Працуючы на стабільнасць і эфектыўнае развіццё
01.07.2011
—
Новости Политики
|
Паважаныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў! Паважаныя запрошаныя і журналісты! У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь сёння, 30 чэрвеня 2011 года, завяршае сваю работу восьмая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь чацвёртага склікання. Дэпутацкі корпус ажыццяўляў сваю дзейнасць у адпаведнасці з задачамі, пастаўленымі перад Парламентам у Пасланні кіраўніка дзяржавы беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Дэпутаты актыўна ўключыліся ў работу над законапраектамі, прадугледжанымі Праграмай дзейнасці Урада. Асаблівая ўвага была ўдзелена пошуку новых заканадаўчых рашэнняў па эканамічнай і сацыяльнай мадэрнізацыі: у праект плана падрыхтоўкі законапраектаў на 2012 год накіравана 19 дэпутацкіх ініцыятыў. Паспяхова выкананы планы па разглядзе парадку дня сесіі, у які было ўключана амаль 90 пытанняў. 24 законапраекты прыняты ў першым чытанні, 59 — у другім, у тым ліку 38 — аб ратыфікацыі міжнародных дагавораў. Да ведама прынята 7 дэкрэтаў кіраўніка дзяржавы. Заканамерна, што цэнтральнае месца ў парадку дня займала эканамічная праблематыка, перш за ўсё пытанні, якія патрабуюць вырашэння ў адпаведнасці з Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011—2015 гады і Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 4. У мэтах развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымулявання дзелавой актыўнасці праводзілася работа па спрашчэнні працэдур ліцэнзавання, а таксама парадку дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю. Да ліку важнейшых вынікаў сесіі трэба аднесці рашэнні па стварэнні перадумоў для нарошчвання экспартнага патэнцыялу. Ратыфікавана больш як 20 міжнародных пагадненняў, накіраваных на развіццё Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі, умацаванне двухбаковых эканамічных сувязяў. Варта звярнуць увагу на прыняты ў ходзе сесіі праект Закона "Аб аўтарскім праве і сумежных правах". Ствараючы дадатковыя стымулы для аўтараў, ён фарміруе перадумовы да таго, каб у айчынную навуку і культуру больш актыўна ўключаліся новыя творчыя і інтэлектуальныя сілы, а аб'екты аўтарскага права дынамічна ўключаліся ў эканамічны абарот. Прадоўжана аптымізацыя адміністрацыйных працэдур, у прыватнасці ў такой сферы гаспадарчай дзейнасці, як абыходжанне з аб'ектамі расліннага свету. Уносіліся запатрабаваныя часам папраўкі ў заканадаўства аб арэндзе і залогу. Ажыццяўлялася ўпарадкаванне норм у галіне бюджэтных і падатковых адносін. Задача стварэння камфортных умоў для бізнэсу запатрабавала карэкціроўкі асобных пытанняў судаводства. Больш шырокаму выкарыстанню альтэрнатыўных спосабаў вырашэння спрэчак і скарачэнню нагрузкі на агульныя і гаспадарчыя суды паслужаць палажэнні праекта Закона "Аб трацейскіх судах". Аптымізаваны парадак выканання судовых рашэнняў, у тым ліку пры рэалізацыі маёмасці на таргах. У святле нядаўніх трагічных падзей у мінскім метро асаблівую актуальнасць набыла задача ўмацавання нацыянальнай бяспекі, законнасці і правапарадку. Пры гэтым асноўны ўпор робіцца на ўстараненне прычын антысацыяльных праяў. Гэта і прафілактыка правапарушэнняў непаўналетніх, і ўмацаванне бяспекі ў сферы аказання інфармацыйных паслуг. Мы выйшлі на адзіны заканадаўчы акт, які комплексна вырашае задачы з аднаго боку ўзмацнення барацьбы з гандлем людзьмі, а з другога — стварэння сістэмы мер абароны і рэабілітацыі ахвяр такіх злачынстваў. У процістаянні карупцыйным рызыкам акцэнт зроблены на інфармаванне і асвету насельніцтва, забеспячэнне адкрытасці работы кожнага чыноўніка, стварэнне атмасферы нецярпімасці да карупцыі. Упарадкаваны некаторыя аспекты дзейнасці органаў пракуратуры.Улічваючы ўмовы, у якіх нашай эканоміцы давялося працаваць апошнія месяцы, парламентарыі асаблівую ўвагу ўдзялялі вывучэнню рэальнага стану спраў у рэгіёнах, растлумачэнню захадаў, якія робяцца дзяржавай па выраўноўванні фінансава-эканамічнай сітуацыі, непасрэднай рабоце з насельніцтвам. Усведамляючы важнасць удасканалення работы па вырашэнні надзённых праблем людзей, дэпутаты ў ходзе сесіі ў двух чытаннях прынялі праект Закона "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб". Галоўнае ў ім — гэта максімальнае пашырэнне відаў і форм зваротаў, якія падлягаюць абавязковаму разгляду, зняцце бюракратычных перашкод і павышэнне патрабаванняў да работы чыноўнікаў. Адначасова вызначана адказнасць за неправамерныя дзеянні заяўнікаў. Дадатковы імпульс нададзены і развіццю сістэмы сацыяльнага партнёрства. Умацаваны статус прафсаюзаў, удакладнены іх паўнамоцтвы па ажыццяўленні грамадскага кантролю за выкананнем працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў грамадзян. У сацыяльным блоку прыярытэтнымі былі пытанні рэгулявання сямейных адносін. І гэта заканамерна: дабрабыт любога грамадства грунтуецца на дабрабыце сям'і. Карэкціроўка Кодэкса аб шлюбе і сям'і прадугледжвае спрашчэнне працэдуры заключэння шлюбу, удакладненне правоў і абавязкаў мужа і жонкі, узмацненне абароны інтарэсаў дзяцей. Пільная ўвага ўдзелена пытанням усынаўлення, галоўным прынцыпам якога становіцца падбор сям'і для дзіцяці, а не дзіцяці для сям'і. На сесіі зроблены захад яшчэ ў адным важным напрамку. Кожная сёмая сямейная пара ў Беларусі мае праблемы з рэпрадуктыўным здароўем. Наша задача — дапамагчы такім сем'ям. Сучасныя медыцынскія тэхналогіі даюць магчымасць гэта зрабіць. Аднак іх укараненне патрабуе ўвязкі цэлага комплексу прававых і маральных аспектаў, забеспячэння правоў і інтарэсаў будучых бацькоў, донараў, сурагатных маці і перш за ўсё дзіцяці. Разгледжаны ў першым чытанні адпаведны законапраект якраз і дасць магчымасць адрэгуляваць гэтыя праваадносіны. Прадаўжаючы тэму аховы здароўя, адзначу такую важную сферу, як аказанне псіхіятрычнай дапамогі. Тут важна выпрацаваць нормы, якія далі б магчымасць абараніць правы пацыента і пры гэтым засцерагчы медыцынскіх работнікаў і грамадзян ад небяспечных паводзін асоб, якія хварэюць на псіхіятрычныя расстройствы. Падобныя задачы прызначаны вырашыць і законапраект, накіраваны на папярэджанне распаўсюджвання захворванняў, якія ўяўляюць небяспеку для здароўя насельніцтва, у тым ліку віруса імунадэфіцыту чалавека. Апошнія падзеі на еўрапейскім харчовым рынку сведчаць аб выключнай актуальнасці тэмы санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту насельніцтва. Папярэджанню такіх выпадкаў будзе садзейнічаць прыняцце законапраекта, накіраванага на прадухіленне эпідэмій і забеспячэнне бяспекі харчовай сыравіны і харчовых прадуктаў. Сярод значных пытанняў у галіне культуры выдзелю рашэнні, накіраваныя на развіццё беларускіх музеяў, актывізацыю іх міжнароднай дзейнасці. Прававое замацаванне атрымала такая перспектыўная форма, як музеі пад адкрытым небам, што мае акрамя іншага і эканамічны патэнцыял. Прынцыпова падышлі дэпутаты і да абмеркавання пытанняў удасканалення заканадаўства аб кінематаграфіі. На жаль, па папулярнасці наша кіно пакуль уступае замежнаму. Палепшыць стан спраў у гэтай галіне дадуць магчымасць заканадаўчае ўстанаўленне практыкі вытворчасці фільмаў у рамках сацыяльна-творчага заказу, стварэнне дзяржаўнага фонду падтрымкі і развіцця кінематаграфіі, а таксама прыцягненне ў гэту сферу прыватных інвестыцый. Міжнародная актыўнасць дэпутацкага корпуса была накіравана ў першую чаргу на далейшае развіццё міжпарламенцкіх сувязяў. Нашы прадстаўнікі прынялі ўдзел амаль у 40 міжнародных мерапрыемствах і сустрэчах. Геаграфія гэтых кантактаў ахоплівала Аўстрыю, Бельгію, Казахстан, Расію, Сербію, Турцыю, Украіну, Францыю. У сваю чаргу Рэспубліку Беларусь з візітамі наведалі парламентарыі Азербайджана, В'етнама, Грузіі і Малдовы. У беларускай сталіцы адбылося пятае пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве вышэйшых заканадаўчых органаў Беларусі і Арменіі. Актыўная работа праводзілася ў рамках міжпарламенцкіх арганізацый. У чэрвені ў г. Мінску прайшлі 39-я сесія Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі і пасяджэнні яго рабочых органаў. Парламентарыі разгледзелі блок пытанняў, сярод якіх справаздача Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы аб выкананні саюзнага бюджэту за 2009 год, перспектывы развіцця заканадаўства ў сферы бяспекі, абароны і праваахоўнай дзейнасці, вынікі рэалізацыі Канцэпцыі сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2010 года і асноўныя напрамкі сацыяльнага развіцця Саюзнай дзяржавы да 2015 года. Прымаючы Заяву Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі ў сувязі з пятнаццацігоддзем Саюзнай дзяржавы, парламентарыі выказалі цвёрдую ўпэўненасць у тым, што паслядоўна ажыццяўляемы інтэграцыйны патэнцыял паслужыць усім краінам і народам, зацікаўленым у рэалізацыі аб'яднальных працэсаў. У маі гэтага года наша парламенцкая дэлегацыя ўдзельнічала ў мерапрыемствах міжпарламенцкіх асамблей Еўразійскага эканамічнага супольніцтва, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, а таксама Парламенцкай Асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, якія традыцыйна праходзілі ў г. Санкт-Пецярбургу. Самая пільная ўвага была ўдзелена перспектывам развіцця ЕўрАзЭС, перш за ўсё пытанням фарміравання Мытнага саюза ў рамках гэтай інтэграцыйнай структуры. З улікам старшынства Рэспублікі Беларусь у АДКБ Нацыянальны сход узяў на сябе ініцыятыву па правядзенні рабочай нарады кіраўнікоў дэлегацый дзяржаў — членаў АДКБ у Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Мы таксама былі ўдзельнікамі Каардынацыйнай нарады старшынь камітэтаў і камісій па абароне і бяспецы парламентаў дзяржаў — членаў АДКБ, якая нядаўна прайшла ў г. Маскве. Сярод значных вынікаў міжнароднай дзейнасці трэба назваць і наш удзел у пасяджэнні парламенцкай структуры Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, 18-й Генеральнай асамблеі Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, вясенняй сесіі Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва, першай дадатковай нарадзе па чалавечым вымярэнні ў рамках АБСЕ і шэрагу іншых міжнародных мерапрыемстваў. Наперадзе ў дэпутатаў не менш напружаная міжнародная праграма, якая ахоплівае ўвесь спектр міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Мы плануем прыняць у сябе парламенцкія дэлегацыі Ірана, Карэі, Эстоніі. Прапрацоўваюцца візіты нашых дэлегацый у Азербайджан, Венесуэлу і на Кубу. У бліжэйшы час беларускія парламентарыі будуць удзельнічаць у штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў сталіцы Сербіі. Прадоўжыцца работа па лініі Міжпарламенцкага саюза, Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, а таксама парламенцкіх асамблей інтэграцыйных утварэнняў на постсавецкай прасторы. Паважаныя калегі! Вопыт мінулых месяцаў з усёй відавочнасцю паказаў, што лёс краіны, яе будучыня непасрэдна залежаць ад кансалідацыі намаганняў грамадства і ўлады, галоўным арыенцірам дзейнасці якой былі і застаюцца якасць жыцця людзей, іх давер да дзяржавы, грамадзянскі мір і спакой. Адзінства і духоўная стойкасць беларусаў — тыя складальнікі, дзякуючы якім краіна паступальна, крок за крокам ідзе па шляху эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу. Беларусы — гэта дастойныя, сумленныя, працавітыя і неабыякавыя людзі. Мы беражліва захоўваем свае найвялікшыя, сфарміраваныя стагоддзямі каштоўнасці: свабодалюбства, самапавагу, узаемадапамогу. І менавіта цяпер як ніколі патрэбны з'яднанасць усяго грамадства, сур'ёзная сумесная работа ўлады і грамадзян. У гэтых умовах вельмі важна дайсці да кожнага чалавека з яго клопатамі і патрэбамі. Таму, нягледзячы на насычанасць будучай праграмы заканадаўчай і міжнароднай дзейнасці, мы павінны максімальна выкарыстаць магчымасці міжсесіённага перыяду для работы ў выбарчых акругах. Ад нашай ініцыятыўнасці, здольнасці эфектыўна ўзаемадзейнічаць з мясцовымі органамі ўлады і кіравання ў вырашэнні канкрэтных праблем насельніцтва, умення весці прамую і адкрытую размову з людзьмі ў многім залежаць умацаванне сацыяльнай стабільнасці і ў канчатковым выніку выхад краіны на ўстойлівыя тэмпы развіцця. На заканчэнне, паважаныя дэпутаты, дазвольце падзякаваць вам за плённую працу і павіншаваць усіх прысутных з надыходзячым святам — Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця і новых здзяйсненняў на карысць роднай Беларусі. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на закрыцці восьмай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага...
|
|