10 ліпеня спаўняецца 18 гадоў, як Аляксандр Лукашэнка быў абраны кіраўніком краіны. 10 ліпеня прайшоў другі тур, 20 ліпеня адбылася інаўгурацыя.
За гэты час вырасла цэлае пакаленне беларусаў — скончылі садкі і школы, паступілі ва ўніверсітэты. Даўжэй за Лукашэнку кіруюць Карымаў ва Узбекістане, Назарбаеў у Казахстане. На захад ад Беларусі ў Еўропе так доўга адну выбарную пасаду не займае ніхто.
Гісторыя Беларусі ў фатаздымках. Год — фота.
1994. Лукашэнка прымае прысягу. Тыя выбары па сёння называюць адзінымі дэмакратычнымі ў гісторыі Беларусі. У першым туры Лукашэнка з 45% галасоў абышоў лідара наменклатуры Вячаслава Кебіча і кандыдата Народнага Фронту Зянона Пазняка.
1995. Лукашэнка і Ельцын падпісваюць пагадненне аб супрацоўніцтве. Менавіта інтэграцыя з Расіяй была абраная як прыярытэт у замежнай палітыцы. Праз два гады гэтыя кіраўнікі падпішуць дамову аб стварэнні саюзнай дзяржавы. Пазней ужо з падачы Пуціна Беларусь уступіць у Мытны саюз.
1996. Лукашэнка слухае, як грае на жалейцы маленькі хлопчык. У той год Лукашэнка разагнаў парламент і паставіў пад свой кантроль усе галіны ўлады.
1997. Лукашэнка з Алегам Румянцавым, прэзідэнтам расійскага фонду канстытуцыйных рэформ. На той момант у Беларусі ўжо былі змененыя сцяг, герб, павялічаныя паўнамоцтвы прэзідэнта.
1998. Лукашэнка наведвае Омскую бібліятэку імя Пушкіна. У той час кіраўнік Беларусі актыўна ездзіў па расійскай глыбінцы. Ён спадзяваўся, што зойме крэсла кіраўніка ў Крамлі пасля нямоглага Ельцына.
1999. На саміце АБСЕ ў Стамбуле ў перапынку Лукашэнка сам падышоў да амерыканскага прэзідэнта Біла Клінтана. Больш размоваў з амерыканскімі лідарамі Лукашэнка не меў.
2000. Кучма, Пуцін, Лукашэнка і патрыярх Аляксій ІІ у Белгародскай вобласці. Не адразу пасля з’яўлення Пуціна Лукашэнка зразумее, што дарога на расійскі трон яму закрыта.
2001. Агітацыйная кампанія перад "выбарамі", на якіх апазіцыя паставіла на Ганчарыка.
2002. У той год краіна дасягнула сярэдняга заробку ў 100 даляраў. Ёсць магчымасць задумацца не толькі пра выжыванне. На "Славянскім базары ў Віцебску".
2003. Першая газавая вайна з Расіяй, мухі і катлеты. "Газпрам" хоча "Белтрансгаз".
2004. Рэферэндум аб трэцім тэрміне.
2005. Масавыя гулянні становяцца неад’емным элементам беларускага жыцця.
2006. Так выглядаў Лукашэнка пасля прэзідэнцкіх выбараў і першай Плошчы. Упершыню за многія гады пратэст быў настолькі моцны і адчайны. Лукашэнка зразумеў, як моцна яго не любяць.
2007. Першы візіт у Венесуэлу. Праз нейкі час Уга Чавэса Лукашэнка будзе называць братам. Да расійскіх кіраўнікоў ён так не звяртаўся ніколі. З Венесуэлы ў Беларусь упершыню прыйдзе нафта, альтэрнатыўная расейскай.
2008. На красавіцкім суботніку ўпершыню з’яўляецца малодшы сын Лукашэнкі Мікалай. Наступныя гады Коля будзе суправаджаць Лукашэнку ва ўсіх паездках.
2009. Лібералізацыя. Адносіны з Еўропай палепшалі, санкцыі знятыя. Лукашэнка наведаў Літву і Італію, сустрэўся з Папам. Нягледзячы на сусветны крызіс, у Беларусі адбываецца імклівы эканамічны рост.
2010. Занепакоеная збліжэннем Лукашэнкі з Захадам Расія закручвае краны. На саміце АДКБ у Ерэване Мядзведзеў дэманстратыўна ігнараваў Лукашэнку. Зноў цяплець беларуска-расійскія адносіны сталі толькі пасля брутальнага разгону новай Плошчы.
2011. Абвал перагрэтага рубля. Дэвальвацыя і рост цэнаў у два-тры разы. У турмах — дзясяткі палітвязняў. Лукашэнка на вечарыне памяці хакеіста Руслана Салея.