Аляксандр ЛУКАШЭНКА: "Беларусь у стане забяспечыць усё неабходнае для народа: стабільнасць, прадказальнасць, спакой у краіне"
16.01.2013
—
Новости Политики
|
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі. У ёй прынялі ўдзел больш за 350 журналістаў з 285-ці выданняў. Апроч прадстаўнікоў нацыянальных дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, на мерапрыемства былі запрошаны і журналісты незалежных і апазіцыйных выданняў, якія таксама атрымалі магчымасць задаць свае пытанні— часам вельмі вострыя — кіраўніку дзяржавы. Прапануем асноўныя моманты прэс-канферэнцыі. Забяспечаны эканамічны рост і павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва Крыху больш за год таму на аналагічнай прэс-канферэнцыі вялася размова аб будучым Беларусі. "Я называў умовы, пры якіх мы зможам забяспечыць сацыяльна-эканамічную стабільнасць у Беларусі, захаваць незалежнасць нашай дзяржавы. Лёгкага жыцця, калі памятаеце, не абяцаў, але і змрочнымі перспектывамі таксама не запужваў", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Тады я выказаў упэўненасць, што ў цэлым мы з новымі выклікамі часу справімся. І цяпер канстатую, што гэта так і адбылося. Гэта рэальны факт. Мы дабіліся няхай невялікага, але стабільнага росту эканомікі, забяспечылі павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, часта чуваць крытыка наконт нізкіх тэмпаў росту ВУП. "Гэта правільна, але гэта вельмі спецыфічны паказчык, і калі я з урада пачынаю патрабаваць тлумачэнняў, яны, павінен прызнаць, вельмі аргументавана мне паказваюць, што галоўнае ў эканоміцы — гэта такія напрамкі, як сельская гаспадарка, прамысловасць. А яны ж выраслі нават вышэй за запланаваныя паказчыкі", — адзначыў беларускі лідар. Кіраўнік дзяржавы прывёў папярэднія лічбы, у адпаведнасці з якімі па выніках 2012 года сельская гаспадарка замест 5 працэнтаў прыбавіла 6,5 працэнта, а рост у прамысловасці склаў каля 8 працэнтаў замест запланаваных 6,5 працэнта. "Але самае галоўнае, што рост рэальных даходаў насельніцтва ў нас перавысіў 20 працэнтаў", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Можа, не ўсё задуманае ўдалося ажыццявіць, не ўсе запланаваныя вышыні мы ўзялі. Мінулы год быў вельмі складаны, нам трэба было разабрацца з фінансавымі непарадкамі і тымі неразбярыхамі, якія нам дасталіся ад 2011 года. Больш-менш мы з гэтай праблемай справіліся. У гэтым была галоўная мэта", — сказаў Прэзідэнт. "Вядома, заўсёды хочацца большага. Але для нас, беларусаў, ёсць толькі адзін спосаб дабіцца гэтага самага большага — лепш працаваць. Аб гэтым я таксама, дарэчы, гаварыў", — заўважыў Аляксандр Лукашэнка. "Мы спрацавалі ў цэлым па году лепш, чым у мінулым годзе, і дасягнулі сур'ёзных якасных зрухаў. Што асабліва важна — нарасцілі экспарт, атрымалі дадатнае знешнегандлёвае сальда, практычна ўпершыню ў такім аб'ёме за ўсю нашу гісторыю. Нават нягледзячы на тое, што сусветная кан'юнктура цэн была не нам на карысць", — канстатаваў Прэзідэнт. Пры гэтым ён адзначыў, што многія, у тым ліку журналісты, тады крытыкавалі Прэзідэнта, сцвярджаючы, што эканоміка не зможа пацягнуць гэту задачу. "Але ж змагла!" — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Памятаю, якія змрочныя карціны будучага малявалі некаторыя "знатакі-аналітыкі". Я вам раю ад гэтых аракулаў трымацца далей, таму што ў іх зусім іншыя мэты: не інфармаваць насельніцтва, а, займаючыся бруднай палітыкай, запалохваць насельніцтва, як гэта, дарэчы, было зусім нядаўна з боку асобных нашых "спадароў", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы цяпер разбіраемся з гэтым пытаннем, калі спрабавалі дэстабілізаваць у пачатку года курс нацыянальнай валюты. Дзякуй богу, што раскусілі іх хутка, і нічога ў іх не атрымалася". У краіне захаваецца свабоднае рынкавае курсаўтварэнне "У былыя часы мы неяк спрабавалі ўтрымліваць беларускі рубель. Да чаго гэта прывяло, вы ведаеце. Таму Нацыянальнаму банку і новаму ўраду была пастаўлена жалезная задача — ні ў якім разе нічога штучна не стрымліваць, таму што гэта бокам вылезе!" — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, на працягу апошніх прыкладна 1,5—2 гадоў Нацбанк стараўся згладжваць курс беларускага рубля. Гэта адбывалася толькі ў выпадку вострых пікаў падзення або ўздыму нацыянальнай валюты, адзначыў Прэзідэнт. У 2012 годзе, лічыць ён, у гэтым не было неабходнасці. "Я заўсёды казаў — у нас складваецца рэальны рынкавы курс беларускага рубля. Таму не трэба бегаць у абменнікі, стаяць у чэргах", — адзначыў Прэзідэнт. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што размовы аб падзенні нацыянальнай валюты не адпавядаюць рэчаіснасці — "апакаліпсіс", які прадказвалі беларускаму рублю летась і на пачатку гэтага года, не здарыцца. "Тыя, хто гаварыў пра гэта ў мінулым годзе, бачылі, што ў нас прыкладна на $5 млрд. валюты больш паступіла ў краіну. Пры дрэннай кан'юнктуры рынку мы на $5 млрд. больш, чым у 2011 годзе, атрымалі даходаў ад экспарту. Усе гэта бачылі, але трэба было паказаць, што ўлада гаворыць адно, а робіць іншае", — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што быў крыху здзіўлены, калі даведаўся, хто з'яўляецца самымі частымі кліентамі абменнікаў. "Паводле маніторынгу, у асноўным валюту купляюць пенсіянеры — па $5—10. На пытанне "навошта" адказваюць: "Няхай будзе". Я пачынаю думаць: вось нагнятаю сітуацыю з гэтымі $500, каб камусьці яшчэ заплаціць, дапамагчы. Для чаго? Каб яны пайшлі ў абменны пункт купіць валюту і стварыць на рынку напружанасць? У мяне складваецца такое ўражанне", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Я не гавару, што пенсіянеры абрушылі нам сістэму, але я ніколі не думаў, што пенсіянеры і звычайныя людзі ходзяць у абменнікі і скупляюць гэтую валюту", — працягнуў ён. "Людзі ёсць людзі. І калі яны ідуць у абменнікі, значыць, у іх ёсць грошы", — лічыць кіраўнік дзяржавы. "Калі б цэны ў краме былі яшчэ вышэйшыя, людзі не думалі б, як купіць валюту. Значыць, невялікая сума ў загашніку застаецца, значыць, у людзей ёсць грошы", — адзначыў Прэзідэнт. Галоўным дасягненнем 2012 года Аляксандр Лукашэнка назваў стабілізацыю эканамічнай сітуацыі ў краіне. "Мяне больш за ўсё хвалявалі наступствы фінансавай неразбярыхі, выкліканыя ўступленнем у АЭП, іншымі пытаннямі, і для мяне было важна стабілізаваць фінансавую сітуацыю ў краіне, таму я не напіраў на нейкія валавыя паказчыкі. Для мяне было важна гэта, і мы гэта вырашылі. Больш за тое, мы прыкладна да $8,2 млрд нарасцілі золатавалютныя рэзервы, атрымалі бездэфіцытны бюджэт, нават быў невялікі прафіцыт, прафінансавалі ўсе мерапрыемствы, якія запланавалі (нават крыху больш). Словам, стабілізаваліся", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Беларусь можа забяспечыць усё неабходнае для народа: стабільнасць, прадказальнасць, спакой у краіне. Прэзідэнт падкрэсліў, што апакаліпсічныя прагнозы не спраўдзіліся. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка супраць надання аўтаноміі Нацыянальнаму банку Беларусі. "Калі ўсё становіцца незалежна і спытаць няма каму, пачынаецца бойка", — сказаў Аляксандр Лукашэнка, прывёўшы прыклад украінскай дэмакратыі. "Я не хачу, каб у нас гэта было", — заявіў ён. Падобная сітуацыя ўзнікала ў Беларусі раней. "У парламенце, памятаеце? Страйкі, бойкі, крыкі. Ну, і да чаго мы прыйшлі? Да пустых паліц на прылаўках. Таму давайце ўсё-такі па аўтаноміі мы будзем акуратней разважаць", — заклікаў Прэзідэнт. "Паглядзіце на Еўрасаюз, на ЗША: як толькі там крызіс наступіў і абрушыліся некаторыя фінансавыя арганізацыі і банкі — імгненна загаварылі аб кантролі і ўвялі яго. У Расіі, напрыклад, пайшлі тым жа шляхам і ствараюць нейкага там монстра, які будзе кантраляваць усю банкаўскую сістэму незалежна ад прэзідэнта", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Дзяржава— прыватнік: адказнае партнёрства Прэзідэнт Беларусі арыентуе прыватніка на адказнае партнёрства з дзяржавай. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што станоўча ацэньвае стан дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў Беларусі. "Але калі толькі патрабаваць чагосьці ад дзяржавы: давайце лібералізацыю, не — кантролю, што хочам, тое і варочаем, — гэтага не будзе ў краіне!" — падкрэсліў Прэзідэнт. "Прыватнік павінен цудоўна разумець: ён многае робіць, каб стварыць дабро, прымножыць багацці. Але мы ж людзі недурныя і разумеем, што ўсе прыватнікі перш за ўсё глядзяць у сваю кішэнь. Ніхто са сваёй кішэні не дастане і нікому не падорыць: ні дзяржаве, ні народу. А трэба разумець, што не ён такі вялікі ствараў даброты нашага народа, што там ў яго працуюць яшчэ тысячы людзей у кампаніі і яны маюць права на вартую заработную плату, годнае існаванне", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што тыя сёння з прыватнікаў, хто хоча сумленна працаваць у Беларусі і зарабіць не проста на жыццё, а на нармальнае жыццё, — працуюць і зарабляюць. "А тыя, якія не разумеюць таго, што трэба ж і людзям штосьці даць, каб яны нармальна жылі, мы іх трохі будзем паварочваць у бок людзей. Той, хто любіць у чужую кішэнь зазірнуць, тых будзем вельмі жорстка ставіць на месца", — падагульніў кіраўнік дзяржавы. Наша Эканоміка не абрушыцца ад выплаты знешніх даўгоў "Учора ў мяне пабывалі і прэм'ер-міністр, і старшыня Нацбанка, і мы абмяркоўвалі гэтае пытанне. Сёлета мы ўжо маем на выплату даўгоў $3 млрд. Засталося за гэты год знайсці яшчэ $1 млрд. Я думаю, гэтыя грошы мы знойдзем", — адзначыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён дадаў, што магчыма дамовіцца па некаторых даўгах аб адтэрміноўцы выплат. Кіраўнік дзяржавы таксама распавёў, што $1,5 млрд., якія Беларусь павінна МВФ, ужо запланаваны да выплаты. "Краіна не абрушыцца ад выплаты знешніх даўгоў. Далей будзе лягчэй — там пару мільярдаў у год трэба будзе плаціць. У цяперашні час мы перажываем пік гэтай сітуацыі, мы яго вылічвалі, і мы ведаем, як яго прайсці", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. Інвестыцыі інвестыцыям не роўныя"Калі паўстае пытанне замежных інвестыцый, трэба разбірацца: што за інвестыцыі, хто іх прапаноўвае", — лічыць Прэзідэнт. "Вось мне прапанавалі, напрыклад, $13 млрд. інвестыцый. Хоць заўтра! Прыстойная сума? Гэта наогул вырашэнне ўсіх праблем для нашай дзяржавы. Другое пытанне: а што гэта за інвестыцыі? А мы хочам у вас за гэтую суму купіць "Беларуськалій". Я кажу з парога: да пабачэння! Наш "Беларуськалій" каштуе $30—32 млрд., гэта агучаная лічба. Вось вам і інвестыцыі!" — прывёў прыклад кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за бясцэнак багацце народа прададзена не будзе. "Не трэба нам такія інвестыцыі, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — У мяне інтарэс беларускага народа ў гэтым плане". "Для таго каб інвеставаць і спакойна, сумленна, празрыста працаваць у Беларусі — у нас ёсць усё! І гарантыя сумленным людзям поўная..." — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што немалаважную ролю адыгрывае і тое, якія грошы інвестуюцца. Калі легалізуюцца сродкі ад продажу наркотыкаў або гандлю зброяй, то гэта таксама непрымальна. "Таму інвестыцыі інвестыцыям не роўныя", — падагульніў ён. Ініцыятыва па стварэнні прыватных структур ЖКГ павінна зыходзіць ад людзей Прэзідэнт і ўрад будуць кантраляваць гэтае пытанне вельмі жорстка, будуць арыентаваць прыватнікаў, каб яны прытрымліваліся ўзроўню цэн і тарыфаў на паслугі, якія дзейнічаюць у дзяржаўных арганізацыях, запэўніў кіраўнік дзяржавы. "Калі будзе ў вас жаданне стварыць такую арганізацыю, мы падтрымаем, але толькі працаваць трэба сумленна, не абдзіраючы пры гэтым народ", — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што ў Беларусі сотні таварыстваў уласнікаў. Пры гэтым ён распавёў, што нядаўна раскрыліся сітуацыі, калі 5—7 чыноўнікаў стваралі таварыствы ўласнікаў, дзе кошт жыллёва-камунальных паслуг быў у тры разы даражэй за сярэдні ўзровень. "Але галоўнае ж, што яны стварылі гэтыя таварыствы, не параіўшыся з тым, хто павінен плаціць", — канстатаваў Прэзідэнт, адзначыўшы даверлівасць беларусаў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ініцыятыва па стварэнні прыватных структур павінна зыходзіць ад людзей. "Хочаш у дрэнным ЖКГ абслугоўвацца — ідзі і там абслугоўвайся. Калі хочаш таварыства стварыць — жыхарам трэба сабрацца разам і прагаласаваць за гэта", — сказаў ён. Гэта значыць, падобныя дзеянні павінны быць на добраахвотнай аснове. Не колькасцю, а ўменнем "Мы ўжо бачым гэтае скарачэнне — 25%, больш, я лічу, наогул закранаць скарачэнне дзяржапарату нельга, таму што ўзнікне сітуацыя, калі па кіраўнічых законах структура не зможа існаваць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. За кошт скарачэння дзяржапарату "мы будзем павялічваць даходы дзяржслужачых, выводзячы іх на сярэдні ўзровень па краіне. Усю эканомію, а гэта больш як $100 млн па годзе, я аддам на павышэнне зарплаты дзяржслужачым", дадаў Прэзідэнт. Прэзідэнт Беларусі аспрэчыў здагадкі аб магчымай адстаўцы ўрада. "Што датычыцца адстаўкі ўрада, вы з маіх вуснаў наогул пра гэта ні разу не чулі. Можа, камусьці хочацца "адставіць" урад. Мы думаем, што Чалы (Сяргей Чалы — эканаміст) сёння не ў стане замяніць не тое што прэм'ер-міністра, але і звычайнага міністра. Я нідзе не гаварыў пра тое, што ў нас будзе адстаўка ўрада", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. "Калі нам трэба кагосьці замяніць па нейкіх прычынах, вы бачылі таксама, не заржавее — на працягу сутак, калі той чалавек выспеў для таго, каб яго замянілі", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што ў краіне ставяцца рэалістычныя задачы ў эканоміцы, асабліва тыя задачы, якія ставяцца перад урадам. Галоўная задача выкладзена ў асноўных накірунках развіцця краіны на будучы год. Прыватызацыя па прыярытэтных кірунках Беларусь не будзе ісці шляхам масавай прыватызацыі. Замест яе будуць абраны прыярытэтныя кірункі, якія ў будучыні дадуць значныя вынікі, на іх і будуць выдзяляцца сродкі. "Урад выпрацоўвае 15 значных праектаў мадэрнізацыі, якія дадуць нам значныя зрухі. За кожны праект той орган улады, які яго курыруе, будзе адказваць галавой. Тэрмін рэалізацыі — два гады. Мы сяму-таму навучыліся па тых праграмах, якія ў нас былі ў сельскай гаспадарцы і ў дрэваапрацоўцы. Але я адхіліў масавую мадэрнізацыю. Гэта нам не трэба. Ёсць крэдыты, ёсць уласныя сродкі — іх і трэба накіроўваць на мадэрнізацыю", — сказаў Прэзідэнт. "Мы нічога не павінны праядаць. Усе грошы павінны папаўняць золатавалютныя рэзервы нашай дзяржавы, яны належаць не нам, а нашым дзецям. Яны неабходныя для падтрымання стабільнасці і незалежнасці нашай дзяржавы", — дадаў ён. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падтрымлівае ідэю продажу зямлі ва ўласнасць інвестарам. "Я нармальна да гэтага стаўлюся, хоць у нас праблем з гэтым няма", — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. Разам з тым, ён выказаў меркаванне, што, калі б заўтра было прынята рашэнне аб перадачы інвестарам зямлі ў прыватную ўласнасць, наўрад ці "на Беларусь абваліўся б свет і інвестары пакацілі па ўсіх кірунках". Паводле яго слоў, ураду даручана падрыхтаваць адпаведную прапанову. "Калі б у беларускага боку з'явіліся суперкасмічныя прапановы па інвестыцыях, Прэзідэнт мае права прыняць рашэнне ў адзінкавым індывідуальным парадку па наданні гэтым інвестарам права прыватнай уласнасці на зямлю, і гэта не з'яўляецца перашкодай", — запэўніў Аляксандр Лукашэнка. "Беларуськалій": кантрольны пакет за дзяржавай Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка пацвярджае намер пакінуць кантрольны пакет "Беларуськалія" за дзяржавай. "Цана вызначана. Хто хоча — калі ласка. Кантрольны пакет у любым выпадку застаецца за дзяржавай", — падкрэсліў ён. У той жа час Прэзідэнт адзначыў, што ва ўмовах падзення цэн на калійныя ўгнаенні на сусветных рынках актывы буйных кампаній не прадаюцца. "На падзенні рынку, скажу шчыра, актывы дарагіх і вельмі каштоўных кампаній не прадаюцца. І мы не збіраемся ў сувязі з гэтым на нейкім падзенні прадаваць "Беларуськалій", — сказаў кіраўнік дзяржавы. "Што датычыцца нашай эканомікі, то, калі ёсць падзенне на калійныя ўгнаенні і попыт падае, вядома, мы менш атрымаем даходаў. Так і здарылася ў мінулым годзе", — дадаў Прэзідэнт. Аднак, як адзначыў першы віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка, сёння цана на калійныя ўгнаенні стабілізавалася і складае мінімум $400 за тону. У той жа час чакаецца яе наступны рост. У гэтай сувязі прагназуецца, што ў 2013 годзе Беларусь заробіць на продажы калійных угнаенняў крыху больш, чым у 2012 годзе. Заробак настаўнікам будзе павышаны Аляксандр Лукашэнка лічыць заработную плату настаўнікаў у цяперашні час нізкай і абяцае яе павысіць. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што яму добра вядомая праца настаўніка, таму што ён працаваў у школе і члены яго сям'і таксама звязаны з педагагічнай дзейнасцю. "Таму я гэты хлеб добра ведаю і ведаю не як Прэзідэнт, не з голых лічбаў, што такое выхавальнік дзіцячага садка, што гэта за праца, жудасная праца, — сказаў ён. — На першае месца паставіў бы выхавальніка, таму што "каўбасіцца", інакш і не скажаш, суткамі з групай 20—25 дзяцей — гэта кашмар". Ён прызнаў, што сапраўды незаслужана нізкая зарплата ў выхавальнікаў, настаўнікаў. "Таму выйсце адно: мы будзем павышаць заработную плату настаўнікам, яны абавязаны атрымліваць больш, атрымліваць годную заработную плату і эфектыўна працаваць", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Але пры гэтым, заўважыў Прэзідэнт, на яго прапанову значна павысіць зарплату за кошт скарачэння колькасці настаўнікаў і павелічэння ставак да 20 гадзін у тыдзень не было адказу ні ад міністра адукацыі, ні ад педагагічнай грамадскасці. Прэзідэнт адзначыў, што "да гэтага ўсё роўна трэба будзе ісці, таму што ёсць вялізныя праблемы пенсійнага ўзросту, гэта трэба заўсёды памятаць і эканоміць, уціскаць, стымуляваць, каб людзі працавалі больш, для таго каб нармальна жыць". Таму, мабыць, не абысціся і без некаторых непапулярных мер. Пры гэтым Прэзідэнт сказаў, што для яго з'яўляецца навіной неабходнасць настаўніка шмат займацца папяровай працай. У ранейшыя часы ў школе патрабавалі ад настаўніка план на палову сшытка. "Не думаю, што цяпер такія патрабаванні, я, ужо стаўшы Прэзідэнтам, Радзькоў быў міністрам, катэгарычна папярэдзіў, што настаўніку нельга навязваць, які план пісаць і што яму там пісаць, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Я дазваляю вам нічога не пісаць. Але выдавайце тавар так, каб на тэсціраванні былі нармальныя веды. А ад таго, што мы напішам, мала што залежыць". Стварэнне холдынгаў СМІ накіравана на павышэнне іх эфектыўнасціСтварэнне друкаванага грамадска-палітычнага холдынга на базе газеты "Советская Белоруссия" ў першую чаргу накіравана на павышэнне эфектыўнасці дзяржаўных СМІ, а не на эканомію бюджэтных сродкаў. Згодна з распараджэннем "Аб некаторых пытаннях рэарганізацыі асобных рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі" ад 10 студзеня 2013 года, якое падпісана прэм'ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам і кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Андрэем Кабяковым, з "Советской Белоруссией" будуць аб'яднаны чатыры рэспубліканскія газеты. Плануецца правесці рэарганізацыю рэдакцый газет "Рэспубліка", "Белорусская нива", "Знамя юности", "Народная газета". "Галоўная мэта — эфектыўнасць, а эканомія — гэта ўжо потым", — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Адказваючы на пытанне аб магчымасці раздзяржаўлення сродкаў масавай інфармацыі, ён сказаў, што дзяржаўная прэса ёсць у любой краіне. З ідэалагічнай сферы дзяржава не сыдзе, хоць Прэзідэнт не супраць таго, каб газеты самастойна, без бюджэтнай падтрымкі зараблялі сродкі. "Мы дабіліся хаця і невялікага, але стабільнага росту эканомікі, забяспечылі павелічэнне рэальных даходаў насельніцтва. Зразумела, заўсёды хочацца большага. Аднак для нас, беларусаў, ёсць толькі адзін спосаб дабіцца гэтага самага большага — лепш працаваць". Не змешваць свабоду з безадказнасцю "Так званыя палітвязні могуць выйсці на волю, у тым ліку і датэрмінова, у адпаведнасці з законам", — адзначыў Прэзідэнт. "Яны могуць выйсці. Адбудуць тэрмін — выйдуць. Вы хочаце сказаць, ці выйдуць яны датэрмінова? Могуць. Чытайце закон, там усё напісана". "Халіп адмовілася з'язджаць з Беларусі. Яна цудоўна разумее, што тут яна "мучаніца", а там яна нікому не патрэбна будзе, як і яе цяперашні муж, які раней з'ехаў не то ў Англію, не то яшчэ куды. Яна недурная жанчына. Журналіст. Яна разумее — сёння яна ахвяра рэжыму, а заўтра пра яе забудуць. Вось, напэўна, таму яна і не з'ехала". "Я беларус, не хачу бачыць сённяшніх апазіцыйных кандыдатаў на якіхсьці кіруючых пасадах. Хачу бачыць людзей, якія змагаюцца за незалежную краіну. І не проста языком, а рэальна". Беларусь і Расія дасягнулі прынцыповых дамоўленасцяў па балансе паставак нафты Адзін з журналістаў у сваім пытанні адзначыў, што вельмі актыўна ў апошні час абмяркоўваецца тэма пастаўкі нафтапрадуктаў, якую ў тым ліку каментаваў пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў. "Калі казаць пра пазіцыі расійскага пасла ў Беларусі, ён вельмі экзатычным часам выглядае ў сваіх развагах, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Мне далажылі, калі я быў у Маскве, і мы з Пуціным і прэм'ер-міністрам РФ дамовіліся па ўсіх пытаннях. У нас ёсць абавязацельствы перад расіянамі. І ў іх перад намі ёсць абавязацельствы — і па нафце, і па прыродным газе. Мы ўсё гэта ўзважылі, дамовіліся, а ён у гэты час, даючы інтэрв'ю, пачынае разважаць зноў пра гэтую, як я яе называю, "мазню" — растваральнікі і гэтак далей". "А праз тыдзень ужо рэальныя рэчы з'явіліся. Мы сапраўды дамовіліся. Расіі трэба перапрацоўваць нафту, яна будзе перапрацоўваць яе на нашых НПЗ. Чым больш, напэўна, тым лепш. Ім патрэбныя высокаактанавыя бензіны, ракетнае паліва, якія мы наробім вельмі якасна. Яны зацікаўлены, каб мы пастаўлялі гэта ў тым ліку і ў Расійскую Федэрацыю", — заявіў Аляксандр Лукашэнка. У той жа час Аляксандр Лукашэнка не бачыць і праблем для экспарту беларускай сельгаспрадукцыі пасля ўступлення Расіі ў СГА. Па якасці да нашай прадукцыі ў той жа Расіі пакуль прэтэнзій няма. Гэта наш асноўны рынак, мы адтуль не сыдзем, Казахстан купляе нашу прадукцыю, Украіна. Мы, наадварот, экспансію эканамічную павялічваем на гэтыя рэгіёны", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Беларусь, Казахстан і Расія пакуль не гатовыя да больш радыкальных крокаў у інтэграцыіМожа быць, Расіі хацелася б больш хуткіх нейкіх крокаў, можа, больш радыкальных, але ні Казахстан, ні Беларусь на гэта не пойдуць "з бухты-барахты", — сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў пра актуальнае ў свой час пытанне ўвядзення адзінай валюты ў Саюзнай дзяржаве. "Нам няпроста было супрацьстаяць гэтаму працэсу. Я адназначна паставіў пытанне: растлумачце, навошта нам з даху пачынаць будаваць дом? І што гэта будзе наогул азначаць? Ніхто мне на гэта не даў адказу. Значыць, калі на гэтае пытанне няма адказу, давайце пакуль яго адкладзем. Значыць, яно не наспела. Але Расія супраць нас не стала ваяваць", — сказаў Прэзідэнт. Каментуючы па просьбе журналіста заявы дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан, якая выказала асцярогу адносна больш цеснай еўразійскай інтэграцыі і гатоўнасць ЗША прадухіліць гэты працэс, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "А што каментаваць? Яна сёння сказала, а на заўтра ўсе чыноўнікі Дзярждэпа пачалі актыўна аспрэчваць, што яна не гэта мела на ўвазе". "Тое, што іх хвалюе, што адбываецца ў нас на постсавецкай прасторы, дык і нас хвалюе тое, што ў іх адбываецца ў Афганістане, Іраку, на арабскай дузе. Для нас гэта непрымальна! Таму мы разумеем іх хваляванне, але мы ж не ваюем. Мы не ўзялі пісталеты, аўтаматы ў рукі і не пайшлі ўздоўж і папярок граміць гэтыя дзяржавы, і Расія таксама, якую перш за ўсё Клінтан спрабавала папракнуць, таксама не ваюе", — адзначыў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка не бачыць нічога дрэннага ў тым, што Расія спрабуе вакол сябе "нарэшце цывілізаваным чынам сабраць гэтыя дзяржавы". "Мы будуем свае адносіны, зыходзячы з нашых інтарэсаў. І мы будзем іх так будаваць. І я ведаю, такая пазіцыя ва ўсіх дзяржаў, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы бачым арыенціры сусветнай эканомікі, светапарадку, і арыентуемся, вядома, на гэта . Але ў нас ёсць уласныя інтарэсы". Што датычыць супрацоўніцтва ў рамках Садружнасці Незалежных Дзяржаў, то гэтае міжнароднае аб'яднанне, па меркаванні Прэзідэнта, — пляцоўка для перамоў і ўзгаднення пазіцый, абмеркавання пытанняў". Паводле яго слоў, гэта і пляцоўка для двухбаковых перамоваў. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Адзінай эканамічнай прасторы ўжо зроблена больш, чым у СНД: "Я ўжо не кажу пра Саюзнае будаўніцтва з Расіяй. СНД гэта ніколі не пераадолее. Трэба спакойна да гэтага ставіцца. З'явілася шмат утварэнняў ў Цэнтральнай Азіі, у Прыкаспійскім рэгіёне, дзе абмяркоўваюцца канкрэтныя пытанні, бо не было задавальнення ад працы СНД. Ды і расцягваюць нас пакрысе. Аднаго туды, другога сюды. Хтосьці на Кітай больш арыентуецца эканамічна і палітычна, хтосьці — на Еўрапейскі саюз. Але супадзенне інтарэсаў павінна быць, і мы гэтыя кропкі павінны знаходзіць", — падкрэсліў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што ініцыятывы Беларусі ў час старшынства ў СНД будуць падтрыманы усімі дзяржавамі Садружнасці. Таксама ў час старшынства Беларусі Аляксандр Лукашэнка мае намер абмеркаваць з кіраўніцтвам Грузіі магчымасць яе вяртання ў тым ці іншым фармаце ў СНД. Гэтае стагоддзе будзе праходзіць пад знакам росту магутнасці Кітая Адказваючы на пытанне журналістаў аб ролі КНР на міжнароднай арэне, кіраўнік Беларусі назваў Кітай вядучай дзяржавай свету. "Дзякуй, што такая дзяржава з'явілася, якая пакладзе канец, калі ўжо не паклала, аднапалярнасці свету. Гэта вялікая справа, таму што на адной кропцы апоры свет доўга не ўтрымаецца", — мяркуе Аляксандр Лукашэнка. Закранаючы супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, Прэзідэнт канстатаваў, што гэта напрамак, які вельмі інтэнсіўна развіваецца. "Мы ствараем там сумесныя вытворчасці, Кітайская Народная Рэспубліка адкрывае тут новыя прадпрыемствы, чаму мы ўсяляк спрыяем і будзем спрыяць", — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў кітайскага боку ў цэнтры Еўропы ёсць надзейны саюзнік. "Калі вы (прадстаўнікі Кітая. — Заўвага. БЕЛТА.) хочаце развіваць з тэрыторыі Беларусі супрацоўніцтва з іншымі дзяржавамі, у тым ліку Еўрапейскага саюза, вы на нас можаце цалкам разлічваць", — дадаў Прэзідэнт. Палітычныя і эканамічныя праблемы перашкаджаюць развіццю супрацоўніцтва з Польшчай і Літвой А вось вядзенню малога прыгранічнага руху з Польшчай і Літвой перашкаджаюць палітычныя і эканамічныя праблемы, лічыць Аляксандр Лукашэнка. "Я не буду іх дэталізаваць. Шэраг нявырашаных момантаў. Цэлы букет. Яны іх ведаюць", — адзначыў Прэзідэнт Беларусі. Акрамя таго, адказваючы на пытанне з нагоды магчымых тэрмінаў увядзення малога прыгранічнага руху з польскім бокам, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Мы і з Польшчай, і з Літвой прымем рашэнні, як дамовімся. Пакуль я не ведаю, калі. Гэта не ад нас залежыць. Пэўныя праблемы ёсць, яны нас насцярожваюць, і як толькі мы атрымаем пэўныя гарантыі ад іх і будзем бачыць з іх боку дружалюбную палітыку, мы прымем гэтыя рашэнні". "Усе рашэнні павінны быць збалансаваны і, калі хочаце, прынятыя ў адным пакеце. У нас вельмі шмат пытанняў да польскай, да літоўскага боку. Можа, і ў іх ёсць нейкія пытанні, але больш за ўсё палітычныя", — таксама адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Беларусь вымушана будзе рабіць больш жорсткай ахову мяжы з Літвой, калі будуць адбывацца інцыдэнты, падобныя на выпадак са шведскім самалётам, заявіў Прэзідэнт. Гаворачы аб пытаннях, звязаных з перамяшчэннем людзей праз мяжу з Літвой, Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў: "Як Прэзідэнт я за гэта нясу адказнасць. Буду рабіць усё, каб забяспечыць бяспеку нашых межаў. Тым больш, я стары памежнік, я ведаю, што гэта такое . Нам гэтыя пытанні (з нагоды аховы мяжы. — Заўвага БЕЛТА) задаваць не трэба. Яны самі ўляпаліся ў гісторыю і далі штуршок таго, што мы вось пільна сёння глядзім на супрацоўніцтва паблізу межаў нашых". У той жа час Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што Літва не пойдзе на разрыў партнёрскіх адносін з Беларуссю. Паводле яго слоў, страціць партнёрства з Беларуссю — на гэта ў Літве можа пайсці толькі вар'ят. Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб такой аб'ектыўнай акалічнасці, як суседства Літвы і Беларусі: "Суседзяў не выбіраюць. Гасподзь прадвызначыў, і нам трэба жыць у дружбе". У гэтай сувязі Аляксандр Лукашэнка заявіў аб немагчымасці існавання так званага беларускага катынскага спісу. "Мы сапраўды займаліся гэтым пытаннем. Мне няма ад каго нешта хаваць, кагосьці прыкрываць. Я ў НКУС службу не праходзіў. Лічу, што гэта былі такія часы. Я не хачу, каб на маіх продках, на беларусах ляжала нейкая пячатка", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, у Польшчу пасля вывучэння архіўных дакументаў быў перададзены адказ. "Польскаму баку была прад'яўлена копія знойдзенай ў архіве КДБ запіскі наркама ўнутраных спраў БССР Лаўрэнція Цанавы і начальніка асобага аддзела НКУС Бачкова ад 20 верасня 1939 года на імя Лаўрэнція Берыі аб тым, што інтэрніраваныя польскія ваеннапалонныя ў стацыянарных лагерах і турмах на тэрыторыі Беларусі не ўтрымліваліся, а праз прыёмныя пункты накіроўваліся ў Казельскі лагер у Смаленскай вобласці", — расказаў Аляксандр Лукашэнка. "Гэта значыць, у нас былі перасыльных кропкі. У нас наогул польскія ваеннапалонныя, не толькі афіцэры, не ўтрымліваліся. У нас гэты ліст ёсць. Ён пра многае гаворыць, — падкрэсліў Прэзідэнт. — У нас ніколі, па нашых архіўных дадзеных, мы перагледзелі ўсё, не расстрэльвалася польскае насельніцтва. Дакладна ўстаноўлена, што ніякіх падобных спісаў няма не толькі ў архівах КДБ, але і іншых дзяржаўных і ведамасных архівах Беларусі". Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на пытанне аб магчымасці правядзення ў Беларусі раскопак у Курапатах, калі ад польскага боку паступіць адпаведны запыт. "Плаціце грошы, калі вас нешта цікавіць, мы ўсё гэта правядзём і вам адкажам. У нас ёсць спецыялісты, правядзём раскопкі там, дзе вы лічыце патрэбным, і адкажам на ваш пытанне, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Мы сумленна і прынцыпова ўсё гэта зробім. Калі журналісты хочуць суправаджаць гэты працэс, калі ласка". Тым часам Беларусь разлічвае ў бліжэйшы час дасягнуць з Паўднёвай Амерыкай тавараабароту ў $5 млрд. "Калісьці мы наогул нічога не мелі ў Паўднёвай Амерыцы. Цяпер у нас з імі добрыя адносіны, што ідзе нам на карысць. Гэта таксама адказ асобным нашым зласліўцам", — падкрэсліў Прэзідэнт. Зараз таваразварот Беларусі і краін Паўднёвай Амерыкі складае каля $3,5 млрд. у год. Экспарт беларускіх тавараў туды налічвае ўжо каля $ 2 млрд. "Там, дзе нас прымаюць, туды трэба ісці, мы там патрэбныя. Я пабываў у Венесуэле, Бразіліі і іншых краінах і пераканаўся, што ў нас ёсць шмат груп тавараў, якія карыстаюцца там вялікім попытам. Мы прынялі рашэнне, што нашым апорным пунктам у Паўднёвай Амерыцы будзе Венесуэла, і адтуль мы будзем працаваць і на Эквадор, і на Кубу, і на краіны Цэнтральнай Амерыкі. У бліжэйшы час разлічваем дасягнуць, па меншай меры, $5 млрд. тавараабароту з гэтым кантынентам. Гэта стане добрай прыбаўкай у вырашэнні нашай асноўнай праблемы — экспарту, бо нам патрэбна валюта", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Пра БАТЭ І хакей, "Дажынкі" і "Славянскі базар"... "Не заахвочвайце недасведчанасць і ўважліва стаўцеся да сваіх чытачоў, гледачоў, слухачоў". Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што журналісты таксама аказваюць уздзеянне на Прэзідэнта, ставячы перад ім тыя ці іншыя пытанні. Спартсмены будуць атрымліваць вялікія грошы менавіта за вынік. "Вось тут мы адрэгулюем на ўсю катушку. Будуць атрымліваць зарплату для таго, каб пракарміць сям'ю і самім трэніравацца, а вось за паказаны вынік будуць атрымліваць многа". Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў яго ёсць сур'ёзныя пытанні да спартсменаў наконт вынікаў. У тым ліку гэта датычыцца і футбольнага клуба БАТЭ, які няўдала правёў некалькі паўторных матчаў з еўрапейскімі камандамі: "Я выключаў тэлевізар. Мне было сорамна і крыўдна да слёз, калі чатыры мячы прапускалі ў свае вароты". І няхай БАТЭ дзякуй скажа, я іх заўсёды вызваляў ад падаткаў. Маю на ўвазе, што яны ўсё-такі малайцы. Яны свае грошы ў апошні час зарабляюць. Але няхай не забываюць, што нават за гэтыя грошы яны стадыён у Барысаве не пабудавалі і не пабудуюць. Яго будуе ў тым ліку і дзяржава". "Не ведаю пра чорныя спіскі беларускіх выканаўцаў. Папрашу кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, яго першага намесніка Радзькова, вы мне далажыце аб гэтых чорных спісах, "чорных капацеляў" на ніве культуры. Я хацеў бы ўбачыць, каму мы тут перашкаджаем. Паверце, я нікому такіх даручэнняў не аддаваў". "Я прывык слухаць людзей на месцах. Я ведаю, што гамяльчане былі б не супраць прыняць гэтае свята ("Дажынкі"). Але падняліся і другія гарады. У прыватнасці, сёння паступіла прапанова правесці "Дажынкі" ў Жлобіне. Я не супраць. Аднак канчатковага рашэння мне на подпіс не паступала. Я разгледжу гэтае пытанне". Аўташколы ў Беларусі выпускаюць шмат браку. Як бы мы там ні патрабавалі, а я ціск аказваю сур'ёзны на адпаведныя структуры. Як бы мы ні кантралявалі школы, якія рыхтуюць вадзіцеляў, усё роўна шмат браку, гэта аб'ектыўна. І сітуацыя тут горшая, чым у савецкія часы. Ёсць людзі, якіх наогул нельга за руль пускаць ні ў якім разе: у яго няма рэакцыі, ён баіцца. У аўташколах гэта не адсочваецца". "Стопмены каля школ — гэта поўная бязглуздзіца, па тэлебачанні ўзнімалі гэтую тэму. Вось, бяда здарылася. Прэзідэнт заўважыў, кулаком па стале стукнуў — на табе. А гэта нічога абсалютна не дасць, гэта паказуха, не больш. Пытанне трэба вырашаць па сутнасці. Кожная школа павінна быць абгароджана, асабліва ў буйных гарадах. І мне абяцалі, што ў снежні гэта зробяць. Калі не зрабілі, то зробяць за зіму". "Неабходна прыўнесці навізну ў фестываль "Славянскі базар у Віцебску". Хацелася б, і гэта маё цвёрдае перакананне, каб мы ўбачылі там штосьці новае. Мы бачым — на РТР, АНТ і г.д. дубліруюцца артысты з заезжанымі пад фанаграму музычнымі кампазіцыямі. Я, напрыклад, успрымаю гэта крытычна. А дзе навізна? У гэтым годзе нам трэба ўзварухнуць "Славянскі базар" для таго, каб людзі, якія любяць яго (а ў нас іх многа, і ва Украіне, і ў Расіі) маглі сказаць, что ёсць нейкі рух". "Мы гатовы прыняць чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе. Учора прэм'ер-міністр, ён узначальвае аргкамітэт, дакладваў мне. Там, па-мойму, вылучылі 11 кірункаў пры падрыхтоўцы да чэмпіянату. Больш-менш паспяхова пытанні вырашаюцца. Але да гэтага пытання я вярнуся недзе ў верасні гэтага года. Там ужо будзе больш сур'ёзны аналіз і кантроль на ўзроўні Прэзідэнта". "Калі бачу, што дзеці радуюцца, больш нічога не трэба..." Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што чыноўнікі абавязаны дэклараваць свае даходы. "Маю дэкларацыю вы заўсёды бачыце перад прэзідэнцкімі выбарамі. Калі ласка, чытайце. У мяне, акрамя зарплаты, іншых даходаў няма", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Адказваючы на пытанне, ці спрачаюцца з ім чыноўнікі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Спрачаюцца, ды яшчэ як. Чаго варты адзін Уладзімір Ільіч Сямашка (першы віцэ-прэм'ер. — Заўв.). Гэты за адну нараду так сэрца парве, што два тыдні трэба будзе ачуньваць". Прэзідэнт лічыць, што, калі кіраўнік перастае слухаць альтэрнатыўны пункт гледжання, яго ўмомант трэба знімаць з паста, асабліва з паста прэзідэнта, таму што гэта завядзе ў нетры. Кіраўнік дзяржавы расказаў, што на Новы год, насуперак шматгадовай традыцыі, ён паставіў жывую, а не штучную, ёлку, якая была ссечана на тэрыторыі рэзідэнцыі. "Што яшчэ там трэба? Дзеду Марозу пісьмо напісаць! Малы па электроннай пошце адправіў. "Дзед Мароз" пад ёлку паклаў падарунак, нейкую там пнеўматычную зброю... спецназавец будучы... Вось і ўсё", — расказаў Аляксандр Лукашэнка. "Але галоўны падарунак — гэта Прэзідэнцкая ёлка. Гэта ўсім! Гэта мой клопат! — сказаў кіраўнік дзяржавы. — І калі я бачу, што вы і вашы дзеці радуюцца, то мне больш нічога не трэба. Гэта праўда". Прэзідэнт Беларусі назваў бязглуздзіцай абвінавачванні ў яго адрас у выкарыстанні ў мэтах уласнага піяру клопату аб дзецях і старых. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў выпадку неабходнасці можа ў тым ліку прадэманстраваць грамадскасці тое, у якіх умовах ён жыве ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі. Рэзідэнцыя Прэзідэнта Беларусі значна больш сціплая, чым у яго калег з сумежных краін. "Думаю, вы пойдзеце з маёй рэзідэнцыі вельмі расчараваным. Перакананы ў гэтым. Я жыву ў рэзідэнцыі, якую пабудаваў калісьці Пётр Машэраў", — распавёў кіраўнік дзяржавы. Што датычыцца самалёта, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што звычайна ў прэзідэнтаў ён служыць толькі некалькі гадоў, пасля чаго яго мяняюць. "А ў мяне (часам Сямашка на ім лятае) — Ту-154, ён дагэтуль лятае, а я хутка буду 20 гадоў Прэзідэнтам. Наконт дарагога гадзінніка Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што ён гэтак жа, як і аўтамабіль "Майбах", быў падораны на дзень нараджэння. "Гэты аўтамабіль ужо не выпускаюць, яго знялі з вытворчасці. Мне падарылі гэтую машыну, і я яе аддаў дзяржаве. Мне трэба было б купіць аўтамабіль, калі б не было гэтага "Майбаха", і затраціць на гэта бюджэтныя грошы. Гэта прэзідэнцкі аўтамабіль, які дзяржаве дастаўся бясплатна", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Для Прэзідэнта ёсць нейкі стандарт і ў адзенні, і ў гальштуках, і ў кашулях, і гадзінніках. Гэта — ваш твар", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым ён заўважыў, што да такіх рэчаў журналісты вельмі ўважлівыя, і калі ёсць нейкія недахопы ў знешнім выглядзе, то гэта ў тым ліку адбіваецца на іміджы краіны. Што датычыцца музыкі, у прыватнасці, ігры на баяне, то часу на гэта ў Прэзідэнта практычна няма. Малодшы сын Прэзідэнта Беларусі Мікалай Лукашэнка марыць стаць ваенным "Калі мы аднойчы прыехалі на "Славянскі базар", дзіцячае латвійскае тэлебачанне ў яго спытала, кім ён марыць стаць. Сын адказаў, што хоча стаць салдатам, для таго каб абараняць Радзіму. Я падтрымліваю такое яго жаданне", — распавёў кіраўнік дзяржавы. Гаворачы пра сваіх старэйшых сыноў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны ўжо выбралі свой жыццёвы шлях, і ён таксама заўсёды падтрымліваў іх у гэтым выбары. Паводле матэрыялаў БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўчора правёў прэс-канферэнцыю для прадстаўнікоў беларускіх і замежных сродкаў масавай інфармацыі. У ёй прынялі ўдзел...
|
|