Гарачыя дзянькі пачаліся для аграрыяў дзяржаўнага прадпрыемства “Эксперыментальная база “Свеклавічная”. Скарыстаўшы спрыяльныя ўмовы надвор’я, тут на мінулым тыдні актыўна прыступілі да веснавых палявых работ. Механізатары гаспадаркі вывелі на палеткі свае трактары з прычапнымі агрэгатамі і ўключыліся ў работу па падкормцы азімага рапсу і азімых збожжавых культур, закрыцці вільгаці, унясенні мінеральных і арганічных угнаенняў.
— У поўным аб’ёме мінеральныя ўгнаенні атрымалі ўжо пасевы азімага рапсу на 250 гектарах, — расказвае галоўны аграном эксперыментальнай базы Яўген Саліта. — Карбамідна-аміячную сумесь уносіў Віталь Навоша на манеўраным агрэгаце “Раса”, КАС на поле аператыўна дастаўлялі Аляксандр Лукша і Уладзімір Карпач. Зараз звяно вядзе падкормку азімых збожжавых культур, якія ў гаспадарцы сёлета займаюць 810 гектараў. З зімоўкі яны выйшлі ў здавальняючым стане.
Усяго ў планах “Свеклавічнай” пасеяць 1165 гектараў яравых, на гэтай жа плошчы неабходна закрыць вільгаць. Гэтымі днямі на палях з культыватарамі шчыруюць Павел Крэнь, Рыгор Ярмохін, Уладзімір Панкрат і Яўген Катлубай. Пад яравы клін вясной таксама неабходна ўнесці 25 тысяч тон арганічных угнаенняў, на палі ўжо вывезена больш за 20 тысяч, унесена каля 12 тысяч тон. Тут задзейнічаны Іван Пічкоўскі, Міхаіл Жукаў, Сяргей Смолка, Іван Карпач — на па-грузцы. Следам па полі ідзе Пётр Губей на “Джон-Дзіры” з дыскамі. Мінеральныя ўгнаенні пад яравую сяўбу, якіх не хапала, былі ўнесены яшчэ ў лютым.
— На палях зараз назіраецца недахоп вільгаці, пра сябе дае знаць бясснежная зіма. Таму стараемся ў самыя кароткія тэрміны закрыць яе ў глебе. А як толькі надвор’е дазволіць і зямля прагрэецца да аптымальнай тэмпературы, прыступім да сяўбы яравых, — адзначыў Яўген Саліта.
Аксана ГРОХ.