ПАД КРЫЛАМІ ПЕРАМОГI
24.08.2009
—
Новости Общества
|
Шануй сваё: ёсць iдэя! Да знамянальнай даты — 600-годдзя Грунвальдскай бiтвы — засталося мала часу:
менш за год.
А як мы будзем адзначаць гэты юбiлей? Перамога над крыжакамi пад Грунвальдам была эпахальнай. Пасля яе Тэўтонскi ордэн
неўзабаве прыйшоў у заняпад i ўжо не пагражаў суседнiм дзяржавам. I хоць паражэнне
было нанесена сумесна з войскам Польскага каралеўства, у гiсторыi Вялiкага Княства
Лiтоўскага падобных гераiчных падзей бадай што i не было. Гiсторыя Вялiкага Княства
— гэта гiсторыя Беларусi. Адзначыўшы перамогу 1410 года, ушанаваўшы подзвiг продкаў,
мы адкрылi б паўзабытыя гераiчныя старонкi нашай гiсторыi, а для станаўлення суверэннай
Беларусi — гэта надзвычай важна.
У свой час мне давялося ствараць дыяраму Грунвальдскай бiтвы для школьнага музея,
было гэта яшчэ за савецкiм часам ды i маштаб работы быў невялiкi.
I вось, яшчэ летась у мяне ўзнiкла iдэя стварэння помнiка Перамогi пад Грунвальдам
i нават пачаў працаваць над яго фрагментамi. Але ж манумент на сваiм агародзе
не паставiш. Вось i вырашыў на старонках "Звязды" паказаць праект-iдэю чытачам
нашай газеты. А можа заслугоўвае ўвагi?
Але хацелася б крыху паразважаць наконт помнiкаў. Кожны мастак (скульптар) хоча, каб яго твор быў калi не шэдэўрам, дык хоць бы арыгiнальным i вылучаўся сярод iншых. Але ж тыя помнiкi i манументы, як правiла, адлюстроўваюць эпоху, у якой яны стваралiся, i тут немагчыма штосьцi змянiць, бо сам мастак — прадукт сваёй эпохi. Безумоўна, талент мае вялiкае значэнне, але даволi часта цяжка пазбавiцца ад стэрэатыпнага мыслення. Напрыклад, паставiлi помнiк асветнiку цi пiсьменнiку — дык абавязкова з кнiжкай у руках, а ўсе князi ў нас з мячамi, узводзiм манумент загiнулым у мiнулай вайне — дык гэта салдат з трохлiнейкай цi аўтаматам... Але гэта мысленне не толькi творцы, але i народа. Людзям усё зразумела — кнiжка, меч, вiнтоўка, толькi ў часу свой расклад... На месцы Грунвальдскай бiтвы ў Альштынскiм ваяводстве палякi паставiлi помнiк. Адбылося гэта ў 1960 годзе. На гранiтным пастаменце вершнiк, а наўкол ваяры ды князь з мячом — класiчны варыянт. У сваiх разважаннях я прыйшоў да высновы, што неабходна адысцi ад штампаў. Ва ўсякiм разе помнiк павiнен адпавядаць ХХI стагоддзю, быць узнёслым — усё ж Перамога. Яшчэ ў Старажытнай Грэцыi сiмвалам Перамогi была Нiке — крылатая багiня. У рымлян яна стала Вiкторыяй, а з прыходам хрысцiянства з'явiлiся анёлы. Крылы выклiкалi захапленне ў людзей, яны прыцягвалi чалавека, узбуджалi яго мары. Калi ўланы атакавалi, то ў iх за спiнамi ўздымалiся крылы, а пазней крылы сталi сiмваламi авiяцыi, аўтатранспарту, iх выкарыстоўваюць як эмблемы, як таварны знак... А калi крылы падняць на манумент? I нечакана для сябе ўбачыў, што iмклiвыя стылiзаваныя крылы з сучаснага матэрыялу будуць зiхацець на сонцы — глядзяцца даволi эфектна. Рэзанатары, якiя можна ўстанавiць на крылах, пры нават невялiкiм ветры загучаць (трывожна цi пераможна). Грунвальдская бiтва пачалася з артылерыйскай дуэлi i гармата ля падножжа манумента будзе не лiшнiм элементам у кампазiцыi. На старадаўняй гравюры ўбачыў эпiзод Грунвальдскай бiтвы. Уразiла колькасць дзiдаў — з двух бакоў. Яны ўздымалiся сцяною — зброя ў тыя часы вельмi папулярная, бо можна было паразiць працiўнiка за 4-5 метраў. Чаму тады агульную кампазiцыю не ўзбагацiць дзiдамi — па колькасцi харугваў (40 вялiкакняжацкiх i 50 польскiх) i на сцяжках выбiць назвы: Слуцкая, Менская, Смаленская, Вiленская, Полацкая, Ваўкавыская... Але вернемся да асноўнага манумента. Два крылы на розных стэлах — гэта звязана з тым, што яны прадстаўляюць усё ж дзве дзяржавы i гэты момант нельга не ўлiчваць. У працэсе работы высветлiлася, што форма крыла далёка не кожнай птушкi падыходзiць да кампазiцыi. Найперш, прыдатнымi аказалiся крылы сокала i чайкi — у iх ёсць iмклiвасць. Вось так iдэя ператварылася ў макет манумента, але гэта не больш чым мая прапанова. Як мне здаецца, iдэя "не зашмальцаваная" i пры невялiкiх фiнансавых выдатках яе лёгка можна ажыццявiць. Безумоўна, тут важнае значэнне мае прывязка да мясцовасцi, дзе помнiк будзе стаяць. Але гэта ўжо павiнны вырашаць архiтэктары. Патрэбна падтрымка ўлады i тады помнiк можна будзе ўзвесцi агульнымi намаганнямi — узвядзенне яго стане народным. Наша газета прапаноўвае чытачам абмеркаваць iдэю помнiка ў гонар 600-годдзя Перамогi пад Грунвальдам, а магчыма кiраўнiцтва аднаго з беларускiх гарадоў, чыя харугва ў той бiтве прымала ўдзел, зацiкавяцца iм... Не будзем забываць: "Жыццё кароткае — Радзiма вечная". Сымон Свiстуновiч. Фота аўтара. |