Раённае свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2019» прайшло ў Глуску
12.11.2019
—
Сельское хозяйство
|
Падзячным малебнам з асвячэннем пладоў новага ўраджаю пачалося свята “Дажынак” у Глуску. Набажэнства, якое адбылося ў Свята-Богаяўленскім храме, узначаліў епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім. Прывітальнымі словамі і духмяным караваем яго сустракалі дзеці, у самім храме на асобным стале была прыгожа раскладзена садавіна і агародніна, кошыкі, напоўненыя вырашчанымі на сваіх падворках пладамі, прынеслі і некаторыя прыхаджане. Асвяціўшы восеньскія дарункі прыроды, уладыка Серафім павіншаваў людзей са святам ураджаю і зазначыў, што ўдзячнасць — важная якасць. Бог ні ў чым не мае патрэбы, але мы можам і павінны быць Яму ўдзячны за тое, што маем. Свята ўраджаю дае нам нагоду і магчымасць зрабіць гэта… Не будзе памылкай сказаць, што глушчане асабліва пільна сачылі за тым, як літаральна на вачах мяняўся і набываў сучасны воблік наш кінатэатр “Арыён”. Цяпер гэта ўжо не проста кінатэатр, які сумяшчаў адначасова і ролю канцэртнай залы, і — адзін час — дыскатэкі, нават кафэ… Цяпер гэта мультыпрофільны Цэнтр культуры і вольнага часу, памяшканне стала ўтрая большым (была прыкладна тысяча “квадратаў”, стала тры тысячы), і цяпер тут ёсць і глядзельная зала, і дысказала, і раённы ЗАГС, і класы для творчых заняткаў… Засталася, здаецца, толькі назва, а аблічча і ўнутранае “начынне” сталі зусім іншымі. Несумненна, абноўлены кінатэатр (думаецца, так “Арыён” яшчэ доўга будуць па старой памяці называць) зараз галоўнае ўпрыгажэнне Глуска, а бульвар Грахоўскага стане адным з любімых месцаў для адпачынку. Усю гэту прыгажосць, дарэчы, паспелі давесці да толку ў тэрмін (а памятаеце, сумняваліся, гледзячы на “руіны”, маўляў, работы непачаты край, хоць бы за год зрабілі), і падчас раённых “Дажынак” адбылося ўрачыстае адкрыццё Цэнтра культуры і вольнага часу “Арыён”. Сярод людзей, што сабраліся да гэтай падзеі на бульвары Грахоўскага, часта гучалі словы “даўно” і “ніколі”: ніколі ў Глуску не было такіх “Дажынак”, даўно (а можа, і ніколі) не было ў нас такіх грандыёзных пераўтварэнняў, даўно не было такіх мнагалюдных свят… Тут можна ўспомніць, што з просьбай пра новы Дом культуры глушчане звярталіся да Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі (праз яго давераную асобу падчас сустрэчы ў верасні 2015 года). Тады ж задаваліся пытанні пра рэканструкцыю гарадской лазні, басейна, будаўніцтва сацыяльнага жылля. І, як бачым, усё паступова робіцца, працуюць у нас адрамантаваныя і лазня, і басейн, цяпер з’явіўся новы Цэнтр культуры. Адкрыццё ў маленькім Глуску культурнага Цэнтра — падзея важная для ўсёй вобласці, бо і працавалі тут будаўнікі з усяго рэгіёна, і грошы — шэсць мільёнаў рублёў — выдзяляліся з абласнога бюджэту. Адкрываць “Арыён” прыехалі старшыня Магілёўскага аблвыканкама Леанід Заяц, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Міхаіл Русы, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, прысутнічалі епіскап Бабруйскі і Быхаўскі Серафім, старшыня Глускага райвыканкама Сцяпан Чачуха, старшыня раённага Савета дэпутатаў Генадзь Ліпскі. Сярод ганаровых гасцей свята былі намеснікі губернатара, старшыні райвыканкамаў, кіраўнікі абласных, гарадскіх, раённых ведамстваў. “Сёння ў Глуску мы маем магчымасць сустракаць свята працаўнікоў вёскі ў добрым, дагледжаным месцы, — сказаў Леанід Заяц. — Вялікія матэрыяльныя рэзервы, будаўнічыя сілы былі задзейнічаны, каб надаць новае аблічча гэтаму гарадку. Тое, што ёсць, мы маем дзякуючы будаўнікам, дарожнікам, службам камунальнай гаспадаркі…” Віншуючы глушчан з “абноўкай”, Леанід Канстанцінавіч адзначыў, што добраўпарадкаванне гарпасёлка было адным з даручэнняў Прэзідэнта яму як губернатару — “асаблівую ўвагу звярнуць на аддаленыя рэгіёны”. “Дзякуючы падтрымцы кіраўніка дзяржавы, дзякуючы жыхарам Глуска ў нас атрымалася ў кароткія тэрміны надаць новы воблік вашаму населенаму пункту”, — падкрэсліў Леанід Заяц. Усяго на добраўпарадкаванне Глуска было выдзелена больш за 18 мільёнаў рублёў. Работы вяліся па ўсіх напрамках — на аб’ектах адукацыі, медыцыны, на вуліцах і дарогах, у жылым сектары, зазначыў, выступаючы перад глушчанамі, кіраўнік Глускага раёна Сцяпан Чачуха і выказаў падзяку ўсім будаўнікам, якія працавалі ў гарпасёлку, а таксама Магілёўскаму аблвыканкаму, Бабруйскаму гарвыканкаму (хакейная пляцоўка — падарунак глушчанам ад горада Бабруйска). Добраўпарадкаванне на гэтым не спыніцца, запэўніў Сцяпан Чачуха, і важна, каб мы маглі не толькі прадоўжыць пачатае, але захаваць тое, што ўжо зроблена. У завяршэнне мерапрыемства Сцяпан Чачуха перадаў сімвалічны ключ ад памяшкання Цэнтра культуры і вольнага часу яго дырэктару Наталлі Харц. Пасля гэтага ганаровыя госці, удзельнікі цырымоніі адкрыцця перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку. Дзякуй будаўнікам Над рэканструкцыяй “Арыёна” працавала больш за дзвесце чалавек, некаторым з іх Леанід Заяц уручыў узнагароды. Ганаровай граматай Магілёўскага аблвыканкама адзначана ўнітарнае прадпрыемства “Дзяржбудэкспертыза па Магілёўскай вобласці”, таксама за добрасумленную працу і значны асабісты ўнёсак Ганаровыя граматы атрымалі намеснік старшыні Глускага райвыканкама Аляксандр Анцюшэня, цясляр ААТ “Магілёўскі домабудаўнічы камбінат” Ілья Бако, муляр будаўнічага ўпраўлення № 59 Віталь Казакоў. Падзякі Магілёўскага аблвыканкама аб’яўлены тынкоўшчыку Глускай ПМК № 249 Сяргею Шаехаву, арматуршчыку будаўнічага ўпраўлення № 53 Сяргею Духовічу, намесніку дырэктара ТАА “КрэатыўТэхБуд” Віктару Васіленку, мантажніку ААТ “Магілёўскі домабудаўнічы камбінат” Уладзіміру Бяляеву і муляру ўнітарнага прадпрыемства “Міжраённы домабудаўнічы камбінат” Сяргею Шапялевічу. Калі мы разам Размова пра змены, якія адбыліся ў Глуску за апошні час, вяліся і ў глядзельнай зале “Арыёна”, куды запрасілі ганаровых гасцей і працаўнікоў сяла. Губернатар Леанід Заяц яшчэ раз падкрэсліў, што такія вялікія перамены — яскравы прыклад таго, што можна зрабіць, калі ўзяцца за справу разам, талакою. У райцэнтры адначасова ішла праца на амаль 100 аб’ектах, адрамантавана за гэты год 10 кіламетраў дарог, 4 кіламетры тратуараў… За добраўпарадкаванне і падрыхтоўку гарадскога пасёлка да святочных мерапрыемстваў Леанід Заяц уручыў Падзяку Магілёўскага аблвыканкама кіраўніку Глускага раёна Сцяпану Чачуху. Звяртаючыся да аграрыяў, Леанід Заяц заўважыў, што Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК, напярэдадні якога ў Глуску праходзяць “Дажынкі”, — гэта свята людзей, верных сваёй справе, людзей, якія ствараюць багацце краіны, і ўся краіна аддае ім даніну. У абласным караваі ёсць лепта і глускіх земляробаў, і яна можа і павінна з кожным разам павялічвацца. “Нам тут трэба вырабляць 30 тысяч тон хлеба, 30 тысяч тон малака, — падкрэсліў Леанід Заяц, — дзеля гэтага трэба пасябраваць з тэхналогіямі, падцягнуць дысцыпліну…” А для ўмацавання матэрыяльнай базы сельгаспрадпрыемстваў кіраў-ніку раёна перадалі ключы ад новых трактароў МТЗ 82.1 — яны адправяцца ў “Глускае райаграпрамтэхзабеспячэнне”, “Турыно-агра” і “Зару Камуны”. Ганаровыя граматы Магілёўскага аблвыканкама ад губернатара атрымалі трактарыст-машыніст Глускага РАПТЗ Сяргей Зімаеў, былы майстар-сырадзел Глускага масласырзавода Святлана Хаменка, аператар машыннага даення “Зары Камуны” Люба Скіндзер адзначана Падзякай аблвыканкама. Лічбы і факты “Уборачная кампанія заўсёды сур’ёзны экзамен для хлебаробаў, які выстаўляе рэальныя ацэнкі, і ўборка-2019 не выключэнне, — старшыня Глускага райвыканкама Сцяпан Чачуха ў сваім дакладзе падвёў вынікі і назваў лічбы, з якімі Глушчына сустракае “Дажынкі”. — Было зроблена ўсё, каб пазбегнуць страт. Удзельнікамі жніва былі 27 экіпажаў, на адвозцы зерня — больш за 30 машын. Ураджайнасць зерневых і зернебабовых культур у раёне склала 19 цэнтнераў з гектара, што на 1,3 цэнтнера вышэй, чым у мінулым годзе. Валавы збор зерня — 14 190 тон, у тым ліку намалот зерня кукурузы — 2769 тон. Рост валавога намалоту зерня атрымалі тры гаспадаркі з шасці: “Глуская Зара” (на 30 %), “Турыно-агра” (на 22 %) і “Слаўгарадскі” (на 16,7 %). Задача на наступны год: павялічыць валавы збор зерня як мінімум у два разы”. Сцяпан Чачуха заўважыў, што сяголета праведзена вялікая работа па ачыстцы палёў ад пустазелля: унесены гліфасаты на плошчы 5700 гектараў. Ідзе накапленне мінеральных удабрэнняў. У раёне нарыхтавана болей за 27 тысяч тон кармавых адзінак травяністых кармоў, гэта 114,5 працэнта да мінулагодняга ўзроўню. Каб яшчэ болей умацаваць кармавую базу, налета пашырацца плошчы пад кукурузу, прадоўжыцца залужэнне і перазалужэнне сенакосаў і паш, асаблівая ўвага — пасеву бабовых, канюшыны і люцэрны. Працягнецца абнаўленне машынна-трактарнага парку. У параўнанні з мінулым годам адзначаецца рост пагалоўя буйной рагатай жывёлы ва ўсіх гаспадарках (на 1634 галавы ў цэлым па раёне), а рэканструкцыя васьмі памяшканняў для ўтрымання жывёлы, якая будзе завершана да канца года, дасць магчымасць размясціць дадаткова каля 1000 галоў. Сваё выступленне Сцяпан Чачуха завяршыў віншаваннямі з нагоды свята і словамі падзякі ўсім, хто мае дачыненне да сельскай гаспадаркі і да вырашэння праблем і клопатаў Глушчыны, а таксама ўручыў дыпломы пераможцам раённых спаборніцтваў за своечасовае і якаснае правядзенне вясенняй сяўбы і за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых раслін (іх імёны і прозвішчы мы друкавалі ў мінулым нумары раённай газеты). Акрамя гэтага, Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы Глускага райвыканкама атрымалі ад старшыні і некаторыя іншыя працаўнікі вёскі. Эстафета віншаванняў Эстафету віншаванняў падхапілі ў гэты дзень яшчэ многія: на сцэну “Арыёна” з узнагародамі і падарункамі падымаліся старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Магілёўскага аблвыканкама Віктар Віткоўскі, старшыня Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў Дзмітрый Харытончык, старшыня Магілёўскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Віктар Гейдэль, старшыня Глускага райкама галіновага прафсаюза Надзея Жук, генеральны дырэктар ААТ “Бабушкіна крынка” Генадзь Скітаў, кіраўніцтва ААТ “Бабруйскі мясакамбінат”. Кветкі і падарункі таксама атрымалі ветэраны сельскагаспадарчай працы. Агульным жа падарункам для ўсіх запрошаных на афіцыйнае мерапрыемства стаў цудоўны канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага аркестра Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Больш фота глядзіце на сайце ў раздзеле Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Падзячным малебнам з асвячэннем пладоў новага ўраджаю пачалося свята “Дажынак” у Глуску. Набажэнства, якое адбылося ў Свята-Богаяўленскім храме, узначаліў...
|
|