Завяршаецца пасяўная кампанія ў ААТ «Агратэхсэрвіс»
29.04.2019
—
Сельское хозяйство
|
Наблізілася да свайго завяршэння вясенняя пасяўная кампанія 2019 года ў гаспадарках Шаркаўшчынскага раёна. Самыя сталыя аграрыі не памятаюць, каб за такія кароткія тэрміны калі-небудзь праводзілі сяўбу. Сёлета ўжо ў трэцяй дэкадзе сакавіка тэхніка некаторых гаспадарак выйшла на апрацоўку глебы. Следам рушылі пасяўныя агрэгаты, і сяўба яравых культур з кожным днём набірала тэмпы. Як вынік, да канца красавіка шаркаўшчынскія хлебаробы паспяхова справіліся з пастаўленымі перад імі задачамі. Сяўба прайшла паспяхова, у сціслыя агранамічныя тэрміны, з захаваннем тэхналагічнага цыклу. Гэтаму спрыяла не толькі добрае надвор’е, але яшчэ і наяўнасць гаручазмазачных матэрыялаў, запасных частак і новая тэхніка, якой у мінулым годзе папоўніўся машынна-трактарны парк сельгаспрадпрыемстваў. Напрыклад, у ААТ “Агратэхсэрвіс” у 2018 годзе прыйшлі тры энерганасычаныя К-744 і адзін МТЗ-3522. Набыла гаспадарка і прычапны інвентар да іх. Гэта акалічнасць і спрыяла таму, што сельгаспрадпрыемства на сёлетняй яравой сяўбе займала лідзіруючыя пазіцыі. На заканчэнне пасяўной у ААТ “Агратэхсэрвіс” мы трапілі ў аддзяленне “Светлы шлях”. Два новыя “Кіраўцы” ў счэпе з культыватарамі “Кёрлінг” і АКШ-10 праводзілі апрацоўку глебы на 115-гектарным полі паміж вёскамі Балбекі і Жукі Горныя. Магутная тэхніка рухалася па полі без перашкод і на вялікай хуткасці. — За дзень мы рыхтуем пад сяўбу прыкладна 100 гектараў, — паведамілі нам механізатары Міхаіл Шук і Юрый Кухальскі. — Новая тэхніка паказвае сябе з найлепшага боку, нараканняў на яе работу мы не маем. Следам за “Кіраўцамі” без затрымак накіраваліся пасяўныя агрэгаты. На апошніх гектарах ішла сяўба ячменю. Паралельна ў гаспадарцы вядзецца і сяўба кукурузы. Гэтай адказнай справай у “Агратэхсэрвісе” заняты вопытны механізатар Валерый Александровіч на МТЗ-3022 з пасяўным агрэгатам АПП-6Д. Кіраўніцтва гаспадаркі давярае любую складаную работу адказнаму трактарысту. Свой трактар Валерый за зіму як след падрыхтаваў: перабраў рухавік, замяніў неабходныя механізмы, давёў да ладу і пасяўны агрэгат. Таму цяпер тэхніка працуе на полі амаль без паломак. За дзень Валерый засявае 25-30 гектараў плошчаў, дзе будзе расці “царыца палёў”. У лік перадавых механізатараў гаспадаркі і раёна ўваходзіць Васілій Струй. Трактарыст не першы год задзейнічаны на ўнясенні мінеральных тукаў. На МТЗ-82 з МТТ-4 па стане на 26 красавіка ён падкарміў удабрэннямі 843 гектары. Цяпер многае будзе залежаць і ад “нябеснай канцылярыі”. Застаецца спадзявацца, што майскія дажджы шчодра адораць вільгацю прагрэтую сонцам зямлю, каб хлебныя нівы зазелянелі і зашумелі буйным калоссем. Сяргей РАЙЧОНАК. |
|