Сёлетняе засушлівае надвор’е не дазволіла некаторым гаспадаркам Карэліччыны дасягнуць жадаемага збожжавага ўраджаю. Але недабор зерневых сельгаспрадпрыемствы плануюць кампенсаваць за кошт намалоту кукурузы, да якога прыступілі аграрыі амаль усіх гаспадарак раёна.
У ДП “Племзавод “Карэлічы” абмалот кукурузных пачаткаў распачалі 11 верасня. Працаўнікам дзяржаўнага прадпрыемства спатрэбілася 8 дзён, каб на пераабсталяваным “Палессі” намалаціць каля 700 тон залатых зярнят з 60 га пасеваў кукурузы пры ўраджайнасці 120 ц/га.
– У гэтым годзе цёплае надвор’е і дажджы спрыялі росту і паспяванню кукурузы як у зерневым, так і сіласным напрамках, – адзначыў галоўны аграном ДП “Племзавод “Карэлічы” Яўгеній Бусько. – Вільготнасць кукурузных зярнят пры паступленні на зернесушыльны комплекс складае ад 28% да 34%. Паказчык мінулага года – прыкладна 40%. А гэта значыць, што дасушваць сёлетні ўраджай царыцы палёў трэба менш. Аптымальная вільготнасць пасля дасушкі павінна складаць 14%.
Кукурузнае зерне з’яўляецца якасным кормам для буйной рагатай жывёлы. Жоўтыя зярняты перамолваюць на кукурузную муку і ў пэўнай прапорцыі дабаўляюць у камбікорм.
Сёлетні ўраджай царыцы палёў быў закладзены ў красавіку мінулага года, пад які была ўнесена арганіка. Добраму росту кукурузы спрыялі і мінеральныя ўгнаенні: 100 кг калія і 100 кг фосфару на кожны гектар зямлі. Але найважнейшую ролю ў атрыманні высокага ўраджаю адыгралі 2,5 цэнтнера карбаміда на адзін гектар пасеваў.
– У наступным годзе плануем павялічыць плошчу пад кукурузу з сёлетніх 250 га да 300 га. На зерне плануем абмалочваць каля 100 га, каб атрымаць прыкладна 1000 тон жоўтых зярнят, – дзеліцца планамі Яўгеній Бусько.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара