У ААТ «Княж» да выхаду ў поле падрыхтаваныя. 21.by

У ААТ «Княж» да выхаду ў поле падрыхтаваныя

Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Галоўны інжынер Дзмітрый Мацюш (злева) і вадзіцель Вячаслаў Аніськовіч

Галоўны інжынер Дзмітрый Мацюш (злева) і вадзіцель Вячаслаў Аніськовіч

У паўднёвых рэгіёнах краіны шырокім фронтам разгарнуліся вясеннія палявыя работы. Зразумела, клімат Гомельшчыны і Брэстчыны дазваляе мясцовым аграрыям распачаць сяўбу значна раней, чым на Віцебшчыне. Але ж, неўзабаве, цёплыя і пагодныя вясеннія дні прыйдуць і да нас. 22 лютага, падчас правядзення чарговага пасяджэння раённага выканаўчага камітэта разглядалася пытанне падрыхтоўкі шаркаўшчынскіх аграрыяў да вясенніх палявых работ. Мы пацікавіліся ў кіраўніка адкрытага акцыянернага таварыства “Княж” Уладзіміра Пятровіча Буды, як работнікі сельгаспрадпрыемства падрыхтаваліся да правядзення адной з самых адказных кампаній — пасяўной.

— Уладзімір Пятровіч, як бачым, час прыспешвае аграрыяў. Хутка пачнём сеяць хлеб. А ці гатовыя ў вашай гаспадарцы вывесці тэхніку на палі?

— Ведаеце, мы дарэмна не марнавалі час у зімні перыяд, а таму яшчэ з восені пачалі весці рамонт тэхнікі. Складанасцей дадае тое, што запасныя часткі, іншыя расходныя матэрыялы маюць вельмі вялікі кошт. Таму мы пакрысе за іх разлічваліся, набывалі ў прадпрыемстваў-пастаўшчыкоў. Значную частку ўсіх рамонтных работ правялі сваімі сіламі за ўласныя сродкі. На дадзены момант машынна-трактарны парк гаспадаркі больш чым на 90 працэнтаў падрыхтаваны.

— Колькі адзінак трактароў, пасяўных агрэгатаў і іншай тэхнікі будзе задзейнічана на пасяўной?

— Сёлета на палі выведзем усе энерганасычаныя трактары. У нас маюцца дзве адзінкі К-701 і тры МТЗ-3022. Яны ў спраўным стане. Канечне, будзе задзейнічана і менш магутная тэхніка. Закончылі рамонт пасяўных агрэгатаў “Лемкен” і АПП6-Д, адрамантавана таксама і сеялка СЗТ-5,4. Мяркуем, што гэтага хопіць, каб у аптымальныя тэрміны правесці пасяўную кампанію. У цяперашні момант заканчваем даводзіць да ладу глебаапрацоўчыя агрэгаты.

— Якія плошчы і якімі відамі культур плануеце сёлета засеяць?

— Пад яравыя культуры ў 2019 годзе мы адвялі палі плошчай 1.030 гектараў, 249 га займуць крыжакветкавыя, на астатняй плошчы будзем засяваць зерневую групу: ячмень, авёс, кукурузу і г. д. Мінулагодняй восенню мы заклалі нядрэнную аснову пад будучы ўраджай — пасеялі 700 гектараў азімых зерневых, а гэта даволі значныя плошчы для нашай невялікай гаспадаркі. Праблемай на сённяшні дзень для нас з’яўляецца адсутнасць удабрэнняў. Кошт іх вельмі вялікі, фінансавых сродкаў не хапае. А без унясення ў глебу азоту, фосфару і калію разлічваць на добры ўраджай нельга. У рашэнні гэтага пытання будзе выдзяляцца дзяржаўная грашовая дапамога ў памеры 43 тысяч рублёў. У бліжэйшы час нам трэба праплаціць 10 працэнтаў ад дадзенай сумы, каб паступова пачаць завозіць удабрэнні.

— Напэўна, адной з балючых праблем у гаспадарках з’яўляецца недахоп кваліфікаваных спецыялістаў, механізатарскіх кадраў. Для вас гэта задача вырашальная?

— У плане наяўнасці кадраў праблем мы не маем. У гаспадарцы працуюць спецыялісты ўсіх узроўняў, механізатарамі мы таксама ўкамплектаваныя.

загадчык мехмайстэрняў Вадзім Радкевіч (злева) і механізатар Васілій Данілаў

загадчык мехмайстэрняў Вадзім Радкевіч (злева) і механізатар Васілій Данілаў

У гэтым мы ўласна ўпэўніліся, калі трапілі ў мехмайстэрні. Каля тэхнікі на вуліцы бойка завіхаліся трактарысты, слесары. Унутры майстэрняў таксама працавалі механізатары, вадзіцелі, электрагазазваршчык. Кожны быў заняты сваёй справай. Тут жа знаходзіліся загадчык майстэрняў Вадзім Радкевіч і галоўны інжынер Дзмітрый Мацюш. Маладыя спецыялісты, як і астатнія работнікі, зацікаўленыя ў паскарэнні работ, бо час прыспешвае. Вадзім працуе ў “Княжы” чатыры гады, ён мясцовы хлопец. Пасля заканчэння Гарадоцкага сельгаскаледжа вярнуўся ў родныя мясціны. А вось Дзмітрый — лепяльчанін. Вышэйшую адукацыю ён атрымаў у БНТУ г. Мінска і па размеркаванні трапіў у Германавічы.

— У 2020 годзе маю права, адпрацаваўшы тэрмін пасля заканчэння ВНУ, пераехаць у іншае месца, але тут у мяне ўжо ёсць сям’я і жыллё, — падзяліўся з намі думкамі галоўны інжынер, — ды і працаваць у адной з’яднанай камандзе, якой кіруе Уладзімір Пятровіч Буда, мне падабаецца. За два гады мы прыклалі максімум намаганняў, каб адрамантаваць тэхніку, якая доўгі тэрмін не эксплуатавалася. Дзякуючы гэтаму наш машынна-трактарны парк, як я асабіста лічу, цяпер у добрым стане.

Трактарыст Васілій Грыгор’еў

Трактарыст Васілій Грыгор’еў

Такой жа думкі прытрымліваюцца і самі механізатары. Напрыклад, трактарыст Васілій Грыгор’еў. Мужчына з юнацтва шчыруе на трактары. Спачатку гэта быў МТЗ-50, а ў 1989 годзе атрымаў МТЗ-82. І вось ужо 30 год трактар бездакорна служыць вопытнаму механізатару.

— Калі за тэхнікай пільна сачыць, яна будзе служыць доўга, — далучыўся да размовы трактарыст Васілій Данілаў.

У гэтым сэнсе ён мае рацыю, бо за яго механізатарскімі плячамі таксама не адзін дзясятак год працы ў гаспадарцы.

— Ой, хлопцы, я асабіста лічу, што калі ёсць запасныя часткі, гаручае і работа, то праца ідзе ў задавальненне, — з усмешкай на твары сказаў, бартуючы кола да агрэгата “Раса”, вадзіцель Вячаслаў Аніськовіч.

Мужчына і сапраўды быў у пазітыўным настроі. Цёплымі і шчырымі словамі падтрымаў нашу сумесную гутарку. Але дарэмна марнаваць час “княжаўскім” хлопцам не выходзіць. Пасля размовы кожны зноў рушыў на сваё працоўнае месца. Мы ж, ад’язджаючы назад у Шаркаўшчыну, у чарговы раз упэўніліся: калі ў гэтай гаспадарцы плячо ў плячо з рабочымі працуюць і спецыялісты разам з дырэктарам, то вынікі сумеснай працы абавязкова будуць станоўчымі.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Comments are closed.

 
 

РЕКЛАМА

Архив (Сельское хозяйство)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика