Усё аб аднаразовай матэрыяльнай дапамозе і не толькі. 21.by

Усё аб аднаразовай матэрыяльнай дапамозе і не толькі

23.09.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

...Бацька-пенсіянер пайшоў з жыцця 15 верасня гэтага года — ці можа сын атрымаць належную яму па рашэнні кіраўніка дзяржавы матэрыяльную дапамогу ў памеры 500 тысяч рублёў?.. Альбо іншая сітуацыя: непрацуючы пенсіянер атрымлівае пенсію ад Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі — ці мае ён права на атрыманне матэрыяльнай дапамогі для закупкі сельгаспрадукцыі?..

Пытанняў, якія на працягу гадзіны ўчора падчас прамой тэлефоннай лініі грамадзяне задавалі міністру працы і сацыяльнай абароны Марыяне ШЧОТКІНАЙ, было шмат — каля шасці дзясяткаў. Мы ж спынімся на найбольш цікавых з іх. Найчасцей людзі непакоіліся аб выплаце аднаразовай матэрыяльнай дапамогі, прадугледжанай Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 верасня № 417.

Адносна першай згаданай вышэй сітуацыі (са смерцю бацькі), міністр патлумачыла, што дапамога належыць самому пенсіянеру і наследаванню роднымі ў выпадку яго смерці не падлягае. У другой сітуацыі (дзе чалавек атрымлівае расійскую і беларускую пенсіі) таксама не трэба разлічваць на атрыманне матдапамогі, бо палажэнні Указа не распаўсюджваюцца на атрымальнікаў пенсій з іншых дзяржаў.

А вось пенсіянерцы, якая ўладкавалася на працу 5 верасня, дапамога будзе выплачана, паколькі яна (дапамога) выплачваецца атрымальнікам пенсіі, якія на 1 верасня 2011 года не з'яўляліся індывідуальнымі прадпрымальнікамі і не ажыццяўлялі працоўную дзейнасць.

Менш радасным быў адказ на пытанне студэнткі аднаго са сталічных універсітэтаў. Дзяўчына атрымлівае пенсію з нагоды страты карміцеля, вучыцца на дзённай форме ў БДУ. На перыяд летніх канікул (да 5 верасня) працавала па дагаворы падраду ў камерцыйнай арганізацыі. У мясцовых органах сацыяльнай абароны ёй сказалі, што на аднаразовую матэрыяльную дапамогу яна разлічваць не можа. Чаму?

Насамрэч, кажа Марыяна Шчоткіна, права на аднаразовую матэрыяльную дапамогу маюць атрымальнікі пенсіі, якія на 1 верасня 2011 года не ажыццяўлялі працоўную дзейнасць на падставе працоўных дагавораў, грамадзянска-прававых дагавораў, прадметам якіх з'яўляюцца выкананне работ, аказанне паслуг і стварэнне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, альбо на аснове членства ці ўдзелу ў юрыдычных асобах любых арганізацыйна-прававых формаў. Такім чынам, паколькі на 1 верасня студэнтка працавала, падстаў для выплаты ёй дапамогі, сапраўды, няма. Аднак міністр звярнула ўвагу на тое, што Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 417, які прадугледжвае выплату матэрыяльнай дапамогі, рэкамендавана кіраўнікам арганізацый, на работнікаў якіх не распаўсюджваецца дзеянне гэтага Указа, выплаціць матэрыяльную дапамогу сваім працаўнікам, зыходзячы з фінансавых магчымасцяў арганізацый.

Дарэчы, грамадзяне пыталіся, якія арганізацыі адносяцца да тых, што атрымліваюць субсідыі, і чые работнікі прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый?

Марыяна Акіндзінаўна растлумачыла, што ў адпаведнасці з пералікам тыпаў арганізацый, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 5 студзеня 2011 г. № 4, да арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, адносяцца: тэатральна-відовішчныя арганізацыі, паркі культуры і адпачынку, заапаркі, рэдакцыі перыядычных выданняў, арганізацыі тэлебачання і радыёвяшчання, арганізацыі кінематаграфіі, якія ажыццяўляюць пракат і паказ фільмаў.

Далей да міністра звярнулася адзінокая мама, якае мае дваіх дзяцей 2005-га і 2011-га гадоў нараджэння, прычым старэйшы сын — інвалід. На яго жанчына атрымлівае сацыяльную пенсію і дапамогу па яго доглядзе, а яшчэ — дапамогу па доглядзе малодшага дзіцяці да дасягнення ім узросту трох гадоў. Жанчына цікавіцца, у якім памеры ёй будзе выплачана прадугледжаная Указам № 417 дапамога?

Марыяна Акіндзінаўна патлумачыла, што на дапамогу мае права сама жанчына як атрымальнік дапамогі па доглядзе (па адной з падстаў) і яе дзіця-інвалід як атрымальнік пенсіі.

@ @ @ 

У сям'і выхоўваецца недзеяздольны інвалід 1 групы. Яго законны прадстаўнік — маці — атрымлівае сацыяльную пенсію; бацька не працуе, атрымлівае дапамогу па доглядзе інваліда 1 групы. Каму будзе выплачана аднаразовая дапамога?

У такой сітуацыі матэрыяльная дапамога паложана бацьку як атрымальніку дапамогі па доглядзе інваліда 1 групы і самому інваліду 1 групы — атрымальніку пенсіі. У сувязі з тым, што інвалід 1 групы з'яўляецца недзеяздольным, належная яму матэрыяльная дапамога будзе выплачана яго законнаму прадстаўніку — маці.

@ @ @

З улікам імклівага росту цэн на ўсе спажывецкія тавары і паслугі пенсіі не хапае, прызналася адна з пенсіянерак. Прыходзіцца падзарабляць, але пры гэтым губляецца частка пенсіі. Хіба справядліва адымаць частку заробленай пенсіі? Ці ёсць магчымасць адмяніць абмежаванні на выплату пенсій працуючым пенсіянерам?

— Абмежаванне выплаты пенсіі ў перыяд работы — мера неабходная, яна дазваляе падтрымліваць больш высокі ўзровень пенсій тым, хто ўжо пакінуў працу, — патлумачыла міністр. — Мяркую, вы пагодзіцеся, што для пенсіянераў статус работніка часовы. Рана ці позна, але пенсія становіцца адзінай крыніцай сродкаў існавання. І для таго, каб забяспечыць больш істотныя выплаты непрацуючым, пенсіі, якія выплачваюцца работнікам, абмяжоўваюцца. Звяртаю ўвагу, што да нас часта паступаюць звароты ад непрацуючых пенсіянераў з прапановай не выплачваць пенсіі тым пенсіянерам, якія працуюць. Таму да вырашэння гэтага пытання неабходна падыходзіць вельмі ўзважана.

@ @ @

"Чула аб змяненні памераў дапамог. Растлумачце, у якім памеры нам выплацяць дапамогу, калі нараджэнне двайнятак чакаецца да канца верасня або ў пачатку кастрычніка?" — наступнае пытанне.

— Сапраўды, Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 15 верасня 2011 года № 416 памер дапамогі ў сувязі з нараджэннем дзіцяці павялічаны ўдвая. Указ уступае ў сілу з 1 кастрычніка. Днём ўзнікнення права на матэрыяльную дапамогу з'яўляецца дзень нараджэння дзіцяці. Такім чынам, у выпадку нараджэння дзяцей да 30 верасня ўключна дзяржаўная дапамога будзе прызначана ў наступных памерах: пры нараджэнні першага дзіцяці — у памеры пяціразовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (2.211.800 рублёў); пры нараджэнні другога і наступнага дзяцей — у памеры сяміразовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (3.096.520 рублёў). Пры гэтым, калі ў сям'і чакаюцца першынцы, то пры нараджэнні двайнят памер дапамогі вызначаецца дыферэнцыравана: на першага з дваіх выплачваецца пяць бюджэтаў пражытачнага мінімуму, на другога — сем бюджэтаў пражытачнага мінімуму. Калі ў сям'і ўжо ёсць дзеці, то дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці будзе выплачана ў памеры сямі бюджэтаў пражытачнага мінімуму на кожнага з нованароджаных.   На дзяцей, народжаных пачынаючы з 1 кастрычніка, дапамога будзе выплачвацца ў наступных памерах: пры нараджэнні першага дзіцяці — у памеры дзесяціразовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму перад датай нараджэння дзіцяці (да 31 кастрычніка ўключна — 4423600 рублёў); пры нараджэнні другога і наступнага дзяцей — у памеры 14-разовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму перад датай нараджэння дзіцяці (да 31 кастрычніка 6193040 рублёў). Умовы і парадак выплаты дапамогі захоўваецца ранейшы. Акрамя таго, пры нараджэнні двайнят дадаткова паложана аднаразовая выплата на набыццё дзіцячых рэчаў першай неабходнасці на кожнага з дзяцей у памеры двухразовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (да 31 кастрычніка — 884720 рублёў). Выплата гэтай дапамогі ажыццяўляецца ў органе па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства.

@  @  @

Нашай сям'і адмоўлена ў назначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі. Як нам аб гэтым павінны паведаміць: па тэлефоне, пісьмова ці вусна?

— Згодна з Палажэннем аб парадку прадастаўлення дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі ў выглядзе штомесячнай і (або) аднаразовай сацыяльных дапамог, зацверджанага Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 верасня 2009 г. № 458, орган па працы, занятасці і сацыяльнай абароне не пазней як за тры рабочыя дні пасля прыняцця камісіяй адпаведнага рашэння абавязаны пісьмова паведаміць заяўніка аб прызначэнні дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі або аб адмове ў яе прызначэнні з указаннем прычын адмовы і парадку абскарджання.

@  @  @

Ці можа распаўсюджвацца калектыўны дагавор на не членаў прафсаюза?

— Калектыўны дагавор рэгулюе працоўныя і сацыяльна-эканамічныя адносіны паміж наймальнікам і яго работнікамі, прадстаўніком яго заключэння з'яўляецца прафсаюз. У адпаведнасці з артыкулам 365 Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, калектыўны дагавор распаўсюджваецца на наймальніка і ўсіх працаўнікоў, ад імя якіх ён заключаны, г.зн. на членаў прафсаюза, калі ў калектыўным дагаворы не прадугледжана іншае. На работнікаў — не членаў прафсаюза — калектыўны дагавор распаўсюджваецца пры ўмове, калі яны выказалі згоду на гэта ў пісьмовай форме.

@  @  @

У арганізацыі ўстаноўлены тэрмін выплаты заработнай платы 10 чысла, але наймальнік перыядычна выплачвае заработную плату на дзень-два пазней устаноўленага тэрміну. Ці з'яўляецца гэта парушэннем заканадаўства аб працы?

— Згодна з Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь, выплата заработнай платы ажыццяўляецца рэгулярна ў дні, вызначаныя ў калектыўным дагаворы, пагадненні альбо працоўным дагаворы, але не радзей чым два разы ў месяц. Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 1999 г. № 29 "Аб дадатковых мерах па ўдасканаленні працоўных адносін, умацаванні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны" прадугледжана, што выплата заработнай платы ажыццяўляецца рэгулярна ў дні, вызначаныя калектыўным дагаворам (пагадненнем), працоўным дагаворам (кантрактам), але не радзей чым адзін раз у месяц. Пры супадзенні тэрмінаў выплаты заработнай платы з выхаднымі днямі (Працоўны кодэкс) альбо дзяржаўнымі святамі і святочнымі днямі, яна павінна ажыццяўляцца напярэдадні іх. Наймальнік абавязаны выплачваць заработную плату работнікам у дні, вызначаныя працоўным дагаворам (кантрактам). Невыкананне тэрмінаў выплаты заработнай платы, устаноўленых у працоўным дагаворы (кантракце) з'яўляецца парушэннем заканадаўства аб працы.

@  @  @

Інваліду 2-й групы з кожным годам усё цяжэй даглядаць свайго састарэлага бацьку. Ці могуць бацьку ўзяць у дом-інтэрнат на ўмовах дзяржзабеспячэння?

— У адпаведнасці з Палажэннем аб парадку, асаблівасцях і падставах прадастаўлення грамадзянам спецыяльных жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду ў дамах-інтэрнатах для састарэлых і інвалідаў, дамах-інтэрнатах для дзяцей-інвалідаў, спецыяльных дамах для ветэранаў, састарэлых і інвалідаў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 1408, спецыяльныя жылыя памяшканні ў дамах-інтэрнатах агульнага тыпу прадастаўляюцца грамадзянам, што дасягнулі ўзросту, які дае права на пенсію па ўзросце на агульных падставах, інвалідам І і ІІ групы, якія страцілі поўную ці частковую здольнасць да самаабслугоўвання, маюць патрэбу ў доглядзе, дапамозе, бытавым і медыцынскім абслугоўванні, не маюць працаздольных членаў сям'і або іншых фізічных або юрыдычных асоб, абавязаных па законе іх утрымліваць. У канкрэтнай сітуацыі для афармлення ў дом-інтэрнат самому састарэламу альбо яго сыну неабходна звярнуцца ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства. Права на дзяржаўнае забеспячэнне маюць грамадзяне пры адсутнасці ў іх працаздольных членаў сям'і (члены сям'і дасягнулі ўзросту, які дае права на пенсію па ўзросце на агульных падставах або з'яўляюцца інвалідамі 1 і 2 групы), або іншых фізічных ці юрыдычных асоб, абавязаных па законе іх утрымліваць (на падставе дагавора рэнты з выдзяленнем сродкаў на ўтрыманне, дагавора пажыццёвага ўтрымання).

@  @  @

Як індэксуецца заработная плата работніка, які працуе на паўстаўкі? Індэксацыя яго заработнай платы будзе прапарцыйнай адпрацаванаму часу?

— Індэксацыя заработнай платы работнікам бюджэтных арганізацый, якія працуюць у рэжыме няпоўнага працоўнага часу, ажыццяўляецца па ўсталяваным заканадаўствам механізме і не залежыць ад адпрацаванага ім часу: на індэкс карэктуецца налічаная заработная плата ў межах нарматыву індэксацыі (сёння гэта 442360 рублёў). Частка заработнай платы, якая перавышае нарматыў, індэксацыі не падлягае. У арганізацыях небюджэтнай сферы калектыўнымі дагаворамі, пагадненнямі могуць быць прадугледжаны дадатковыя ў параўнанні з устаноўленымі заканадаўствам гарантыі па кампенсацыі работнікам страт ад інфляцыі.

@  @  @

Я працую ў камерцыйнай арганізацыі ў сферы гандлю. Сёння ў рэспубліцы назіраецца істотны рост цэн на тавары і паслугі. Скажыце, калі ласка, ці павінен наймальнік ажыццяўляць індэксацыю маёй заработнай платы?

— Умовы індэксацыі заработнай платы работнікаў залежаць ад таго, ці адносіцца арганізацыя, у якой яны працуюць, да бюджэтнай сферы. Заканадаўствам устаноўлена, што заработная плата работнікаў бюджэтных арганізацый індэксуецца ў абавязковым парадку. Індэксацыя заработнай платы работнікаў небюджэтнай арганізацый не з'яўляецца абавязковай для наймальніка. Рашэнне аб яе правядзенні прымаецца па ўзгадненні бакоў і павінна быць замацавана ў любым лакальным нарматыўным прававым акце арганізацыі. Напрыклад, у калектыўным дагаворы.

@  @  @

З лістапада, згодна з указам Прэзідэнта, будзе яшчэ адно павышэнне працоўных пенсій. У якім памеры? Які аб'ём сродкаў дадаткова пойдзе на гэтыя мэты?

Згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 2011 года № 327, з 1 лістапада гэтага года будзе праведзены пераразлік працоўных пенсій, зыходзячы з сярэдняй заработнай платы работнікаў у рэспубліцы за трэці квартал 2011 года. Паколькі сярэдняя заработная плата работнікаў у рэспубліцы за трэці квартал будзе вядомая толькі пасля 20-га кастрычніка, паведаміць дакладны памер павышэння пенсій і аб'ём дадатковых сродкаў, неабходных для гэтага пераразліку, пакуль што не ўяўляецца магчымым.

@  @  @

Ці справядліва, што ў Мінску з гарадскога бюджэту асобным катэгорыям жыхароў выплачваюцца прэферэнцыі (на сельгаспрадукцыю, надбаўкі бюджэтнікам, дапамога мамам на памперсы і г.д.), а жыхары іншых рэгіёнаў гэтага пазбаўлены?

— У любым выпадку рашэнне прымаецца выканаўчымі і распарадчымі мясцовымі органамі, бо фінансаванне ажыццяўляецца з мясцовага бюджэту. Рэгуляваць гэтае пытанне на рэспубліканскім узроўні нельга. Рэгіёны маюць права прымаць гэтае рашэнне з улікам фінансавых магчымасцяў мясцовага бюджэту.

@  @  @

Калі, нарэшце, будуць павышаны дапамогі па беспрацоўі?

— Сёлета Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны прапановы аб павышэнні стыпендый грамадзянам, накіраваным органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне на навучанне, перанавучанне ці павышэнне кваліфікацыі. Максімальны памер стыпендыі будзе прадугледжаны для грамадзян, вызваленых у выніку скарачэння колькасці альбо штату работнікаў. У Рэспубліцы Беларусь заяўлена практычна 60 тысяч вакансій, што практычна ўдвая перавышае колькасць беспрацоўных, якія стаяць на ўліку па беспрацоўі ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

@  @  @

"Я летась скончыла тэхнікум. На працу так і не змагла ўладкавацца, бо ўсім патрэбны вопыт работы. Чула, што ў цэнтрах занятасці дапамагаюць атрымаць вопыт працы. Ці праўда гэта і куды мне звярнуцца?"

— Сапраўды, з мэтай набыцця беспрацоўнай моладдзю прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў практычнай працы на вытворчасці, павышэння яе канкурэнтаздольнасці на рынку працы, пашырэння магчымасцяў працаўладкавання арганізуецца "Моладзевая практыка". "Моладзевая практыка" арганізуецца на вучнёўскіх рабочых месцах, якія ствараюцца наймальнікамі незалежна ад формы ўласнасці, за выключэннем арганізацый, дзейнасць якіх фінансуецца за кошт бюджэтных сродкаў. "Моладзевая практыка" можа арганізоўвацца з наймальнікамі, якія маюць магчымасці і ўмовы арганізацыі вучнёўскіх працоўных месцаў для набыцця беспрацоўнай моладдзю прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў на вытворчасці па існуючых у іх спецыяльнасцях, прафесіях і кваліфікацыі. Перавагу маюць наймальнікі, якія забяспечваюць магчымасць далейшага працаўладкавання беспрацоўнай моладзі на пастаянныя рабочыя месцы. "Моладзевая практыка" арганізуецца тэрмінам да шасці месяцаў. З беспрацоўнымі, якія пражываюць у малых і сярэдніх гарадскіх паселішчах і населеных пунктах з устойліва высокім узроўнем беспрацоўя, а таксама ў сельскіх населеных пунктах, заключаецца кантракт тэрмінам на адзін год. Наймальніку кампенсуюцца затраты па заработнай плаце работніка ў перыяд праходжання "Моладзевай практыкі" ў памеры мінімальнай заработнай платы і абавязковых страхавых узносаў. На вучнёўскія рабочыя месцы накіроўваюцца беспрацоўныя, зарэгістраваныя ва ўстаноўленым парадку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў якасці беспрацоўных... Аплата працы беспрацоўных, прынятых на вучнёўскія рабочыя месцы, выплачваецца наймальнікамі за фактычна выкананыя аб'ёмы работ або адпрацаваны час у адпаведнасці з дзеючай у іх сістэмай аплаты працы (нормамі і расцэнкамі), але не ніжэй за мінімальную заработную плату, устаноўленую заканадаўствам, у тым жа парадку і тыя ж тэрміны, што і выплата заработнай платы іншым работнікам. Для таго, каб прыняць удзел у праграме "Моладзевай практыкі", неабходна звярнуцца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне па месцы жыхарства.

@  @  @

"На вашу думку, Марыяна Акіндзінаўна, ці пагражае Беларусі ўсплёск беспрацоўя цяперашняй восенню?".

— Сітуцыя на рынку працы Беларусі зараз стабільная, узровень зарэгістраванага беспрацоўя знаходзіцца ў рамках прагнозных паказчыкаў. Перадумоў для масавага ўсплёску беспрацоўя ў краіне няма, колькасць вакансій заяўленых наймальнікамі ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне перавышае колькасць зарэгістраваных беспрацоўных практычна ў два разы. На канец мінулага года колькасць незанятага насельніцтва склала 476,3 тысячы чалавек (у 2005 годзе гэтая колькасць складала 841900 чалавек — гэта значыць, адзначаецца дынаміка змяншэння на 365.600 чалавек). Напружанасць на рынку працы пастаянна зніжаецца. На канец жніўня 2010 года яна складала 0,7 беспрацоўных на вакансію, на канец жніўня 2011 — 0,5 (у 2005 годзе — 2 беспрацоўныя на вакансію).

Інга МІНДАЛЁВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Бацька-пенсіянер пайшоў з жыцця 15 верасня гэтага года — ці можа сын атрымаць належную яму па рашэнні кіраўніка дзяржавы матэрыяльную дапамогу ў памеры 500 тысяч...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика