Нарыхтоўшчыкі Сенненскага райспажыўтаварыства працягваюць закуп гародніны для стабілізацыйных фондаў, з якіх прадукцыя будзе паступаць на прылаўкі арганізацый.
Згодна з інфармацыяй, атрыманай у кампетэнтных асоб гандлёва-кааператыўнай арганізацыі, з плана 86 тон бульбы назапашана 44 тоны. Пры гэтым 30 тон яе знаходзіцца на захоўванні на складах Талачынскага кансервавага завода. Там жа захоўваюцца і 2 тоны яблык з плана 2,5 тоны.
Фактычна справіліся з заданнем кааператары па закупцы морквы і сталовых буракоў. Яны таксама будуць захоўвацца ў вытворцаў гародніны. У дэфіцыце пакуль што цыбуля. З 22,5 тоны, якія неабходна назапасіць для рэалізацыі, райспажыўтаварыства мае толькі 8 тон, якія захоўваюцца на складах гандлёвага прадпрыемства. Асноўны аб’ём капусты яшчэ таксама не паступіў на склады. Як патлумачылі спецыялісты райспажыўтаварыства, дагавор на пастаўку заключаны, аднак вытворцы яшчэ не прыступалі да яе ўборкі. Мяркуецца, што аб’ём закупкі складзе 40 тон, што адпавядае заданню.
«ГС».