Аляксандр Лукашэнка прагназуе далейшае ўмацаванне беларускага рубля. 21.by

Аляксандр Лукашэнка прагназуе далейшае ўмацаванне беларускага рубля

22.09.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб гэтым прэзідэнт Беларусі заявіў учора на нарадзе па актуальных пытаннях сельскагаспадарчай галіны у ходзе рабочай паездкі ў Мінскую вобласць.

"Што мы бачым літаральна праз тыдзень пасля таго, як вы захацелі абсалютна рыначнага курсу, рыначных адносін? Калі вам праўду сказаць, то сёння Міхаілу Мясніковічу і Надзеі Ермаковай трэба працаваць так, каб гэты долар не ўпаў ніжэй за ўстаноўленыя Br5 тыс.", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Я папярэджваў, што гэты непарадак, які ў нас быў на валютным і як вынік на спажывецкім рынку ўзнік, нічым іншым нельга было растлумачыць, як панікай асобных груп насельніцтва, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Я вас тады папярэджваў, што ўсё гэта часова, таму не трэба думаць, што на гэтым жыццё спыніцца. І мы павінны зрабіць усё, каб жыццё на гэтым не спынілася".

Людзі — малайцы, падкрэсліў Прэзідэнт, яны адразу зарыентаваліся, што курс высокі і трэба хутчэй абмяняць на беларускія рублі. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што кожны дзень назіраецца прырост валюты ад прадпрыемстваў на біржы, прычым у разы. "Гэта сітуацыя вымусіла нас павярнуць у патрэбны бок, падкарэктаваць. Галоўны сэнс карэкціроўкі ў тым, што шалёных грошай больш не будзе. Ніхто ўкідваць у эканоміку і сельскую гаспадарку, як раней, шалёных грошай не будзе", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што ўсе павінны разлічваць толькі на свае рэсурсы. "Незаробленых грошай ніхто не дасць", — папярэдзіў ён. "У банках крэдыты, калі ласка, бярыце, калі задавольвае. Калі ўжо рыначна — значыць. рыначна", — адзначыў Прэзідэнт.

"Пятая наша калона спрабуе расхістаць дзяржаву, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Ніколі нічога не атрымаецца, калі ў цябе грамадзянін накормлены і апрануты. Ніякага расхіствання не будзе. Тым больш беларусы недурныя людзі, яны памятаюць, што было ў савецкія часы, бачылі, што было 10 гадоў таму, і бачаць, што ёсць цяпер". Прэзідэнт дадаў: "Так, мы не ўсё зрабілі. Але хацелася б бачыць тую дзяржава, якая ўсё зрабіла. Але мы ведаем, як рабіць, і сказалі, у якія тэрміны гэта зробім. І гэта жалезна трэба зрабіць".

Прэзідэнт Беларусі даручыў у поўнай меры забяспечыць плацежаздольны попыт сельгаспрадпрыемстваў на тэхніку і ўзмацніць кантроль за яе захоўваннем і эксплуатацыяй

Звяртаючыся да губернатараў, кіраўнік дзяржавы даручыў, зыходзячы з уласных фінансавых магчымасцяў, крэдытаў і аб'ёмаў дзяржаўнай падтрымкі, сфарміраваць заказ на сучасную сельгастэхніку, неабходную гаспадаркам. Пры гэтым ён запатрабаваў у поўнай меры загрузіць магутнасці прадпрыемстваў, якія вырабляюць сельскагаспадарчую тэхніку, каб тыя забяспечылі выкананне гэтых заказаў. "Няхай працуюць суткамі, але выдадуць столькі, колькі вы зможаце купіць", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што пры заказе тэхнікі неабходна ў першую чаргу зыходзіць з уласных магчымасцяў, не разлічваючы на залішнюю дапамогу з дзяржбюджэту.

Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі новы кормаўборачны камбайн айчыннай вытворчасці. Цяпер сабраны і прайшлі выпрабаванні дзве такія машыны, прадукцыйнасць якіх не ўступае лепшым сусветным узорам. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, патрэбнасць у такой тэхніцы складае 500-600 адзінак, а ў наступным годзе прадпрыемства зможа вырабіць 50-60 такіх машын. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў давесці гэту лічбу да 100, адначасова знізіўшы кошт машын. Акрамя таго, Прэзідэнт запатрабаваў узмацніць кантроль за ўмовамі захоўвання і эксплуатацыі сельгастэхнікі. "Трэба ўзмацніць жалезна кантроль за захаванасцю і эксплуатацыяй тэхнікі", — сказаў ён.   Пры гэтым кіраўнік дзяржавы прапанаваў адрадзіць парадак пастаноўкі сельгастэхнікі на лінейку гатоўнасці пасля завяршэння ўборачнага сезона, як гэта было ў часы Савецкага Саюза. "Гэта тое добрае, што трэба аднавіць. Скончыўся сезон — і на лінейку гатоўнасці", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

З 2012 года трэба канчаткова вызначыцца са структурай севазвароту ў краіне

"З наступнага года заканчваюцца ўсе эксперыменты, павінна быць устойлівая работа. Трэба ведаць, на якім полі што сеяць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, паказчыкі ўраджайнасці па асноўных сельгаскультурах у гэтым годзе даволі добрыя, а таму гэты год павінен стаць своеасаблівай планкай, ніжэй за якую ў будучым апускацца нельга.

Прэзідэнт падрабязна цікавіўся тым, як ідуць уборка сельгаскультур і сяўба азімых збожжавых у рэгіёнах. У прыватнасці, размова ішла аб уборцы кукурузы і нарыхтоўцы яе насення на кукурузакалібровачных заводах. Як далажылі кіраўніку дзяржавы, у цэлым Беларусь у наступным годзе будзе практычна поўнасцю забяспечана ўласным насеннем кукурузы, айчынныя вучоныя актыўна займаюцца распрацоўкай новых гібрыдных высокаўраджайных сартоў гэтай культуры. Разам з тым у пытанні селекцыі кукурузы Беларусь мае намер супрацоўнічаць і з іншымі краінамі. Як далажыў прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч, дасягнута пагадненне з Малдовай аб стварэнні сумеснага прадпрыемства для вытворчасці бацькоўскіх форм насення кукурузы. Неабходнасць гэтага ў першую чаргу абумоўлена розніцай паміж кліматычнымі ўмовамі ў Беларусі і Малдове.

Захаваць ураджай плодаагародніннай прадукцыі

"У гэтым годзе будзе злачынствам, калі мы не будзем належным чынам захоўваць бульбу, агародніну, плады, ягады і іншае. Усё, што можам потым прадаць па высокіх цэнах", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён нагадаў, што яшчэ ў мінулым годзе было строга пастаўлена пытанне па захоўванні агародніны і пладовай прадукцыі. "Было сказана, што ў гэтым годзе нічога ў буртах не захоўваем. Гэта ідэалогія!" — адзначыў Прэзідэнт.

Ён падкрэсліў, што неабходна максімальна поўна захаваць увесь сабраны ўраджай. Паводле яго слоў, у краіне мноства пустуючых памяшканняў, якія можна і неабходна задзейнічаць пад захоўванне плодаагародніннай прадукцыі.

Наступным этапам, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, стане выпуск фруктаў і агародніны ва ўпакоўцы, а таксама ачышчаных. Акрамя таго, у кожнай вобласці павінна быць па аднаму суперсховішчу, а ў Мінскай вобласці — два, узорам для якіх можа паслужыць такое сховішча ў Віцебскай вобласці. Аднак Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў асноўнай масе пад сховішчы неабходна задзейнічаць і прыстасоўваць пустуючыя памяшканні.

Аляксандр Лукашэнка даручыў старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Аляксандру Якабсону ўзяць пытанне захаванасці ўраджаю пад строгі кантроль.

Давесці ў 2011 годзе экспарт сельгаспрадукцыі да $4 млрд

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што за сем месяцаў бягучага года ўжо экспартавана прадукцыі больш як на $2,5 млрд., што амаль на трэць больш, чым у мінулым годзе. "У вас усяго застаецца $3 млрд. да канца пяцігодкі, каб мець вялікі ордэн на грудзях", — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіла Русага. "А што такое за чатыры гады $3 млрд.?" — дадаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што экспарт застаецца важным даходным артыкулам сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. "Тое, што сельскагаспадарчая вытворчасць можа быць прыбытковай, рэнтабельнай пры стварэнні эфектыўнай вытворчасці, мы ў гэтым пераканаліся. Больш таго, сельская гаспадарка ўносіць важкі ўклад у вырашэнне галоўнай задачы — атрыманні валюты ў краіну", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. На думку Прэзідэнта, сельская гаспадарка — гэта вялікі ўзнаўляльны рэсурс.

У той жа час Прэзідэнт падкрэсліў, што ў такім аб'ёме, як раней, сельская гаспадарка датавацца дзяржавай не будзе. "Усё, што мы запланавалі, мы кроў з носа павінны зрабіць, але за меншыя грошы, таму што такіх грошай, як раней, ужо не будзе", — сказаў Прэзідэнт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што скарачэнне расходаў не значыць спрашчэнне. На яго думку, усюды неабходны гаспадарскі падыход. "Але аб'ёмы нам трэба вытрымаць", — падкрэсліў ён.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў нарады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на аснове той сітуацыі, якая развіваецца ў краіне, у эканоміцы і фінансах, неабходна вызначыцца, якімі тэмпамі рухацца далей у гэтым і наступным годзе.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу прадаўжаць вядзенне сельгасработ ранейшымі тэмпамі.

"Нельга задавольвацца завяршэннем толькі ўборкі збожжа, спачываць на лаўрах і чакаць "Дажынак". Напружанасць сельгасработ не павінна слабець!" — падкрэсліў Прэзідэнт. Ён таксама адзначыў, што да "Дажынак" павінны быць завершаны асноўныя сельгасработы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўборачная кампанія ўступіла ў завяршальную стадыю. Гэта самы напружаны перыяд, таму асаблівае значэнне набываюць такія фактары, як арганізацыя работ, выкананне тэхналагічных патрабаванняў, недапушчэнне марнавання часу і матэрыяльных рэсурсаў. "І самае галоўнае — захаванасць ураджаю!" — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што неабходнасць гэтай аператыўнай нарады выклікана яшчэ і тым, што добрае надвор'е ўсіх заспакоіла. "Патрэбна ўзварушыць усе кадры знізу даверху", — падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён канстатаваў, што ў гаспадарках ужо завершана ўборка збожжавых і зернебабовых культур, рапсу, грэчкі, проса. Са жнівом збожжа таксама справіліся нядрэнна. "Мы атрымалі 7,7 млн.т, хоць гэта не тое, што вы абяцалі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных. — Сітуацыя павінна быць выпраўлена за кошт уборкі кукурузы на зерне. У нас яе дастаткова, і ўжо сёння мы збіраем 75 ц/га".

На палях знаходзіцца шмат іншых раслінаводчых культур: бульба, цукровыя буракі, ільнотраста, агародніна, кукуруза. "Не магу сказаць, што тэмпы ўборкі кукурузы на сілас добрыя і здавальняючыя, іх трэба павялічваць. 310 ц масы з гектара — гэта вельмі добры ўраджай, і яго трэба сабраць, каб папоўніць кармавую базу для жывёлагадоўлі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Паралельна з уборкай ураджаю гаспадаркі вядуць сяўбу азімых культур. Прэзідэнт папярэдзіў аб важнасці строгага выканання тэхнічных рэгламентаў сяўбы. "Усе эксперыменты ў гэтым годзе на зямлі ў гаспадарках скончаны. Кожная вобласць ведае, дзе сеяць, што сеяць і ў якім аб'ёме. Памылак больш быць не павінна", — падкрэсліў Прэзідэнт. На яго думку, важна прадугледзець і аптымальную структуру пасеваў азімых культур.

Без наяўнасці збалансаванай і дастатковай прававой базы немагчыма дасягнуць высокіх вынікаў у жывёлагадоўлі, а гэта найбольш даходны сектар агракомплексу. "Трэба зрабіць усё так, каб з кармамі ніякіх праблем не было, — сказаў Прэзідэнт. — Нам неабходна ўстойліва нарошчваць вытворчасць малака, мяса, а не таптацца на дасягнутым узроўні. Прычым рост павінен быць забяспечаны найперш за кошт інтэнсіўных фактараў".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў бягучым годзе паказаны нядрэнны вынік. Паводле яго слоў, за гэтым узроўнем трэба замацавацца і ні ў якім разе не дапусціць зніжэння ўраджаю і якасці работ наступныя гады. "Так, ураджай даволі высокі, але ніжэй нельга", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адно пытанне, на якое звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы, — пастаўкі вырашчанага ўраджаю па дзяржзаказе. "Тут ёсць недапрацоўкі па асартыменце. Асабліва па рапсе. Таксама своечасова не рэалізуецца піваварны ячмень і грэчка. Чакаць нельга. Гэта прадукцыя запатрабавана ўжо сёння", — сказаў Прэзідэнт.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым прэзідэнт Беларусі заявіў учора на нарадзе па актуальных пытаннях сельскагаспадарчай галіны у ходзе рабочай паездкі ў Мінскую вобласць. "Што мы бачым...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика