"Выхад на ўстойлівае перавышэнне экспарту над імпартам — пытанне нацыянальнай бяспекі". 21.by

"Выхад на ўстойлівае перавышэнне экспарту над імпартам — пытанне нацыянальнай бяспекі"

16.12.2011 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Учора ў сталічным Палацы Рэспублікі распачаў работу пастаянна дзейны семінар кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржорганаў. Сёлета ён прайшоў непасрэдна пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі, а ў цэнтры ўвагі яго ўдзельнікаў апынулася тэма імпартазамяшчэння.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, тэма семінара прадыктавана самім жыццём: сёння імпартазамяшчэнне з'яўляецца важнейшым дзяржаўным прыярытэтам, ад рэалізацыі якога залежыць эканамічная бяспека краіны. Красамоўнае пацвярджэнне гэтаму — сітуацыя, якая сёлета склалася на валютным і спажывецкім рынках. Яе наступствы адчулі на сабе і прадпрыемствы, і ўсё насельніцтва. Адной з асноўных прычын нястачы валюты з'яўляецца высокая імпартаёмістасць нашай эканомікі. На жаль, пакуль атрымліваецца так, што ўсе заробленыя за кошт экспарту сродкі ідуць на закупку тавараў і паслуг у іншых дзяржаў. Праўда, сёлетні год стаў сапраўды адметным — прыток экспартнай выручкі паставіў рэкорд — больш за 35 млрд долараў ЗША. Аднак і гэтых велізарных сродкаў не хапае, каб аплаціць увесь імпарт.

Задача, пастаўленая кіраўніком дзяржавы, і рашэнні чацвёртага Усебеларускага сходу, па сутнасці, не выкананы. Паводле ацэнак Прэзідэнта, імпартазамяшчэнне так і не стала асноўным, жыццёва важным пытаннем для многіх кіраўнікоў, асабліва ў рэгіёнах. Статыстыка ўражвае: імпарт да ВУП складае 75 працэнтаў. Гэта значыць, тры чвэрці заробленага трэба аддаць на закупку імпарту!

"Што тады застанецца на выплату заробкаў і пенсій, якія неабходна павышаць? Як павялічыць фінансаванне адукацыі, аховы здароўя, навукі? Як будзем будаваць жыллё?.." — задаў жорсткія пытанні Аляксандр Лукашэнка.

Таму па-ранейшаму стратэгічнай задачай застаецца выхад на станоўчае сальда знешняга гандлю.

На працягу апошняга дзесяцігоддзя ў краіне рэалізоўваліся дзяржаўныя галіновыя і рэгіянальныя праграмы імпартазамяшчэння. Асноўнымі іх мэтамі было зніжэнне матэрыяльных і энергетычных (ільвіная доля экспарту) выдаткаў, адмова і замяшчэнне некрытычнага імпарту, пашырэнне экспарту. У якасці станоўчага прыкладу кіраўнік дзяржавы прывёў папяровую фабрыку "Спартак", на якой пасля радыкальнай мадэрнізацыі пачалі выпускаць імпартазамяшчальную прадукцыю не толькі на ўнутраны рынак, але і пастаўляць яе за мяжу. Аналагічныя прыклады паспяховай работы ў гэтым кірунку ёсць і ў іншых рэгіёнах. З многімі з іх удзельнікі семінара маглі на свае вочы азнаёміцца на наладжанай у фае Палаца Рэспублікі выставе. Разам з тым цалкам задача па істотным зніжэнні імпартаёмістасці эканомікі і выхадзе на станоўчае сальда не была вырашана. За апошнюю пяцігодку таварная структура беларускага экспарту практычна не змянілася і па-ранейшаму характарызуецца вялікай доляй энергетычных тавараў і сціплай колькасцю прамысловай высокатэхналагічнай прадукцыі.

Нават прадукцыя, якая вырабляецца ў рамках рэалізацыі імпартазамяшчальных праектаў, мела ўзровень імпартнага складніка ад 70 да 90 працэнтаў і прынцыпова не аказвала ўплыву на скарачэнне адмоўнага сальда. Не змянілася і імпартаёмістасць спажывецкага рынку. У 2010 годзе, як і пяць гадоў таму, імпарт спажывецкіх тавараў складаў каля 25 працэнтаў рознічнага таваразвароту.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, час паказаў, што самі праграмы імпартазамяшчэння складаліся фармальна і не змяшчалі праектаў, значных для сектараў эканомікі і рэгіёнаў. Няма станоўчых вынікаў і нягледзячы на шэраг іншых захадаў.

"Станоўчыя тэндэнцыі ў знешнім гандлі сёлета не павінны нікога расслабляць", — падкрэсліў Прэзідэнт. У многім яны абумоўлены карэкціроўкай курсу рубля, у выніку якой рэзка падаражэў імпарт. Таму набываць за мяжой сталі менш, а экспарт, наадварот, павялічыўся.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, такая сітуацыя доўга не працягнецца.

"Прыбыткі насельніцтва, зарплаты і пенсіі будзем паслядоўна павышаць. Ужо на пачатку 2012 года ў чарговы раз яны вырастуць, — заявіў Прэзідэнт. — Таму нашы вытворцы павінны дабіцца, каб людзі патрацілі прыбаўку даходаў на набыццё айчынных тавараў".

Прычым ніякіх забарон на спажывецкім рынку ўводзіцца не будзе. Кіраўнік дзяржавы глыбока перакананы, што перамагчы і прадаць свой тавар як унутры краіны, так і на экспарт можна выключна ў канкурэнтнай барацьбе з імпартам, праз павышэнне якасці і спажывецкіх уласцівасцяў прадукцыі.

На СТАА "Лекфарм" (Лагойск) запушчана новая лінія па вытворчасці лекаў. У цырымоніі пуску лініі ўзяла ўдзел адна з вучэбных груп семінара кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржаўных органаў на чале з кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Уладзімірам Макеем.

Прычым аналізаваць трэба кожную пазіцыю, кожную таварную групу, кожны долар імпарту. Замяшчаючы імпартны тавар, вырабляючы канкурэнтаздольную прадукцыю, мы не толькі плацім менш валюты іншым, але і больш зарабляем самі.

"А гэта — прыбыткі нашых людзей, занятасць, сацыяльная і эканамічная стабільнасць", — адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка лічыць нерэальным і непатрэбным "усё да капейчыны" замясціць айчынным таварам. Аднак плацежаздольны попыт нашых людзей трэба задаволіць, у тым ліку і за кошт стварэння новых магутнасцяў. Тым больш што для нас адкрыты велізарны рынак Расіі і Казахстана, з якімі ў Мытным саюзе — свабодны гандаль. Беларусь тут у больш выгадным становішчы, чым вытворцы з трэціх краін, якім давядзецца плаціць мытную пошліну.

Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на імпартазамяшчальным патэнцыяле рэгіёнаў.

"Многае з таго, што мы імпартуем у краіну, элементарна вырабіць ва ўмовах малых гарадоў і сельскіх населеных пунктаў, выкарыстоўваючы маёмасць, будынкі і збудаванні, якія ўжо маюцца. Для гэтага дастаткова навесці парадак і арганізаваць вытворчасць. Пакуль жа па імпарце цягнем з Польшчы, В'етнама, Кітая кадкі для кветак, кашолкі для бялізны, тапарышчы, граблі і нават зубачысткі!", — абурыўся Прэзідэнт.

Нават ва ўмовах дарагога імпарту сёлета ўвезена яблыкаў на 40 млн долараў ЗША, макароны і крупаў — на 70 мільёнаў долараў, кандытарскіх вырабаў, шакаладу і цукерак — амаль на 100 млн, адзення і абутку — больш як на 200 млн долараў, лекаў — на суму звыш 300 млн долараў.

З гэтай нагоды Аляксандр Лукашэнка прапанаваў старшыням райвыканкамаў і аблвыканкамаў на пленарным пасяджэнні і падчас работы ў групах далажыць, колькі на месцах створана вытворчасцяў, якія замяшчаюць імпарт, дзе іх прадукцыя на паліцах крамаў, колькі засвоілі тавараў праз ініцыятыву людзей, рамесніцтва...

Паводле ацэнкі Прэзідэнта, вельмі нізкую эфектыўнасць працы паказвае спажывецкая кааперацыя. Асабліва ў лясной і плодаагародніннай прадукцыі. Саленні, марынады, кансерваваныя ягады, грыбы, гародніна — гэта дарагі экспартны тавар, а мы яго амаль не вырабляем і нават наадварот — імпартуем. Дары нашага лесу прадаём за мяжу за капейкі...

Вучэбная група ўдзельнікаў семінара начале з прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам наведала СТАА "Хенкель Баўтэхнік" у Заслаўі.

Абсалютная большасць нашага імпарту — больш за 70 працэнтаў — гэта энерганосьбіты, сыравіна, металы... І цэны на іх растуць кожны год.

"Таму выхад у нас адзін — эканоміць, эканоміць і яшчэ раз эканоміць, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Гэта не проста патрабаванне, гэта павінна стаць ладам жыцця, стылем гаспадарання".

Рэзерваў тут сапраўды нямала: спажыванне таго ж газу на аднаго занятага ў Беларусі амаль удвая вышэйшае, чым у Германіі, у паўтара — чым у Італіі і Англіі. Энергаёмістасць эканомікі хоць і знізілася, але ўсё яшчэ ў паўтара раза вышэй, чым у развітых краінах. Таму менавіта з кіраўніцкай вертыкаллю, кадрамі, якія павінны забяспечыць напружанне і жорсткую дысцыпліну, эканомію, мабілізаваць людзей, Аляксандр Лукашэнка звязвае дасягненне пастаўленых мэтаў. Пакуль гэтага няма, бо расхлябанасці хапае і ў саміх кіраўнікоў.

Прэзідэнт агучыў вынікі некаторых праверак, якія выкрылі жудасную бесгаспадарнасць. Так, выпадкі адзінкавыя, так бы мовіць, прыватныя. Аднак у маштабах краіны — гэта тысячы і мільёны тон перарасходу нафты, газу, металаў. Менавіта з іх складваецца рэальная эканоміка, канчатковы вынік работы.

"Кожны з прысутных павінен зразумець і давесці да ўсіх падначаленых — толькі ад нас саміх залежыць узровень нашага дабрабыту, будучыня і незалежнасць краіны", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пытаннем нацыянальнай бяспекі назваў Аляксандр Лукашэнка выхад на ўстойлівае перавышэнне экспарту над імпартам. У сувязі з гэтым Прэзідэнт засяродзіў увагу ўдзельнікаў семінара на праблеме пастаўкі тавараў з нізкай ступенню перапрацоўкі. У якасці аднаго з прыкладаў кіраўнік дзяржавы прывёў экспарт паперы адной з мадэрнізаваных экспартаарыентаваных фабрык, якую ён днямі наведаў. Атрымліваецца, што мы экспартуем паперу, а потым самі закупляем сурвэткі і іншыя тавары, якія нехта вырабіў з нашай жа паперы! На думку Аляксандра Лукашэнкі, у такіх выпадках трэба "дадаць" для паглыблення перапрацоўкі.

Таксама Прэзідэнт запатрабаваў больш эфектыўна выкарыстоўваць мясцовую сыравіну, у тым ліку скураную і пушную. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што велізарныя аб'ёмы сыравіны вывозяцца за мяжу за бясцэнак, а потым вяртаюцца да нас у выглядзе гатовай прадукцыі, у тым ліку і футраў.

"Усю сыравіну трэба перапрацоўваць у краіне — і скураную, і пушную, і вырабляць затым з яе прадукцыю", — паставіў задачу Прэзідэнт.

Адна з вучэбных груп пад кіраўніцтвам старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоля Рубінава і першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Радзькова наведала ААТ "Фармтэхналогія"     Сярод іншых жорсткіх пытанняў, якія прагучалі ад кіраўніка дзяржавы, было і тое, што датычылася адсутнасці вынікаў ад Нацыянальнай праграмы развіцця экспарту. На працягу ўсяго перыяду яе рэалізацыі сальда знешняга гандлю было адмоўным і мела ўстойлівую тэндэнцыю да пагаршэння. Імпарт рос такімі тэмпамі і ў такіх прапорцыях, што ў тры разы перавысіў парог эканамічнай бяспекі.   Усю мінулую пяцігодку назіралася ўстойлівае зніжэнне долі экспарту ў агульным аб'ёме прамысловай вытворчасці. У 2005 годзе стартавалі з 57% экспарту прадукцыі, а ў 2010-м закончылі з 46%. І гэта пры тым, што аб'ёмы вытворчасці актыўна прырасталі.

Прэзідэнт заклікаў удзельнікаў семінара не проста да самакрытычнай размовы, а да "мазгавога штурму", каб у выніку двух дзён працы кожны меў дакладны план — што і як павінен рабіць на сваім працоўным месцы, як мабілізаваць на рашэнне складаных задач падначаленых.

Падчас свайго выступлення прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч заклікаў кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў найхутчэй і ў поўнай ступені скарыстацца тымі выгодамі, якія адкрываюцца са стварэннем Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана.

"Нашы прадпрыемствы і галіны павінны ў поўным аб'ёме скарыстацца магчымасцямі, якія адкрывае АЭП, бо ў адзін час сышліся тры спрыяльныя для нас фактары: адзіны рынак з высокай тарыфнай абаронай, рост плацежаздольнасці нашых партнёраў, спрыяльны для экспарту абменны курс беларускага рубля", — заявіў прэм'ер.

Ён патлумачыў, што для эфектыўнай рэалізацыі праектаў па стварэнні ў Беларусі імпартазамяшчальных вытворчасцяў неабходны такі фактар, як маштабнасць рынку збыту.

Аднак, папярэдзіў Міхаіл Мясніковіч, "акно магчымасцяў" хутка зачыніцца: максімум, што ў нас ёсць, — бліжэйшая пяцігодка. Таму часу на разварушванне няма зусім.

У прыватнасці, ён чакае змянення тарыфаў пры імпарце асобных відаў тавараў. Так, напрыклад, уступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю прывядзе да зніжэння ўзроўню тарыфнай абароны па шэрагу тавараў у бліжэйшыя 3-7 гадоў. Як вынік — супрацьстаяць імпарту давядзецца толькі за кошт павышэння канкурэнтаздольнасці і якасці прадукцыі.

Таксама прэм'ер-міністр Беларусі звярнуў увагу, што партнёры па Мытным саюзе рэалізуюць праграму па выхадзе на самазабеспячэнне па асобных відах тавараў, што таксама ўяўляе пагрозу беларускім прадпрыемствам, якія пастаўляюць гэтую прадукцыю ў Расію і Казахстан.

"Умацоўвайцеся і рыхтуйцеся да самай жорсткай канкурэнцыі, нават на рынку АЭП", — падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.

Ён таксама ўказаў на важнасць інтэграцыі беларускіх прадпрыемстваў не толькі з партнёрамі па Мытным саюзе, але і з трэцімі краінамі, ТНК. Паводле слоў прэм'ер-міністра, скочванне сусветнай эканомікі да рэцэсіі не спрыяе зліццю і прыцягненню інвестыцый, а таму трэба максімальна скарыстацца тымі магчымасцямі, якія маюцца зараз.

Міхаіл Мясніковіч назваў памылковым меркаванне пра тое, што ўдзел Расіі ці іншага бізнэсу ў прыватызацыі ў Беларусі вядзе да рэйдарства і іншых непрыемнасцяў, ледзь не да закрыцця беларускіх прадпрыемстваў. Трэба разумець, што выкінуць з агульнага еўразійскага рынку некаторыя нашы прадпрыемствы калегі могуць і без набыцця іх актываў, развіваючы аналагі на сваёй тэрыторыі. Інтэграцыйныя працэсы не азначаюць, што нашы прадпрыемствы знікнуць ці стануць прыдаткамі нейкіх вытворчасцяў — размова ідзе аб партнёрстве і аптымізацыі рынкавых рашэнняў.

Прэзідэнт Беларусі запатрабаваў ад чыноўнікаў большай эфектыўнасці і ініцыятыўнасці ў працы.

"Пачынайце варушыцца. Улады на тое і існуюць, каб прымушаць, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Праўду кажа прэм'ер: мы не абаронімся, не адгародзім сябе мытнымі пошлінамі і г. д. Нас проста раздушаць, таму што ў нас адкрытая эканоміка".

Кіраўнік дзяржавы таксама раскрытыкаваў працу мясцовых органаў улады. Паводле яго слоў, на ўзроўні губернатараў і міністраў "гайкі заціснулі", але старшыні гар- і райвыканкамаў поўнасцю выключаны са справы. Ён падкрэсліў, што мясцовыя ўлады павінны кантраляваць і прымушаць укараняць у вытворчасць сучасныя тэхналогіі.

Пра тое, як гэта адбываецца на ўзроўні вобласці — Магілёўскай, і асобнага раёна — Бярэзінскага, удзельнікам семінара расказалі губернатар Пётр Руднік і старшыня райвыканкама Юрый Наркевіч.

У другой палове дня ўдзельнікі семінара ўзялі ўдзел у практычных занятках на канкрэтных аб'ектах Мінска і Мінскай вобласці.

Сяргей ПРОТАС.

Фотаздымкі БЕЛТА.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора ў сталічным Палацы Рэспублікі распачаў работу пастаянна дзейны семінар кіруючых работнікаў рэспубліканскіх і мясцовых дзяржорганаў. Сёлета ён прайшоў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика