродкі, якія могуць стабілізаваць сітуацыю на валютным рынку. Для гэтага неабходны сур'ёзныя ўласныя рашэнні, якія мы будзем прымаць разам з Нацбанкам літаральна ў панядзелак-аўторак", — сказаў прэм'ер-міністр Беларусі.

Паводле яго слоў, гэтыя рашэнні "вызначаць своеасаблівую "дарожную карту", каб падысці дастаткова падрыхтаванымі і выканаць неабходныя працэдуры". У першую чаргу, гэта датычыцца скарачэння грашовага прапанавання.

"Я ўпэўнены, што для прадухілення спекуляцыйных атак на рубель будзе створана падушка бяспекі, у тым ліку пазыковымі сродкамі. Работа ў гэтым напрамку праводзіцца", — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.

Паводле яго слоў, у бліжэйшы час будзе ажыццяўляцца ўніфікацыя курсу нацыянальнай валюты. Гэта будзе адбывацца ў два этапы. "На першым этапе будуць прыняты рашэнні, каб збіць павышаны попыт, а пасля атрымання стабілізацыйнага крэдыту курс будзе фарміравацца на падставе попыту і прапанавання, што знізіць тыя чаканні, якія сёння пакуль прысутнічаюць", — сказаў прэм'ер-міністр.

Пры гэтым ён дадаў: "Я зусім не выключаю, паколькі эканоміка працуе даволі ўстойліва, што можа быць нават рэвальвацыя абменнага курсу беларускага рубля".

Такім чынам, паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, ніякіх нявырашаных пытанняў сёння няма. "Усё зразумела: у якія тэрміны і якія рашэнні прымаць. Мы ўсё гэта ведаем", — сказаў ён.

Міхаіл Мясніковіч таксама паведаміў, што ў маі насельніцтва стала прадаваць валюты больш, чым купляць у абменных пунктах. "Хоць і маленькае, але дадатнае сальда ёсць. За 18 дзён мая яно склала $34 млн", — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Беларусь і Расія ўзгаднілі пазіцыі па пастаўках малочнай прадукцыі.

"На мінулым тыдні былі адпаведныя кансультацыі па малочнай групе з расіянамі, паколькі яны праяўляюць пэўную трывогу. Цяпер лета, і пачынаецца вялікае малако. Расійскія сельгасвытворцы адчуваюць сур'ёзныя цяжкасці ў канкурыраванні з беларускімі прадпрыемствамі", — сказаў прэм'ер-міністр.

"Але ў нас дасягнута ўзгодненая пазіцыя, і мы будзем яе прытрымлівацца", — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Урад Беларусі лічыць неабгрунтаваным ажыятажны попыт насельніцтва на спажывецкія тавары.

"Ажыятажны попыт на спажывецкім рынку: то макаронныя вырабы, то соль, то воцат — гэта проста няправільныя паводзіны насельніцтва ў адносінах да гэтых закупак", — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

"Але калі людзі хочуць — няхай купляюць. Прадпрыемствам гэта на руку. Ідзе выручка".

"На харчовым і нехарчовым рынках няма ніякіх пагроз, каб зніклі тавары", — падкрэсліў прэм'ер-міністр.

Ён таксама адзначыў, што цяпер урадам прымаюцца рашэнні аб тым, што на тых прадпрыемствах, дзе была двухзменная работа, напрыклад, у макароннай прамысловасці, уводзіцца работа ў тры змены. Урад таксама прымае ўсе меры для таго, каб і асартымент выпускаемай прадукцыі "не вымываўся".   Міхаіл Мясніковіч растлумачыў, што ў Беларусі даволі высокая доля айчынных тавараў, асабліва ў спажывецкім сегменце. Па асобных групах тавараў яна дасягае 85—95 працэнтаў. "У сувязі з гэтым ніякіх нечаканасцяў, непрыемнасцяў тут быць не можа", — запэўніў Міхаіл Мясніковіч.

Ён таксама паведаміў, што ўсе прадпрыемствы рэспублікі працуюць, прадукцыя прадаецца, запасы на складах змяншаюцца, і іх аб'ём складае цяпер прыкладна двухтыднёвы аб'ём вытворчасці. Гэта значыць, фактычна гэта не запасы, а бягучы пераходны астатак прадукцыі.

Міхаіл Мясніковіч паведаміў, што вельмі актыўна ідуць продажы прадукцыі ў Расійскую Федэрацыю. "Сапраўды, у нас адкрыта граніца з Расійскай Федэрацыяй. Пры новым курсе валюты продажы ў Расію вельмі выгадныя. І гэта для нас добра, таму што гэта адпаведная валютная выручка, якая патрэбна і прадпрыемствам, і насельніцтву", — сказаў прэм'ер-міністр.

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч прагназуе, што цэны на аўтамабілі ў Беларусі знізяцца.

"Паглядзіце, нават у багатай Заходняй Еўропе ў аўтамабілі двое-трое едуць і паралельна функцыянуе грамадскі транспарт. Аўтамабіль — гэта не толькі сродак перамяшчэння, але і даволі дарагое задавальненне", — сказаў Міхаіл Мясніковіч.

Ён таксама адзначыў: "Тыя, хто панакупляў па 2-3 аўтамабілі на сям'ю, павінны будуць сур'ёзна працаваць, каб зарабляць на не вельмі таннае паліва і абслугоўванне гэтых аўтамабіляў".

Прэм'ер-міністр звярнуў увагу і на тое, што шмат аўтамабіляў беларусы купілі, разлічваючы, што потым прададуць іх на расійскім рынку. "Але, наколькі я ведаю, ёсць пэўныя праблемы з продажам аўтамабіляў у Расійскую Федэрацыю", — сказаў ён.

"Такім чынам, можна прагназаваць, што на ўнутраным рынку цэны на аўтамабілі пойдуць уніз", — рэзюмаваў прэм'ер.

Маламаёмныя слаі насельніцтва і пенсіянеры ў Беларусі ў існуючай эканамічнай сітуацыі будуць падтрыманы дзяржавай, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

"Мы, урад, бачым асноўную задачу ў тым, каб абараніць маламаёмныя слаі насельніцтва і пенсіянераў, — сказаў Міхаіл Мясніковіч. — Для гэтага распрацаваны спецыяльны сацыяльны пакет, і работа ў гэтым напрамку ідзе як па пенсіянерах, шматдзетных сем'ях, так і па іншых катэгорыях такіх грамадзян".

Прэм'ер-міністр абвергнуў чуткі аб росце ў Беларусі беспрацоўя. "Помніце, цыркулявалі чуткі пра 600 тыс. чалавек, якія ў нас аказаліся без работы? — спытаў ён. — Гэта фантастычныя лічбы, якія проста не могуць быць. У нас 4,3 млн эканамічна актыўнага насельніцтва".

Міхаіл Мясніковіч дадаў, што на многіх прадпрыемствах сёння патрабуецца рабочая сіла. Расце вытворчасць, ствараюцца новыя рабочыя месцы. "Мы за першы квартал прырасцілі на 15,6 тыс. рабочых месц больш, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, — праінфармаваў ён. — Калі вытворчасць вырасла на 12,3 працэнта, значыць, гэта не толькі за кошт прадукцыйнасці працы, але і за кошт дадатковых рабочых месц".

У той жа час, паводле слоў прэм'ер-міністра, асобныя грамадзяне проста не хочуць працаваць. "На жаль, я павінен сказаць, што ў нас ёсць катэгорыя людзей, якая так у анкетах і піша "не бачу неабходнасці працаваць", — значыць, у іх ёсць крыніцы для жыцця, — дадаў кіраўнік урада. — Гэта дрэнна, вядома, што людзі не заняты, таму што заўтра прыйдзе пенсійны ўзрост і ўсе будуць прэтэндаваць на тое, каб атрымліваць пенсіі. Але калі чалавек не працуе, не робіць адлічэнняў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, значыць, у далейшым ён будзе атрымліваць пенсію за кошт тых, хто плаціў у гэты фонд".

Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу, што эканоміка — складаны "арганізм". Аднак у Беларусі яна сур'ёзна збалансавана і працуе даволі паспяхова. "Зразумела, зрухі па цэнах аб'ектыўныя, гэта звязана з тым, што ў нашых гандлёвых партнёраў цэны іншыя, — растлумачыў ён. — Растуць цэны на нафту і газ, і яны будуць расці". У той жа час дзяржава забяспечыць абарону маламаёмных слаёў насельніцтва і пенсіянераў. У гэтым урад бачыць асноўную задачу.

Беларусь і Расія плануюць стварыць навукова-прамысловы холдынг у мікраэлектроніцы.

"Разглядаецца магчымасць стварэння такога альянсу", — расказаў Міхаіл Мясніковіч. Паводле яго слоў, у яго могуць быць уключаны ў першую чаргу такія буйныя беларускія прадпрыемствы, як "Інтэграл" і "Планар", а таксама некаторыя віцебскія і брэсцкія навукова-прамысловыя арганізацыі. "Ідзе працэс глабалізацыі, мы не можам быць убаку ад гэтага працэсу, калі ідзе аб'яднанне прамысловага, гандлёвага, фінансавага капіталу, — упэўнены Міхаіл Мясніковіч. — І ў гэтым плане нам не трэба трымацца асобна, а вось у складзе буйных кампаній канкурэнтаздольнасць і ліквіднасць нашых прадпрыемстваў значна павысіцца".

Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, Беларусь цяпер разглядае розныя варыянты супрацоўніцтва па рэалізацыі сумесных праектаў не толькі з Расіяй, але і з вядучымі сусветнымі кампаніямі. Напрыклад, з люксембургскімі інвестарамі абмяркоўваюцца пытанні партнёрства ў галіне калійных угнаенняў. Разглядаецца таксама магчымасць пашырэння ўзаемадзення з кітайскімі кампаніямі, у першую чаргу ў энергетыцы. Асобныя сумесныя праекты ў гэтай галіне ўжо выконваюцца. "Цяпер у прапрацоўцы пытанне аб стварэнні холдынга па цепластанцыі ў Гродзенскай вобласці, — паведаміў прэм'ер-міністр. — Размова аб тым, каб гэты холдынг меў уласны вугаль, уласную генерацыю і адпаведны энергамост для продажу электраэнергіі ў еўрапейскую энергасістэму".

Асаблівая ўвага ўдзяляецца прыцягненню замежных інвестыцый у аграпрамысловы комплекс. Вядуцца перагаворы аб удзеле замежных кампаній у праектах па развіцці малочнай, мясной галіны. Абмяркоўваюцца магчымасці фарміравання сумесных кампаній. "Так, падпісаны дакументы з буйной італьянскай кампаніяй у сферы вытворчасці малочных прадуктаў".

Прывабнай для інвестараў з'яўляецца фармацэўтычная галіна Беларусі. Сумесныя праекты ў гэтай сферы запланаваны з украінскімі партнёрамі. Разглядаецца магчымасць стварэння беларуска-ўкраінскай фармацэўтычнай кампаніі. Плануецца таксама з удзелам украінскіх інвестараў будаўніцтва ў Беларусі новай кандытарскай фабрыкі, а з амерыканскімі і польскімі інвестарамі актыўна абмяркоўваецца магчымасць прыцягнення іх сродкаў у будаўніцтва ў Беларусі новага цукровага завода.

Прэм'ер-міністр Беларусі супраць замарожвання цэн у Беларусі.

"Калі замарозіць цэны, людзі проста вывезуць багажнікі тавараў. І будзе ажыятажны попыт. Будзе незадаволенасць і г.д.", — сказаў ён.

"Але цэны — гэта вельмі далікатная рэч. Яна павінна суправаджацца адпаведным сацыяльным пакетам мер падтрымкі, асабліва па маламаёмных грамадзянах".

У сувязі з гэтым Міхаіл Мясніковіч лічыць, што мудрасць урада павінна заключацца менавіта ў тым, каб ажыццяўляць не адміністрацыйнае стрымліванне цэн, а разумны баланс даходаў і расходаў грамадзян.

"Бо не сакрэт, што такое нястрымнае спажывецкае крэдытаванне на фоне проста зарплаты і невысокай прадукцыйнасці працы прывяло да таго, што на руках у насельніцтва і ва ўкладах сабралася шмат грошай, якія шукаюць свайго прымянення, — сказаў прэм'ер-міністр. — І вось гэта ў пэўнай ступені праяўляецца ў куплі ў запас. Напрыклад, учора ў Мінску ў ювелірных магазінах купілі золата і каштоўнасцяў на Br1,1 млрд"..

У працэсе прыватызацыі, якую плануе праводзіць Беларусь, галоўны акцэнт будзе зроблены на пошуку эфектыўных уласнікаў.

"Прыватызацыя для нас гэта не самамэта. Трэба знайсці эфектыўнага ўласніка", — падкрэсліў прэм'ер-міністр. Пры гэтым Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што тая крэдытная падтрымка "не звязана ні з якімі абцяжарваннямі, што мы павінны нешта прадаваць, гэта не прысутнічае ні ў якіх умовах прадастаўлення крэдыту з Антыкрызіснага фонду".

Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, Беларусь робіць акцэнт у першую чаргу на прыцягненні прамых замежных інвестыцый, а таксама ў стварэнні транснацыянальных карпарацый. Аб фарміраванні такіх аб'яднанняў вядуцца перагаворы з расійскімі і ўкраінскімі партнёрамі. Гэта неабходна для таго, каб умацаваць свае пазіцыі і весці больш сур'ёзную работу на знешніх рынках.

У якасці прыкладу Міхаіл Мясніковіч прывёў планы Беларусі і Расіі па стварэнню холдынга на базе МАЗа і КамАЗа. "Я задаволены тым, што супадаюць пункты гледжання. Гэта будзе не паглынанне некага некім, а ўзгодненая работа на аўтамабільных рынках двух буйных заводаў — МАЗа і КамАЗа, — падкрэсліў ён. — Для Беларусі гэты праект неабходны "не проста для таго, каб прадаць і залатаць нейкія дзіркі, а для таго, каб стварыць канкурэнтаздольную вытворчасць.

Урад Беларусі распрацаваў новую сістэму мер дзяржпадтрымкі рэальнага сектара эканомікі. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, урад апошнім часам актыўна працаваў над удасканаленнем мер дзяржпадтрымкі і ў выніку выпрацаваў новыя падыходы, якія дадуць магчымаць "расчысціць завалы" ў старой сістэме. Беларусь, напрыклад, ставіць задачу, каб да канца пяцігодкі аб'ёмы вытворчасці малака былі 10,5 млн т у год. Сёння — 6 млн т у год. Але ж гэта не толькі справа фермераў і калектываў. Гэта дзяржаўная задача. Гэта дзяржаўны прыярытэт. Значыць, дзяржава павінна ствараць умовы, каб будаваліся малочнатаварныя фермы, рэканструяваліся старыя і каб у канчатковым выніку быў запланаваны апераджальны рост аб'ёмаў вытворчасці. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, пад гэтыя прыярытэты павінны быць і адпаведныя ўмовы, у тым ліку льготнае крэдытаванне.

"Мы прынялі такое рашэнне і будзем дакладваць Прэзідэнту ў бліжэйшы час, што гэта павінна ажыццяўляцца не проста метадам раздачы кожнаму калгасу, а на конкурснай аснове тым, хто прапануе лепшыя ўмовы і лепшы бізнэс-план".

Пэўная падтрымка будзе аказвацца і тым гаспадаркам, якія знаходзяцца ў аб'ектыўна горшых кліматычных умовах. Але гэты фактар не павінен быць галоўным, "інакш будзе проста раздача грошай на гектар сельгасугоддзяў".

Таксама пры аказанні дзяржпадтрымкі сельгаспрадпрыемствам будуць улічвацца сумы падтрымкі, аказанай той ці іншай гаспадарцы, таму ці іншаму рэгіёну раней.

"Расійскі бок гатовы наш пакет "Белтраснгаза" купіць за $2,5 млрд.", — расказаў Міхаіл Мясніковіч. Пры гэтым прэм'ер-міністр дадаў, што гэта пытанне разглядаецца комплексна. "Размова ідзе не проста аб продажы — прадалі і забылі. Трэба, каб прадпрыемства працавала, каб трубы былі звязаны, каб ішоў транзіт, пэўныя сродкі ішлі ў бюджэт. Адначасова мы вядзём работу і па прагнозу цэн".

Гаворачы аб будучым аднаго буйнога прадпрыемства — "Беларуськалія", прэм'ер-міністр расказаў, што па ім падпісана праграма дзеянняў, якая прадугледжвае не продаж "Беларуськалія", а стварэнне дадатковых магутнасцей на Старобінскім і Петрыкаўскім радовішчах з мэтай павелічэння аб'ёму здабычы калійных солей.

Акрамя таго, у Беларусі плануецца пабудаваць завод па вытворчасці комплексных складаных угнаенняў. "Мы на базе калійных солей ствараем хімічны камбінат, які будзе вырабляць новую, інавацыйную, канкурэнтаздольную прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю", — падкрэсліў кіраўнік беларускага ўрада.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паводле слоў прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясніковіча, праграма разгледжана экспертамі краін ЕўрАзЭС і ў Мінску была ўзгоднена з кіраўніцтвам Расійскай...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика