Па Полацку з Уладзімірам Арловым
25.08.2009 12:06
—
Новости Общества
|
У адрозненне ад Вільні, якая найлепшым чынам ілюструе нашу гісторыю эпохі Вялікага княства Літоўскага і перыяд нацыянальнага адраджэння пачатку 20 стагоддзя, Полацк - калыска беларускай дзяржаўнасці як такой. Першы беларускі горад, які за 862 годам згадваецца ў летапісе і дзе ўладарыў князь Рагвалод. Горад, славу якога ў крывавых бітвах здабываў магутны і містычны Усяслаў Чарадзей. Месца, якое напаўнялі сэнсам князёўна, асветніца і святая Еўфрасіння Полацкая, мысляр-гуманіст і першадрукар Францыск Скарына, Сімяон Полацкі... Сёння Полацк трымае бясспрэчнае лідэрства ў імправізаваным спісе самых беларускіх гарадоў Беларусі. З году ў год тут свядома і паслядоўна праводзіцца ў жыццё палітыка беларусізацыі: вуліцам вяртаюць спрадвечныя і надаюць гістарычныя назвы (гэтак, летась вуліцу Леніна перайменавалі ў Ніжне-Пакроўскую, а праспект Карла Маркса сёлета - у Францыска Скарыны), услаўляюць помнікамі герояў нашай нацыянальнай (а не імперскай ці савецкай) гісторыі, захоўваюць і аднаўляюць архітэктурныя перліны, адчыняюць музеі... На думку Уладзіміра Арлова, аўтара кнігі-бестсэлера “Таямніцы полацкай гісторыі”, прычына ў тым, што Полацку пашанцавала на мэра. “Тандэм Уладзіміра Тачылы, які ўзначальвае гарвыканкам апошнія 10 год, і нязменнага дырэктара Полацкага нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Міколы Ільніцкага, які, на жаль, ужо ў лепшым свеце, зрабіў для горада неацэнна многа. Кажуць, што многа гадоў назад яны далі адзін аднаму слова, што кожны год будуць адчыняць у горадзе новы музей ці помнік. Гэта падобна на фантастыку, але так яно і было! - дзеліцца Арлоў, які нарадзіўся і да паступлення ў БДУ пражыў у Полацку. - Калі б не яны, наўрад ці ў горадзе з’явіліся б помнікі Усяславу Чарадзею, Ефрасінні Полацкай, Францыску Скарыне, Сімяону Полацкаму. Гэтаксама, як і студэнты Полацкага універсітэта і Полацкая мастацкая галерэя наўрад ці пераехалі б у старажытныя муры колішняй Полацкай езуіцкай акадэміі”. Фотарэпартаж аўтара. ![]() Плошча імя Францыска Скарыны... ![]() ... і сам першадрукар. ![]() Помнік полацкаму князю Усяславу Чарадзею (скульптар Аляксандр Прохараў) паставілі не ў самым прыдатным месцы. Да таго ж праваслаўная царква не дазволіла, каб у надпісе прысутнічала мянушка "Чарадзей", пад якой князя ведалі і сучаснікі, і нашчадкі, толькі - Усяслаў Брачыслававіч. Але ў любым разе, гэта першы конны помнік у Беларусі. ![]() На гістфаку БДУ студэнта Арлова вучылі, што "Ефросинья Полоцкая была церковной мракобеской, которая курила опиум для народа". ![]() Царква Узвышэння Святога Крыжа (1893-1897, на фота - злева) і адна з найстарэйшых у Беларусі (разам з Каложскай царквой ў Гродна) Царква Святога Спаса (ХІІ ст., у цэнтры) у комплексе Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра. ![]() ![]() ![]() Тут, на былой Рынкавай плошчы, калісьці стаяў касцёл Святога Стафана (XVIII ст.), узарваны Саветамі ў 1964-м. ![]() ![]() ![]() Легендарная полацкая Сафія - прыклад таго, як ў Беларусі варта рабіць рэстаўрацыі гістарычных помнікаў. ![]() ... на беразе Заходняй Дзвіны. ![]() Спадар Арлоў спадзяецца, што калісьці менавіта сюды, да Барысавага каменя на Саборную гару пераедзе помнік заснавальніку Сафіі Усяславу Чарадзею. ![]() Лютэранская кірха (канца 19 - пачатку 20 ст.), дзе з 1948 года месціцца Полацкі краязнаўчы музей. ![]() ![]() Корпус былога Кляштара францысканцаў (18 ст.). ![]() Гэтак званы "Дом Пятра". Тут у ліпені 1705 года спыніўся расійскі цар Пётр І, які на пару з Меньшыкавым засек наўпрост у Сафіі пяць манахаў-уніятаў. 1 траўня 1710 г. салдаты Пятра І узарвалі сабор. ![]() Задуменны настаўнік крывавага Пятра Сімяон Полацкі. ![]() ![]() Напярэдадні 1147-годдзя Полацка, якое адзначылі 30 траўня, гарсавет дэпутатаў прыняў рашэнне аб перайменаванні праспекта Карла Маркса ў праспект імя Францыска Скарыны. “Грамадзяне адзінадушна выказаліся за ўвекавечванне памяці свайго земляка”, - гаварылася ў паведамленні дзяржінфармагенцтва. ![]() Першы ў Беларусі помнік літары "Ў". ![]() Кніга Арлова "Таямніцы полацкай гісторыі" вытрымала ўжо шэсць выданняў. ![]() Свята-Богаяўленскі сабор (1779) - помнік архітэктуры барока. ![]() Вакол усталявання гэтага помніка вядуцца вялікія спрэчкі. Па словах Арлова, вайна 1812 года была для беларусаў грамадзянскай, бо 50 тысяч нашых суайчыннікаў ваявалі ў расійскім войску, каля 25 тысяч - на баку Напалеона. ![]() Сёння, 25 жніўня, Уладзімір Арлоў адзначае 56-я народзіны. Падарунак сабе літаратар ужо зрабіў. Днямі ў "Кнігарні "Нашай Нівы" пабачыў свет зборнік ягоных вершаў "Усё па-ранейшаму, толькі імёны змяніліся". Апроч гэтага, як паведамляе газета “Тут і цяпер”, знакаміты палачанін напісаў працяг бестсэлера-альбома “Краіна Беларусь”, у якім пастараецца ўзнавіць справядлівасць у спрэчцы беларусаў і літоўцаў за спадчыну Вялікага княства Літоўскага і Вільні. Дарэчы, перадгісторыя з’яўлення працягу таксама вартая згадкі. Летась падчас змагання жыхароў сталічнай вуліцы Карла Маркса з гарадскімі ўладамі, якія мелі намер на месцы кватэр зрабіць казіно і рэстарацыі, Арлоў выходзіў на мітынгі з транспарантам “Толькі ў роднай кватэры напішу бестсэлер”. “Свае кватэры мы тады адстаялі, - кажа спадар Уладзімір, - але ж трэба было выконваць абяцанне і пісаць бестсэлер”. TUT.BY віншуе спадара Уладзіміра з народзінамі. Княскага вам здароўя і новых бестсэлераў! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калі шпацыруеш па вуліцах найстаражытнага горада Беларусі, а ў якасці твайго экскурсавода Уладзімір Арлоў — пісьменнік і гісторык, які ведае пра Полацк больш за ўсіх у свеце, перапаўняюць незвычайныя пачуцці
|
|