Курс беларускага рубля будзе вызначацца попытам і прапанаваннем. 21.by

Курс беларускага рубля будзе вызначацца попытам і прапанаваннем

31.08.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рынкавы курс беларускага рубля будзе вызначаны ў сярэдзіне верасня на дадатковай сесіі таргоў на валютнай біржы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны.

"Усім жадаючым купіць валюту, ад чаго аж стогне наша насельніцтва, асабліва ў Мінску, такая магчымасць будзе прадастаўлена", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у гэтых мэтах ён згадзіўся з прапановай Нацыянальнага банка аб адкрыцці да сярэдзіны верасня дадатковай сесіі таргоў на валютнай біржы, на якой можна будзе свабодна купіць і прадаць долары, еўра, расійскія рублі і іншую валюту. Увесь валютны попыт і прапанаванне будуць сканцэнтраваны на валютнай біржы.

Звяртаючыся да кіраўніцтва ўрада і Нацбанка, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што яно павінна строгім чынам узяць пад кантроль работу валютна-фондавай біржы.

Прэзідэнт таксама заявіў, што на асноўнай сесіі валюта будзе прадавацца толькі для аплаты за прыродны газ, што пастаўляецца, электраэнергію і іншыя неадкладныя плацяжы, каб гэта было стрымальным фактарам росту цэн.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, у адпаведнасці з якім для экспарцёраў адменены льготы па абавязковым продажы часткі валютнай выручкі.

"У мэтах забеспячэння неабходнага аб'ёму продажаў на асноўнай сесіі валютнай біржы я падпісаў указ, які адмяняе ўсялякія льготы па абавязковым продажы валюты", — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Усе абменныя пункты банкаў пасля адкрыцця дадатковай сесіі абавязаны праводзіць свабодны продаж валюты па рынкавым курсе", — падкрэсліў беларускі лідар.

Пры пакупцы валюты спатрэбіцца пашпарт

"Курс беларускага рубля будзе вызначацца попытам і прапанаваннем, як любы тавар. Мы штучна падтрымліваць курс не плануем", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Камітэт дзяржкантролю і праваахоўныя органы павінны паставіць жорсткую заслону спекулянтам, якія цяпер штучна нагнятаюць абстаноўку. "Гэта датычыцца і сродкаў масавай інфармацыі. За гэта адказвае Адміністрацыя Прэзідэнта", — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад Нацбанка кожны дзень адсочваць сітуацыю і пры неабходнасці ўмешвацца, збіваючы спекуляцыйныя атакі. "Сродкі для гэтага ёсць", — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

"Адначасова з мерамі курсавой палітыкі катэгарычна патрабую ад Нацбанка і ўрада: ніякай эмісіі. Усе будоўлі і праекты павінны фінансавацца за кошт здаровых неэмісійных крыніц", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, найбольш вострыя праблемы ў эканоміцы, у прыватнасці сітуацыю з валютай, удасца вырашыць на працягу гэтага года. "Гэта дробязь. Гэта праблема знікне максімум у бліжэйшым годзе, а жыццё будзе працягвацца", — сказаў Прэзідэнт, адзначыўшы, што неабходна думаць аб тым, як рухацца наперад.

Прэзідэнт даручыў Нацыянальнаму банку не пазней за кастрычнік увесці электронную сістэму ўліку куплі валюты па пашпарце, па кожным пакупніку персанальна, як гэта існуе ў многіх краінах свету, у тым ліку ў Расіі. "Пасля таго, як гэтай валюты нахапаюцца, вобразна кажучы, усе, каму яна патрэбна, курс умацуецца да раўнаважнага. Так было ва ўсіх дзяржавах. І мы гэта забяспечым. Рэсурсы для гэтага ёсць", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, увесь працэс выхаду на раўнаважны курс не зойме шмат часу.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускія тавары актыўна купляюцца за мяжой, а паступленне валютнай выручкі дасягнула свайго гістарычнага максімуму — за 7 месяцаў бягучага года склала $25 млрд. Пры гэтым за май-ліпень 2011 года валюты ў краіну паступіла на $1 млрд больш, чым зрасходавана.

"Ёсць устойлівая тэндэнцыя па выхаду на дадатнае сальда знешняга гандлю. За апошні месяц мы атрымалі дадатнае сальда ў памеры амаль $200 млн", — адзначыў Прэзідэнт.

Будзе забяспечана магчымасць перавесці рублёвыя ўклады ў валютныя

"Калі нехта захоча перавесці свае рублёвыя ўклады ў валютныя, то такая магчымасць павінна быць прадастаўлена. Не трэба абмяжоўваць насельніцтва ні ў чым", — сказаў Прэзідэнт.

У той жа час ён падкрэсліў, што Нацыянальнаму банку трэба арганізаваць сваю работу такім чынам, каб насельніцтву пры гэтым не трэба было здымаць рублі з банка, ісці ў абменны пункт і набываць валюту, усё павінна быць зроблена на месцы. Аднак Аляксандр Лукашэнка не раіць канвертаваць уклады. Ён нагадаў, што банкі ўжо цяпер прапануюць высокую даходнасць па ўкладах па беларускіх рублях. У бліжэйшы час даходнасць такіх укладаў стане яшчэ вышэйшай. "Такім чынам дзяржава будзе падтрымліваць сваю нацыянальную валюту і несці за гэта адказнасць", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў асаблівую ўвагу на эканамічныя працэсы, якія адбываюцца ў свеце. "Паглядзіце, што адбываецца з еўра і доларам. Сёння заклапочаны ўсе: што рабіць з надрукаванымі зялёнымі паперкамі", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, дадаўшы, што ўсё часцей у свеце гучаць размовы аб рэцэсіі. У сувязі з гэтым ён папярэдзіў: "Глядзіце, каб вы не засталіся са сваімі еўра і доларамі ў кішэні, пад падушкай, пад матрацамі, у гаражах, у банкаўскіх ячэйках і са сваімі інтарэсамі, на нас потым не крыўдзіцеся. Я вас папярэдзіў. Мы адказваем за сваю нацыянальную валюту і будзем яе ўсяляк падтрымліваць".

Прэзідэнт зноў нагадаў аб тым, што ў Беларусі няма неабходнасці замарожваць банкаўскія ўклады насельніцтва.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, паводле ацэнак Нацбанка, у насельніцтва Беларусі на руках знаходзіцца звыш $7 млрд. "У сувязі з гэтым даручаю Нацыянальнаму банку стварыць такія эканамічныя ўмовы, каб людзі самі прынеслі грошы ў банкаўскую сістэму. Калі гэта дапаможа справе, гатовы разгледзець пытанне і аб амністыі капіталу", — сказаў Прэзідэнт.

Да канца года ў эканоміку Беларусі будзе прыцягнута не менш як $5 млрд ад стратэгічных інвестараў, паведаміў Прэзідэнт.

У апошнія месяцы краіна навучылася жыць, не расходуючы золатавалютныя рэзервы, што стала вынікам не столькі валютных абмежаванняў, колькі карэкцыі макраэканамічнай палітыкі, якая праводіцца. "Да канца года ў краіну акрамя экспартнай выручкі будзе дадаткова прыцягнута не менш як $5 млрд на выгадных для краіны ўмовах ад стратэгічных інвестараў. Дакладна пралічаны і іншыя крыніцы. Гэтага нам дастаткова", — заявіў беларускі лідар.

Ліквідаваць расхлябанасць і прагнасць у банкаўскай сістэме

Акрамя сітуацыі на валютным рынку і ў пытанні бюджэтных расходаў, кіраўнік дзяржавы запатрабаваў навесці належны парадак і ў самой банкаўскай сістэме. "Сёння там вельмі шмат расхлябанасці і прагнасці. Часта менавіта ад банкаўскай сістэмы да насельніцтва ідзе паток панічнай дэзынфармацыі", — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка даручыў старшыні Камітэта дзяржбяспекі і іншым праваахоўным органам узяць пад кантроль гэта пытанне і неадкладна дакладваць аб усіх нават дробных выпадках. "Меры будуць прымацца імгненна адносна кіраўнікоў банкаў. Мы ведаем, што там адбываецца. Ведаем, куды ідзе танна валюта, хто накіроўвае канверты з просьбай канвертаваць грошы, — заявіў Прэзідэнт. — З заўтрашняга дня аб гэтым забудзьце. Кожны банкаўскі работнік павінен разумець, што не краіна працуе, каб забяспечыць дабрабыт банкаўскай сістэмы, а банкаўская сістэма працуе на краіну".

Звяртаючыся да старшыні праўлення Нацбанка Надзеі Ермаковай, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў "дашліфаваць і зачысціць банкаўскую сістэму, каб яна павярнулася тварам да дзяржавы і народа". Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што зарплаты ў банкаўскіх работнікаў часам у дзясяткі разоў вышэйшыя, чым у работнікаў іншых сфер.

Прэзідэнт паставіў задачу ўраду да канца года прыняць кардынальныя меры па вяртанні валютнай выручкі ў краіну.

"Вяртанне валютнай выручкі ў краіну — найважнейшая задача для ўрада. Сёння гэта амаль $5 млрд за пастаўленую беларускую прадукцыю", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад урада да канца года вярнуць у краіну як мінімум палавіну ад гэтых сродкаў.

КДК і праваахоўнікам дазволяць праводзіць пазачарговыя праверкі

Прэзідэнт запатрабаваў ад Камітэта дзяржкантролю і праваахоўных органаў "забяспечыць няўхільнае прымяненне самых строгіх мер, нягледзячы на чыны і былыя заслугі". "Да канца года як мінімум я адмяняю дзеянне ўсякіх указаў, нарматыўных актаў па забароне Камітэту дзяржаўнага кантролю і праваахоўным органам для правядзення кантрольных праверак там, дзе палічаць патрэбным кіраўнікі з мэтай стабілізацыі фінансавага становішча. Напрыклад, калі Якабсон заўтра вырашыць праверыць вось такі банк і выдасць пісьмовае прадпісанне, то гэты банк абавязкова павінен быць правераны", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён зрабіў акцэнт на асаблівай ролі мясцовых органаў улады ў цяперашняй сітуацыі. "Урад і ўлада на месцах павінны разумець наступнае: усё, што мы цяпер запланавалі зрабіць для стабілізацыі валютнага рынку, — гэта, па вялікім рахунку, дробязнае пытанне ў параўнанні з тым, што трэба будзе зрабіць", — сказаў беларускі лідар. Ён перакананы, што галоўнае — гэта прадаўжаць нармальную жыццядзейнасць у краіне: сеяць, убіраць ураджай, мадэрнізаваць фабрыкі і заводы і г.д.

Кіраўнік дзяржавы таксама запатрабаваў асаблівага выканання працоўнай дысцыпліны на вытворчасці. "Ніякай дэмакратыі на вытворчасці не павінна быць. Там павінны кіраваць дыктатура тэхналогій і жалезная дысцыпліна, як гэта прынята ў цывілізаваных краінах, у тым ліку на прыватных вытворчасцях", — сказаў Прэзідэнт.

Ён звярнуўся з просьбай да кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый не праводзіць штучнага скарачэння кадраў і ў той жа час строга ставіцца да разгільдзяяў, парушальнікаў дысцыпліны, п'яніц і расхлябаных людзей.

На нарадзе кіраўнік дзяржавы даручыў Камітэту дзяржкантролю і Адміністрацыі Прэзідэнта забяспечыць "штодзённы, штогадзінны кантроль не толькі за літарай, але і за духам выканання плана", які агучаны і накіраваны на стабілізацыю валютнага рынку ў Беларусі. Дзяржсакратару Савета Бяспекі даручана ўзяць пад кантроль і ажыццяўляць каардынацыю дзейнасці ўсіх праваахоўных органаў па забеспячэнні парадку і дысцыпліны.

Звышдаходы ад росту цэн накіруюць на меры сацыяльнай абароны

"Усе даходы, звязаныя з ростам цэн, накіраваць на меры сацыяльнай абароны. Гэта датычыцца як бюджэтных, так і камерцыйных арганізацый", — канстатаваў Прэзідэнт. Ён растлумачыў, што там, дзе ўтвараюцца звышдаходы, іх трэба забраць. "Бізнэс, прадпрыемствы, фізічныя асобы, якія паспяхова працуюць, павінны разумець, што цяпер дзяржаве трэба падставіць плячо", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што сам па сабе рост цэн не такі страшны, але ў людзей і прадпрыемстваў павінна быць дастаткова сродкаў для таго, каб існаваць у маштабе гэтых цэн. "Ёсць залішні рост цэн ва ўсіх сегментах эканомікі. Гэтыя сродкі павінны быць сабраны ў спецыяльны фонд і накіраваны ў дапамогу людзям. Перш за ўсё, шматдзетным сем'ям, малазабяспечаным і (учора вы аб гэтым чулі) дзецям, у дзіцячыя сады і школы, каб яны не засталіся без увагі, і перш за ўсё іх трэба накарміць і адзець", — адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што гэта будуць вялікія грошы, якія трэба накіравць на меры сацыяльнай падтрымкі людзям.

Аляксандр Лукашэнка ў час нарады таксама звярнуўся да прадпрымальнікаў: "Мы пайшлі насустрач бізнэсу, і гэта не словы, а канкрэтныя справы. У першым паўгоддзі 2011 года ўступілі ў сілу фундаментальныя рашэнні Дырэктывы нумар 4: свабоднае цэнаўтварэнне, рэкамендацыйны характар тарыфнай сеткі, свабода зарплат, меры эканамічнага стымулявання, скарачэнне колькасці відаў ліцэнзуемай дзейнасці". І гэта далёка не ўвесь пералік таго, што зроблена дзяржавай. "Сацыяльная адказнасць бізнэсу — гэта не лозунг, гэта павінна быць інструкцыяй да дзеяння", — лічыць беларускі лідар. Ён перакананы, што любы бізнэсмен павінен разумець, што гэта — яго краіна, нідзе яму не дадуць бізнэсам так займацца, як на сваёй зямлі.

"Узровень жыцця людзей, чаго б нам гэта ні каштавала, мы абавязаны захаваць. Мы не павінны дапусціць спаду рэальных даходаў грамадзян", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Для гэтага адначасова з мерамі па выхаду на адзіны курс беларускага рубля будуць ажыццёўлены разавыя выплаты. "Для матэрыяльнай падтрымкі бюджэтнікаў будзе аказана матэрыяльная дапамога ў памеры Br500 тыс., пры гэтым не павінны быць забыты і работнікі рэальнага сектара", — адзначыў кіраўнік дзяржавы, дадаўшы, што гэтыя меры павінны быць рэалізаваны ўжо ў верасні. Працягнецца выкананне прадугледжаных заканадаўствам абавязацельстваў дзяржавы па індэксацыйных выплатах, потым будзе павышана тарыфная стаўка першага разраду для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. "Паралельным курсам павінны рухацца ўсе вытворчыя, камерцыйныя структуры, павышаючы даходы насельніцтва", — перакананы Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, дапамогі сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей, будуць штоквартальна расці. Акрамя таго, у чацвёртым квартале гэтага года плануецца павелічэнне ў два разы аднаразовай дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. Не застануцца без увагі і непрацуючыя пенсіянеры. Ім таксама будзе аказана матэрыяльная дапамога ў памеры Br500 тыс. З 1 лістапада гэтага года будзе праведзены пераразлік працоўных пенсій, зыходзячы з сярэдняй зарплаты работнікаў за трэці квартал. Для аказання адраснай сацыяльнай дапамогі асабліва маючым патрэбу ў бюджэце прадугледжана каля Br70 млрд. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць у тым, што гэтыя грошы неабходна накіраваць у органы ўлады на месцах, каб людзі не хадзілі па ўсіх інстанцыях.

Прэзідэнт звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што Беларусь па-ранейшаму будзе праводзіць сацыяльна арыентаваны курс. "Ніякага адыходу ад курсу, зацверджанага на Усебеларускім народным сходзе, няма і быць не можа", — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

БЕЛТА.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рынкавы курс беларускага рубля будзе вызначаны ў сярэдзіне верасня на дадатковай сесіі таргоў на валютнай біржы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика