Аляксандр Лукашэнка: "Беларусь гатова працаваць усюды і з усімі, але выключна на роўнай і ўзаемапаважлівай аснове"
23.08.2012
—
Новости Политики
|
У знешнепалітычнай сферы Беларусі не было дапушчана сур'ёзных правалаў і праколаў, якія маглі б негатыўна паўплываць на лёс дзяржавы. Гэта адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора, прадстаўляючы на пасадзе новага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея. Указы аб назначэнні на пасаду кіраўніка знешнепалітычнага ведамства Уладзіміра Макея і вызваленні ад гэтай пасады Сяргея Мартынава былі падпісаны 20 жніўня. "Я не вельмі ўнікаў, як на гэта адрэагавалі нашы прыхільнікі і праціўнікі. Хачу заявіць сваю пазіцыю. Прапрацаваўшы амаль дзесяць гадоў на пасадзе міністра, Сяргей Мартынаў адносна даўно выказаў пажаданне папрацаваць на іншай рабоце. Гэта была яго ініцыятыва. Прычым яна, з майго пункту гледжання, выглядала вельмі дастойна, па-мужчынску, асабліва матывацыя", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. "Для мяне немалаважна, дзе будзе працаваць ён (Сяргей Мартынаў. — <І>Заўвага БЕЛТА ), таму што для мяне асабіста, для краіны ён не чужы. Ён нямала, нават, скажу, шмат зрабіў для станаўлення знешнепалітычнага і знешнеэканамічнага ведамства", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што доўга разважаў над тым, хто будзе працаваць на пасадзе міністра замежных спраў пасля Сяргея Мартынава. Звяртаючыся да прысутных кіраўнікоў падраздзяленняў і супрацоўнікаў МЗС, ён падкрэсліў: "Магчыма, з новым міністрам вы будзеце генерыраваць ідэі, якія нам неабходны не толькі ў знешнепалітычнай дзейнасці, але і дзейнасці ўнутры дзяржавы". Прэзідэнт прадоўжыў: "Менавіта ад якасці і эфектыўнасці вашай работы залежыць, як нашу маладую суверэнную незалежную дзяржаву будуць успрымаць у свеце, найперш у адпаведных кропках планеты". Аляксандр Лукашэнка ўручыў ордэн Айчыны ІІІ ступені Сяргею Мартынаву за шматгадовую працу ў сферы знешняй палітыкі і развіццё міжнародных адносін Беларусі. Прадстаўляючы новага міністра замежных спраў Уладзіміра Макея, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: "Не думаю, што вам трэба з размахам і шырока прадстаўляць новага міністра. Уладзімір Макей — чалавек вам вядомы. Ён вызначыўся прынцыпова не толькі ўнутры апарату Міністэрства замежных спраў, але і папрацаваў у замежных прадстаўніцтвах нашай дзяржавы. Магчыма, трэба было выкарыстоўваць яго патэнцыял больш шырока ў любой якасці ў знешняй палітыцы". "Для вас не сакрэт, што я прыцягваў яго да некаторых знешнепалітычных ініцыятыў. Па маім даручэнні ён сустракаўся з многімі кіраўнікамі як на Усходзе, так і Захадзе, спрабуючы нармалізаваць у асабліва вострыя перыяды нашы адносіны, асабліва на Захадзе. Гэта ў яго атрымлівалася", — сказаў Прэзідэнт. Работа па паляпшэнні пазітыўнага ўспрымання Беларусі за мяжой, дасягненні лепшай пазнавальнасці краіны ў свеце патрабуе якаснага прарыву, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Не трэба баяцца гаварыць аб Беларусі на ўвесь голас, уздзейнічаючы на мэтавыя аўдыторыі, нягледзячы на ўсю крытыку і істэрыю збоку. Паколькі што важна для простага еўрапейскага абывацеля? Усё проста: ступень грамадскай бяспекі, стан навакольнага асяроддзя, надзейнасць дзяржаўных граніц з пункту гледжання шчыльнага заслону ад злачынных трансгранічных праяў, стабільнасць у суседзяў", — адзначыў Прэзідэнт. "І нам тут ёсць чым ганарыцца і аб чым гаварыць: Беларусь з'яўляецца надзейным і прадказальным партнёрам, донарам міжнароднай бяспекі і стабільнасці", — сказаў кіраўнік дзяржавы, нагадаўшы, што Беларусь доўгі час на высокім узроўні забяспечвае транзіт, у тым ліку энергетычны для Еўропы, нясе вялікі цяжар расходаў па барацьбе з нелегальнай міграцыяй, гандлем людзьмі, незаконным абаротам наркотыкаў і ўзбраенняў. Пашырэнне знешнеэканамічных інтарэсаў беларускай дзяржавы павінна з'яўляцца галоўнай задачай беларускай дыпламатыі, лічыць Прэзідэнт Беларусі. На думку кіраўніка дзяржавы, улічваючы адкрыты характар беларускай эканомікі, менавіта ад поспехаў у гэтай дзейнасці ў канчатковым выніку залежыць устойлівасць дзяржавы, узровень дабрабыту беларускіх грамадзян. І тут павінны быць сканцэнтраваны намаганні кожнага беларускага дыпламата — ад аташэ да міністра. "Гэта не азначае, што палітычны трэк не павінен прысутнічаць у рабоце міністэрства і замежных прадстаўніцтваў. Але дынаміка знешнегандлёвых паказчыкаў, аб'ём прыцягнутых інвестыцый павінны быць галоўнымі індыкатарамі ацэнкі кожнага кіраўніка ў сістэме органаў дыпламатычнай службы. Мы вельмі далёкія ад геапалітычных амбіцый, каб рабіць каньком сваёй міжнароднай дзейнасці ўдзел у палітычных гульнях і інтрыгах", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Таму нашаму МЗС трэба закасаўшы рукавы ўключыцца ў карпатлівую і напружаную работу. І працаваць. Змагацца за кожны рубель інвестыцый у краіну, за кожнае месца для беларускага тавару на паліцы замежнага супермаркета", — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што тут у МЗС застаюцца сур'ёзныя незадзейнічаныя рэзервы. Міністэрства павінна стаць па-сапраўднаму магутным аўтарытэтным штабам па фарміраванні і рэалізацыі знешнеэканамічнай палітыкі беларускай дзяржавы, падкрэсліў Прэзідэнт. Беларусь гатова старанна вучыцца ўсяму новаму і перадавому, але без пануканняў, пагроз і шантажу, заявіў Аляксандр Лукашэнка. "Прычыны, па якіх усе нашы намаганні на заходнім напрамку тармозяцца, зразумелыя. Тым больш людзям, якія сядзяць у гэтай зале", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Мы ні ў якай меры не гаворым, што ўсё ў нас ідэальна і цудоўна, як і ў іх, дарэчы. Мы гатовы старанна вучыцца ўсяму новаму і перадавому, і не толькі ў іх, але мы хочам рабіць гэта без пануканняў, пагроз і шантажу", — адзначыў Прэзідэнт. "Псіхалогія нашага народа такая, што нельга прымусіць яго пераскочыць праз некалькі этапаў развіцця і апынуцца "ў шчаслівым дэмакратычным будучым". Логіка развіцця ўсіх дзяржаў свету сведчыць аб неабходнасці спакойнага, эвалюцыйнага, паступальнага развіцця", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт Беларусі патрабуе напоўніць фармат супрацоўніцтва і з КНР максімальна аб'ёмным зместам. "Ні ў кога не ўзнікае сумненняў у правільнасці курсу на стратэгічнае партнёрства з магутным сусветным лідарам — Кітайскай Народнай Рэспублікай. Неабходна без прамаруджання напоўніць гэты фармат максімальна аб'ёмным зместам па ўсіх тэмах, якія нас цікавяць", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу на важнасць не ўпусціць магчымасці, якія адкрываюцца ў сувязі са стварэннем Кітайска-Беларускага індустрыяльнага парку, асваеннем беспрэцэдэнтнай кітайскай крэдытнай лініі. БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У знешнепалітычнай сферы Беларусі не было дапушчана сур'ёзных правалаў і праколаў, якія маглі б негатыўна паўплываць на лёс дзяржавы. Гэта адзначыў Прэзідэнт...
|
|