Ярмошына не верыць у "шырокае распаўсюджванне" тэледэбатаў. 21.by

Ярмошына не верыць у "шырокае распаўсюджванне" тэледэбатаў

01.08.2012 12:22 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ярмошына не верыць у "шырокае распаўсюджванне" тэледэбатаў

           


Фото с сайта euroradio.fm
Фото с сайта euroradio.fm
Старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына адказала на пытанні карэспандэнта "Звязды" і расказала, як будуць праходзіць перадвыбарчыя дэбаты.

— Мяне цікавіць агітацыйны перыяд перадвыбарчай кампаніі. Асабліва хацелася б даведацца, як будуць праходзіць тэле- і радыёдэбаты. Раней мы такога не выкарыстоўвалі. Як вы, напрыклад, сабе ўяўляеце іх?

— Сапраўды, гэта навінка. І я нават не веру ў тое, што яна будзе мець шырокае распаўсюджванне. Можа быць, больш-менш актыўна гэтым скарыстаюцца ў Мінску. А ўсё таму, што дэбаты ў заканадаўства ў нас уведзены з 2010 года — упершыню былі апрабаваны на выбарах Прэзідэнта краіны. Прычым на радыё яны былі праведзены больш прафесійна, хоць гэта і складаней, бо выбаршчык не бачыць чалавека.

Таму пытанні трэба было ставіць такім чынам, каб было важна не як чалавек выглядае, а што ён кажа. На выбарах дэпутатаў парламента дэбаты будуць упершыню. І наша мажарытарная сістэма стварае пэўныя перашкоды таму, каб дэбаты сталі той заўважнай формай перадвыбарнай агітацыі, якую яны набываюць, калі ўся краіна — адна выбарчая акруга. А гэта магчыма толькі пры прапарцыянальнай сістэме. Тады дэбатавалі б адна з адной выдатныя палітычныя сілы. А ў нас 110 выбарчых акруг. І аб'яднаць усіх кандыдатаў немагчыма. Таму мы прыйшлі да высновы, што ўсё ж такі па кожнай выбарчай акрузе трэба праводзіць асобныя дэбаты. Аднак калі мы ўявім сабе, што ўсе кандыдаты пагодзяцца на ўдзел у дэбатах, то пры вылучэнні кожнаму па пяць хвілін спатрэбіцца больш за 200 гадзін. А ніводная радыёстанцыя ці тэлеканал не пойдуць на тое, каб запоўніць увесь эфір аднымі дэбатамі. Тым больш, для таго, каб дэбаты адбыліся, патрэбна не менш чым два кандыдаты, якія жадаюць выступіць, па кожнай выбарчай акрузе. У нас жа, на жаль, ёсць шмат акруг, дзе няма альтэрнатыўных кандыдатаў. А таксама ёсць патэнцыйна безальтэрнатыўныя акругі: калі ідзе буйны чыноўнік, а яму супрацьстаіць нейкая невыразная фігура ў выглядзе беспрацоўнага ці з малапрэстыжнай прафесіяй члена якой-небудзь палітычнай партыі. У такой сітуацыі казаць аб моцнай канкурэнцыі складана. Шчыра кажучы, я ўвогуле зараз вельмі турбуюся, каб выбары былі альтэрнатыўнымі. Можна сказаць, што праз вашу газету звяртаюся з заклікам: яшчэ да 13 жніўня ёсць час для партый і арганізацый, няхай праяўляюць ініцыятыву. Выбаршчыкі павінны мець выбар. Але я ўсё ж такі думаю, што колькасць такіх фігур, якія пагодзяцца дэбатаваць адна з адной, будзе не вельмі вялікай.
 
— Не маглі б вы больш падрабязна расказаць пра хранаметраж дэбатаў?

— Вось перада мною ляжыць палажэнне аб дэбатах, якое падрыхтавала Белтэлерадыёкампанія. Тут прапануецца: да дзвюх хвілін выступленне кандыдата (у выпадку невыкарыстання — анулюецца); да адной хвіліны пытанні апанентам (калі не выкарыстана — таксама анулюецца), да дзвюх хвілін адказы на пытанні, у тым ліку заключнае слова (не выкарыстоўваецца — ізноў анулюецца). Парадак будзе такі: вядучы будзе знаёміць з кандыдатамі, пасля кожнаму з іх будзе дадзены час на выступленне, потым будуць задавацца пытанні. Мы рэкамендуем выкарыстоўваць мясцовую тэматыку, каб абмеркаванне было цікава мясцовым жыхарам. Напрыклад, для жыхароў Гродзенскай вобласці, магчыма, галоўным пытаннем будзе будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Таму мы раім размясціць заклікі да грамадзян на сайтах тэлерадыёкампаніі з просьбай накіроўваць пытанні, на якія яны б хацелі пачуць адказы. Заявы на ўдзел у дэбатах будуць падавацца ў дзень рэгістрацыі кандыдатаў.

— Якім чынам выбаршчыкі змогуць даведацца, калі будуць праходзіць дэбаты менавіта па іх акрузе?

— Для выбаршчыка галоўнае — ведаць, на тэрыторыі якой акругі ён жыве. А ўвогуле будзе ісці пастаянны рэкламны радок па тэлебачанні.

— Па якіх каналах усё гэта будзе трансліравацца?

— Для Мінска кандыдаты будуць выступаць па тэлеканале "Беларусь-2" з 19 да 20 гадзін у працоўныя дні. А з 18 да 19 гадзін кандыдаты па Мінску будуць выступаць на радыёстанцыі "Сталіца". Такім чынам, няма супадзення па часе, а значыць, можна дзве гадзіны правесці ў палітыцы. Для кандыдатаў па Мінскай вобласці дэбаты будуць праходзіць на тэлеканале "СТБ" і зноў жа радыёстанцыі "Сталіца". У кандыдатаў астатніх рэгіёнаў будзе абласное тэлебачанне і радыё.
 
— Ці можа адзін і той жа кандыдат адначасова ўдзельнічаць і ў тэле-, і ў радыёдэбатах?

— Безумоўна, можа. Гэта яго права. Запіс жа будзе ажыццяўляцца не адначасова. Гэта ж будзе не прамы эфір. Таму тут ніякай праблемы не будзе.

— Ці абавязкова кандыдату выступаць на дэбатах самому?

— Не, ён можа накіраваць свайго паверанага. Вядома, такая сітуацыя зробіць дэбаты менш цікавымі. Я сама заўважыла, што перастала глядзець расійскія дэбаты, калі адтуль сышлі першыя персоны, замест якіх сталі выступаць толькі павераныя асобы. Аднак абавязаць кандыдатаў выступаць самім — таксама, на маю думку, няправільна.

— Аднойчы вы ўжо казалі, што хацелі б, каб у Беларусі была прапарцыянальная выбарчая сістэма. І мне так здаецца, што вы працягваеце адстойваць такі пункт гледжання?

— У прынцыпе, так. Таму што я разлічваю на тое, што, калі будуць партыйныя спісы, мы атрымаем набор больш якасных кандыдатаў. А з іншага боку, дзе іх узяць? Калі партыі не могуць забяспечыць моцную канкурэнцыю ў асобнай выбарчай акрузе, чаму яны забяспечаць яе ў партыйным спісе? Хоць яны могуць прыцягнуць людзей, якія зараз у партыйнай працы не ўдзельнічаюць, бо не ўпэўнены, што ўдзел у выбарах па мажарытарнай сістэме, дзе трэба перайсці 50-працэнтны бар'ер, дасць ім шанц на перамогу. Прапарцыянальная ж сістэма дасць магчымасць свае 3-5% заняць кожнай партыі. Аднак досвед нашых калег паказвае, што колькасць не абавязкова перарастае ў якасць. Мы часта бачым, як адны і тыя ж людзі пераходзяць з адной у іншую партыю. Таму, з аднаго боку, прапарцыянальная сістэма можа забяспечыць больш моцную канкурэнцыю і стварыць насамрэч альтэрнатыўныя выбары, з іншага боку, у прапарцыянальнай сістэмы ёсць такая небяспека, як палярызацыя грамадства. А гэта ўжо дэстабілізацыя становішча. Згадзіцеся, што цяжка аб'яднаць людзей пад сцягамі нейкага Іванова, а пад сцягамі якойсьці ідэі называецца агульны вораг, называюцца галоўныя фігуры — і на гэтую ідэю працуюць пэўныя каманды.
 
— Вы казалі: на радыё важна, што чалавек кажа, а не як выглядае. На тэлебачанні па-іншаму?

— Безумоўна. Усё ў комплексе ўспрымаецца. Я, напрыклад, больш люблю радыёэфір, бо падчас яго зусім не турбуюся аб тым, як выглядаю. Я адчуваю тады сябе больш вольнай. Аднак і радыё, і тэлебачанне — гэта тое люстэрка, якое адразу ўсё паказвае. Таму галоўнае, каб увогуле былі ахвотныя ўдзельнічаць у дэбатах. Ведаеце, калі мяне прызначалі ў 1996 годзе па пасаду старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі ў амаль рэвалюцыйнай сітуацыі і я з шараговага юрысконсульта Бабруйскага гарвыканкама стала за дзве гадзіны старшынёй ЦВК, я больш за ўсё баялася эфіру, сустрэчы з журналістамі, што ва ўсім адразу будзе відаць некампетэнтнасць. Таму, калі некаторыя нашы нявопытныя кандыдаты пачынаюць скардзіцца на СМІ, на тэлебачанне, я гэтага не разумею. Ім трэба скардзіцца толькі на сябе. Аднак уменне размаўляць і падабацца выбаршчыку — яшчэ зусім не паказчык высокай прыдатнасці да дэпутацкай працы.
 
— А ў чым вы бачыце прычыну недахопу ў палітычных партыях яркіх палітыкаў?

— Трэба, каб дастатковая колькасць людзей зацікавілася палітыкай і пайшла ў яе. Толькі ў гэтым выпадку ў партый з'явіцца конкурс. Зараз жа атрымліваецца, што партыі, асабліва апазіцыйныя, аб'ядноўваюць у асноўным людзей, жыццё якіх не атрымалася, тых, хто не рэалізаваў сябе і не задаволены гэтым, якія пастаянна ствараюць нейкія канфлікты. Праўда ёсць людзі і бесканфліктныя, якія проста чымсьці не задаволены. У любым выпадку гэта тая самая крытычна настроеная маса, аднак не шматколькасная. Трэба, каб было больш актыўных людзей, якія хацелі б займацца грамадскай дзейнасцю, палітыкай. Напрыклад, вы паспрабуйце знайсці чалавека, які возьмецца сабраць грошы для зламанага дамафона ў сваім пад'ездзе. Калі хто і пагодзіцца, то гэта будзе які-небудзь актыўны пенсіянер. Сыход у індывідуалізм ад грамадскай дзейнасці супрацьстаіць увогуле партыйнай ідэі.
 
— Якім чынам апазіцыя можа зрабіць рэбрэндынг сябе, каб прыцягнуць увагу людзей?

— Складана сказаць. Для народа нічога не кажуць назвы партый. Для насельніцтва ўся апазіцыя — гэта БНФ. Відаць, таму, што гэта была першая апазіцыйная партыя. Тое, што іх ужо дзве, насельніцтва не вельмі добра ведае. Я думаю, што, па-першае, трэба адысці ўсё ж такі ад вузканацыянальных падыходаў. І адна з БНФ — маю на ўвазе тую, што ўдзельнічае ў выбарах (Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ свядома адмаўляецца ад удзелу. — аўт.) — ад іх і адышла. А таксама патрэбны маладыя персоны, новыя персанажы, рэпутацыя якіх не сапсавана. Але праявіць сябе яны зноў-такі змогуць толькі падчас выбараў. А значыць, трэба праводзіць работу ў тым ці іншым асяродку. Разумееце, большая частка тых, хто складае вярхушку палітычных партый, нідзе не працуе альбо працуе ў вельмі вузкім інтэлігенцкім асяродку. А ўвесь пласт насельніцтва вельмі далёкі ад іх. Ды нават інтэлігенцыя Акадэміі навук у Мінску вельмі далёкая ад інтэлігенцыі сельскай школы Мядзельскага раёна. Гэта зусім розныя людзі. Адны трымаюць кароў, у іх гаспадарка. Іншыя — у паэзіі, мове, нейкіх іншых каштоўнасцях. Акрамя таго, усё ўпіраецца ў недастатковасць фінансавых рэсурсаў.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Старшыня Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына адказала на пытанні карэспандэнта...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика