Полацк будзе развівацца ў якасці аднаго з буйных турыстычных і культурных цэнтраў Беларусі. 21.by

Полацк будзе развівацца ў якасці аднаго з буйных турыстычных і культурных цэнтраў Беларусі

26.05.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Аб гэтым 25 мая заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, прымаючы ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 1150-годдзю горада.

Да пачатку ўрачыстай часткі Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з тым, як вырашаюцца задачы па сацыяльна-эканамічным развіцці Полацка і Віцебскай вобласці. Губернатар Аляксандр Косінец далажыў кіраўніку дзяржавы аб выкананні прагнозных паказчыкаў, значным росце чыстага прыбытку арганізацый рэгіёна, планах па прыцягненні інвестыцый і жыллёвым будаўніцтве, завяршэнні веснавых палявых работ. На працягу года ў Віцебскай вобласці адзначаецца ўстойлівы рост грашовых даходаў насельніцтва. Кіраўніцтва рэгіёна плануе ў хуткім часе вярнуць зарплаты на ўзровень $500, перш за ўсё за кошт росту прадукцыйнасці працы і павышэння эфектыўнасці вытворчасці.

Прэзідэнту далажылі аб рэалізацыі мерапрыемстваў комплекснай праграмы развіцця Полацка на 2008-2012 гады, у адпаведнасці з якой у горадзе ўжо адрамантаваны, рэканструяваны і пабудаваны многія аб'екты. З 37 мерапрыемстваў праграмы да канца 2012 года будуць рэалізаваны 30. Адносна астатніх сямі кіраўніцтва вобласці знайшло істотныя рэзервы для эканоміі бюджэтных сродкаў. Разам з тым, па некаторых пытаннях Аляксандр Косінец звярнуўся з просьбай аб неабходнасці дадатковага фінансавання. Кіраўнік дзяржавы даручыў вывучыць магчымасць аказання такой падтрымкі.

Аляксандр Лукашэнка наведаў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт. Тут яму далажылі аб выкананні даручэння па рэстаўрацыі і рэканструкцыі будынкаў былога Езуіцкага калегіума, у карпусах якога размяшчаецца гэта ўстанова адукацыі. Усяго было перададзена 9 карпусоў. Уведзены ў эксплуатацыю пасля мадэрнізацыі шэсць з іх. "Я не верыў, што вы яго адновіце, і шкадаваў, што ўзяўся за гэта, але вы зрабілі нядрэнна", — сказаў Прэзідэнт.

Цяпер колькасць студэнтаў Полацкага дзяржуніверсітэта складае каля 13,5 тыс. чалавек. Аднак сёння ёсць праблемы з забеспячэннем жыллём. У сувязі з гэтым плануецца будаўніцтва новага студэнцкага інтэрната на 730 месцаў.

Аляксандр Лукашэнка агледзеў памяшканні ўніверсітэта, азнаёміўся з арганізацыяй навучальнага працэсу, паразмаўляў са студэнтамі.

Кіраўнік дзяржавы таксама азнаёміўся з праектамі па рэстаўрацыі і рэканструкцыі гістарычнай часткі Полацка. У прыватнасці, размова ідзе аб развіцці інфраструктуры тэрыторый, прылеглых да Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра і Сафійскага сабора. Прэзідэнт адобрыў прапанаваныя планы. "Трэба ўсё захаваць і аднавіць", — даручыў ён.

У ходзе наведвання ўніверсітэта і азнаямлення з навучальнай літаратурай размова таксама ішла аб тым, што перыядычна ў грамадстве і адукацыйным асяроддзі мусіруецца пытанне аб неабходнасці вывучэння таго ці іншага прадмета ў школах на нейкай адной з дзвюх дзяржаўных моў. "Навошта ўзнімаць пытанні, калі яны ўжо даўно вырашаны і якія спакойна вырашаюцца самі па сабе", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка выразна абазначыў сваю пазіцыю, што кожны павінен свабодна выбіраць, на якой з дзяржаўных моў навучацца. Ён таксама заўважыў, што скончыў рускамоўную школу. Аднак гэта яму не перашкаджала паспяхова вывучаць беларускую мову.

Затым кіраўнік дзяржавы папрысутнічаў на канцэрце, прысвечаным юбілею горада. "Гэта дата знамянальная не толькі для палачан. Яна выклікае глыбокае пачуццё нацыянальнай гордасці ў сэрцы кожнага беларуса. Шанаванне слаўных старонак летапісу свайго народа — аснова патрыятызму і грамадзянскасці людзей. Як карані жывяць і надаюць устойлівасць дрэву, так і гістарычнае мінулае, павага да дзеянняў продкаў узвышаюць чалавека, фарміруюць і ўмацоўваюць нацыю", — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што менавіта на полацкай зямлі бярэ пачатак беларуская дзяржаўнасць. Горад адыграў выдатную ролю ў гісторыі і як духоўная калыска народа. "Менавіта адсюль распаўсюдзілася па беларускай зямлі святло праваслаўнай веры, пісьменства і мастацтва", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, наведаўшы Полацк, ён з радасцю ўбачыў, што горад не застыў у сваім развіцці, не ператварыўся ў горад-музей, які жыве толькі былой славай. "Ва ўсім відаць яго накіраванасць у будучыню: у новабудоўлях і прамысловых прадпрыемствах, у планах і настроях людзей. Тут паўсюдна кіпіць жыццё. Паспяхова развіваецца эканоміка, сацыяльная сфера, адукацыя і культура, ствараюцца камфортныя ўмовы для палачан і шматлікіх гасцей. І пры гэтым беражліва і разумна захоўваецца багатая спадчына мінулых стагоддзяў", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым, заўважыў Прэзідэнт, ёсць жыхары горада, якія не вельмі ўспрымаюць планы па мадэрнізацыі Полацка. "Я павінен сказаць тым, хто прама, адкрыта або скрыта спрабуе процістаяць мадэрнізацыі горада: мадэрнізацыя — не перабудова на сучасны лад, мы імкнёмся са старажытных стагоддзяў дастаць усё, што сёння не бачым, каб наша нацыя ганарылася тым, што ёсць на полацкіх землях", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Для гэтых людзей хачу сказаць: мною прынята рашэнне — генеральны план аднаўлення Полацка. Гораду Полацку быць як апоры духоўнасці, культуры нашага народа".

"Таму тым, хто сёння спрабуе хадзіць па дварах і збіраць подпісы, — не спяшайцеся, хутка будуць парламенцкія выбары. Захавайце гэты дух, вам гэта яшчэ патрэбна будзе, а Полацк мы ператворым у сапраўдную Меку для культурнага чалавека. Рашэнне прынята", — падкрэсліў Прэзідэнт.

"Хочацца верыць, што дзякуючы рэалізацыі канцэпцыі развіцця інфраструктуры гістарычных раёнаў Полацка цудоўны горад нібыта народзіцца нанава і стане адным з самых перспектыўных культурных і турыстычных цэнтраў нашай краіны", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Гаворачы пра Полацк, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэты горад з любоўю называюць сэрцам беларускай зямлі. "У гэтым горадзе абавязкова павінен пабываць кожны беларус, каб, дакрануўшыся да вытокаў айчыннай гісторыі, адчуць гордасць за сябе і свой працавіты і таленавіты народ, — лічыць Прэзідэнт. — Тут, у геаграфічным цэнтры Еўропы, абавязкова павінен пабываць і кожны еўрапеец. Павандраваўшы па вуліцах, дзе больш чым за тысячу гадоў перапляліся традыцыі Захаду і Усходу, розныя веры і культуры, лягчэй будзе зразумець: наша агульнае мінулае — крок да агульнай будучыні".

Беларусь — гэта не задворкі Еўропы, а вароты ў ЕўраАзію, ключ да практычнага ўвасаблення ідэі інтэграцыі інтэграцый. Паколькі аб'яднанне патэнцыялаў Еўрапейскага і Еўразійскага саюзаў дасць магчымасць стварыць зусім новыя магчымасці для дынамічнага развіцця і ўсебаковага супрацоўніцтва краін і народаў двух кантынентаў. Менавіта ў пашырэнні гэтай ідэі мы бачым важнейшую місію і геапалітычную ролю нашай дзяржавы як сувязнага звяна", — заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз павіншаваў палачан з юбілеем і пажадаў, каб Полацк і далей жыў, развіваўся і працвітаў.

Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Фота БЕЛТА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аб гэтым 25 мая заявіў кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, прымаючы ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 1150-годдзю горада. Да пачатку ўрачыстай часткі Аляксандр...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика