Адной з самых жудасных старонак гісторыі вёскі Кузьмічы Ельскага раёна стала так званая плёсаўская трагедыя.
Пра гэту трагедыю зараз помняць толькі прадстаўнікі старэйшага пакалення жыхароў былой вёскі Кузьмічы.
Ведае пра гэта з расказаў бацькі і Вольга Маўранкова (Кукалка), былая кузьмічанка, а цяпер жыхарка горада Кіева:
– Трагічны лёс напаткаў маю родную вёску Кузьмічы ў гады ваеннага ліхалецця. Да вайны ў Кузьмічах налічвалася 160 двароў, пражывала больш чым паўтысячы насельніцтва. Практычна трэцяя частка жыхароў Кузьмічаў загінула ў час Вялікай Айчыннай: частка была спалена разам з вёскай, частка не вярнулася з Германіі, а 96 жыхароў сталі ахвярамі трагедыі, якая адбылася 12 чэрвеня 1943 года ва ўрочышчы Плёса (Пудаўка). Сярод іх і мая бабуля – Кукалка Ганна Фёдараўна.
Напярэдадні трагедыі фашысты спалілі вёску разам з жыхарамі. Тыя, каму пашчасціла ўцячы з полымя, якім была ахоплена вёска, хаваліся ў лесе, ва ўсіх урочышчах, у тым ліку і ў Пудаўцы. Аднак азвярэлыя немцы, якім часта даставалася ад партызанаў, разам з мясцовымі паліцаямі (у Славечна была камендатура) прыдумалі план помсты тым, хто хаваўся ў лесе. Яны накіравалі ў лес жанчыну-правакатаршу, якая заклікала людзей вяртацца ў Кузьмічы, падманваючы, што там ужо няма немцаў. Многія верылі і выходзілі з падводамі, на якіх везлі ўвесь няхітры скарб. У той жа час немцы прачэсвалі і зганялі ўсіх тых, хто выйшаў, ва ўрочышча Плёса.
Бабуля мая ў той дзень палола проса, калі яе разам з іншымі сагналі на месца пакарання. З родзічамі заставаліся яе хворы муж, мой дзядуля, і чацвёра дзяцей. Яна ж хадзіла пятым…
Са страшнага кола, якое ўтварылі фашысты на Плёсе, удалося выратавацца двум чалавекам: Аляксандру Мазалю і Паўлу Трафімаву. Аднак хутка куля нагнала Аляксандра, выжыў толькі Павел Міхайлавіч. Ён пазней і расказаў падрабязнасці трагедыі. Асуджаных на смерць каты раздзялілі на дзве групы: жанчын і мужчын паасобку. Адны капалі сабе агульную магілу ў полі, другія – на Плёсе…
Бабуліных дзяцей (сярод якіх быў і мой бацька – Кукалка Міхаіл Васільевіч) разам з хворым бацькам фашысты адправілі ў горад Мікалаеў на прымусовыя работы. Адтуль яны вярнуліся вясною 1944 года. Мой дзед неўзабаве памёр ад тыфу, а дзяцей накіравалі ў інтэрнат, у вёску Бабічы Рэчыцкага раёна.
Пра плёсаўскую трагедыю жыхары вёскі Кузьмічы памяталі заўсёды. Штогод на Дзень Перамогі нашчадкі ахвяр трагедыі, работнікі Скараднянскага сельсавета, Кузьмічанскага сельскага клуба збіраліся на Плёсе на мітынг, дзе заўсёды пра страшны дзень 12 чэрвеня 1943 года расказваў адзіны ўцалелы сведка трагедыі Павел Трафімаў. На трыццацігоддзе Перамогі была ўзведзена стэла, устаноўлены помнікі на месцах расстрэлу жанчын і мужчын.
На жаль, не стала ў 1982 годзе Паўла Трафімава, потым палыхнуў Чарнобыль, людзей выселілі. Да месца плёсаўскай трагедыі пазарасталі сцежкі-дарожкі… Зараз помнікам патрэбна рэстаўрацыя, таму што памяць пра трагедыю павінна жыць. Спадзяюся, з дапамогай мясцовай улады мы здолеем добраўпарадкаваць тэрыторыю каля помніка і сам помнік, каб у чэрвені гэтага года адзначыць 75-годдзе страшнай плёсаўскай трагедыі.
> Адной з самых жудасных старонак гісторыі вёскі Кузьмічы Ельскага раёна стала так званая плёсаўская трагедыя. Пра гэту трагедыю зараз помняць толькі...