Не толькі эканамічнае супрацоўніцтва
28.09.2012
—
Новости Политики
|
Астраханская вобласць можа стаць для Беларусі пляцоўкай для руху ў Каспійскі рэгіён, дзе вельмі запатрабавана беларуская прадукцыя. Перспектывы пашырэння супрацоўніцтва Беларусі і гэтага расійскага рэгіёна абмеркавалі 27 верасня Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка і губернатар Астраханскай вобласці Аляксандр Жылкін. Кіраўнік беларускай дзяржавы лічыць, што ў Беларусі і Астраханскай вобласці ёсць шырокія магчымасці для інтэнсіфікацыі ўзаемадзеяння. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь разглядае Астраханскую вобласць як надзейнага і перспектыўнага партнёра. Гандлёвы абарот Беларусі і гэтага расійскага рэгіёна за апошнія тры гады павялічыўся ў тры разы. У той жа час Прэзідэнт лічыць, што бакі маюць значна большыя перспектывы і могуць значна перасягнуць гэтыя аб'ёмы ўзаемнага гандлю. На думку Прэзідэнта, менавіта на ўзроўні прамых сувязяў з расійскімі рэгіёнамі закладваецца аснова паспяховага эканамічнага ўзаемадзеяння дзвюх дзяржаў. "Нам неабходна больш актыўна выкарыстоўваць патэнцыял Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, — лічыць кіраўнік дзяржавы. — Упэўнены, суб'екты гаспадарання нашых краін яшчэ далёка не вычарпалі магчымасці для інтэнсіфікацыі ўзаемадзеяння". Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што простыя таварныя адносіны — гэта ўжо ўчарашні дзень. "Сёння для таго, каб упэўнена глядзець у будучае, неабходна выводзіць двухбаковае супрацоўніцтва на якасна новы ўзровень і сумесна рэалізоўваць узаемавыгадныя праекты", — лічыць кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова ўдзельнічаць у рэалізацыі праграм развіцця Астраханскай вобласці, уключаючы ўдзел у мадэрнізацыі яе прамысловага, сельскагаспадарчага, будаўнічага і жыллёва-камунальнага сектараў. У прыватнасці, беларускія кампаніі маглі б удзельнічаць у распрацоўцы радовішчаў вуглевадароднай сыравіны ў Астраханскай вобласці. У сваю чаргу Аляксандр Жылкін заўважыў, што Астраханская вобласць мае вялікія запасы вуглевадароднай сыравіны, як газавай, так і нафтавай, шмат стратэгічных радовішчаў. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў Астраханскай вобласці паслугі беларускіх будаўнікоў, якія маюць значны вопыт праектавання будаўніцтва буйных інфраструктурных, сацыяльных і прамысловых аб'ектаў, а таксама жылля. Акрамя таго, Беларусь гатова ўдзельнічаць у рэалізацыі ў Астраханскай вобласці праграмы "Чыстая вада" і прапанаваць свае паслугі па мадэрнізацыі сістэмы водазабеспячэння. Дарэчы, у нашай краіне такая праграма працуе ўжо амаль 10 гадоў. Таксама беларусы гатовы падзяліцца вопытам гадоўлі мясной і малочнай буйной рагатай жывёлы, будаўніцтва агароднінасховішчаў, заводаў па перапрацоўцы малака, малочнатаварных комплексаў. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, ёсць шмат тэм для сумеснай работы вучоных не толькі ў аграрнай сферы, але і ў іншых галінах народнай гаспадаркі. "Словам, нам ёсць што прапанаваць адзін аднаму, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Пры гэтым важна не зацыклівацца толькі на эканоміцы, але таксама развіваць супрацоўніцтва ў ахове здароўя, адукацыі, культуры і турызме". Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць канкрэтныя і найбольш важныя напрамкі супрацоўніцтва Беларусі і Астраханскай вобласці. Губернатар Астраханскай вобласці Аляксандр Жылкін прапанаваў Беларусі разглядаць гэту вобласць Расіі як пляцоўку для руху ў Каспійскі рэгіён. Аляксандр Жылкін адзначыў, што ў Астраханскай вобласці склаліся добрыя адносіны з прыкаспійскімі дзяржавамі. "Мы мяжуем з Казахстанам, Туркменістанам, Іранам, Азербайджанам. Сёння на Каспіі ідзе значнае развіццё эканамічных праектаў, індустрыялізацыя прыкаспійскіх берагоў, і той патэнцыял, які мае Астраханская вобласць у эканамічнай, прамысловай, сельскагаспадарчай сферах, нядрэнна ўпісаўся ва ўсе праекты, якія ідуць на Каспіі", — сказаў губернатар. Ён падкрэсліў, што многія тавары з Беларусі запатрабаваны ва ўсіх прыкаспійскіх дзяржавах. Што датычыцца Астраханскай вобласці, то тут выкарыстоўваецца 76 працэнтаў сельскагаспадарчай тэхнікі беларускай вытворчасці, што, на думку губернатара, шмат што гаворыць аб якасці беларускай прадукцыі. Губернатар адзначыў, што для Астраханскай вобласці маюць цікавасць тыя напрамкі, па якіх прапануе супрацоўніцтва беларускі бок, у прыватнасці, у рэалізацыі праграмы "Чыстая вада", у жывёлагадоўлі і іншых. Аляксандр Лукашэнка і Аляксандр Жылкін абмеркавалі канкрэтныя перспектыўныя напрамкі развіцця супрацоўніцтва, у тым ліку па пастаўках тавараў, сельскагаспадарчай і камунальнай тэхнікі, стварэнню сумесных прадпрыемстваў у сельскай гаспадарцы. У прыватнасці, беларускаму боку цікавы вопыт Астраханскай вобласці ў авечкагадоўлі, развядзенні асятровых парод рыб. Беларусь у сваю чаргу можа падзяліцца тэхналогіямі і вопытам у малочнай і мясной жывёлагадоўлі. Па выніках сустрэчы адказным чыноўнікам з абодвух бакоў даручана дэталёва прапрацаваць дасягнутыя дамоўленасці і ў самыя кароткія тэрміны перайсці да іх практычнай рэалізацыі. Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Астраханская вобласць можа стаць для Беларусі пляцоўкай для руху ў Каспійскі рэгіён, дзе вельмі запатрабавана беларуская прадукцыя. Перспектывы пашырэння...
|
|