Сёлета кастрычнік быў на баку аграрыяў. Цёплае сухое надвор’е дазволіла працаўнікам Карэліччыны якасна і без страт сабраць вырашчаны ўраджай, набліжаючы да завяршэння ўборачную кампанію.
Аграрыі КСУП “Племзавод Карэлічы” да ўборкі атрыманага ўраджаю падыходзяць з поўнай адказнасцю.
– Здрабненне кукурузы насілас завяршылі 10 кастрычніка, абмалочванне царыцы палёў на зерне – 22, – дзеліцца галоўны аграном КСУП “Племзавод Карэлічы” Яўгеній Бусько. – Заклалі 9516 тон сіласу пры ўраджайнасці 433 ц/га, намалацілі 753 тоны кукурузных зярнят, узяўшы 94 цэнтнера з гектара.
У першыя дні лістапада за зладжанай работай аграрыяў сельгаспрадпрыемства на ўборцы цукровых буракоў давялося паназіраць ва ўрочышчы Пажарнае каля Карэліч. Галоўны герой уборачнага працэсу – буракаўборачны камбайн “Кляйн”, за штурвалам якога механізатар гаспадаркі Андрэй Ківель, на падхваце – дзве адзінкі на адвозцы.
– Імкнёмся размяшчаць бурты ў найбольш зручным для далейшай вывазкі месцы, бліжэй да дарогі, – расказвае Яўгеній Бусько. – На мінулым тыдні былі невялікія начныя замаразкі, але мы паспелі адправіць сыравіну на перапрацоўку. На раніцу 5 лістапада са 165 га, адведзеных пад цукровыя буракі, накапалі 8350 тон салодкіх караняплодаў пры ўраджайнасці 506 ц/га. 7260 тон сыравіны вывезлі на Гарадзейскі цукровы камбінат, 1090 тон чакаюць адпраўкі на перапрацоўку на полі.
Вопытныя аграрыі добра разумеюць важнасць менавіта асенніх палявых работ, з якіх пачынаецца новы сельскагаспадарчы год і робіцца зачын пад будучы ўраджай. Таму на павестцы дня ў працаўнікоў КСУП “Племзавод Карэлічы” – зяблівая апрацоўка глебы і ўнясенне арганічных угнаенняў.
На полі, дзе сёлета каласавала азімая пшаніца, магутны трактар МТЗ-3522 у звязцы з паўнавясным абаротным плугам паслухмяна падпарадкоўваецца механізатару Мікалаю Станкевічу. На ўздыме зябліва таксама задзейнічаны механізатар Аляксандр Алясюк.
– Глебу пад сяўбу цукровых буракоў, кукурузы заўсёды рыхтуем з восені, – адзначае галоўны аграном племзавода. – Тады вясной прасцей будзе. Застанецца закультываваць, закрыць вільгаць і можна сеяць. На ўчарашнюю раніцу з запланаваных 574 га ўзаралі 480 га. Унясенню арганічных угнаенняў з восені таксама надаём значную ўвагу. Увогуле, арганіка – даступнае, натуральнае і таннае ўгнаенне, якое павышае ўрадлівасць глебы. Таму адмаўляцца ад яго ні ў якім разе нельга.
Па словах Яўгенія Бусько, аграрыі гаспадаркі ў значнай ступені дасягнулі запланаваных паказчыкаў. Найбольш парадавала ўраджайнасць зерневых – 70,6 ц/га, што з’яўляецца другім вынікам у раёне. Сёння агранамічная служба сельгаспрадпрыемства ўскладае пэўныя надзеі на дружныя ўсходы азімых зерневых культур і рапсу, якія пасеялі і апрацоўваюцца ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара