Перадавыя аператары машыннага даення КУВСП імя Маркава: Святлана Странчэўская, Ганна Пабяржына і Наталля Грыцыў
04.02.2020
—
Сельское хозяйство
|
Прадаўжаецца акцыя Беларускага рэспубліканскага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу “Наш жывёлавод”, у межах якой праходзіць маніторынг умоў працы людзей, занятых у галіне жывёлагадоўлі, забеспячэння іх спецвопраткай, спецабуткам. У чарговы свой візіт старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Мікалаеўна Альшэўская адправілася ў КУВСП імя Маркава. На малочнатаварнай ферме “Радзюкі” яна сустрэлася са спецыялітсам па ідэалагічнай рабоце гаспадаркі Анатоліем Андрэевічам Дзітрысам, старшынёй прафкама сельгаспрадпрыемства Сяргеем Іванавічам Талапіла, з работнікамі МТФ. Мы таксама накіраваліся на дадзеную малочнатаварную ферму. Ранішняе даенне кароў ужо заканчвалася, таму і жывёлаводы, і даяркі, вымыўшы апараты, прыбраўшы свае рабочыя месцы, сабраліся ў пакоі для адпачынку. Тут знаходзіцца інфармацыя аб надоях, рацыёнах кармлення жывёлы, умовах аплаты працы работнікаў і іншае. Галоўнае, што ў самім пакоі цёпла, маецца электрачайнік, вогнетушыцель, канапы для адпачынку. Старшыня прафкама гаспадаркі Сяргей Іванавіч Талапіла паведаміў, што па выніках мінулага года лідарамі сярод аператараў машынняга даення з’яўляюцца Святлана Странчэўская, Наталля Грыцыў (МТФ “Радзюкі”) і Ганна Пабяржына (МТФ “Рассвет”). Анатолій Андрэевіч Дзітрыс падкрэсліў, што работнікі гэта добрасумленныя, маюць вялікі вопыт у працы, з’яўляюцца прыкладам для іншых. Улічваючы станоўчыя паказчыкі ў рабоце, стараннасць і адказнасць да даручанай справы старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Мікалаеўна Альшэўская ўручыла кожнай з іх грашовыя прэміі, падзякавала за працу, пажадала і ў далейшым высокіх надояў, здароўя, поспехаў і дабрабыту. Сяргей РАЙЧОНАК. |
|