Людзі вёскі. Гаспадары сталёвых коней. 21.by

Людзі вёскі. Гаспадары сталёвых коней

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

Па выніках мінулага года ў ААТ “Лань-Нясвіж” атрымалі ў сярэднім ад адной каровы 6396 кілаграмаў малака. Штодня яго прадавалі дзяржаве каля 17 тон. У тым, што ў гаспадарцы добрыя надоі, ёсць заслуга і механізатараў. Рацыён, адпаведны фізіялогіі жывёл, прадумвае заатэхнічная служба. А якасна нарыхтаваць, а затым загрузіць і своечасова даставіць збалансаваны корм — задача механізатараў.


Віктар Рабушка кармленнем жывёлы займаецца добрасумленна, на магутным пагрузчыку “Амкадор” ён загружае ўсе кампаненты ў кормазмяшальнік, а затым — у кормараздатчыкі “Гаспадар” сваіх напарнікаў Юрыя Бобрыка і Дзмітрыя Салаты. Пасля чаго тыя забяспечваюць каровак і бычкоў сытным сняданкам, абедам і вячэрай. Рацыён складаецца з сенажу, сіласу, плюшчанай кукурузы і сакавітай люцэрны, уключаецца соль.

— Для кожнай групы жывёлы ў мяне ёсць свой рацыённы ліст, згодна з якім і загружаюцца кормараздатчыкі, — распавядае Віктар Уладзіміравіч. — У выніку, на кармавы стол да жывёлы трапляе ўсё неабходнае ў патрэбнай колькасці. Раніцай карміць жывёлу пачынаем на МТК “Лань”, затым пераязджаем на МТФ “Асмолава” і бычнік у вёску Качановічы. Пасля абеду зноў вяртаемся ў Лань для кармлення дойнага статка. За дзень даводзіцца загрузіць каля 30 — 35 тон кармоў. У сярэднім абслугоў-ваем 900 галоў.

На пагрузчык Віктар Рабушка перасеў пасля заканчэння палявых работ. Увесну ён на “Кіраўцы” з АКШ рыхтаваў глебу пад пасевы кукурузы і цукровых буракоў. За дзень закрываў вільгаць на плошчы 50 — 70 гектараў. І ў 2018 годзе яго прызналі лепшым у раённым спаборніцтве на вясновай сяўбе сярод трактарыстаў-машыністаў на падрыхтоўцы глебы. Затым вопытны механізатар удзельнічаў у нарыхтоўцы зялёных кармоў, займаўся трамбаваннем сянажнай і сіласнай масы ў траншэях.

— Якасны корм у траншэях шмат у чым залежыць і ад добрай трамбоўкі, — з веданнем справы кажа Віктар Уладзіміравіч. — Неабходна, каб зялёная маса паступала раўнамерна, а яе трамбаванне ішло бесперапынна. Вядома, усе ўдзельнікі кормаўборачнага канвеера прыкладаюць максімум намаганняў, каб выканаць план па нарыхтоўцы кармоў на будучую зіму. У гэтай справе важна не ўпусціць часу і стварыць высакаякасны кармавы запас, бо менавіта ён — залог высокай прадуктыўнасці статка: надояў малака і прывагі жывёлы.

У гарачыя летнія дні механізатар Рабушка таксама не застаецца ўбаку і ад уборачнай кампаніі, садзіцца за штурвал збожжаўборачнага камбайна “Палессе”.

— Што такое сялянская праца, ведаю з дзяцінства, — працягвае Віктар Уладзіміравіч. — Родам я з пасёлка Радашковічы Маладзечанскага раёна, бацька ў мясцовым калгасе працаваў трактарыстам, маці была даяркай. Колькі сябе памятаю, увесь час быў побач з бацькам пры трактары, дапамагаў з яго рамонтам. Пасля школы скончыў ПТВ № 48 у Вілейцы па спецыяльнасці “аўтаслесар”. Перад арміяй паспеў атрымаць правы трактарыста і трохі папрацаваць у родным калгасе. Адслужыўшы, ажаніўся і ў 1987 годзе пераехаў на Нясвіжчыну, на радзіму жонкі. Спачатку атрымалі хату ў Пукелеўшчыне, пасля — цагляны дом у Лані. З жонкай Аленай выгадавалі дачку і сына.

Аксана ГРОХ.

Фота Вольгі КАНДРУКЕВІЧ.

 

Людзі вёскі, працаўнікі сельскай гаспадаркі з натруджанымі рукамі, занятыя нялёгкай працай на зямлі… Яны немнагаслоўныя, умеюць выказаць усё лаканічна і проста, сціплыя і адказныя, не хваляцца сваімі заслугамі. Яны проста добра выконваюць даручанае. Менавіта такімі аказаліся мае суразмоўцы.


Алег Банецкі працуе механізатарам у ААТ “Гарадзея”. Родам ён з Вялікай Лысіцы. Пасля службы ў арміі чатыры гады працаваў на Гара-дзейскім цукровым камбінаце, затым перайшоў у сельгаспрадпрыемства. З 1995 года змяніў не адну адзінку тэхнікі, выконваючы на ёй розныя віды работ. У мінулым годзе Алег Расціслававіч сеў за руль кормаўборачнага камбайна “Ягуар-830”, на якім нарыхтоўваў сянаж, кукурузу на сілас. За што б ні браліся працавітыя рукі механізатара, ён усё робіць старанна і з адказнасцю.

—Люблю працаваць, вырас жа ў вёсцы. І бацькі былі працалюбівымі. Бацька дваццаць гадоў аддаў шафёрскай  справе, пасля быў жывёлаводам, маці — загадчыцай фермы. Ды і ад характару чалавека многае залежыць, — гаворыць Алег Банецкі.

І сучаснай моладзі, якая звязвае сваю працоўную дзейнасць з сельскай гаспадаркай, мой суразмоўца выказаў пажаданне: каб любілі працу, тэхніку, не саромеліся задаць пытанне, калі трэба. Маладых працаўнікоў у сваім калектыве не абдзяляе ўвагай. Калі да яго звяртаюцца, стараецца дапамагчы, падказаць, параіць. Бо ўсё, лічыць механізатар, прыходзіць з вопытам.

Як вопытны работнік, Алег Банецкі карыстаецца павагай і аўтарытэтам у акцыянерным таварыстве. Вось што пра яго гаворыць галоўны інжынер Валерый Гапановіч:

— Чалавек ураўнаважаны, спакойны, старанны, вопытны работнік, працуе без парушэнняў дысцыпліны. Калі ўзнікаюць нейкія цяжкасці ў рабоце, з Алегам Расціслававічам заўсёды можна дамовіцца і вырашыць любое пытанне.

Як адзначыў Валерый Вячаслававіч, яго падапечны яшчэ добры сем’янін і бацька. А.Р. Банецкі разам з жонкай Людмілай выхавалі дваіх цудоўных дзяцей. Зараз яны студэнты. Дачка Таццяна вучыцца на чацвёртым курсе БДУ на біёлага, сын Кірыл атрымлівае прафесію інжынера-будаўніка, ён першакурснік БНТУ. Сям’я трымае гаспадарку, дзе таксама патрэбны моцныя рукі Алега Расціслававіча.

А калі ў яго здараецца свабодны час, ён любіць на беразе вадаёма пасядзець з вудай, у лес завітаць з кошыкам у грыбную пару. І матулі, якая жыве непадалёку, трэба ўдзяліць увагу.

За сваю добрасумленную працу А.Р. Банецкі неаднаразова ўзнагароджваўся не толькі ў гаспадарцы, але і на ўзроўні раёна.

 

Працы ў вёсцы прысвяціў сваё жыццё і яшчэ адзін герой майго аповеду — трактарыст-машыніст ААТ “Грыцкевічы” Міхаіл Клімовіч. Ён мясцовы, з Нялепава. Пасля заканчэння Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума вярнуўся на малую радзіму. І з 1988 года шчыруе ў сельгаспрадпрыемстве. Раней працаваў механікам, цяпер — механізатарам на родных палетках. Спачатку за ім быў замацаваны трактар МТЗ, а цяпер — энерганасычаны “Фэндт”. Задзейнічаны на ворыве, нарыхтоўцы кармоў, працуе з прэсам. У зімовы час заняты на рамонце тэхнікі, падвозе корму жывёле і іншых работах, якія яму даручаюць.

Міхаіл Міхайлавіч карыстаецца павагай як сярод калег, так і ў кіраўніцтва.

— Добры работнік, сем’янін, чалавек. Сціплы, з адказнасцю выконвае даручаную справу, — менавіта так характарызуе механізатара галоўны інжынер гаспадаркі Міхаіл Цыуля.

Акрамя работы, Міхаіл Клімовіч, як чалавек вясковы, мае абавязкі і дома, дзе і жонцы Марыі трэба дапамагчы з уласнай гаспадаркай (яна таксама працуе — аператарам жывёлагадоўчых комплексаў і механізаваных ферм на МТФ “Супрунавічы” — і мае добрыя вынікі), і шмат чаго іншага паспець. Міхаіл Міхайлавіч і Марыя Аляксееўна выхавалі і далі пуцёўку ў жыццё дзвюм дочкам. Старэйшая, Іна, скончыла Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, працуе ў Капыльскім раёне. Малодшая, Анастасія, заканчвае музычнае вучылішча ў Мінску.

За час працы ў ААТ “Грыцкевічы” Міхаіл Клімовіч быў пераможцам не толькі ў гаспадарцы, але і ў раёне. А па выніках работы за 2017 год Нясвіжскім райвыканкамам яму прысвоена званне “Лепшы па прафесіі”, а яго імя занесена на раённую Дошку гонару.

Вольга КАНДРУКЕВІЧ.


Поделитесь с друзьями
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  
  •  

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Па выніках мінулага года ў ААТ “Лань-Нясвіж” атрымалі ў сярэднім ад адной каровы 6396 кілаграмаў малака. Штодня яго прадавалі дзяржаве
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Сельское хозяйство)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика