Брэшуць!. 21.by

Брэшуць!

14.05.2010 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Былы міліцыянер, а потым прадпрымальнік і палітвязень Сяргей Парсюкевіч, добра ведаючы сістэму, у якой некалі працаваў, доўгі час насіў у кішэні скотч. І як толькі праваахоўнікі звярталіся да яго хоць з адным словам, ён хуценька, нічога не гаворачы, даставаў скотч з кішэні і заклейваў сабе рот. І рабіў Парсюкевіч гэта па адной прычыне: каб не даць магчымасці міліцыянерам абвінаваціць яго ў нецэнзурнай лаянцы. Праўда, з цягам часу сістэма нашага правасуддзя была значна "ўдасканалена". Цяпер нават калі пяць чалавек засведчаць, што ты гаварыў міліцыянеру "Добры дзень", што твой рот быў заклеены скотчам, што, убачыўшы людзей у форме, ты ўвогуле хуценька перайшоў на другі бок вуліцы, пакарання не пазбегнуць.

Сяргея Парсюкевіча я ўспомніла адразу, як толькі стала вядома, што затрыманага пасля суда над ваўкавыскімі прадпрымальнікамі былога рэктара БДУ, прафесара, доктара педагагічных навук Аляксандра Казуліна вінавацяць у тым, што ён лаяўся матам. Шмат людзей бачылі гэтае затрыманне, таму высветліць падрабязнасці не склала ніякіх цяжкасцяў. Казулін спакойна ішоў, размаўляючы з праваабаронцай Раісай Міхайлоўскай. Раптам каля іх спыніўся мікрааўтобус, з якога выскачылі нейкія людзі, і прапанавалі "прайсці" як самому Казуліну, так і тым, хто на той момант знаходзіўся побач з ім. Казулін не пярэчыў і не абураўся. Толькі ўсміхнуўся, калі яго ўзяў пад локаць чалавек у форме, і пайшоў, куды паказвалі.

Як ні дзіўна, ніякай выпадковасці ці памылкі ў гэтай падзеі няма: літаральна напярэдадні, за дзень, Аляксандр Казулін абвясціў, што не выключае магчымасці вылучэння сваёй кандыдатуры падчас маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў. І "карная машына" адразу запрацавала.

Мы ўжо сотні разоў былі сведкамі гэтай "працы". Прасцей сказаць, хто з апазіцыянераў не плаціў штрафы ці не сядзеў на сутках "за мат", за тое, што "спраўляў малую патрэбу ў грамадскім месцы", і нават за тое, што "пераходзіў вуліцу на чырвонае святло"… Палітык Вінцук Вячорка, актывіст Вячаслаў Сіўчык, журналіст Андрэй Дынько — людзі, якія заўсёды размаўляюць па-беларуску, і толькі па-беларуску, а ў нашай мове, як вядома, матаў няма ўвогуле... І яны, сапраўдныя інтэлігенты,  адсядзелі за брыдкаслоўе. Дарэчы той факт, што славутага "рускага мата" няма ў беларускай мове для людзей разумных — найлепшае сведчанне таму, што рускія і беларусы ніколі не мелі агульнай мовы і доўгай агульнай гісторыі. Людзі з вышэйшай адукацыяй (а ўсе суддзі маюць вышэйшую адукацыю) маглі б пра гэта ведаць і без падказак. Але яны кожны раз шчыра дзівяцца: "Что вы говорите?! В белорусском языке нет матов?.. Буду знать, буду знать…" І ўсё роўна ў адносінах да інтэлігентнейшых людзей выносяць вердыкты: "Прызнаць вінаватым… Лаяўся матам…"

Аднак суд над Аляксандрам Казуліным нават у гэтым шэрагу працэсаў з добра вядомым фіналам трэба прызнаць беспрэцэдэнтным. Бо на гэты раз у таго, што адбылося, было шмат сведак.

Таму ў судзе адбываліся прыкладна такія дыялогі.

— Скажыце, ад Вярхоўнага суда да скрыжавання Аляксандр Казулін нецэнзурна лаяўся?

Сведка Уладзімір Барадач (палкоўнік, ветеран-афганец, былы камандзір брыгады спецназа ў Мар'інай Горцы): "Не, ціха ішоў, спакойна".

— Ці крычаў гучна?

— Не, не крычаў.

— Ці неяк інакш парушаў грамадскі парадак?

— Не, усё ішло мірна. Размовы ён вёў толькі з жанчынай, якая ішла побач.

Аналагічныя сведчанні далі яшчэ пяць (!) чалавек, у тым ліку тая жанчына, з якой размаўляў Казулін, — Раіса Міхайлоўская. Усе сцвярджалі, што Аляксандр Уладзіслававіч вёў сябе прыстойна, грамадскі парадак ніяк не парушаў, а з міліцыяй і ўвогуле не вёў ніякіх размоў.

Аднак міліцынеры палка асаблівага прызначэння Дзмітрый Чэвушаў і Віктар Ляшковіч ці пачулі, ці саснілі іншае. Яны сцвярджаюць, што Казулін гучна лаяўся матам на адрас міліцыі, нягледзячы на шматлікія заўвагі, якія яму рабіліся. Пры гэтым спецназаўцы заблыталіся не только ў тым, дзе, у якім месцы яны рабілі Казуліну заўвагі, але нават не здолелі без памылак зафіксаваць у пратаколе месца затрымання. І гэта не дзіва. Сведкі сцвярджаюць, што Казуліна ўвогуле затрымлівалі не гэтыя людзі. Прычым ёсць здымкі з "месца здарэння", на якіх добра бачны твары ўсіх "дзеючых асоб", але суду нічога гэтага не спатрэбілася…

Суддзя ўсіх уважліва выслухаў і… цуду не адбылося. Аляксандр Казулін прызнаны вінаватым у брыдкаслоўі, яму прысуджаны штраф у 700 тысяч рублёў. За два гады, якія Казулін знаходзіўся ў калоніі "Віцьба", турэмшчыкам не ўдалося заўважыць яго ні ў чым падобным, а нейкія выпадковыя спецназаўцы Чэвушаў і Ляшковіч здолелі! Можа, яны ўжо даслужыліся да таго, што чалавечай мовы не разумеюць?..

Сапраўды, няма слоў для каментарыяў, акрамя нелітаратурных.

Хочацца, каб усе запомнілі і прозвішча суддзі, які пачынае сваю кар'еру з такіх працэсаў. Суддзя малады, прыгожы і, як сцвярджаюць калегі, вельмі перспектыўны — Міхаіл Хома. Напэўна, ён далёка пойдзе… Зразумела, калі ў Беларусі не з'явіцца ўлада, якая будзе ўсведамляць, што такія суды і ёсць сапраўдная абраза дзяржаве; што такія суды ўвогуле не патрэбны як дзяржаўны інстытут; і што такія працэсы — самы красамоўны прыгавор створанай сістэме.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Былы міліцыянер, а потым прадпрымальнік і палітвязень Сяргей Парсюкевіч, добра ведаючы сістэму, у якой некалі працаваў, доўгі час насіў у кішэні скотч. І як...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости регионов)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика