Камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Судкова» мае 10790 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку 4978 гектараў раллі, яе сярэдні бал 36,4. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы – 5446 галоў, у тым ліку 1690 кароў.
Асноўнымі спецыялізацыямі з'яўляюцца вырошчванне збожжавых і зернебабовых, кармавых культур, вытворчасць малака і мяса.
У галіне раслінаводства спецыялісты гаспадаркі робяць стаўку на ўкараненне прагрэсіўных тэхналогій, павышэнне эфектыўнасці выкарыстання зямель. Для правядзення ўсіх відаў палявых работ маецца неабходная тэхніка, прычапныя і навясныя агрэгаты. Планавая мадэрнізацыя жывёлагадоўчых аб'ектаў, абнаўленне абсталявання дазваляюць гаспадарцы павялічваць аб'ёмы вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і паляпшаць яе якасць.
Сцішанок Анатолій Аляксандравіч, дырэктар
У сельскай гаспадарцы не бывае выхадных, нарміраванага рабочага дня, лёгкай працы. Нельга простымі словамі перадаць усю тую складанасць, адказнасць, цяжкасць, з якой кожны дзень сутыкаюцца работнікі гаспадарак.
Працоўны дзень Анатолія Аляксандравіча пачынаецца ў 6, а часта і ў 5 гадзін раніцы, а заканчваецца далёка за звычайныя 18 гадзін вечара, калі большая частка насельніцтва нашага раёна адпачывае пасля працоўнага дня. І так кожны дзень, нягледзячы на надвор’е, пару года.
На мой наіўны запыт: «Зімой, пэўна, лягчэй?» Анатолій Аляксандравіч адказаў: «У сельскай гаспадарцы лягчэй не бывае».
З 1990 года А.А. Сцішанок працуе ў аграпрамысловым комплексе. Нарадзіўся ў Барысаўшчыне, адслужыў у арміі, пасля якой былі прапановы аб рабоце. Юнак вырашыў працаваць на зямлі. І вось амаль 30 гадоў не пакідае гэтай галіны.
Сям’я, магчыма, і не ў вялікай радасці, што муж і бацька амаль круглыя суткі на рабоце, аднак падтрымлівае.
«Не заўважыў, як вырасла дачка, – падзяліўся Анатолій Аляксандравіч, – унучцы дзевяць гадоў – таксама не бачу, як яна расце. Усё на рабоце. Аднак калі ёсць жаданне працаваць, а ў сельскай гаспадарцы без гэтага аніяк, то патрэбна працаваць. Адпачываць на пенсіі буду. А зараз спраў многа».
І пра калектыў Анатолій Аляксандравіч сказаў напісаць толькі добрыя словы. Выпадковыя людзі ў гаспадарцы не затрымліваюцца, толькі тыя, хто разумее ўсе турботы, усе клопаты, неабходнасць ад цямна да цямна працаваць, забываючыся часам на свае ўласныя праблемы.
Параўноўваць, як было раней і як стала зараз, – справа няўдзячная. Чамусьці атрымліваецца так, што былое, савецкае, лічаць найлепшым часам, у тым ліку і ў развіцці сельскай гаспадаркі. Магчыма так, спрачацца не буду. Аднак бясспрэчна тое, што ў любой галіне, у любыя часы, нягледзячы на наяўнасць ці адсутнасць сродкаў, тэхнікі, спрыяльных умоў, галоўным фактарам поспеху застаюцца людзі. Тыя, хто аддана і старанна працуе, на каго можа разлічваць кіраўнік, хто з'яўляецца прыкладам для моладзі. З такімі людзьмі на мінулым тыдні ў сем гадзін раніцы сустрэліся на мехдвары сельгаспрадпрыемства.
Кучарава Галіна Мікалаеўна, інжынер па ахове працы
Яшчэ – спецыяліст па ідэалагічнай рабоце, старшыня прафкама. А да таго маці дарослых сына і дачкі і шчаслівая бабуля семярых унукаў.
Работы ў спецыяліста хапае не толькі з паперамі, але і з людзьмі: растлумачыць, падказаць, аформіць маладых спецыялістаў, пракантраляваць захоўванне тэхнікі бяспекі…
У сельскай гаспадарцы Галіна Мікалаеўна з 1981 года, адразу пасля школы пайшла працаваць. Гаспадарка, у якой пачынала сваю працоўную дзейнасць, даўно ўвайшла ў склад КСУП «Судкова», таму можна сказаць, што працуе Галіна Мікалаеўна ўсё жыццё на адным месцы. Толькі пасады займала розныя. Пачынала дыспетчарам. Нягледзячы на юны ўзрост, даверылі дзяўчыне такую адказную справу. Тагачасны старшыня калгаса імя Калініна А.А. Шрамянок па падсказцы сваёй жонкі, якая была класным кіраўніком у Галіны, яшчэ ў школе прыкмеціў здольную і старанную дзяўчыну і запрасіў яе на працу. Вось так, пэўна, і патрэбна падбіраць сабе працоўныя кадры: яшчэ ў школьную пару заахвочваць моладзь, прыкладам з жыцця паказваць, што праца ў сельскай гаспадарцы хоць і цяжкая, аднак жыццёва неабходная, стваральная.
«Кожны год да нас прыходзяць маладыя спецыялісты, – дзеліцца Галіна Мікалаеўна, – і ўсе яны розныя. Аднак радуе тое, што не змяншаецца колькасць сапраўды старанных і здольных работнікаў, якія з энтузіязмам бяруцца за справу, імкнуцца больш даведацца, большаму навучыцца. З такімі працаваць адна радасць».
Не забываюць у гаспадарцы аб заахвочванні старанных работнікаў. Лічачы, што добрае слова моцна ўздзейнічае, слоў падзякі не шкадуюць. Нездарма ж людзі кажуць, што «добрае слова лепш мяккага пірага». Разумею, што каб была магчымасць у сельгаспрадпрыемства, то ўшаноўвалі б і грашыма значна часцей. Таму што чалавек, калі ведае, што яго працу, яго старанні цэняць, то і працуе лепей.
Мазырэц Сяргей Арсенцьевіч, трактарыст-машыніст
Падзяка раённага камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу аб’яўлена трактарысту-машыністу Сяргею Арсенцьевічу Мазырцу за дасягненне высокіх паказчыкаў на сяўбе кукурузы ў ходзе вясенне-пасяўной кампаніі 2018 года. Старшыня прафкама работнікаў АПК В.В. Харошка павіншавала пераможцу. У спісе ўзнагароджаных таксама С.П. Яромчык і Р.С. Ярац з КСУП «Веляцін», С.Л. Віннік з КСУП «Аравічы», А.М. Серада і Ю.Ф. Капытаў з эксбазы «Стралічава».
Сяргей Арсенцьевіч Мазырэц адразу дзеліцца «рэцэптам», як стаць пераможцам раённага спаборніцтва: «Раней выязджаеш, пазней вяртаешся, вось і весь сакрэт».
А яшчэ, гэта дадаю ўжо сама, адказнасць за даручаную справу, неабыякаваць, павага да зямлі. Незанятым у працы на зямлі людзям цяжка зразумець усе нягоды работы ў сельскай гаспадарцы. І тое, як часта надвор’е псуе ўсю працу і не дае атрымаць чакаемы вынік. І чаму не хапае часу ў сутках, каб завяршыць справу. І чаму тэхніка не вытрымлівае напружання, а чалавек спраўляецца.
Сяргей Арсенцьевіч прызнаўся, што ў душы ён яшчэ вельмі малады. І гэта нягледзячы на дарослых сына і дачку, дзвюх унучак.
– Запал да працы ў мяне вялікі і сіл таксама многа. Таму шчыра не разумею сённяшнюю моладзь, якой часам усё цяжка. Мы ў іх гады гарэлі работай. Такі настрой захоўваю і дагэтуль.
Волкава Алена Віктараўна, механізатар
Сёлета 25-годдзе сваёй працоўнай дзейнасці адзначае Алена Віктараўна Волкава, адзіная ў нашым раёне жанчына-механізатар. Пазайздросціла яе аптымізму і бадзёрасці. «А як жа, – адзначыла суразмоўца, – толькі з добрым настроем да працы. Інакш не магу. І ніколі не забываю, што я – жанчына, таму і кашулю новую на работу апрану, і стрыжку абнавіць не забываю».
Здавалася б, за такі час нежаночая праца павінна была надакучыць. Аднак субяседніца расказвае, што ніколі нават не думала змяніць род дзейнасці.
– Гэта маё, і я з самага дзяцінства цягнулася да тэхнікі. З каровамі не ўмею працаваць, а з жалезным канём – папросту. І калі ў дарозе зламаецца, то дапамогі чакаць не буду – адрамантую ды паеду далей.
Алена Віктараўна – не толькі адказны работнік, аднак і часты госць ушаноўванняў рознага ўзроўню, яе Ганаровых грамат і Падзяк не пералічыць. А ў мінулым годзе на абласных «Дажынках» Алене Віктараўне ўручылі новы трактар «Беларус-82», на якім яна зараз і працуе.
З гонарам расказвала Алена Віктараўна пра сына, які працуе ў гэтай жа гаспадарцы, з удзячнасцю пра дырэктара, які не шкадуе добрага слова і ўмее настроіць на добры лад. «Добра, калі ў гаспадарку прыходзяць тыя, хто з дзяцінства цягнецца да працы, да зямлі. Ёсць старанная моладзь, ёсць прафесіяналы сваёй справы. На жаль, дзяўчаты не цягнуцца да тэхнікі, – адзначыла Алена Віктараўна, – за 25 гадоў маёй работы так сабе змену і не падрыхтавала. Вось таму і працую сама».
Волкаў Павел Юр’евіч, механізатар
На новым рулонным прэс-падборшчыку працуе сын Алены Віктараўны Павел.
У хуткім часе ён стане маладым бацькам: «Так, жонка часам скардзіцца, што ўвесь час на рабоце, аднак разумее і падтрымлівае. Да работы, да тэхнікі з дзяцінства цягнула. Колькі сябе памятаю, здаецца, усё дзяцінства прайшло тут, у гэтых трактарах. То з маці, то з татам ездзіў – так і авалодаў гэтымі ўменнямі. А пасля заканчэння нашага прафесійнага ліцэя прыйшоў на работу ў родную гаспадарку».
Дарэчы, у ліцэі юнак быў на добрым рахунку, вучыўся старанна. Па працы зараз таксама заўваг не паступае, таму і даверылі новую тэхніку, самую сучасную ў нашым раёне.
Пытаюся: «Як гэта быць сынам такой вядомай жанчыны?» Павел адказвае: «Адказна, патрэбна адпавядаць. Вельмі прыемна, калі маці адзначаюць за старанную працу. Ганаруся ёй. І вельмі спадзяюся, што яна таксама ганарыцца і маімі поспехамі. Няхай яны пакуль яшчэ не такія гучныя, як у матулі, я веру, што ўсё ў мяне наперадзе. І прыкладу ўсе намаганні, каб адпавядаць яе майстэрству і прафесіяналізму!»
Кузьменка Іван Іванавіч, трактарыст
З 1990 года працуе на трактары Іван Іванавіч Кузьменка. У гэтую вясенне-пасяўную кампанію быў заняты на сяўбе кукурузы.
У любой рабоце ёсць свае плюсы і свае мінусы. Аднак старанны работнік бачыць у сваіх абавязках толькі станоўчае. І на працягу вось ужо 17 гадоў атрымлівае толькі станоўчыя вынікі, прыкладаючы ўсе намаганні ў рабоце.
«Прывык разлічваць толькі на сябе: атрымаў заданне, паехаў, зрабіў адказна, тады і пытанняў да цябе не ўзнікне, тады і вынік будзе, – расказвае механізатар. – Жонка працуе ў гэтым жа сельгаспрадпрыемстве, таму пытанняў да маёй работы ў яе не ўзнікае. Хоць часу і не хапае на хатнія справы».
Два сыны і дзве дачкі выхавалі Іван Іванавіч з жонкай, маюць унука з унучкай.
– Як любому бацьку, мне хочацца бачыць сваіх дзяцей і ўнукаў шчаслівымі, здаровымі. Будзе ў іх усё добра, будзе і мне хораша. А з работай любой справімся. Якія нашы гады!
Курыленка Юрый Аляксандравіч, трактарыст
За рамонтам свайго жалезнага «сябра» заспела Юрыя Аляксандравіча Курыленку. У «Судкове» ён сем гадоў, а на трактары ўвогуле з 1999 года, калі пачынаў працоўную дзейнасць у КСУП «Велікаборскі».
Паразмаўлялі з ім пра працоўныя будні, жыццёвыя радасці. Усмешку выклікала ў механізатара амаль з 20-гадовым стажам маё пытанне пра занятак у вольны час. Аднак, нягледзячы на амаль поўную адсутнасць гэтага самага вольнага часу, і жонцы дапамагчы паспявае ўправіцца з агародам, і з дамашняй жывёлай, і аб рэдкай рыбалцы марыць.
З трактарам Юрый «пазнаёміўся» яшчэ ў 8 класе, калі яго дзядзька набыў гэты агрэгат сабе. Бацька і дзядзька, абодва трактарысты, і Юрыя прывучалі да гэтай тэхнікі. Трактар разбіралі і рамантавалі разам. Вось з таго часу кола інтарэсаў і не змянілася.
Малочнатаварная ферма «Езапоў» у сельгаспрадпрыемстве мае самы вялікі дойны статак – 492 галавы. Падчас рэканструкцыі пяць гадоў таму былі створаны для работнікаў належныя ўмовы працы і адпачынку. Як кажуць, толькі працуй ды вынікі паказвай.
Загадчыца МТФ Таццяна Уладзіміраўна ў сельскай гаспадарцы працуе на працягу 20 гадоў. Стараннасці і адказнасці ёй не займаць: вырасла ў шматдзетнай сям’і, і на прыкладзе матулі, аператара машыннага даення з 40-гадовым стажам работы Ушаковай Аляксандры Адольфаўны, зразумела, што толькі ўласным прыкладам і ўласнай работай можна дабіцца добрых вынікаў і весці за сабою астатніх.
«Калектыў яшчэ не прыцёрся, некаторыя аператары працуюць нядаўна. Але з усімі стараюся знайсці агульную мову, і пахваліць патрэбна, і пакрытыкаваць часам, а часам стаць і працаваць на дойцы побач з імі, – падзялілася Таццяна Уладзіміраўна. – Галоўнае, што нас усіх аб’ядноўвае – гэта імкненне да добрага выніку».
Камунальнае сельскагаспадарчае ўнітарнае прадпрыемства «Судкова» мае 10790 гектараў сельскагаспадарчых угоддзяў, у тым ліку 4978 гектараў раллі, яе сярэдні...