РЭАЛЬНЫЯ СПРАВЫ — АСНОВА ПОСПЕХУ. 21.by

РЭАЛЬНЫЯ СПРАВЫ — АСНОВА ПОСПЕХУ

03.04.2013 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя члены Урада, запрошаныя і журналісты!

2 красавіка ў адпаведнасці з артыкулам 95 Канстытуцыі краіны пачынае работу другая сесія Савета Рэспублікі пятага склікання.

Гэта падзея штогод супадае з Днём яднання народаў Беларусі і Расіі. Сямнаццаць гадоў таму кіраўнікі нашых дзяржаў паклалі пачатак працэсу інтэграцыі, адкрылі новыя магчымасці для збліжэння двух брацкіх народаў.

За мінулыя гады створаны трывалы фундамент саюзніцкіх адносін. Дасягнуты значныя вынікі ў сацыяльна-эканамічнай і заканадаўчай сферах. Па выніках 2012 года наш тавараабарот наблізіўся да 44 мільярдаў долараў, а ў бліжэйшы час можа дасягнуць 50 мільярдаў. Такую мэту, у прыватнасці, паставілі прэзідэнты Беларусі і Расіі на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага Савета Саюзнай дзяржавы, якое адбылося 15 сакавіка ў Санкт-Пецярбургу.

Гэта пасяджэнне яшчэ раз прадэманстравала дынамічнае развіццё супрацоўніцтва нашых краін. На ім быў разгледжаны шэраг пытанняў, накіраваных на павышэнне эфектыўнасці саюзнага будаўніцтва. Зацверджаны бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2013 год, узгоднены дзеянні ў галіне знешняй палітыкі, вызначаны прыярытэты далейшага развіцця.

Як падкрэсліў у сваім выступленні кіраўнік нашай дзяржавы, саюзнае будаўніцтва значнае не толькі для Беларусі і Расіі, але і служыць лакаматывам постсавецкай інтэграцыі ў цэлым.

Паважаныя калегі!

Гэты год — вызначальны для краіны. Ад яго шмат у чым будзе залежаць, як спрацуе эканоміка за пяцігодку ў цэлым.

Важнейшым паказчыкам тут з'яўляецца аб'ём нашага экспарту і знешнегандлёвае сальда. Сёння важна не толькі вырабіць тавар, самае галоўнае — здолець яго прадаць. Ва ўмовах глабалізацыі і ўзрастаючай сусветнай канкурэнцыі гэта задача становіцца ўсё больш і больш складанай.

І другі важнейшы напрамак — прыцягненне замежных інвестыцый. Без прыцягнення знешніх фінансавых рэсурсаў мы не зможам забяспечыць такія тэмпы развіцця, якія неабходны для вываду эканомікі нашай краіны ў лік перадавых эканомік свету.

Вырашэнню гэтых дзвюх задач былі прысвечаны нядаўнія візіты нашага Прэзідэнта ў краіны Паўднёва-Усходняй Азіі і Персідскага заліва. Гэтыя візіты, несумненна, нададуць новы імпульс развіццю нашых эканамічных і палітычных адносін і дадуць магчымасць Беларусі замацавацца ў гэтых вельмі перспектыўных рэгіёнах. Дарэчы, можна адзначыць, што дамоўленасці, дасягнутыя ў час паездак кіраўніка нашай дзяржавы, пачалі ўжо ажыццяўляцца. У прыватнасці, у красавіку-маі гэтага года адбудуцца афіцыйныя візіты ў Рэспубліку Беларусь парламенцкіх дэлегацый высокага ўзроўню з Інданезіі і Сінгапура. Так што для Савета Рэспублікі тут будзе немалое поле работы.

У мінулыя месяцы, нягледзячы на міжсесійны перыяд, Савет Рэспублікі працягваў актыўную дзейнасць.

Рэгулярна праводзіліся пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі. Пры ім быў створаны і пачаў дзейнічаць навукова-кансультатыўны савет па пытаннях развіцця эканомікі. Мы разлічваем, што гэты савет стане дзейснай пляцоўкай для выпрацоўкі эфектыўных заканадаўчых мер рэгулявання адносін у эканамічнай сферы.

Працягнула работу беларуская частка Міжурадавай Беларуска-Кітайскай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне высокіх тэхналогій. Мы ўшчыльную займаемся гэтым пытаннем, паколькі сустаршынёй гэтай камісіі з беларускага боку з'яўляецца Старшыня Савета Рэспублікі. Былі праведзены два пасяджэнні, на якіх дэталёва разгледжаны прапановы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Міністэрства адукацыі, Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях і галіновых інстытутаў па рэалізацыі сумесных праектаў у сферы высокіх тэхналогій. Былі вызначаны таксама асноўныя напрамкі работы камісіі на перспектыву. У першым паўгоддзі запланавана правесці рабочую сустрэчу экспертаў дзвюх краін для ўзгаднення канкрэтных планаў супрацоўніцтва, у тым ліку вырашэння пытанняў, звязаных з правядзеннем першага поўнафарматнага пасяджэння міжурадавай камісіі.

Вялікі аб'ём работы праведзены пастаяннымі камісіямі Савета Рэспублікі. У цесным узаемадзеянні з адпаведнымі камісіямі Палаты прадстаўнікоў і распрацоўшчыкамі прапрацавана некалькі дзясяткаў праектаў законаў.

Акрамя сумесных пасяджэнняў, профільныя пастаянныя камісіі абедзвюх палат рэгулярна праводзілі круглыя сталы і семінары па многіх законапраектах. У іх ліку законапраекты аб свабодных эканамічных зонах, аб каштоўных металах і каштоўных камянях, аб інвестыцыях, аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання, аб пытаннях рэгулявання працоўных адносін, аб канстытуцыйным судаводстве, аб медыяцыі, аб фізічнай культуры і спорце і іншыя.

Значную ўвагу ў міжсесійны перыяд мы ўдзялялі рабоце ў рэгіёнах. Члены Савета Рэспублікі прынялі ўдзел у 48 сесіях Саветаў дэпутатаў абласнога і больш як у 150 сесіях базавага і пярвічнага ўзроўняў.

Пад эгідай Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання разгледжана пытанне аб сумеснай рабоце кіраўніцтва Горацкага раёна і ўстановы адукацыі "Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія" па падрыхтоўцы і замацаванні кадраў у сельскай мясцовасці.

У ходзе пасяджэння Савета былі разгледжаны пытанні ўдасканалення прававога рэгулявання прыёму ва ўстановы адукацыі сельскагаспадарчага профілю, у тым ліку пашырэння прыёму ў названыя навучальныя ўстановы на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Выпрацаваны шэраг канкрэтных рэкамендацый, накіраваных на замацаванне ў вёсцы спецыялістаў, якія скончылі вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Мы звярнуліся ва ўрад з прапановай стварыць спецыяльную камісію пад старшынствам віцэ-прэм'ера, якая сумесна з зацікаўленымі прапрацавала б гэтыя рэкамендацыі.

Асаблівую ўвагу ў наступны перыяд Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання плануе ўдзяліць пытанням навядзення парадку на зямлі і добраўпарадкавання населеных пунктаў, вырашэнні пытанняў эканоміі і беражлівасці, развіцці тэрыторый і забеспячэнні жыццядзейнасці насельніцтва. Практыка вырашэння гэтых пытанняў будзе разгледжана ў чэрвені гэтага года на выязным пасяджэнні Савета на прыкладзе Мазырскага раёна.

У міжсесійны перыяд прадаўжалася работа са зваротамі грамадзян.

У Савеце Рэспублікі былі разгледжаны каля 160 зваротаў. Члены Савета Рэспублікі рэгулярна праводзілі асабістыя прыёмы грамадзян і юрыдычных асоб у Савеце Рэспублікі і рэгіёнах. За мінулы перыяд праведзена больш як 60 асабістых прыёмаў. Сярод найбольш вострых тэм, з якімі звярталіся да нас людзі, па-ранейшаму застаюцца пытанні будаўніцтва жылля, работы ЖКГ, сацыяльнага забеспячэння і сацыяльнай абароны.

З нашага боку ва ўсіх выпадках была аказана максімальна магчымая дапамога кожнаму чалавеку, які звярнуўся, у вырашэнні яго няпростых пытанняў.

Разам з тым, лічу, што работу са зваротамі грамадзян неабходна ўдасканальваць. З аднаго боку, асабістыя прыёмы трэба часцей праводзіць у глыбінцы — там, адкуль людзям цяжэй прыехаць, дзе яны чакаюць нашай рэальнай дапамогі. А з іншага, трэба не проста аказваць садзейнічанне людзям у вырашэнні іх пытанняў, але ў тых выпадках, калі выяўляюцца недапрацоўкі мясцовай улады, выносіць гэтыя пытанні на абмеркаванне сесій адпаведных Саветаў дэпутатаў. Сенатары не павінны падмяняць сабой мясцовую выканаўчую ўладу. Але выкарыстоўваць свой аўтарытэт і ўплыў для таго, каб актывізаваць дзейнасць кіраўнікоў на месцах па дзейсным разглядзе зваротаў людзей, неабходна.

Паважаныя калегі!

Перш чым перайсці да аналізу міжпарламенцкай дзейнасці, хачу аддаць даніну памяці выдатнаму палітычнаму дзеячу сучаснасці Прэзідэнту Рэспублікі Венесуэла Уга Чавесу.

Мы ў Беларусі, як і людзі ў многіх краінах свету, з глыбокім смуткам успрынялі паведамленне аб тым, што гэты яркі, адораны палітык заўчасна пайшоў з жыцця.

Уга Чавес унёс вялікі ўклад у беларуска-венесуэльскую дружбу і супрацоўніцтва, і для нас яго страта незаменная. Упэўнены, што памяць аб гэтым выдатным чалавеку і вялікім сябры нашага народа назаўсёды захаваецца ў сэрцах беларусаў.

Паважаныя калегі!

У міжсесійны перыяд Савет Рэспублікі актыўна займаўся пытаннямі міжпарламенцкага і міжнароднага супрацоўніцтва.

Пачалася практычная рэалізацыя дамоўленасцяў, дасягнутых у мінулым годзе ў ходзе афіцыйнага візіту ў Мінск спікера верхняй палаты расійскага парламента Мацвіенка В.І. У адпаведнасці з падпісаным у 2012 годзе пагадненнем у Мінску правяла сваё першае пасяджэнне міжпарламенцкая камісія Савета Рэспублікі і Савета Федэрацыі па міжрэгіянальным супрацоўніцтве, у час якога распрацаваны і прыняты канкрэтны план сумесных дзеянняў па міжрэгіянальным супрацоўніцтве. У прыватнасці, дасягнута дамоўленасць аб тым, каб правесці першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі восенню гэтага года ў нашай краіне на базе Магілёўскай вобласці.

У рамках дзейнасці Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі і Міжпарламенцкай асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД члены Савета Рэспублікі прымалі актыўны ўдзел у рабоце профільных камісій гэтых міжпарламенцкіх структур, удзельнічалі ў міжнародным назіранні за прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй у Рэспубліцы Арменія.

Як вы ведаеце, Беларусь з афіцыйным візітам наведаў Прэзідэнт Рэспублікі Сербія Таміслаў Нікаліч, які быў прыняты кіраўніком нашай дзяржавы. Таміслаў Нікаліч пабываў таксама і ў Савеце Рэспублікі, дзе мы абмеркавалі з ім пытанні міжпарламенцкага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі.

Гэты візіт і праведзеныя перагаворы яшчэ раз паказалі памылковасць праводзімай Еўрапейскім саюзам палітыкі санкцый адносна нашай краіны.

Паважаныя калегі!

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы дэлегацыя Рэспублікі Беларусь прыняла ўдзел ва ўрачыстай інаўгурацыйнай імшы з нагоды ўступлення на папскую пасаду новага Пантыфіка. З нававыбраным Папам адбылася пратакольная сустрэча, у ходзе якой ад імя кіраўніка дзяржавы яму былі перададзены віншаванні з нагоды выбрання і самыя добрыя пажаданні ў яго высокім служэнні. Мы праінфармавалі Пантыфіка аб тым, што ў нашай краіне католікі і праваслаўныя жывуць у міры і згодзе, а таксама выказалі надзею, што ён знойдзе магчымасць наведаць Беларусь.

Важным мерапрыемствам у сферы шматбаковага міжпарламенцкага ўзаемадзеяння стаў удзел беларускай дэлегацыі ў зімовым пасяджэнні Парламенцкай асамблеі АБСЕ. З міжнароднай трыбуны была данесена да замежных калег наша пазіцыя па шэрагу пытанняў міжнароднага парадку дня.

Форум быў выкарыстаны намі і для правядзення сустрэч з замежнымі калегамі з Аўстрыі, Бельгіі, Іспаніі, Францыі, Харватыі і краін СНД. У мэтах каардынацыі намаганняў па падрыхтоўцы да маючай адбыцца летняй сесіі ПА АБСЕ праведзена сустрэча кіраўнікоў парламенцкіх дэлегацый дзяржаў — членаў АДКБ у ПА АБСЕ.

Мы таксама прынялі ўдзел у 24-й сесіі Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы. У рамках сесіі прайшлі сустрэчы з кіраўніцтвам палат Кангрэса, прадстаўнікамі Расійскай Федэрацыі, Азербайджана і Украіны, на якіх адбыўся абмен думкамі аб перспектывах супрацоўніцтва, аб вопыце работы мясцовага самакіравання, а таксама па іншых пытаннях, маючых узаемны інтарэс.

Прэзідыумам Савета Рэспублікі зацверджаны план міжпарламенцкай работы на першае паўгоддзе, у якім, у прыватнасці, прадугледжаны афіцыйныя візіты нашай дэлегацыі ў Казахстан і Расійскую Федэрацыю.

Вельмі насычанай з'яўляецца праграма нашага ўдзелу ў мерапрыемствах МПА СНД і ПА АДКБ, парламенцкага вымярэння Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывы, Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва.

Будзе прадоўжана работа па развіцці супрацоўніцтва з парламентамі шэрагу краін на ўзроўні груп дружбы і міжпарламенцкіх камісій. Павінен сказаць, што вынікі гэтай работы цалкам залежаць ад вашай актыўнасці, настойлівасці і творчага падыходу.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

У міжсесійны перыяд многія з вас актыўна выступалі ў рэспубліканскіх і рэгіянальных сродках масавай інфармацыі.

У перыядычных друкаваных выданнях размешчана 120 публікацый сенатараў. Гэта, на мой погляд, важкі паказчык нашай рэгіянальнай дзейнасці. Рэгулярныя выступленні ў сродках масавай інфармацыі робяць нашу работу адкрытай і зразумелай для людзей.

Вы становіцеся вядомымі. Да вас ідуць людзі — і гэта добра.

У сесійны перыяд трэба яшчэ больш актыўна выступаць у прэсе па законапраектах і аб сваёй дзейнасці як члена Савета Рэспублікі. Не пакідайце без адказу ніводную просьбу прадстаўнікоў СМІ аб арганізацыі сустрэч, інтэрв'ю, публікацый. Гэта важна не толькі для ўзмацнення адкрытасці дзейнасці Савета Рэспублікі, але і для падтрымання пастаяннай сувязі з рэгіёнамі.

Некалькі слоў аб напрамку нашай работы ў перыяд вясенняй сесіі.

Асноўны вектар нашай дзейнасці будзе звязаны з заканадаўчым забеспячэннем рэалізацыі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011—2015 гады. Самы вялікі блок тут складаюць законапраекты ў эканамічнай сферы. Акрамя ўжо названых, гэта праекты законаў аб канцэсіях, насенняводстве, бухгалтарскім уліку і справаздачнасці, дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю, аб аўдытарскай дзейнасці.

У план нашай работы ўключаны шэраг законапраектаў па мадэрнізацыі адміністрацыйнага, грамадзянскага працэсуальнага, крымінальна-выканаўчага, гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства.

У ходзе сесіі будуць разгледжаны і іншыя важнейшыя заканадаўчыя дакументы, у тым ліку накіраваныя на абарону нацыянальных інтарэсаў і бяспекі дзяржавы, дагаворна-прававых адносін нашай краіны з іншымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі.

Паважаныя калегі!

Цяпер мы пачнём працаваць па асноўным парадку дня. Але перш хачу звярнуць вашу ўвагу, што пасля заканчэння пасяджэння адбудзецца семінар на тэму "Эканоміка Беларусі ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы з улікам уступлення Расійскай Федэрацыі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю". Плануецца абмеркаваць пытанні развіцця інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, перспектывы заканадаўчага забеспячэння інтэграцыі для ўдзельнікаў АЭП, меры па адаптацыі беларускай эканомікі да работы ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы. Гэта вельмі важная і актуальная для нас тэма, таму прашу вас прыняць актыўны ўдзел у яе абмеркаванні.

Дзякуй за ўвагу.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Рубінава А.М. на адкрыцці другой сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика