Курс дзяржавы на паляпшэнне жыцця людзей будзе працягнуты і пасля парламенцкіх выбараў. 21.by

Курс дзяржавы на паляпшэнне жыцця людзей будзе працягнуты і пасля парламенцкіх выбараў

21.06.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА ў эксклюзіўным інтэрв'ю "Звяздзе" расказаў пра новыя заканадаўчыя рашэнні і падзяліўся думкамі па некаторых пытаннях парламенцкага жыцця.

— Уладзімір Паўлавіч, мяркуючы па нядаўняй бойцы дэпутатаў у Вярхоўнай Радзе Украіны, ды і па падобных падзеях у некаторых іншых парламентах, залы парламенцкіх пасяджэнняў пры пэўных абставінах становяцца даволі рызыкоўным месцам для работы. Ці мо гэта наўмысны дэпутацкі піяр?

— Я не хачу каментаваць тое, што па-за маральнымі абмежаваннямі. Мой калега, Старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Уладзімір Літвін даў ацэнку гэтаму факту.

— Вы лічыце такія шакіруючыя прэцэдэнты непрымальнымі для беларускага парламентарызму?

— Не толькі для парламентарызму, а і ўвогуле для ўзаемаадносін паміж людзьмі.

— Што ж, на ваш погляд, застрахоўвае беларускі парламент ад вострых эмацыянальных сутычак, так сказаць, на грані, а то і за гранню фолу?

— Заканадаўчую справу як справу дзяржаўную катэгарычна нельга рабіць закладнікам распаленых эмоцый. Дэпутаты, да іх гонару, гэта разумеюць. Для нас галоўнае не спрэчкі дзеля спрэчак, людзям на пацеху, а кансалідаваная работа, якая прыносіла б адчувальны вынік.

— А як жа тады дыскусіі?

— Дыскусіі ў заканадаўчым органе ўлады — справа нармальная і неабходная. У Палаце прадстаўнікоў гэта неад'емны складнік заканатворчага працэсу. Кожны законапраект, асабліва які мае шырокае грамадскае значэнне, да ўнясення яго на разгляд дэпутатаў праходзіць некалькі этапаў абмеркаванняў, пачынаючы з так званага нулявога чытання з распрацоўшчыкамі. Затым праект заканадаўчага акта прапрацоўваецца на ўзроўні рабочых груп, спецыялістаў нашага Сакратарыята, профільных камісій, сумесных пасяджэнняў некалькіх камісій, прычым з удзелам адказных асоб міністэрстваў, ведамстваў, Савета Міністраў, Адміністрацыі Прэзідэнта, а таксама грамадскіх арганізацый і аб'яднанняў.

Уяўляеце, якая гэта карпатлівая, працяглая і, я сказаў бы, шматслойная экспертыза, прычым як у перыяд да першага чытання законапраекта, так і да другога? Тут і сутыкненні розных думак, і кансультацыі, і ўзгадненні, і, бывае, работа над дакументам, як кажуць, ідзе па новым крузе. Гэта асноўная частка заканатворчага працэсу, хаця і нябачная збоку. А разгляд законапраектаў у Авальнай зале завяршае і падсумоўвае іх прапрацоўку, калі ўсе прынцыповыя пытанні ўжо ўзгоднены, таму праходзіць у дзелавым тонусе.

— Непаразуменні ў ходзе абмеркаванняў узнікаюць?

— А што такое, скажыце, непаразуменні, як не роскід думак? Але мы разам з нашымі партнёрамі па заканатворчасці заўсёды імкнёмся адшукаць у ім найбольш істотны канструктыў, залатую сярэдзіну, прымальную для ўсіх, і прыходзім да згоды.

— І які галоўны крытэрый гэтай залатой сярэдзіны?

— Карысць заканадаўчых прапаноў для развіцця краіны, для эканомікі ці іншага сегмента грамадскага жыцця, карысць для людзей.

— Калі з гэтай пазіцыі паглядзець на заканатворчы прадукт, створаны за мінулы перыяд падыходзячай да завяршэння дзясятай сесіі Палаты прадстаўнікоў, то што вы акцэнтуеце ў ім?

— Вельмі вялікая комплексная работа была праведзена па праекце новага Жыллёвага кодэкса. У працэсе яго абмеркавання з актыўным удзелам грамадскасці паступіла больш за 4 тысячы заўваг і прапаноў. Усе яны былі разгледжаны і прааналізаваны профільнай камісіяй. Самае канструктыўнае зафіксавана ў канчатковым тэксце дакумента. Яшчэ адзін законапраект вялікага і доўгачасовага значэння, прыняты на сесіі, — "Аб дзяржаўнай інавацыйнай палітыцы і інавацыйнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь", які пацвярджае неаслабную ўвагу дзяржавы да стымулявання інавацыйнага развіцця эканомікі і краіны. Істотнымі новаўвядзеннямі папоўніўся Банкаўскі кодэкс, адкарэкціраваны ў першым чытанні. Навацыі паспрыяюць умацаванню фінансавай сістэмы і павышэнню яе эфектыўнасці ў вырашэнні эканамічных задач.

Што датычыцца іншых напрамкаў удасканалення прававой базы, то я адзначыў бы ў першую чаргу рашэнні, накіраваныя на замацаванне пазітыўных працэсаў у дзелавым клімаце. Гэта прававая рэгламентацыя камерцыйнай тайны, эканамічнай неплацежаздольнасці (банкруцтва), папраўкі ў заканадаўства аб прававой ахове аб'ектаў прамысловай уласнасці, аб прыродакарыстанні, аб аўдытарскай дзейнасці, аб рынку каштоўных папер, у кодэксы аб зямлі і аб недрах. Адзначу таксама ратыфікацыю новых пагадненняў удзельнікаў Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана, пагадненняў па эканамічных пытаннях з Расійскай Федэрацыяй і Украінай, пагаднення з фінансавай структурай Арганізацыі Аб'яднаных Нацый — Шматбаковым агенцтвам па гарантыях інвестыцый і Дагавора аб зоне свабоднага гандлю.

Умацоўваецца прававое поле нацыянальнай бяспекі. Мы завяршылі карэкціроўку заканадаўства аб прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх, па пытаннях абароту зброі і ахоўнай дзейнасці, дзейнасці органаў унутраных спраў. Працэдуру першага чытання прайшоў праект Закона "Аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх пракурсорах і аналагах". Ствараецца прававая аснова дзейнасці Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

У сацыяльным блоку заканадаўчых рашэнняў выдзелю новыя прававыя меры па стварэнні дзяржавай дадатковых гарантый забеспячэння занятасці насельніцтва, па аптымізацыі сацыяльнага абслугоўвання, па пытаннях трансплантацыі органаў і тканак чалавека, а таксама змяненні і дапаўненні ў шэраг законаў культурнай сферы.

— Важнай падзеяй у ходзе гэтай сесіі Палаты прадстаўнікоў стала Пасланне кіраўніка дзяржавы А.Р. Лукашэнкі беларускаму народу і парламенту. Па якой траекторыі ў заканатворчай рабоце рэалізуюцца ідэі, выказаныя ў Пасланні?

— Яна адпавядае задачам, пастаўленым Прэзідэнтам, і прыярытэтам сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, вызначаным на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе. Прапануемыя ў заканадаўства новаўвядзенні мы разглядаем найперш праз прызму іх карысці для рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай палітыкі, для суб'ектаў гаспадарання і з улікам комплексу іншых фактараў, ад якіх залежыць эфектыўнасць нарматыўна-прававога рэгулявання. На першым плане своечасовасць і запатрабаванасць прававых навацый, іх абгрунтаванасць і яснасць.

— У маі ў Санкт-Пецярбургу адбыліся традыцыйныя парламенцкія мерапрыемствы па лініі міжпарламенцкіх асамблей Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Еўразійскай эканамічнай супольнасці і Парламенцкай асамблеі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, у якіх удзельнічала і беларуская дэлегацыя. Як вы лічыце, Уладзімір Паўлавіч, ці не зменшылася роля шырокафарматных сустрэч цяпер, калі эпіцэнтр міжпарламенцкага супрацоўніцтва відавочна змясціўся ў больш вузкі, але больш значны фармат Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана, якая ў недалёкім будучым стане Еўразійскім эканамічным саюзам?

— Значэнне міжпарламенцкага ўзаемадзеяння не зменшылася. Наадварот, такі шырокі дыялог парламентарыяў неабходны ўсім яго ўдзельнікам. 20-гадовы вопыт Міжпарламенцкай асамблеі СНД і маладзейшых асамблей ЕўрАзЭС і АДКБ сведчыць, што міжпарламенцкія сувязі адыгрываюць асаблівую ролю ў міждзяржаўных адносінах, перш за ўсё ў гарманізацыі нацыянальнага заканадаўства. Стварэнне Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Расіі і Казахстана адкрыла новыя магчымасці для дасягнення якасна больш высокага ўзроўню адносін нашых трох парламентаў. Разам з тым гэта і дадатковы рэсурс для паглыблення ўзаемадзеяння парламентарыяў у кантэксце ЕўрАзЭС і СНД. Такая формула нарошчвання міжпарламенцкіх сувязяў мне бачыцца перспектыўнай.

— Не за гарамі стварэнне парламенцкай структуры Адзінай эканамічнай прасторы? Гэта будзе Еўразійская міжпарламенцкая асамблея?

— Давайце не апярэджваць падзеі. На сустрэчы кіраўнікоў парламентаў дзяржаў-удзельніц АЭП мы дамовіліся, што свае прапановы выкажа спецыяльна сфарміраваная для гэтага рабочая група. У нас агульная думка, што дыялог заканадаўцаў Беларусі, Расіі і Казахстана павінен узмацніцца. У парламентарыяў наперадзе шмат разнастайнай і насычанай работы.

— Бліжэйшыя месяцы стануць перыядам падрыхтоўкі да маючых адбыцца восенню выбараў у Палату прадстаўнікоў. Радыкальныя апазіцыйныя колы ўжо раскручваюць свае паліттэхналогіі.

— На пустой рыторыцы далёка не заедзеш. Калі няма шырокага даверу людзей, то ніякія паліттэхналогіі не дапамогуць. Я ўпэўнены, што выбаршчыкі аддадуць перавагу тым кандыдатам у дэпутаты, якія ў раёнах і гарадах маюць заслужаны аўтарытэт, сталую дзелавую рэпутацыю, могуць вырашаць канкрэтныя пытанні і па сваім патэнцыяле дастойны прадстаўляць інтарэсы людзей у парламенце.

— Як вы мяркуеце, чым, акрамя палітычных мэтаў, тлумачыцца негатыўнае стаўленне радыкальнай апазіцыі да дзейнай улады, у тым ліку і Палаты прадстаўнікоў, прычым па любых пытаннях?

— Тым, што ўлада не дапусціла і не дапусціць аддзялення дзяржавы ад людзей. Тым, што ўсе галіны ўлады кансалідавана вырашаюць існуючыя праблемы, праводзяць узаемна адказную, зразумелую людзям палітыку.

— Вы, Уладзімір Паўлавіч, рэгулярна наведваеце працоўныя калектывы, сустракаецеся з вяскоўцамі, рабочымі, інтэлігенцыяй. Напэўна, у вас цікавяцца і парламенцкімі выбарамі. Ці сфарміравалася ў вас меркаванне, што ў выбарчай кампаніі будзе для людзей галоўным?

— Для абсалютнай большасці людзей, як я пераканаўся, галоўным з'яўляецца тое, каб ажыццяўляемы дзяржавай курс на захаванне палітычнай і грамадскай стабільнасці, на паляпшэнне якасці жыцця ў краіне працягваўся. Я ўпэўнены, што так і будзе.

Аляксандр Філімонаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі Уладзімір АНДРЭЙЧАНКА ў эксклюзіўным інтэрв'ю "Звяздзе" расказаў пра новыя заканадаўчыя...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика