Вагонабудаўнічай вытворчасці быць. 21.by

Вагонабудаўнічай вытворчасці быць

30.07.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Беларусі на працягу двух гадоў неабходна асвоіць выпуск усяго спектра камплектуючых для вытворчасці вагонаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт краіны падчас паездкі па Магілёўшчыне. Аляксандр Лукашэнка наведаў Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод, перадае БЕЛТА.

"Мы павінны зрабіць свой вагон, гэта будзе прарыў у прамысловасці", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што попыт на гэту прадукцыю ў далейшым будзе толькі ўзрастаць.

Размова ў тым ліку вядзецца аб вытворчасці ў Беларусі вагонных цялежак, або папросту кажучы, хадавой часткі вагонаў, а таксама іншых камплектуючых, якія пакуль закупляюцца за мяжой. "У нас вялікі аб'ём грузаперавозак чыгуначным транспартам і вялікая патрэбнасць у рухомым саставе. На яго закупку ідуць вялікія валютныя сродкі", — адзначыў Прэзідэнт.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка на Асіповіцкім заводзе агледзеў будаўнічую пляцоўку асноўнага вагонабудаўнічага корпуса. Як далажыў кіраўніку дзяржавы прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, сёлета ўвесь гэты корпус павінен быць уведзены ў эксплуатацыю. Тут плануецца вырабляць вагоны і танк-кантэйнеры. "Ніякіх больш адтэрміновак быць не павінна і не будзе", — падкрэсліў Прэзідэнт, адзначыўшы, што за зацягванне тэрмінаў здачы аб'екта вінаватыя ў гэтым будуць пакараны.

Прэзідэнт раскрытыкаваў тэмпы рэалізацыі інвестпраекта па будаўніцтве Асіповіцкага вагонабудаўнічага завода. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, развіццё вагонабудавання ў Беларусі — вельмі важны напрамак для эканомікі краіны ў цэлым. Ён нагадаў, што раней ім было прынята рашэнне аб стварэнні ў краіне сучасных магутных прадпрыемстваў па вытворчасці грузавых і спецыяльных вагонаў. "Гэтым здымаліся не толькі вострыя транспартныя праблемы, але і адкрываўся перспектыўны напрамак развіцця прамысловасці, нарошчвання экспартнага патэнцыялу за кошт як продажу выпускаемых вагонаў, так і пашырэння паслуг па перавозцы грузаў", — сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, першы этап пройдзены ўжо: створаны і набірае размах сучасны завод па вытворчасці вагонаў у Магілёве. "На працягу 1,5-2 гадоў гэты завод павінен вырабляць увесь спектр камплектуючых для вытворчасці таго класа вагонаў, якія мы будзем вырабляць у Магілёве. У бліжэйшы час мы паглядзім і гэта прадпрыемства", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Другі пункт росту, працягнуў Аляксандр Лукашэнка, — прадпрыемства ў Асіповічах. У свой час было прынята рашэнне стварыць тут на базе рамонтнага дэпо яшчэ адзін магутны цэнтр айчыннага вагонабудавання. Былі вызначаны ўмовы рэалізацыі гэтага інвестыцыйнага праекта, крыніцы фінансавання, агавораны тэрміны ўводу ў строй магутнасцяў, намечаны меры па развіцці сацыяльнай сферы для прыцягнення і замацавання кваліфікаваных рабочых і спецыялістаў.

"На самай справе — даўгабуд. І што здзіўляе, аўтары гэтага даўгабуду — родная дзяржава ў асобе ўрада, родны манапаліст у асобе Беларускай чыгункі і прыватнае прадпрыемства (расійскае ЗАТ "Гранд Экспрэс". — Заўвага БЕЛТА), якое так палка хацела тут разгарнуць вытворчасць, прасіла час, ільготы, гарантыі і г.д. Усё атрымалі. У выніку — даўгабуд, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Тэмпы работ — нікуды не вартыя. Пастаянна ўзнікаюць праблемы, нестыкоўкі, узаемныя прэтэнзіі акцыянераў. Тэрміны завяршэння будаўніцтва неаднаразова пераносіліся, прытым у асноўным з-за недастатковага фінансавання. Я дадаў бы — з-за непаваротлівасці, разгільдзяйства".

Як адзначыў Прэзідэнт, урад у гэтым пытанні замест прыняцця энергічных мер заняў іншую пазіцыю, пусціўшы ўсё на самацёк. У выніку пад пагрозай зрыву апынуўся ўвод у эксплуатацыю завода, што зусім недапушчальна.

"У чым справа? Чаму не будуем? Чаму зрываем важны інвестыцыйны праект?", — такія пытанні паставіў перад удзельнікамі нарады кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён папярэдзіў: "Ніякіх пераносаў тэрмінаў больш не будзе. Дамовіліся — трэба выконваць узятыя на сябе абавязацельствы".

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым таксама адзначыў пэўную абсурднасць у існуючай сітуацыі, паколькі кіраўніку дзяржавы даводзіцца падштурхоўваць фактычна прыватнае прадпрыемства да таго, каб яны больш і хутчэй зараблялі грошы.

"Не будзеце рабіць вы, не зробіце да канца года, мы ад вашых паслуг адмовімся і будзем займацца гэтым самі. Вагонабудаўнічая вытворчасць у краіне будзе. Пытанне ў тым, з вамі або з кімсьці іншым", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, запатрабаваўшы далажыць яму, чаму не выконваюцца даручэнні па будаўніцтве завода, а таксама што неабходна зрабіць для безумоўнага ўводу ў строй ва ўстаноўленыя тэрміны ўзводзімых аб'ектаў.

Хлеб ёсць, і яго абавязкова трэба ўбраць

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць запатрабаваў на высокім якасным узроўні і ў неабходныя тэрміны правесці ўборачную кампанію ў краіне.

"Якасць — гэта пытанне нумар адзін. Ніякай спешкі быць не павінна, тэхнікі хапае. Пры нармальнай арганізацыі хлеб убраць можна, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Хлеб ёсць, і яго абавязкова трэба ўбраць. У арсенале для гэтага ў нас ёсць усё".

Як далажыў кіраўніку дзяржавы губернатар Магілёўскай вобласці Пётр Руднік, плошча ўборкі збожжавых і зернебабовых культур у рэгіёне складае 335,2 тыс.га. На сёння збожжавыя ўбраны на плошчы 74,5 тыс га, што складае больш за 22 працэнты. Валавы збор перавысіў 255 тыс.т пры сярэдняй ураджайнасці 34,2 ц/га. Паводле слоў губернатара, выніковы валавы збор чакаецца на ўзроўні 1 млн 350 тыс.т пры сярэдняй ураджайнасці 40 ц/га. Пры гэтым якасць сёлетняга ўраджаю, паводле ацэнак вучоных, значна вышэйшая, чым у мінулыя гады. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў прэм'ер-міністру Міхаілу Мясніковічу абнавіць дзяржрэзерв збожжа.

Асобна кіраўнік дзяржавы закрануў пытанне будаўніцтва сельгасаб'ектаў, зрабіўшы акцэнт на неабходнасці эканомнага расходавання сродкаў на гэтыя мэты без скарачэння аб'ёмаў будаўніцтва. "Будоўлю спыняць нельга, фермы трэба будаваць, і не толькі малочнатаварныя", — адзначыў ён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Беларусі на працягу двух гадоў неабходна асвоіць выпуск усяго спектра камплектуючых для вытворчасці вагонаў. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт краіны падчас паездкі па...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика