Беларусь і Венесуэла надоўга заклалі асновы супрацоўніцтва. 21.by

Беларусь і Венесуэла надоўга заклалі асновы супрацоўніцтва

28.06.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэзідэнты Беларусі і Венесуэлы Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес бачаць шырокія магчымасці для нарошчвання беларуска-венесуэльскіх сувязяў і маюць намер штогод інтэнсіфікаваць адносіны. Аб гэтым заявілі кіраўнікі дзяржаў на сустрэчы ў Каракасе.

Прэзідэнт Венесуэлы Уга Чавес, чакаючы прыбыцця ў Палац Мірафлорэс свайго беларускага калегі, ва ўласцівай яму манеры паразмаўляў з прысутнымі журналістамі, падзякаваў беларускаму народу за дапамогу ў развіцці Венесуэлы, звярнуў увагу на высокую якасць беларускай прадукцыі.

Калі да палаца пад'ехаў картэж беларускага лідара, Уга Чавес цёпла прывітаў Аляксандра Лукашэнку і папрасіў паклікаць яго сына Мікалая. Падкрэсліваючы асаблівы характар дружалюбных адносін з беларускім лідарам, Прэзідэнт Венесуэлы настаяў на тым, каб у Палац Мірафлорэс Аляксандр Лукашэнка ўзяў свайго малодшага сына.

Пасля кароткага абмену прывітаннямі лідараў дзвюх дзяржаў пачалася цырымонія афіцыйнай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі, якая трансліравалася ў прамым эфіры венесуэльскага тэлебачання. Ваенны аркестр Венесуэлы выканаў Дзяржаўны гімн Беларусі, пры гэтым рота ганаровай варты праспявала яго. Пасля выканання гімнаў Уга Чавес зноў адышоў ад пратакола і спецыяльна для венесуэльскай аўдыторыі ахарактарызаваў двухбаковае супрацоўніцтва з Беларуссю. "На працягу апошніх гадоў мы выбудавалі не проста стратэгічны саюз, а брацтва", — адзначыў венесуэльскі лідар. Звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі, ён згадаў аб яго візіце на Кубу і звярнуў увагу на намеры Беларусі пашыраць узаемаадносіны з краінамі Лацінскай Амерыкі і, у прыватнасці, з АЛБА (альянс краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна).

Уга Чавес падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за візіт у Венесуэлу, а таксама перадаў прывітальныя словы працавітаму, сціпламу, вясёламу і гераічнаму народу Беларусі. Ён падкрэсліў, што прэзідэнтам трэба будзе разгледзець мноства праектаў, якія ўжо рэалізуюцца, у прыватнасці ў сферах здабычы нафты, газу, нафтахіміі, будаўніцтва жылля, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, энергетыкі і газіфікацыі.

Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу запэўніў, што ўсе дамоўленасці, якія былі заключаны Беларуссю і Венесуэлай, будуць выкананы датэрмінова.

"Некаторыя пачалі сумнявацца ў сур'ёзных перспектывах супрацоўніцтва Беларусі і Венесуэлы, але мы сур'ёзна і надоўга заклалі асновы супрацоўніцтва", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што Беларусь прыйшла ў Венесуэлу для аказання дапамогі ў развіцці краіны. "Мы сярэднееўрапейская краіна, у нас шмат месцаў прыкладання працы, але мы хочам часцінку сябе пакінуць тут, у Венесуэле. Мы прыйшлі сюды не як каланізатары. Мы будуем прадпрыемствы, жыллё, навучаем венесуэльцаў", — сказаў беларускі лідар. "Рашэнне аб дыверсіфікацыі эканомікі, праз гады, людзі ацэняць як подзвіг", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Уга Чавеса.

Уга Чавес таксама расказаў аб сваёй размове з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, які на той момант знаходзіўся з візітам у Ізраілі. Венесуэльскі лідар станоўча ацаніў той факт, што Уладзімір Пуцін зрабіў свой першы візіт у якасці кіраўніка расійскай дзяржавы менавіта ў Беларусь. Прэзідэнт Венесуэлы чарговы раз падзякаваў беларускаму боку за перадачу венесуэльцам тэхналогій і навучанне спецыялістаў.

Затым кіраўнікі дзяржаў падрабязна абмеркавалі беларуска-венесуэльскае супрацоўніцтва ў вузкім фармаце, зрабіўшы асаблівы акцэнт на перспектыўных напрамках супрацоўніцтва. Пасля заканчэння размовы прэзідэнты Беларусі і Венесуэлы перайшлі ў залу, дзе іх чакалі члены дэлегацый і іншыя запрошаныя асобы.

Прэзідэнты падвялі кароткі вынік праведзенай сустрэчы. Уга Чавес выказаў задавальненне візітам беларускай дэлегацыі і ўпэўненасць у тым, што ўсе праекты, якія рэалізуюцца з беларускім бокам, будуць выкананы.

Тут жа адбыліся чатыры тэлемасты з рознымі рэгіёнамі Венесуэлы, дзе рэалізуюцца сумесныя з Беларуссю праекты. Першым адбылося прамое ўключэнне з завода па вытворчасці аўтамабіляў МАЗ у штаце Барынас. Гэта прадпрыемства, якое адкрылася месяц таму, арыентавана на выпуск 5 тыс. аўтамабіляў у год. Цяпер на прадпрыемстве сабрана 500 аўтамабіляў, да канца года будзе выпушчана 1 тыс. На праектныя магутнасці завод плануе выйсці ў бліжэйшыя пяць гадоў. Як адзначыў Уга Чавес, прадпрыемства дасць магчымасць насыціць не толькі рынак Венесуэлы, але і прадаваць прадукцыю ў іншыя краіны рэгіёна. Акрамя таго, спатрэбіцца стварэнне новых прадпрыемстваў па абслугоўванні тэхнікі. У сваю чаргу гэта створыць тысячы рабочых месцаў.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што на магутнасцях гэтага завода можна зманціраваць лінію па вытворчасці аўтобусаў. "Я шмат чуў аб патрэбнасцях рэгіёна ў такой тэхніцы. У прадпрыемства вялікія перспектывы. Я гарантую, што гэту тэхніку купяць — і ў Нікарагуа, і ў Бразіліі, і ў іншых краінах. Таму побач трэба адкрываць і лінію па выпуску аўтобусаў. Яны таксама будуць запатрабаваныя. Падумай!" — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да венесуэльскага лідара.

Прэзідэнт Беларусі таксама звярнуў увагу на тое, што пабудаваць прадпрыемствы не так складана, значна цяжэй навучыць людзей тэхналогіям, рабоце на такіх вытворчасцях. "Калісьці я абяцаў табе гэта, і мы гэта зробім: твае людзі атрымаюць такую адукацыю, каб яны маглі працаваць на гэтых высокатэхналагічных вытворчасцях", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Наступны тэлемост звязаў Каракас і Маракай, дзе сіламі беларускіх спецыялістаў вядзецца будаўніцтва жылля. Уладальнікамі новых кватэр у гэты дзень сталі 162 венесуэльскія сям'і. Аляксандр Лукашэнка ўспомніў наведванне гэтага месца ў 2010 годзе, калі кіраўнікі дзвюх дзяржаў заклалі першы камень у будаўніцтва будучага мікрараёна. Праз два гады тут ужо закончаны жыллёвы комплекс. Як расказаў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка, цяпер будуецца яшчэ 4,5 тыс. кватэр. А да канца гэтага года будзе здадзена новым жыльцам больш за 30 дамоў. "Гэта была твая ідэя, — сказаў Уга Чавес, звяртаючыся да Аляксандра Лукашэнкі. — Тут ужо сапраўдны лес дамоў. Такога ў Венесуэле ніколі не было. Будавалі толькі для багатых і сярэднезабяспечаных, астатнія жылі ў беднасці і галечы. Таму мы ўдзячны". Венесуэльскі Прэзідэнт дадаў, што ў іншых частках краіны таксама неабходна ажыццяўляць такое будаўніцтва, і запрасіў беларускіх спецыялістаў дапамагчы ў гэтым.

"Я рад, што людзі атрымалі такі мікрараён. Але гэта толькі пачатак", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Вы заўважылі: у гэтых кватэрах стаіць мэбля, газавыя пліты, халадзільнікі — мы гэта з Беларусі вазіць не павінны. Вы павінны пабудаваць у сябе прадпрыемствы, каб усё гэта вырабляць у Венесуэле", — падкрэсліў беларускі лідар. "Я хачу, каб гадоў праз пяць мільёны венесуэльцаў табе дзякавалі за гэта жыллё, і мы можам гэта зрабіць", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да Уга Чавеса.

Кіраўнікам дзяржаў таксама прадэманстравалі з дапамогай прамых уключэнняў завод керамічных блокаў у штаце Міранда і раён Каракаса, які газіфікуецца беларускімі спецыялістамі.

Уга Чавес выказаў жаданне прадаўжаць сумесную з беларускім бокам работу, адкрываць новыя прадпрыемствы, аказваць дапамогу ў развіцці Венесуэлы.

Пасля заканчэння двухбаковых перагавораў Беларусь і Венесуэла падпісалі больш як два дзясяткі дакументаў, якія пашыраюць супрацоўніцтва краін.

Бакі пацвердзілі намеры пашыраць супрацоўніцтва ў сферах будаўніцтва, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, газіфікацыі, энергетыкі і іншых. У прыватнасці, дасягнута дамоўленасць аб будаўніцтве сіламі беларускіх спецыялістаў з прыцягненнем фінансавання кітайскага боку цеплавой электрастанцыі магутнасцю 600 МВт у штаце Барынас. Плануецца, што станцыя будзе запушчана ўжо ў сярэдзіне 2015 года. На яе ўзвядзенне кітайскі бок выдзяляе амаль $1 млрд. Падпісаны таксама мемарандумы аб узаемаразуменні па праектаванні і будаўніцтве газаправода паміж гарадамі Баркісімета і Барынас, а таксама аб узаемаразуменні па ўстанаўленні другой лініі на цагельным заводзе.

Падводзячы вынікі дня, прэзідэнты падкрэслілі, што Беларусь і Венесуэла поўныя рашучасці штогод нарошчваць супрацоўніцтва.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што сувязі дзвюх краін дынамічна развіваюцца, узаемадзеянне выйшла на ўзровень стратэгічнага партнёрства. "Палітычнае ўзаемаразуменне і давер на вышэйшым узроўні — надзейная аснова для ўмацавання гэтага супрацоўніцтва", — перакананы беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на паспяховае ажыццяўленне сумесных праектаў у сферах нафтаздабычы, сейсмаразведкі і сейсматэхнікі, газіфікацыі, архітэктуры і будаўніцтва, прамысловасці, сельскай гаспадаркі і многіх іншых. Ён адзначыў узровень тавараабароту, які вырас за пяць гадоў на два парадкі — з $6 млн у 2006 годзе да амаль $1,5 млрд у 2010 і 2011 гадах. "Мы поўныя рашучасці прадаўжаць гэту маштабную работу і, упэўнены, атрымаем яшчэ больш важкія вынікі", — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кожны беларус ведае аб Венесуэле і венесуэльцах. "Вы падставілі нам плячо ў самы цяжкі час", — сказаў ён. У пацвярджэнне гэтых слоў Аляксандр Лукашэнка падарыў Уга Чавесу партрэт Балівара, зроблены беларускім умельцам, які папрасіў пры магчымасці перадаць гэту карціну венесуэльскаму Прэзідэнту з пажаданнем стойкасці, мужнасці і руху наперад.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што напярэдадні візіту ў Венесуэлу цікавіўся меркаваннем венесуэльскага грамадства наконт двухбаковага супрацоўніцтва. "Пераважная большасць венесуэльцаў падтрымліваюць тое, што мы робім з Чавесам. Але ёсць некаторыя таварышы, якія сумняваюцца ў нашым супрацоўніцтве. Напэўна, гэта натуральна, востры палітычны момант", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

"Але хачу яшчэ раз паўтарыць: беларусы да вас прыйшлі як браты, па закліку вашага патрыёта-Прэзідэнта. Гэта мой сябар, сябар беларускага народа. І вы павінны ведаць: хто б што тут ні гаварыў, хто б тут што ні планаваў насуперак, наша дзяржава зробіць усё, аб чым папросіць ён — мой сябар Чавес", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Я ўпэўнены, што праз некалькі гадоў мы будзем гаварыць аб больш сур'ёзных праектах, якія мы рэалізуем назло нашым непрыяцелям. І на гэтым шляху нас ніхто не спыніць. Вось мой кароткі адказ тым, хто яшчэ сумняваецца ў тым, што мы зробім", — дадаў беларускі лідар.

"Той, хто мяне добра ведае, ніколі не скажа, што я ўмею ліслівіць. Але скажу прама: не было б цябе — не было б гэтых праектаў і поспехаў. І, напэўна, Беларусі тут, у Венесуэле, таксама не было б. Я не перабольшваю", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы, звяртаючыся да Уга Чавеса.

"Я не маю на ўвазе вашы выбары. Я ведаю, што ты іх выйграеш, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Я проста хачу аддаць табе даніну павагі і выказаць удзячнасць ад тысяч беларусаў, якія маюць магчымасць тут працаваць і, чаго граху таіць, зарабляць".

Прэзідэнт Беларусі дадаў, што ўжо трэці раз наведвае Венесуэлу і не перастае захапляцца поспехамі на шляху будаўніцтва незалежнай дзяржавы.

Размову кіраўнікі дзяржаў завяршылі позна вечарам, пасля чаго Уга Чавес спецыяльна для венесуэльскіх і міжнародных СМІ выказаўся аб супрацоўніцтве з Беларуссю як выключна важным для Венесуэлы і пацвердзіў яго стратэгічны характар.

Пасля завяршэння афіцыйнага візіту ў Венесуэлу Прэзідэнт Беларусі прадоўжыць работу ў Эквадоры. У цэнтры ўвагі будуць пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, фарміравання дагаворна-прававой базы, пашырэння кантактаў паміж краінамі.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнты Беларусі і Венесуэлы Аляксандр Лукашэнка і Уга Чавес бачаць шырокія магчымасці для нарошчвання беларуска-венесуэльскіх сувязяў і маюць намер штогод...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика