Аляксандр Лукашэнка: "У Еўрасаюзе зразумелі бесперспектыўнасць санкцый у адносінах да Беларусі"
27.04.2012
—
Новости Политики
|
Па існуючай ужо традыцыі Аляксандр Лукашэнка 26 красавіка праводзіць у чарнобыльскіх рэгіёнах. У другі дзень сваёй рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць Прэзідэнт Беларусі наведаў Быхаўскі раён. Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод вырабляе вялікую колькасць кансерваванай натуральным спосабам прадукцыі з высакаякаснай сыравіны. Асноўныя партнёры на замежным рынку — Расія, Казахстан, Туркменістан, ЗША, Канада. У 2011 годзе завод атрымаў чыстага прыбытку ў суме Br4 млрд пры рэнтабельнасці продажаў 8,6 працэнта. Экспартавана прадукцыі на суму $2,2 млн. У Еўрасаюзе зразумелі бесперспектыўнасць санкцый у адносінах да Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Вось калі б еўрапейцы разумелі, што санкцыі дзейнічаюць і нас можна нахіліць у той бок, у які яны хочуць, вы думаеце, яны ад іх адмовіліся б? Ніколі. Яны нас душылі б, на калені ставілі, потым яшчэ закапалі б па калена ў зямлю, а можа і глыбей. Напэўна, зразумелі, што санкцыі — гэта шлях нікуды, гэта бесперспектыўна. Яны, напэўна, зразумелі, што Беларусь ім патрэбна". Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў Беларусі было прынята рашэнне з больш умацаваных заходніх граніц перакінуць частку сіл на паўднёвы напрамак. "Цяпер мы ў асноўным кантралюем тыя пытанні, якія цікавяць Беларусь, і працуем у асноўным з кантролем на ўезд у краіну", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён адзначыў: "Ужо сумежныя дзяржавы звярнуліся да нас: дапамажыце, вы ж практычна адкрылі граніцу. Але ў нас няма грошай. Так, я магу павялічыць колькасць мытных і пагранічных пастоў, але вы, калі ласка, нам заплаціце". Калі Беларусь аслабіла кантроль на выезд у Еўропу, на Захадзе атрымалі цэлую хвалю мігрантаў з Афганістана, Пакістана, Азіі, канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. "Я не гавару аб тых буйных эканамічных стратах, якія панясуць парты Балтыі. Не буду таіць: мы вядзём перагаворы з Расіяй, каб яны панізілі чыгуначныя тарыфы з тым, каб мы загрузілі іх парты на Балтыцы, яны былі б рады бачыць мільёны тон нашых грузаў". Прэзідэнт таксама сказаў аб тым, што Беларусь дамовілася з украінцамі аб павелічэнні аб'ёмаў паставак праз паўднёвыя парты. Ён рэзюмаваў: "Калі мы не патрэбны ў краінах ЕС, то мы будзем шукаць сваё шчасце далей". Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў: "Калі ЕС сёння гатовы без папярэдніх умоў, не нахіляючы нас налева, направа, з намі размаўляць па-чалавечы, то мы гатовы ў любы час вярнуцца па любых пытаннях за стол перагавораў. Мы не ястрабы, ястрабінай палітыкі ў Беларусі не было і не будзе. Таму мы гатовы садзіцца і абмяркоўваць любыя праблемы. Але будуць аказваць націск — мы будзем адказваць". Для Беларусі вельмі важны візіт Прэзідэнта Туркменістана, які заўтра прыбывае ў Мінск, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. У ходзе перагавораў з кіраўніком Туркменістана плануецца абмеркаваць увесь комплекс двухбаковага супрацоўніцтва, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама падкрэсліў: "Магчыма, мы выйдзем на нейкія новыя тэмы. Але дай бог рэалізаваць тое, пра што мы раней дамаўляліся". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Туркменістан з'яўляецца важным і перспектыўным партнёрам для Беларусі. У Туркменістана ёсць вялікія сродкі, але няма тых тэхналогій, якія ёсць, напрыклад, у Беларусі, ва Украіне, Расіі. "Мы пачалі будаваць у іх калійны камбінат, і яны вельмі задаволены нашай работай. Мы прапанавалі будаваць аўтадарогі, жыллё, пастаўляць туды тэхніку", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама нагадаў аб тым, што ёсць дамоўленасць з Прэзідэнтам Туркменістана сустракацца адзін раз у год-паўтара і кантраляваць, як рэалізуюцца дамоўленасці. Пытанне будаўніцтва другой АЭС у Беларусі пакуль неактуальнае, заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на пытанні журналістаў."Гэта пытанне неактуальнае пакуль, — сказаў Прэзідэнт. — Але пакуль мы яшчэ прыкідваем, думаем, глядзім". "Я паўжартам сказаў, што нядрэнна было б, каб вы нам дапамаглі тэхналогіямі пабудаваць другую АЭС. Калі б на ўмовах, як Расія ў нас будуе гэту станцыю, была б пабудавана яшчэ адна атамная станцыя на другой пляцоўцы (вы ведаеце, яна гатова і даследавана — у Магілёўскай вобласці), мы былі б значна багацейшымі, таму што мелі б поўную энергетычную бяспеку, знікла б залежнасць па электраэнергіі", — сказаў кіраўнік дзяржавы, успамінаючы сваю сустрэчу ў Мінску з генеральным дырэктарам МАГАТЭ. "Але калі знойдзецца інвестар на такіх умовах, як Расія ў нас будуе атамную электрастанцыю, я быў бы рады. Можа, японцы, карэйцы, французы з немцамі, амерыканцы... Пажывём — пабачым. Але хацелася б, вядома", — дадаў Аляксандр Лукашэнка. "У нас быў генеральны дырэктар МАГАТЭ, і спецыялісты агенцтва прысутнічаюць пастаянна, яны манітораць сітуацыю і да нас не маюць пытанняў па тэхналогіях будаўніцтва і бяспекі станцыі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. "Мы бяром самыя перадавыя тэхналогіі ў расіян, такіх станцый ужо нямала пабудавана па ўсім свеце Расіяй. Гэта самы высокі ўзровень абароненасці і бяспекі станцыі", — адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што будаўніцтва АЭС ужо вядзецца. "Таму атамнай станцыі ў Беларусі быць, і мы яе пабудуем, хто б ні крычаў, па міжнародных стандартах", — сказаў Прэзідэнт. "Палітыка вызначана, і я дакладна прытрымліваюся гэтай палітыкі. Мы тут гаспадары на гэтай зямлі і мы будзем вызначаць, дзе будаваць і што будаваць", — заявіў Аляксандр Лукашэнка, каментуючы выказванні аб тым, што нейкія еўрапейскія сілы могуць прымусіць Беларусь прыпыніць будаўніцтва АЭС. "Наконт нейкіх еўрапейскіх сіл, якія спрабуюць нас нахіліць не першы год і прымусіць нас рабіць так, як яны хочуць, а не так, як мы хочам жыць, вы ўжо ведаеце аб гэтых выніках", — адзначыў беларускі лідар. "Літоўцы крычаць, што яны таксама на тым жа месцы хочуць пабудаваць сваю атамную станцыю. На такой жа адлегласці ад нашай граніцы", — сказаў Прэзідэнт. "Дарэчы, тая станцыя, якую яны быццам бы закрылі і вывелі, яшчэ пыхкае там. Яна пабудавана ўвогуле на нашай граніцы. І ваду яны бяруць з нашых азёр. Чаму тады не крычалі, скідваючы нам бруд у гэтыя азёры? Што гэта станцыя была небяспечная, яны самі ў гэтым распісаліся, закрыўшы яе па патрабаванні сваіх кампаньёнаў", — дадаў кіраўнік дзяржавы. Беларусь і Расія знялі ўсе вострыя эканамічныя і грамадска-палітычныя пытанні, заявіў Прэзідэнт. "Мы стварылі Адзіную эканамічную прастору, дзе ўсе роўныя, ужо няма гэтых войнаў, ні малочных, ні іншых. Мы маем вялікі рынак: каля 170 млн чалавек, перш за ўсё за кошт Расіі, гэта значыць зняты ўсе эканамічныя і грамадска-палітычныя пытанні, якія былі ў нас з Расіяй", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Расія будуць супрацоўнічаць па ўсіх напрамках. Гэта датычыцца і супрацоўніцтва ў ваенна-тэхнічнай сферы. "Закрытых тэм у нас няма ў ваенна-тэхнічнай галіне, у абароне нашых граніц, і мы з расіянамі будзем выбудоўваць агульную абаронную палітыку, стратэгію, тактыку і на практыцы будзем гэта ажыццяўляць", — сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што калі існавалі праблемныя пытанні ў эканамічным супрацоўніцтве Беларусі і Расіі, абмяркоўваўся і напрамак абароны агульнай прасторы. "Помніце, калі нам за 5 гадоў чатыры разы павысілі цэны на газ, калі яны былі такімі, як у Германіі, а то і вышэй, помніце, як з нафтай нам цяжка было, мы ў Венесуэлу ездзілі? Але паралельна ішлі кантакты з Расіяй у АДКБ. І там заўсёды абмяркоўвалася пытанне, як мы будзем абараняць нашу агульную прастору", — сказаў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што ў Саюзнай дзяржаве ў Беларусі і Расіі сумесная групоўка на заходнім напрамку. Паводле яго слоў, пытанне сумесных дзеянняў і абароны тут таксама абмяркоўвалася. "Тады я і публічна гэта гаварыў, і Пуціну, і Мядзведзеву: так, мы гатовы і сумесную ППА зрабіць, мы да ўсяго гатовы. Але я павінен сваім людзям растлумачыць, што ж мы будзем абараняць, калі Расія, брацкая, блізкая краіна, прадае нам па такіх цэнах тое, у чым мы маем патрэбу? Навошта нам сёння напружвацца, калі мы можам гандляваць і так?" — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, цяпер сітуацыя змянілася. "Паглядзіце, што адбылося цяпер. Цэны мы маем прыкладна $165-170 на газ, такіх цэн у свеце практычна няма ў Расіі з іншымі дзяржавамі. Бяспошлінная пастаўка нафты, калі нафта каштуе сёння на рынках, дапусцім, $800, то мы маем магчымасць атрымліваць па $400-450", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён нагадаў, што ў той час ён адразу падпісаў указ аб стварэнні адзінай групоўкі проціпаветранай абароны. "Гэта вельмі цікавіла расіян, і гэта вельмі важна", — дадаў Прэзідэнт. Беларусь пайшла на супрацоўніцтва і ў іншых сферах, асабліва актывізаваўшы адносіны ў плане сумеснай беларуска-расійскай групоўкі войскаў. Сёння Расія цалкам аснашчае беларускія сілы хуткага рэагавання ўзбраеннем і абмундзіраваннем. Беларусь за паўцаны атрымлівае ўзбраенне з Расіі. "Інакш кажучы, ужо ёсць што абараняць", — адзначыў Прэзідэнт. "Расія многія пытанні вырашыла, і гэта не адзін мільярд долараў, — рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка. — Расія прыняла нашы ўмовы — мы прымаем іх умовы. Таму такіх наогул няма напрамкаў, дзе мы не можам супрацоўнічаць". Мадэрнізацыя і стварэнне сучасных высокаэфектыўных вытворчасцяў дасць магчымасць вырашыць праблему замацавання спецыялістаў у чарнобыльскіх рэгіёнах. "Каб замацаваць спецыялістаў у чарнобыльскіх рэгіёнах, патрэбны такія сучасныя прадпрыемствы, як Быхаўскі кансервава-агароднінасушыльны завод", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Прадукцыя гэтага прадпрыемства пастаўляецца ў многія краіны свету, у тым ліку ў ЗША. Працаваць на такім заводзе імкнуцца многія мясцовыя жыхары. "Будуць у нас такія прадпрыемствы — пытанне кадраў закрыецца раз і назаўсёды", — сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што яшчэ тры гады таму губернатары ўзнімалі пытанне недахопу настаўнікаў, медыкаў. Цяпер гэта праблема практычна знята. Прэзідэнт лічыць, што спецыялістам, якія прыязджаюць на работу, трэба ўсякім чынам дапамагаць, у тым ліку з жыллём. У Беларусі зарплаты будуць павышацца з ростам прадукцыйнасці працы. "Будзеце вырабляць больш прадукцыі — будзеце больш прадаваць, будзе больш грошай, а значыць і большая зарплата. Ніхто незаробленых грошай нікому не дасць, гавару вам адкрыта. Друкаваць грошы мы не будзем для таго, каб плаціць зарплату", — адзначыў Прэзідэнт. На яго думку, "трэба самім прыкладаць намаганні і думаць, як зарабляць". А калі спатрэбіцца дапамога дзяржавы — дапаможам, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Тлумачачы, чаму ён прыехаў менавіта ў Быхаўскі раён, Прэзідэнт сказаў, што хацеў паглядзець, як жывуць тут людзі, як адраджаецца вытворчасць. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пераканаўся ў эфектыўнасці адраджаемых зямель. "Я вельмі рады, што мы адрадзілі гэты выдатны куток і паціху пераадольваем гэты чарнобыльскі сіндром", — дадаў кіраўнік дзяржавы. У Беларусі, Казахстана і Расіі няма сістэмных супярэчнасцяў па фарміраванні Еўразійскага эканамічнага саюза. "Ніякіх сістэмных супярэчнасцяў у гэтым няма. Карысць у тым, што ў 2015 годзе дакладна будзе Еўразійскі саюз", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што Беларусь і Расія выступаюць з адзіных пазіцый па пытаннях стварэння саюза. "Адзінае, мы гаворым аб тым, што тое, што датычыцца нашых суверэнных правоў як дзяржаў, і тое, што мы можам вырашаць самі, Расія і Беларусь, мы не павінны заганяць у гэту агульную бочку. Мы не павінны ўсе пытанні суверэнітэту аддаваць пакуль яшчэ, можна сказаць, вельмі слабаму наднацыянальнаму органу — Еўразійскай камісіі. Мы самі можам пакуль вырашаць пытанні, узгадняючы іх з Расіяй, Казахстанам", — лічыць беларускі лідар. Ён расказаў, што ў гэтым плане былі сур'ёзныя пярэчанні Казахстана. "Не важна тое, што Казахстан сказаў: да 2015 года мы дакладна падпішам гэты дагавор. Раней такога не было. Таму ў 2015 годзе дакладна будзе Еўразійскі саюз", — падкрэсліў Прэзідэнт. "Сістэмных супярэчнасцяў няма, ёсць толькі вызначаныя часовыя рамкі", — дадаў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэтыя пытанні плануе абмеркаваць з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым у час яго візіту ў бліжэйшы час у Беларусь. Прэзідэнт Беларусі расказаў, што лідары дзвюх краін маюць намер пракантраляваць, як рэалізуюцца двухбаковыя дамоўленасці. Паводле яго слоў, Беларусь удзельнічае прыкладна ў 30 з 35 казахстанскіх праграм мадэрнізацыі. Беларусь пастаўляе ў гэту краіну не толькі тэхніку, але і мае намер прымаць удзел у праектах па развіцці сельскай гаспадаркі. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, беларускі вопыт вельмі цікавы Казахстану. "Мы гатовы будаваць аграгарадкі, пастаўляць тэхніку, вяртаць у севазварот землі: мы многае гатовы рабіць і дзяліцца вопытам са сваімі казахскімі сябрамі, як працаваць на зямлі", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Беларусь прадоўжыць актыўнае развіццё чарнобыльскіх рэгіёнаў. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што яму ў свой час даводзілася прымаць рашэнні па пераарыентацыі сродкаў па чарнобыльскіх праграмах. Тады было вырашана накіроўваць сродкі на адраджэнне чарнобыльскіх рэгіёнаў. Практыка паказала правільнасць і эфектыўнасць прынятага рашэння. "З той пары мы зрабілі нямала ў Беларусі — мы пачалі адраджаць чарнобыльскія землі. І сёння мясцовыя жыхары пацвярджаюць, што гэта было правільнае рашэнне. Мы сабралі ўсе грошы, якія ішлі па чарнобыльскай праграме, і кінулі іх на адраджэнне зямель, у развіццё вытворчасці. За кошт акумуляваных сродкаў мы пачалі ствараць новыя прадпрыемствы, будаваць станцыі па ачыстцы вады ад прымесяў жалеза, дарогі, газіфікавалі рэгіёны. І, як бачыце, мы атрымалі добры вынік", — сказаў кіраўнік дзяржавы. І сёння аб так званым чарнобыльскім Быхаўскім раёне не скажаш, што гэта горшы раён, якім ён быў яшчэ 5-7 гадоў таму. Гэта ўжо раён высокага ўзроўню. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзякуючы рэалізацыі чарнобыльскай праграмы ўдалося ўзняць на належны ўзровень і іншыя раёны Магілёўскай вобласці. "Мы нямала зрабілі апошнім часам і я не шкадую часу і грошай, якія мы затрацілі на рэабілітацыю і аднаўленне чарнобыльскіх земляў. Мы ў гэтым напрамку будзем дзейнічаць і далей", — падкрэсліў Прэзідэнт. Гаворачы аб праблеме кадраў у рэгіёне, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што яна ў асноўным вырашана або вырашаецца. "Няма катастрофы, трэба спакойна жыць і працаваць і думаць аб будучым", — рэзюмаваў ён. Паводле паведамленняў прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па існуючай ужо традыцыі Аляксандр Лукашэнка 26 красавіка праводзіць у чарнобыльскіх рэгіёнах. У другі дзень сваёй рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць... |
|