Згодна з патрабаваннями ідзе корманарыхтоўка ў ААТ «Даватарскі»
У гэтым годзе на ферме вырашылі з дзвюх сянажных траншэй зрабіць адну, значна большую. Цяпер яна ўмяшчае каля 1.500 тон сянажнай масы. Трактары і аўтамабілі адзін за адным прывозілі “зялёнку”. Механізатар Сяргей Седзюкевіч на “Амкадоры” без перапынку займаўся яе разраўноўваннем. Да таго ж паралельна вялася і трамбоўка на К-701. — Траншэю пачалі закладваць учора, — тлумачыць нам Наталля Елубаева, якая займаецца ўлікам прычэпаў, замерам тэмпературы, вільготнасці сянажнай масы і іншымі арганізацыйнымі пытаннямі. — За першы дзень у траншэю паклалі 394 тоны, а за другі 431. Плануем, калі тэхніка будзе працаваць спраўна, заўтра завяршыць працэс закладкі сенажу. Тым часам да траншэі прыехала выконваючая абавязкі начальніка райветстанцыі Рамуальда Эдуардаўна Вайцяховіч і, узяўшы ў рукі прыбор для вымярэння тэмпературы і вільготнасці сенажу, уласна правяла іх замеры па ўсёй плошчы сянажнай траншэі. — Нараканняў на правільнасць выконваемых работ з майго боку няма, — кажа Рамуальда Эдуардаўна. — Сярэдняя тэмпература сенажу складае 32 градусы, вільготнасць — 47 працэнтаў. Да таго ж, як і патрабуюць адпаведныя нормы, перад пачаткам закладкі сенажу траншэю выслалі плёнкай. Дарэчы, так павінна быць на ўсіх траншэях без выключэння. Кожны дзень я і спецыялісты райветстанцыі наведваем гаспадаркі, правяраем правільнасць работ па корманарыхтоўцы, робім пэўныя заўвагі, калі яны ёсць. Трэба сказаць, што ў гэтай гаспадарцы нашы патрабаванні выконваюцца цалкам. Па стане на 14 чэрвеня ў ААТ “Даватарскі” травы першага ўкосу былі скошаны амаль на 40 працэнтах ад запланаванай плошчы, нарыхтавана 3708 тон сенажу і 178 тон сена. Сяргей РАЙЧОНАК. Оставить комментарий
|
|