Беларусь выступае за стварэнне роўных умоў для вытворцаў на рынку Мытнага саюза
13.07.2011
—
Новости Политики
|
Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы ў Маскве на канферэнцыі "Ад Мытнага саюза да АЭП: інтарэсы бізнэсу", перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Умовы трэба ствараць роўныя для таго, каб была добрасумленная канкурэнцыя вытворцаў", — падкрэсліў прэм'ер-міністр. Ён таксама дадаў, што Мытны саюз нясе ў сабе не толькі выгаду, але і пэўныя рызыкі для вытворцаў. У прыватнасці, узмацняецца канкурэнцыя паміж імі. У той жа час прадпрыемствы Мытнага саюза павінны імкнуцца да кааперацыі для больш паспяховага размяшчэння і выкарыстання капіталу. Кіраўнік урада Беларусі назваў таксама праблему дыспарытэту цэн на адзіным рынку Мытнага саюза. Гэта зніжае канкурэнтаздольнасць тавараў адных краін на фоне субсідзіравання другіх. У адзін момант гэтыя пытанні не вырашыць, але імі трэба займацца", — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч. Гэта трэба ў тым ліку для таго, каб устараніць разрыў па цэнах на паліўна-энергетычныя рэсурсы і іншыя таварныя групы. Прэм'ер-міністр Беларусі падзякаваў расійскаму калегу Уладзіміру Пуціну за разуменне ў вырашэнні пытанняў, якія датычацца супрацоўніцтва дзвюх краін у паліўна-энергетычнай сферы. "Фактычна за апошнія шэсць гадоў цэны на газ для Беларусі павялічыліся ў 4,5 раза, у той час як цэны беларускага экспарту ў Расію выраслі на 22 працэнты", — рэзюмаваў прэм'ер-міністр. Беларусь у поўным аб'ёме прымае ўзятыя на сябе абавязацельствы ў рамках крэдытнай падтрымкі Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. "Хачу праінфармаваць бізнэс-супольнасць і кіраўнікоў урадаў Расіі і Казахстана аб тым, што мы ў поўным аб'ёме прымаем узятыя на сябе абавязацельствы ў рамках крэдытнай падтрымкі за кошт Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, — сказаў кіраўнік беларускага ўрада. — Гэта датычыцца абмежавання бюджэтных асігнаванняў, выплат, росту даходаў і многіх іншых пытанняў". Беларусь прапанавала Расіі і Казахстану ствараць транснацыянальныя альянсы ў рамках Мытнага саюза. Паводле слоў Міхаіла Мясніковіча, тры краіны дабіліся добрых вынікаў у гандлёвым супрацоўніцтве, аднак не трэба спыняцца на дасягнутым, трэба ісці далей і пераходзіць да стварэння сумесных карпарацый як на дзеючых, так і на новых прадпрыемствах краін Мытнага саюза. "Гэта зробіць тры нашы дзяржавы менш залежнымі ад знешняй кан'юнктуры і забяспечыць устойлівае развіццё прамысловасці, навукі і сферы паслуг", — падкрэсліў прэм'ер-міністр. На яго думку, дзякуючы стварэнню транснацыянальных карпарацый Мытны саюз можа стаць цэнтрам эканамічнай сілы на сусветнай арэне. Аналізуючы перспектывы развіцця супрацоўніцтва краін — удзельніц Мытнага саюза, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што ўсе пытанні ў аб'яднанні вырашаюцца канструктыўна і з улікам нацыянальных інтарэсаў. Гэта перш за ўсё датычыцца беларуска-расійскіх адносін. "Мытны саюз і АЭП адбудуцца, у гэтым ёсць упэўненасць, — сказаў кіраўнік беларускага ўрада. — Ёсць давер і разуменне, што трэба ісці на кампрамісы ў рамках узаемаадносін паміж нашымі краінамі". Беларусь была і застаецца прыхільніцай інтэграцыі ў Мытным саюзе. У той жа час Міхаіл Мясніковіч адзначыў і шэраг цяжкасцяў, якія краіны-партнёры павінны будуць пераадолець. Размова перш за ўсё ідзе аб стварэнні адзінай канкурэнтаздольнай прасторы на агульным рынку і ўстараненні дзяржаўнага пратэкцыянізму і несправядлівых форм субсідзіравання нацыянальных вытворцаў. Беларусь прапанавала партнёрам удзельнічаць у прыватызацыі прадпрыемстваў хімічнай галіны. "Мы запрашаем бізнэс-супольнасці Расіі і Казахстана ўдзельнічаць у прыватызацыі прадпрыемстваў у Беларусі. У першую чаргу я хацеў бы назваць хімічную прамысловасць, таму што, як мне здаецца, мы моцна зацыкліліся на пытаннях нафтаперапрацоўкі", — сказаў прэм'ер-міністр. Міхаіл Мясніковіч назваў перспектыўнымі, у прыватнасці, праекты ў галіне вялікай і малатанажнай хіміі, менавіта яны могуць зацікавіць патэнцыяльных партнёраў у Беларусі. Пры гэтым кіраўнік беларускага ўрада папрасіў інвестараў праяўляць большую актыўнасць і больш эфектыўна ўносіць і ажыццяўляць свае прапановы па прыватызацыі. Паводле яго слоў, некаторыя такія прапановы "размазваюцца на працягу некалькіх гадоў". Беларусь зацікаўлена ў прыцягненні інвестыцый у фармацэўтычную галіну, развіццё мабільнай сувязі, мікраэлектроніку, металургію і машынабудаванне. "Неабходна ісці на актыўную інтэграцыю ў высокатэхналагічнай сферы", — дадаў прэм'ер-міністр. Адным з найбольш перспектыўных праектаў у гэтай галіне ён назваў будаўніцтва беларускай АЭС, у якім прыме актыўны ўдзел Расія. "Гэта сур'ёзны знакавы праект, і такіх праектаў можна прывесці шмат", — рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч. Прэм'ер-міністр Беларусі лічыць неабходным фарміраванне адзінага абароннага заказу ў рамках Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана. "Калі яго не будзе, то ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва нашых краін будзе непаўнацэнным", — лічыць прэм'ер-міністр. На яго думку, вырашаць гэта пытанне неабходна даволі хутка, тым больш што па шэрагу буйных прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу Беларусі паступаюць ужо актыўныя прапановы з боку іншых партнёраў краіны. "У той жа час мы павінны перш за ўсё аб'ядноўваць намаганні ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы", — упэўнены кіраўнік беларускага ўрада. У Беларусі, Расіі і Казахстана няма супярэчнасцяў па фарміраванні Адзінай эканамічнай прасторы. Пра гэта заявіў журналістам у Маскве, падводзячы вынікі канферэнцыі, старшыня ўрада Расіі Уладзімір Пуцін. Ён таксама паведаміў, што падчас перамоў бакі дамовіліся пра функцыі і ўмовы працы Камісіі Мытнага саюза. Прынята рашэнне, каб камісія дзейнічала на пастаяннай прафесійнай аснове. "У рамках гэтай структуры будзе арганізавана адмысловае падраздзяленне, якое будзе дзейнічаць на пастаяннай аснове, — паведаміў кіраўнік расійскага ўрада. — З 1 студзеня 2012 года Камісія Мытнага саюза ў гэтай якасці прыступіць да працы". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, выступаючы ў Маскве на канферэнцыі "Ад Мытнага саюза да АЭП: інтарэсы бізнэсу", перадае...
|
|