Самыя вялікія плошчы пад яравыя зерневыя культуры запланавана сёлета пасеяць у ААТ “Даватарскі” — 2.095 гектараў
16.04.2019
—
Сельское хозяйство
|
Дадаткова тут пасеюць 749 га яравога рапсу, 1.138 га шматгадовых траў, іншых культур. Аб’ёмы вельмі вялікія, і, каб рэалізаваць іх, работнікі сельгаспрадпрыемства працуюць, кожны дзень нарошчваючы тэмпы. За дзень “даватарцы” засяваюць амаль па 100 гектараў зерневых. Машынна-трактарны парк гаспадаркі дазваляе весці палявыя работы шырокім фронтам. Энерганасычаныя трактары вядуць культывацыю і дыскаванне палеткаў, два агрэгаты на пнеўматычным ходзе “Раса” за дзень падкармліваюць больш за 100 гектараў пашы, шмат тэхнікі задзейнічана на баранаванні, падвозе КАСу, насення і іншых работах. Энерганасычаныя МТЗ-3022 у счэпе з агрэгатамі АПП-6А вядуць сяўбу яравых культур. Цяпер аграрыі імкнуцца скарыстаць пагодныя дні, каб укласціся ў агранамічныя тэрміны, бо марозныя ранкі і засушлівыя вятры імкліва зганяюць вільгаць з палеткаў. А калі зямля перасохне, разлічваць на добрыя ўсходы зерневых і іх рост не прыйдзецца. Напрыканцы мінулага тыдня каля вёскі Буйкі, побач з цэнтральнай аўтамабільнай дарогай насенне аўсу на 44-гектарным полі загортвалі ў глебу механізатары Валерый Ласоўскі і Мікалай Дарашчонак на МТЗ-3022 у счэпе з пасяўнымі агрэгатамі АПП-6А. За работай сачыў начальнік аддзялення № 3 “Сасноўцы” Сяргей Чарняўскі. — На дварэ хоць і халаднавата, але бачыце, як вецер і сонца сушаць зямлю, — паказаў нам рукой у бок трактароў, з-пад колаў і сашнікоў якіх паднімаліся вялікія клубы пылу, начальнік аддзялення. — Вільгаці ў зямлі вельмі мала, таму спяшаемся з сяўбой. У нашым аддзяленні мы пасеялі 96 гектараў аўсу гатунку “Лідзія” першай рэпрадукцыі каля вёскі Глісцёнкі, а сёння да абеду перагналі тэхніку на 44-гектарнае поле да вёскі Буйкі. Тэхніка рухаецца імкліва, таму да вечара поле будзе цалкам засеяна насеннем аўсу. Наогул, у аддзяленні плануем пасеяць 450 гектараў яравых зерневых культур, 150 га кукурузы. Восенню на 450-гектарнай плошчы пасеялі азімыя зерневыя. Перазімавалі яны вельмі добра, своечасова падкармілі іх КАСам. Будзем спадзявацца, што ўраджай будзе багатым. Мы скарысталі магчымасць, каб пагутарыць з механізатарамі, калі яны рабілі разварот на ўскрайку поля. — Зямля цудоўная. Трактарысты з чызелямі і культыватарамі адмыслова яе падрыхтавалі, таму і пасяўныя агрэгаты рухаюцца імкліва і без перашкод, — кажа сеяльшчык Валерый Ласоўскі. — У пачатку сёмай гадзіны раніцы мы ўжо працуем на полі, — дадае механізатар Мікалай Дарашчонак. — Да дому вяртаемся, калі сонца схаваецца за небасхіл. На цяжкую працу хлебароба не наракаем, тым больш, што кіраўніцтва гаспадаркі, спецыялісты з увагай адносяцца да работнікаў. Своечасова ў поле прывозяць гарачыя смачныя абеды, падвячоркі. А добра падсілкаваўшыся, трэба, як вядома, добра і папрацаваць. Зямля любіць гаспадарлівыя і ўважлівыя адносіны да сябе. У “Даватарскім” аграрыям сельгаспрадпрыемства гэта добра вядома. Таму і дбаюць тут пра будучы ўраджай, пра шчодры бохан духмянага хлеба на стале. Сяргей РАЙЧОНАК.
|
|