Для будаўніцтва "Мінск-Сіці" замест "Ітэры" будзе знойдзены новы інвестар
17.02.2012
—
Новости Политики
|
Для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта "Дзелавы цэнтр "Мінск-Сіці" будзе знойдзены новы інвестар. Адпаведнае рашэнне прынята 16 лютага па выніках даклада Прэзідэнту Беларусі аб выкананні яго даручэнняў па будаўніцтве гэтага шматфункцыянальнага комплексу, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што 5 месяцаў таму праводзіў ужо нараду па гэтым пытанні, у ходзе якой заслухаў даклады старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю, старшыні Мінскага гарвыканкама і прэм'ер-міністра. "Мы тады агаварылі ўсе пытанні і прынялі рашэнне", — заўважыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да іх. Разам з тым заказчыкам СТАА "Мінск-Сіці", асноўным заснавальнікам якога з'яўляецца група кампаній "Ітэра", рэалізацыя праекта вядзецца нездавальняючымі тэмпамі. Інвестарам не забяспечана станоўчага змянення існуючай сітуацыі. У цэлым асваенне сродкаў з пачатку рэалізацыі праекта склала ўсяго каля 0,5 працэнта ад заяўленага аб'ёму інвестыцый Br25,6 трлн. Найбольш праблемнымі застаюцца пытанні вынасу з тэрыторыі забудовы аб'ектаў РУП "Мінскі авіярамонтны завод" і будаўніцтва Цэнтра тэхнічнага абслугоўвання і рамонту авіяцыйнай тэхнікі. "Ніякіх пераносаў тэрміну больш не будзе! Ніякіх ільгот дадаткова не будзе! Усё, што на сённяшні дзень існуе: можаш — будуй, не можаш — прыйдзі і скажы, што не можам у гэтых умовах будаваць", — заявіў кіраўнік дзяржавы на нарадзе ў верасні 2011 года. Тады ж Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў, што ў выпадку адсутнасці належнай работы з боку інвестара ў пачатку 2012 года будуць прыняты кардынальныя рашэнні. У ходзе цяперашняга абмеркавання Прэзідэнт чарговы раз выказаў незадавальненне ходам падрыхтоўчых работ і рэалізацыі інвестпраекта. "Прынята рашэнне аб неабходнасці скасавання адносін паміж дзейным інвестарам і Рэспублікай Беларусь. Сёння ёсць шэраг зваротаў іншых інвестыцыйных кампаній з розных краін. Ім будзе прапанавана ўвайсці ў рэалізацыю гэтага праекта на тых жа ўмовах, якія былі першапачаткова агавораны для дзейнага на гэты момант інвестара. Мы аператыўна зоймемся гэтай работай, і адпаведная прапанова інвестыцыйным кампаніям і фондам будзе ўнесена", — сказаў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. Гарадскім уладам даручана на працягу месяца выпрацаваць парадак устанаўлення адносін паміж гэтымі кампаніямі і Рэспублікай Беларусь у асобе Мінгарвыканкама. Пры гэтым калі нейкія ўмовы, якія будуць прапаноўвацца магчымымі новымі інвестыцыйнымі кампаніямі, не будуць задавольваць беларускі бок, Мінгарвыканкам створыць адпаведнае прадпрыемства, якое возьме на сябе функцыі па рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. "Магчымасці і патэнцыял у Беларусі ёсць. Гэта месца ў цэнтральнай частцы беларускай сталіцы з'яўляецца даволі запатрабаваным. Прапановы, якія паступаюць сёння, даюць магчымасць гаварыць аб тым, што гэты праект будзе рэалізоўвацца ў тых параметрах, якія былі першапачаткова вызначаны кіраўніком дзяржавы, калі прымалася рашэнне аб забудове гэтай тэрыторыі", — запэўніў мэр Мінска. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для рэалізацыі інвестыцыйнага праекта "Дзелавы цэнтр "Мінск-Сіці" будзе знойдзены новы інвестар. Адпаведнае рашэнне прынята 16 лютага па выніках даклада...
|
|