Пад знакам эканомікі пройдзе вясновая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. 21.by

Пад знакам эканомікі пройдзе вясновая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі

28.03.2013 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У прыкладнай сесійнай праграме і шэраг іншых пытанняў, важных для далейшага развіцця краіны, пра што "Звязда" даведалася ў старшыні Палаты прадстаўнікоў Уладзіміра АНДРЭЙЧАНКІ.

— Уладзімір Паўлавіч, мяркуючы па тым, што ў графіку падрыхтоўкі для разгляду на вясновай сесіі ўжо больш за шэсцьдзесят законапраектаў, Палата прадстаўнікоў, напэўна, мае намер удвая павялічыць каэфіцыент свайго карыснага дзеяння ў параўнанні з першай сесіяй. Значыць, этап псіхалагічнай адаптацыі нававыбраных дэпутатаў да заканадаўчай дзейнасці не зацягнуўся і яны на ўсю моц уключыліся ў заканатворчасць?

— Першая сесія была стартавай, і таму ў пэўнай ступені мела арганізацыйны характар, хоць і на заканатворчай ніве дэпутаты папрацавалі нядрэнна. Гэтая ж сесія цалкам будзе прысвечана заканатворчай рабоце, таму менавіта прапрацоўка нарматыўна-прававых дакументаў была нашым галоўным клопатам у міжсесійны перыяд.

— Што азначае прапрацоўка?

— Тое ж, што і "абкатка" розных меркаванняў. Абмеркаванне законапраектаў у рабочых экспертных групах, на пасяджэннях галаўной і ўсіх профільных камісій, а найбольш важных пытанняў — з выездам у рэгіёны, на прадпрыемствы і ў арганізацыі, кансультацыі са спецыялістамі, работнікамі міністэрстваў, ведамстваў і з грамадскасцю. Такая вось аб'ёмная, комплексная праца.

— Над якімі законапраектамі прыкладнага сесійнага графіка давялося папрацаваць даўжэй?

— Працаёмкасць у заканатворчасці не вымяраецца працягласцю падрыхтоўкі законапраекта, гэта катэгорыя найперш інтэлектуальная. Хаця, безумоўна, як правіла, большага рабочага часу вымагаюць кодэксы і базавыя законапраекты сістэмнага характару, але нярэдка доўжыцца і карэкціроўка дзейных законаў, здавалася б, вузкага карыстання. Чаму? Таму што многае залежыць ад навізны прававога рэгулявання тых ці іншых пытанняў, ад таго, наколькі яны правераны рэальным жыццём, ці дасягнута згода розных інстанцый і спецыялістаў у дачыненні да прававых новаўвядзенняў. Мы робім упор на так званым нулявым чытанні законапраектаў не толькі для таго, каб палепшыць іх якасць, але і каб скараціць тэрмін ад іх распрацоўкі да прыняцця. У час падрыхтоўкі да другой сесіі профільнымі камісіямі і сакратарыятам Палаты прадстаўнікоў праведзена вялікая работа па ўсіх законапраектах базавага значэння, што, думаю, створыць пазітыўны дзелавы тонус сесіі.

— Які дыяпазон сесійнай тэматыкі?

— Самы буйны блок законапраектаў эканамічнай накіраванасці. Мяркуем прыняць рашэнні па такіх вельмі важных пытаннях, як інвестыцыі, канцэсіі, энергазберажэнне, супрацьдзеянне манапалістычнай дзейнасці і развіццё канкурэнцыі, натуральныя манаполіі, свабодныя эканамічныя зоны, выкарыстанне недраў, племянная справа ў жывёлагадоўлі, насенняводства, народныя промыслы (рамёствы), аўдыт, бухгалтарскі улік і справаздачнасць, дзяржаўнае рэгуляванне гандлю і грамадскага харчавання. Можна сказаць, што вясновая сесія пройдзе пад знакам умацавання заканадаўчай базы мадэрнізацыі эканомікі.

Аб'ёмнай будзе тэматыка па пытаннях судова-прававой сістэмы — канстытуцыйнае, гаспадарчае і грамадзянскае судаводства, судаўладкаванне, статус суддзяў і іншае.

У цэлым у ходзе сесіі абновіцца дастаткова шырокі абсяг заканадаўчага ландшафту, у тым ліку аб грамадскай бяспецы, ахове працы, ахове здароўя, працоўных і жыллёвых адносінах, фізічнай культуры і спорце. Павялічыцца нарматыўна-прававая база міжнароднага супрацоўніцтва.

Адзначу, што за шырокім комплексам законапраектаў сесійнага парадку дня — клопат пра паляпшэнне якасці жыцця ў краіне, дабрабыту людзей і рэалізацыю іх законных правоў і інтарэсаў. Мы працуем менавіта ў такім напрамку.

— На ваш погляд, што неабходна дэпутату ў першую чаргу, каб яго ўдзел у заканатворчай дзейнасці быў карысным?

— Адчуваць пульс праблем, якія патрабуюць заканадаўчага рэгулявання. Умець іх дакладна сфармуляваць і прапанаваць рэальны шлях вырашэння. Гэта і ёсць тое, што называецца ўменнем працаваць у інтарэсах сваіх выбаршчыкаў.

— Гэтыя інтарэсы заўсёды супадаюць з дзяржаўнай воляй?

— Грамадска значныя абавязкова супадаюць. Гэта маё глыбокае перакананне, якое заснавана на асабістым жыццёвым, гаспадарчым і кіраўніцкім вопыце. Ды і на вопыце маіх калег. Таму ў практыку Палаты прадстаўнікоў і ўведзены пастаянны грамадскі дыялог. Пра некаторыя яго складнікі я ўжо сказаў у пачатку нашай гутаркі. Артыкуляцыя пазіцыі профільных камісій і дэпутацкага корпуса ў цэлым па базавым ці асабліва рэзанансным законапраекце адбываецца менавіта праз вывучэнне думкі тых, для каго ён напісаны і хто павінен будзе яго рэалізоўваць у сваёй рабоце. У кожнага дэпутата ёсць зваротная сувязь са сваёй выбарчай акругай, выкарыстоўваючы якую ён абмяркоўвае і выпрацоўвае свае прапановы заканатворчага і іншага характару. З гэтага года дэпутаты ўдзельнічаюць у паездках кіраўніка дзяржавы па рэгіёнах, што нацэльвае іх на тое, каб максімальна ініцыятыўна спрыяць вырашэнню мясцовых праблем, весці шчыры і адкрыты дыялог з людзьмі.

— У сесійным раскладзе застанецца "фортка" для паездак дэпутатаў у свае выбарчыя акругі?

— Абавязкова. Выязны тыдзень плануецца штомесяц.

— А што асабіста вам, Уладзімір Паўлавіч, даюць рэгулярныя рабочыя паездкі ў выбарчую акругу і па краіне?

— Дзелавую энергію, веданне жыцця людзей.

Аляксандр Філімонаў.

     

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У прыкладнай сесійнай праграме і шэраг іншых пытанняў, важных для далейшага развіцця краіны, пра што "Звязда" даведалася ў старшыні Палаты прадстаўнікоў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика